ПЁПЕЛЬМАН (Pöppelmann) Матэус Даніэль [3(?).5.1662, г. Герфард, Германія — 17.1.1736], нямецкі архітэктар, прадстаўнік позняга барока і ракако. З 1686 працаваў у Дрэздэне: палацавы ансамбль Цвінгер (1711—22), у прадмесці горада стварыў «Вадзяны палац» у парку Пільніц (1720), перабудаваў паляўнічы замак Морыцбург (1722—30). Пасля смерці П. паводле яго праекта пабудаваны Гродзенскі Новы замак (1734—51).
Д.Пёпельман. Палацавы комплекс Цвінгер у Дрэздэне (Германія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАМЫ́ШСКІ ПРААБРАЖЭ́НСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры класіцызму ў в. Новая Мыш Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. Пабудаваны ў 1825 з цэглы. Вырашаны адзіным прамавугольным у плане аб’ёмам, накрытым 2-схільным дахам з вальмамі над 3-граннай апсідай. Гал. фасад вылучаны порцікам з 4 парамі калон і высокім трохвугольным франтонам. Бакавыя фасады рытмічна расчлянёны стральчатымі аконнымі праёмамі ў простых ліштвах, 2-ступеньчатымі контрфорсамі ў прасценках. Цэнтр даху на гал. фасадзе завершаны шатровым ліхтарыкам. Шырокі неф касцёла з самаст, аб’ёмамі 2-ярусных сакрысцій перакрыты лучковым драўляным скляпеннем. У інтэр’еры арган, дэкарыраваны ў стылі ракако (1762). У канцы 19 — пач. 20 ст. у касцёле ўстаноўлены 3 драўляныя разныя алтары, выкананыя ў 17 ст. (перабудаваны і ўпрыгожаны скульптурамі ў 18—19 ст.), і амбон 1745 у стылі ракако (усе перанесены з Нясвіжскага касцёла бенедыкцінак). Гал. алтар 2-ярусны, на высокім цокалі, абапал якога на кранштэйнах устаноўлены скульптуры св. Станіслава і Маці Божай з дзіцем. Матывы разьбы: вінаградная лаза з гронкамі, разеткі, ракавіны, пальметы, акант, пуцці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДУА́Р (франц. boudoir),
невялікі гасціны пакой інтымнага характару. Прызначаўся для прыёму найб. блізкіх сяброў і знаёмых. Узнік у пач. 18 ст. ў франц. мастацтве інтэр’ера і стаў неад’емным элементам палацавага ўбранства часоў ракако і класіцызму. Яго абсталёўвалі ўтульнай мэбляй (крэслы, софы, столікі, бюро), упрыгожвалі жывапіснымі палотнамі сентыментальна-эратычнага характару.
Будуар з арабескамі. З карціны невядомага мастака. 2-я пал. 19 ст.Будуар у Зімнім палацы. Санкт-Пецярбург. 1839—53.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЎЧАК Афанасій, бел. майстар залатых і сярэбраных спраў сярэдзіны 18 ст. Працаваў у Магілёве з П.Сліжыкам. Прадстаўнік ракако ў бел.маст. апрацоўцы металу. З падпісаных яго работ вядомыя гарэльефныя чаканеныя абклады да абразоў магілёўскіх цэркваў (1749, захоўваліся ў Магілёўскім гіст. музеі, зніклі ў Вял.Айч. вайну) і абклады да абразоў Маці Божай (1767) і Хрыста (1769) аршанскіх храмаў.
Літ.:
Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII—XVIII стст.: [Альбом]. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́АТ (Grooth),
нямецкія жывапісцы, браты. Нарадзіліся ў г. Штутгарт, Германія.
Георг Крыстаф (10 ці 21.1.1716—28.9.1749). З 1743 прыдворны мастак у Пецярбургу. Аўтар вытанчаных партрэтаў у стылі ракако (конны партрэт Елізаветы Пятроўны з арапчанём; вял.кн. Пятра Фёдаравіча; абодва 1743). Іаган Фрыдрых (Іван Фёдаравіч; 1717—18.2.1801), пераважна анімаліст. Выкладаў у Пецярбургскай АМ (акад. з 1765). Яго барочныя кампазіцыі вызначаюцца стрыманым каларытам, падрабязнай дэталізацыяй («Папугаі», 1766, «Кот і мёртвы заяц», 1777).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНО́БЕЛЬСДОРФ ((Knobelsdorf) Георг Венцэслаўс фон) (17.2.1699, маёнтак Кукедэль, каля г. Кросен, Германія — 16.9.1753),
нямецкі архітэктар; папярэднік ранняга класіцызму. З 1740 гал. хавальнік прускіх каралеўскіх палацаў і паркаў. У творчасці К. рацыянальная структура планаў, строгае ўбранне фасадаў у духу паладыянства спалучаюцца з вытанчаным дэкорам інтэр’ераў у формах ракако: Оперны т-р у Берліне (цяпер Дзярж. опера; 1741—43), палац Сан-Сусі (1745—47) і Гар. палац (1745—51) у Патсдаме і інш.
французскі жывапісец. Прадстаўнік ракако. З 1765 дырэктар Каралеўскай акадэміі жывапісу і скульптуры ў Парыжы і «першы жывапісец караля». Зазнаў уплыў К.Вато. Пісаў плафоны, пано, карціны з міфалагічнымі, пастаральнымі і жанравымі сцэнамі, партрэты, ідылічныя пейзажы («Від у ваколіцах Бавэ», «Геркулес і Амфала», «Купанне Дыяны», 1742), выконваў эскізы шпалераў, тэатр. дэкарацыі. У позніх творах узмацніліся дэкаратыўнасць, эротыка, «фарфоравасць» фігур.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАВА́К ((Caravaque) Луі) (1684—20 ці 26.6.1754),
французскі жывапісец. З 1716 у Расіі. З 1718 у ведамстве «Канцылярыі ад пабудоў», дзе меў вучняў (І.Вішнякоў і інш.). Працаваў у стылі позняга барока, пазней — ракако. Аўтар дэкар. размалёвак, батальных карцін, кардонаў для шпалер, партрэтаў. Сярод твораў: «Палтаўская баталія» (1717), партрэты Пятра I (1716 і 1723), імператрыцы Ганны Іванаўны (1730) і інш. Творчасць К., адметная вытанчанай жывапіснай манерай, паўплывала на рус. партрэт сярэдзіны 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАКЛО́ ((Laclos) П’ер Амбруаз Франсуа Шадэрло дэ) (Choderlos de; 18.10. 1741, г. Ам’ен, Францыя — 5.9.1803),
французскі пісьменнік. Вядомасць Л. прынёс адзіны раман у пісьмах «Небяспечныя сувязі» (т. 1—4, 1782), у якім адлюстравана разлажэнне арыстакратычнага грамадства напярэдадні франц. рэвалюцыі канца 18 ст. Твор — адна са значных з’яў л-ры позняга ракако; вылучаецца тонкім псіхалагізмам, пераканаўчасцю вобразаў, удалай кампазіцыяй, адмысловым густам. Аўтар публіцыстычных і гіст. прац, пед. трактатаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́У, Доу (Dou) Герард (7.4.1613, г. Лейдэн, Нідэрланды — 9.2.1675), галандскі жывапісец. Вучыўся ў свайго бацькі Я.Дау і ў Рэмбранта (1628—31), якому наследаваў у ранні перыяд творчасці. Пісаў пераважна невял. жанравыя карціны, у якіх ствараў вобразы вучоных, музыкантаў, гандлярак і інш.: «Астраном», «Зубны ўрач», «Скрыпач», «Гандлярка селядцамі» і інш. Натуралістычна-дакладнае адлюстраванне прадметаў, цікавыя сюжэты, спалучаныя з вонкавай прыгажосцю, дэкар. і светлавымі эфектамі, прынеслі яму славу моднага партрэтыста і майстра мініяцюрнага нацыянальнага жывапісу — своеасаблівага «галандскага ракако».