possessed [pəˈzest] adj.

1. (by, with) апанава́ны (жаданнем, ідэямі і да т.п.);

Tom was possessed with rage. Том быў разгневаны.

2. які́ валодае сабо́й, захо́ўвае вы́трымку, спако́й і да т.п.

be possessed of smth. вало́даць чым-н.;

She was possessed of exceptional intelligence. У яе быў выключны розум.

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

злы, злосны, раззлаваны, гнеўны, разгневаны, сярдзіты, люты, разлютаваны, ліхі, азвярэлы, ашалелы, асатанелы; злючы (разм.); воўчы (разм., перан.)

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

града́, ы́; мн. гра́ды (з ліч. 2, 3, 4 грады́), град; ж.

1. Палоска зямлі, спецыяльна прыгатаваная для вырошчвання агародніны, кветак. Рабіць грады. Града агуркоў. Палоць грады. Паліваць грады. □ Зелянее многа град. Тут — цыбуля, памідоры, Морква, рэпа і салат. Муравейка. У агароднай брыгадзе высаджвалі з парнікоў на грады расаду капусты. Бялевіч.

2. Ланцуг невысокіх гор, узгоркаў. Сонца было ўжо зусім нізка над градою узгоркаў. Брыль. Граду раскалоўшы клінам, Пераліваецца водамі Ля скал Енісей. Калачынскі.

3. Мноства аднастайных прадметаў, размешчаных у адзін рад. Града камення загароджвала шлях вадзе, і разгневаны паток дыбіўся, лез на каменне. Шамякін. // Паласа лесу. [Пархвен] мінуў доўгую граду хмызу, перайшоў упоперак шашу і як бы ўпаў у вільгаць логу. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тупаце́ць, ‑пачу, ‑паціш, ‑паціць; незак.

1. Часта і моцна тупаць нагамі пры хадзьбе, бегу і пад. Калі цямнела,.. [вожык] выбірайся з кардоннай скрыпкі, дзе ўнучка зрабіла яму пасцель, тупацеў па пакоі, тыцкаўся лычыкам у сподак. Даніленка.

2. Часта стукаць, тупаць нагамі аб падлогу, зямлю. Глянуў на абцасы, — Былі ў іх моладасць і часы, Калі рабілі выкрунтасы І на ігрышчы тупацелі, А тут хадзіць больш не хацелі. Колас. Хромавых блішчастых ботаў не шкадуе [Лёнька] і тупаціць нагамі так, што ўгінаецца падлога і з яе ўздымаецца шызы пыл. Навуменка. З таптухай і аднаму ўправіцца няцяжка... сунь у ваду і тупачы, гані рыбу ў яе. Мележ. // Стукам, тупатам ног выражаць злосць, нязгоду, нездавальненне кім‑, чым‑н. Рыгор тупацеў перад .. [свінаркамі], нібы разгневаны певень, і нешта злосна выкрыкваў ахрыплым голасам. Шашкоў. [Ганька] таксама тупацела нагамі, калі Джэк упарціўся і не хацеў больш танцаваць з Джэмай. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бада́й,

Разм.

1. часціца. Ужываецца для выказвання нядобрых пажаданняў, праклёну. А бадай ты прапаў! □ Пан, разгневаны, нязграбна На тапчан прылёг і стогне: — А бадай вас, бабы, вогнік! Бажко. / у безас. ужыв. [Крукаў:] — Выходжу на двор — бацюхны мае: тая ж каўзота! А бадай ты згарэла! Васілёнак. / у спалучэнні з узмацняльнай часціцай «жа». Стаіць човен вады повен, Бадай жа ён да пахіснуўся... З нар.

2. пабочн. Выказвае дапушчэнне якой‑н. магчымасці, схільнасць згадзіцца з чым‑н. Няма, бадай, па багаццю ўбораў прыгажэй пары года, чым восень. Ігнаценка. Бадай, нідзе так праўдзіва не гучыць народная прымаўка «Якое жыццё — такія песні», як у сяле Азершчына. Мяжэвіч.

3. прысл. Амаль. Такія корчмы-станцыі Мінскі тракт меў бадай праз кожныя дзесяць кіламетраў. Бядуля. На процілеглым канцы [вёскі], бадай ля самай шашы, рыпае гармонік, глуха бухае бубен. Навуменка.

•••

Бадай ці не... — падобна на тое, што.

Бадай што — а) (пабочн.) магчыма што, відаць што. [Радзевіч:] — Бадай што, я згодзен з вамі. Дуброўскі; б) амаль, амаль што. Дзень бадай што ўжо канчаўся. Чорны. Так прайшоў .. [Віктар] бадай што паўдарогі. Зарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стыць і сты́нуць, стыну, стынеш, стыне; пр. стыў, ‑ла; незак.

1. Станавіцца халодным, трацячы, аддаючы цяпло, астываць. Чай стыне. □ [Валя] праверыла юшку, падышла да стала, дзе даўно стыла амаль не кранутая вячэра. Шамякін. Шуміць трава па пояс, Ля рэек стыне шлак. Юнацтва — скоры поезд. А сталасць — таварняк. Гаўрусёў.

2. Мерзнуць, замярзаць на холадзе. Пад кажух забіраўся холад, стылі рукі ў рукавіцах. Лупсякоў. Згорбілася на спіне паддзёўка, і .. [Андрэй] пачуў, што ў яго мокрыя плечы: пачынаюць стыць. Пташнікаў. [Зыбін] заўважыў, што Жэня, у сваёй кароткай ватоўцы, у няцёплай хустцы, стыне на ветры, і стаў так, каб затуліць яе. Мележ. Там ён, абліты вадой ледзяною, К сэрцу рукою білет прыціскаў, Быццам білет пад сцюдзёнай вадою Сэрцу юнацкаму стыць не даваў. Куляшоў. // Траціць на момант здольнасць рухацца, камянець пад уплывам якога‑н. моцнага пачуцця. Я і цяпер яшчэ ад жаху стыну, Хоць і не ўспомню, у каторы век, Ад зайздрасці разгневаны, дубіну Падняў на чалавека чалавек. Грахоўскі. На вуснах у Якуба Лакоты стыне маркотная балючая ўсмешка. Зарэцкі. Да вачэй фартух падносіць маці, Стыне ў горле і ў мяне сляза. Астрэйка.

3. перан. Сціскацца на момант ад чаго‑н., заміраць (пра сэрца). І стыне сэрца ў горкай скрусе. Адразу дзень цямнейшым стаў. Дайнека. Ад жаху вабнага салодка сэрца стыне Каля віроў і шчупаковых ям. Грачанікаў.

•••

Кроў стыне (у жылах) гл. кроў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пато́к, ‑у, м.

1. Ручай або рака, звычайна з вузкім рэчышчам, камяністым ці жвірыстым дном і бурным імклівым цячэннем. Града камення загароджвала шлях вадзе, і разгневаны паток дыбіўся, лез на кам[яні]. Шамякін. Няўжо магчыма, каб з такой Крынічкі вырас пакрысе Паток і слаўнай стаў ракой? Кірэенка. // чаго і без дап. Вялікая колькасць вадкасці, якая імкліва цячэ. А на другі дзень пайшоў дождж. Мутныя патокі сцякалі па шыбах вагончыка, шумелі па даху. Даніленка. [Дзеці] бегалі басанож па вадзе, крычалі, смяяліся, пакуль новы паток ліўня не разганяў іх па дварах. Бяганская. Кроў гарачым патокам ў жылах пераліваецца... Бядуля. // чаго або які. Маса паветра, святла, гукаў і пад., якія распаўсюджваюцца ў пэўным напрамку. Паветраны паток. □ А на дварэ дзень быў цудоўны: ласкавае чэрвеньскае сонейка лілося ў вокны патокамі цяпла і святла. Сабаленка.

2. перан. Вялікая колькасць каго‑, чаго‑н., што ідзе, рухаецца ў адным напрамку. Гаманлівы людскі паток хлынуў па лесвіцы з другога паверха ў вестыбюль да выхаду. Хадкевіч. Па тратуарах рухаліся патокі людзей, паўз іх прабягалі аўтобусы і тралейбусы. Дубоўка. Журавы развярнуліся ў клін. Ззаду адзін прыкметна асядаў, намагаўся ўздымацца вышэй, у сяброўскі паток. Брыль. Па доўгай і шырокай вуліцы бясконцым патокам ідуць грузавікі і легкавыя машыны розных марак. В. Вольскі.

3. перан.; чаго або які. Вялікая група навучэнцаў, з якой праводзяцца заняткі ці экзамены ў пэўнай чарговасці з іншымі падобнымі групамі. [Цімка:] — Яна [Рая] пасля першай тройкі забрала дакументы і, здаецца, здавала ў другім патоку ў медыцынскі. Карпаў. // Вялікая колькасць чаго‑н., група, аб’яднаная пэўнымі агульнымі рысамі. Другі, больш значны паток цюркізмаў, непасрэдна запазычаных беларускай мовай, адносіцца да перыяду Крымскага ханства і Турэцка-асманскай імперыі. Жураўскі.

4. Спец. Бесперапыннасць вытворчасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)