адзі́н, аднаго́, м.; адна́, адно́й (аднае́), ж.; адно́, аднаго́, н.; адны́, ‑ы́х; ліч. кольк.

1. Лік. Адзін плюс два. // Колькасць, якая абазначаецца лічбай «1». Адзін метр. Адзін кілаграм. Адна кніга. □ У хаце быў я адзін, бацька і маці пайшлі на радзіны да Нічыпара, у яго нарадзіўся сын. Кулакоўскі. Сем раз адмерай, адзін — адрэж. Прыказка. / у знач. наз. адзі́н, аднаго, м.; адна́, адно́й (аднае́), ж. Пра чалавека. Сямёра аднаго не чакаюць. Прыказка. Адзін і пры месяцы робіць, а другі і пры сонцы спіць. Прыказка.

2. у знач. прым. Без іншых, асобна ад іншых, у адзіноце. Распусціўшы сучча У глухім прыволлі, Сам адзін расце ён [дуб] На далёкім полі. Купала. Дзед Талаш ізноў адзін і ў паходзе. Колас. Даспявае маліна У зялёным садку; Ходзіць красна-дзяўчына Адна па цяньку. Куляшоў. [Славіку] сапраўды ў той міг нясцерпна хацелася падхапіць.. [Машу] на рукі і панесці ў невядомую даль, ад людскіх вачэй, дзе б яны маглі застацца адны. Шамякін. // Пусты, пакінуты, адзінокі. Думаў дзед і пра сваю хату, што праз колькі дзён застанецца адна без гаспадароў. Колас. [Прамоўца:] — Вы будзеце не адны: шмат, кажу, такіх ёсць. Маўр. // Тое, што ёсць, без наяўнасці чаго‑н. другога. Аб адной вадзе сыт не будзеш. Прыказка.

3. у знач. прым. Ніхто іншы або нішто іншае, акрамя названага тут. Не спадабаўся балет адной пані Вашамірскай. Бядуля. / У спалучэнні з выдзяляльна-абмежавальнай часціцай «толькі». Адно толькі стажарышча, прысыпанае снегам, чарнелася засохлымі дубовымі галінамі. Колас. І кожны, хто мяне спытае, Пачуе толькі адзін крык: Што хоць мной кожны пагарджае, Я буду жыць! — бо я мужык! Купала. // Ужываецца для выдзялення і ўзмацнення значэння таго слова, да якога адносіцца. Зямля мая савецкая, нідзе я Такой красы і велічы не бачыў. Ты ў нас адна, адна такая ў свеце. Панчанка. У бацькі твар зрабіўся дробны, высах і пажаўцеў. Пальцы тонкія і вострыя — адны косці. Бядуля. / у знач. наз. адно́, аднаго́, н. Пра яго мы ведаем адно: ён быў студэнтам.

4. у знач. прым. Той самы, тоесны; аднолькавы. Стаяць на адным месцы. □ І песня нейкая жывая У дружны тон адзін спявае І з гэтым небам і зямлёй. Колас. Коні розных масцей, Стрэльбы розных гатункаў, Толькі людзі па веры І гарту адны. Броўка. / У спалучэнні са словамі «і той», «і тая», «і тое», «і тыя». Адзін і той чалавек. Адна і тая песня. Адно і тое пытанне. Адны і тыя падзеі. / у знач. наз. адно́, аднаго́, н. Гаворыць адно і тое. □ Куды ні глянь — адно і тое: Усюды стрэльбы і «шнуры» — Стаяць па пары і па трое На скрыжаваннях «каўняры». Колас.

5. у знач. прым. Суцэльны, непадзельны, адзіны. Пераблытаны галіны У адзін [ш]алаш жывы. Колас. [Кулямётчык] ляжаў.. і здаваўся адным целам з кулямётам. Лынькоў. / у знач. наз. адно́, аднаго́, н. [Коркія:] — Вы ведаеце, што азначае сіла ўсяго працоўнага народа, з’яднаная ў адно?! Самуйлёнак.

6. у знач. займ. З прыназоўнікам «з» ужываецца для выдзялення асобы, прадмета, з’явы і пад. або некалькіх асоб, прадметаў з якой‑н. катэгорыі, асяроддзя, раду. Адзін з гасцей параіў быў праз суд спагнаць з Грамабойчыка ўтратнае. Крапіва. Спачатку Лясніцкі меркаваў, што здраднік — адзін з гэтых шаснаццаці. Шамякін.

7. у знач. прым. У спалучэнні з «другі» ужываецца пры пералічэнні, проціпастаўленні шэрагу прадметаў, з’яў, асоб. Праходзіць момант, адзін і другі, праходзяць хвіліны нясцерпнай цішыні. Колас. Адзін чалавек — высокі, з густой барадой, другі — зусім яшчэ малады хлопец. Чорны. / у знач. наз. адзі́н, аднаго́, м.; адна́, адно́й (аднае́), ж.; адно́, аднаго́, н. Гаварыць адно, а думаць другое. Адно другому не замінае. // у знач. ліч. парадк. Першы з пералічаных прадметаў, з’яў, асоб і пад. Адзін жаўнер сядзеў на санях і таптаў сена, другі падаваў яго бярэмямі, а трэці разбіраў стажок. Колас. Адзін пень гарэў, а другі спіну грэў. Прыказка.

8. у знач. прым. У спалучэнні з «другі» ужываецца пры супастаўленні якіх‑н. якасцей, уласцівасцей, дзеянняў і пад., якія, мяняючыся, робяць прадмет, асобу, з’яву і пад. іншымі. Адна справа — паэзія, другая — проза.

9. у знач. неазн. займ. Якісьці, нейкі. [Дзядзька:] — На вайне гэта было.. Фарсіравалі мы адну раку на Палессі. Корбан. Адзін багаты пан вельмі любіў слухаць казкі. Якімовіч. [Гарлахвацкі:] Што ж гэта за выкапень? [Туляга:] Гэта далёкі продак аднае нашай хатняй жывёліны. Крапіва.

•••

Адзін-адзінокі — які жыве ў адзіноце, не знаючыся ні з кім.

Адзін-адзінюткі — абсалютна адзін. Яшчэ ў пачатку ліпеня бывае зжаўцее адзін-адзінюткі лісток на бярозе. Чорны.

Адзін-адным (адна-адною, адно-адным) — зусім адзін (адна, адно). Хіба ўсе павыміралі, а ён адзін-адным астаўся. Бядуля.

(Адзін) бог ведае гл. бог.

Адзін другога варты — пра людзей, якія ў аднолькавай ступені маюць адмоўныя якасці, рысы.

Адзін душою — толькі адзін, больш нікога; без блізкіх. [Пракоп] адзін душою, што ён будзе рабіць, калі не прыйдзе сын? Баранавых.

Адзін за адным; адзін за другім — услед, па чарзе, паслядоўна. Паказаліся адзін за адным, з брызентавымі кузавамі і акенечкамі ў іх, два грузавікі. Янкоўскі.

Адзін канец гл. канец.

Адзін крок гл. крок.

Адзін на адзін — а) тое, што і з вока на вока; сам-насам; б) без удзелу іншых. Вечар быў позні, партызаны разышліся па зямлянках, і яны [Цярэшка і Уладзік] засталіся адзін на адзін. Краўчанка. У кабінеце яны былі адзін на адзін. Гроднеў.

Адзін пад адзін (адна пад адну, адно пад адно) — усе роўныя па росту, па сіле.

Адзін пад адным — адзін за другога меншы (пра дзяцей).

Адзін перад адным (адна перад адной, адно перад адным) — не адстаючы, спаборнічаючы. Салому цяпер скідалі проста на ток, рабіць было лёгка, усе трое як бы хваліліся адзін перад адным. Мележ.

Адзін пры адным (адна пры адной, адно пры адным) — вельмі блізка, побач, шчыльна, густа. Бязвусыя чатырохкантовыя каласы ў паўтары далоні велічынёй стаялі адзін пры адным. Краўчанка.

Адзін у адзін (адна ў адну, адно ў адно) — адборныя, падабраныя па аднолькавая велічыні, якасці. Кідаліся ў вочы, распальвалі апетыт белыя грыбкі, адзін у адзін, маленькія, цвёрдыя. Шамякін.

Адзін час гл. час.

Адзін чорт гл. чорт.

Адзін як кол; адзін як колас; адзін як палец; адзін як пень — адзінокі, зусім адзін.

Адна нага тут, другая там гл. нага.

Адна (толькі) назва гл. назва.

Адна трасца гл. трасца.

Адна, як былінка ў полі — толькі адна, больш нікога; без блізкіх.

Аднаго поля ягадкі гл. ягадка.

Аднаго разу гл. раз.

Адно за адным — пра шэраг падзей, непрыемнасцей і пад., якія ідуць адна за другой.

Адно што — толькі. Не вераць сябрукі, чаму ён з сіняком, — На довады — адно што рагаталі. Корбан.

Адной нагой у магіле (стаяць) гл. нага.

Адны гады; у адных гадах гл. год.

Адны косці гл. косць.

Адным вокам (глянуць, паглядзець, зірнуць і пад.) гл. вока.

Адным вухам чуць гл. чуць.

Адным дыхам (духам) гл. дых.

Адным заходам гл. заход.

Адным махам; за адным махам гл. мах.

Адным мірам мазаны гл. мазаны.

Адным словам гл. слова.

За адным — за адным разам.

За адным скрыпам гл. скрып.

Іграць у адну дудку гл. іграць.

На адзін зуб гл. зуб.

На адзін капыл гл. капыл.

На адзін лад гл. лад.

На адзін манер гл. манер.

На адзін твар гл. твар.

На адной назе гл. нага.

Па адным — не ўсе разам, адзін за адным.

Пад адным дахам гл. дах.

Ставіць на адну дошку гл. ставіць.

Стрыгчы ўсіх пад адзін грэбень гл. стрыгчы.

У адзін голас гл. голас.

У адзін міг (момант, імгненне) гл. міг.

У адно слова гл. слова.

У адной меры гл. мера.

У адну дарогу гл. дарога.

У адных гадах гл. год.

Усе да аднаго — абсалютна усе.

(Усе) як адзін — усе аднадушна; усе да аднаго. Возьмуць стрэльбы самі, як адзін паўстануць на ворагаў. Купала.

Усё адно — ніякай розніцы, аднолькава.

Усё (усе) на адзін капыл гл. капыл.

Як адну капейку гл. капейка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хадзі́ць, хаджу́, хо́дзіш, хо́дзіць; незак.

1. Мець здольнасць, магчы рухацца, ступаючы нагамі (пра чалавека і жывёл). — Шкадуе бацька вельмі, што не можа хадзіць, — паведаміла шэптам Вера. Шамякін.

2. Тое, што і ісці (у 1 знач.), аднак хадзіць абазначае рух, які паўтараецца, адбываецца ў розны час і ў розных напрамках.

а) Перамяшчацца, ступаючы нагамі, робячы крокі (пра чалавека і жывёлу). Па-над рэчкай у лузе квяцістым Мы хадзілі, бывала, не раз. Колас. Круг за кругам гракі ходзяць услед за трактарамі. Бялевіч. / З акалічнаснымі словамі, якія паказваюць характар падобнага руху. Збляднелая, змізарнелая Гертруда Паўлаўна ходзіць на дыбачках. Навуменка. Цяпер [свякроў] хадзіла згорбіўшыся і ўсё подбегам, трушком, быццам ёй горш, як усяму свету, часу не хапала. Брыль. // Карміцца на пашы, пасвіцца (пра жывёлу). За фермай на пасецы ля лесу хадзіла скаціна. Пташнікаў. Людзі ўбачылі нават Архіпа, статак якога хадзіў недалёка ў кустах. Пестрак.

б) Перамяшчацца пэўным маршрутам; ездзіць, плысці, ляцець (пра сродкі перамяшчэння). Паміж горадам, дзе вучылася Ганна Прыбыткоўская, і Якубавічамі хадзіў аўтобус штодзень. Чорны. — Вазьмі ж мяне, лётчык, хачу я.. На моры зірнуць хоць раз вокам, Як ходзяць па іх караблі. Купала. / З акалічнаснымі словамі, якія паказваюць характар такога перамяшчэння. Хадзіць на вёслах. □ [Чмаруцька:] — У мае часы і вугалю было малавата, паравозы хадзілі на дрывах. Лынькоў. // Плаваць, ездзіць у якасці члена экіпажа, вадзіцеля. Хадзіць у міжгароднія рэйсы. □ [Павел Пятровіч:] — У час другой сусветнай вайны хадзіў матросам на гандлёвых параходах. Кухараў.

в) Перамяшчацца ў пэўным кірунку (пра свяцілы, хмары і пад.). Дзякуй сонцу, што ў небе хадзіла высока і сцяблам аддавала бацькоўскую сілу. А. Вольскі. Ходзяць зоры над краінай, Дрэвы стомленыя спяць. Глебка. Яшчэ раніцаю на захадзе хадзілі чорныя хмары, цяпер яны аблажылі кругом неба. Гурскі.

г) Перамяшчацца, рухацца масай, патокам, чарадой. Вецер то ходзіць пругка, шырока, нібы пнецца паваліць нешта, то скуголіць прарэзліва і дзіка. М. Стральцоў. Важка ходзіць ужо, не ляжыць акіян. Русецкі. На Случчыне, дажджамі ўмытай, што і казаць, гаспадары: высокай хваляй ходзіць жыта і побач высяцца капры. Вялюгін. / Пра рыб, дробных звяроў. Чародамі ў рэках хадзілі самы. Броўка. Увесь Дняпро ў кругах: ходзіць рыба шалёна. Караткевіч. // Разносіцца, быць чутным (пра гукі, пахі). Смех адказны, смех шчаслівы Ходзіць на пагорках. Колас. / у вобразным ужыв. Ходзіць па нівах бязмежных Вясна маладая. Танк. На снежных шырокіх прасторах Хадзіла зіма і мароз. Глебка.

3. у што, на каго або з інф. Тое, што і ісці (у 2 знач.), аднак хадзіць абазначае рух, які адбываецца ў розны час, у розных напрамках. Хадзіць у госці. Хадзіць у школу. □ Корпацца дзень у дзень на гаспадарцы і хадзіць дзень у дзень на работу ніхто не мог бы патрапіць. Чорны. Такіх асілкаў я калісьці сустракаў у Сібіры і на Далёкім Усходзе. З імі не страшна хадзіць на мядзведзя. Паслядовіч. З шчасцем і ў грыбы добра хадзіць. Прымаўка. // Бываць дзе‑н., наведваць каго‑, што‑н. Тэкля любіла хадзіць па суседзях — вельмі гутарлівая баба была. Бядуля. Некалькі гадоў жонка хадзіла па дактарах, ездзіла на курорты. Навуменка. // Выступаць у паход супроць каго‑н., нападаць. Хадзіць вайною. □ На ворага [народ] хадзіў у бітвы, хоць вораг быў аж вельмі люты. Дубоўка. Партызаны біліся не на жыццё, а на смерць. Дванаццаць дзён трымалі абарону і самі не раз хадзілі ў атакі. «Маладосць».

4. Пераходзіць, перадавацца ад аднаго да другога. Гэты ліст [жонкі Шышкіна] хадзіў па ўсёй батарэі. Няхай. А гуцулы п’юць, гуляюць, Ходзіць чарка па руках. Зарыцкі. // Распаўсюджвацца, станавіцца вядомым многім (пра чуткі, весткі і пад.). Пра горку хадзіла легенда, нібы пахаваны на ёй у далёкія-далёкія часы казачны волат-асілак. Лынькоў. — Пра Гарбачэўскага ходзяць легенды, — пачаў Шыманскі. — Ён сотні людзей выратаваў ад смерці... Гурскі. // Праяўляцца то ў адным, то ў другім месцы. Эпідэмія ходзіць. □ Словы аб тым, што ёсць на свеце шчаслівыя землі, па якіх не ходзіць жоўтая хвароба, засталіся марай аб лепшым, што рыхтавала.. [Арцёму] будучыня. Самуйлёнак.

5. Быць у руху; рухацца ўзад і ўперад або ўверх і ўніз, з аднаго боку ў другі. А там, за доўгімі сталамі, У стол уткнуўшыся насамі, Сядзяць пісцы, як гною кучкі, Скрыпяць іх пёрцы, ходзяць ручкі. Колас. Лоўка ходзіць моцны струг, Стружкі сыплюцца наўкруг. Дзеружынскі. // Зыбацца, ківацца (з-за няшчыльнага прылягання, злучэння). Маснічына ходзіць пад нагамі. // Калыхацца, дрыжаць. Дзірван пад намі ходзіць (Кол забіваем мы), Каб мог і ён адводзіць Калючыя грамы. Свірка.

6. Падымацца і апускацца пры глыбокім дыханні, пры напружанні і пад. [Колас:] — Я ў Грына моцна надыхваюся марскога ветру, грудзі ходзяць, як у дваццаць гадоў. Лужанін. У.. [Паўліка] нават сапраўдных мускулаў на руках няма, а ў Міколкі яны вунь якімі тугімі гузакамі пад скурай ходзяць. Бяганская.

7. Укісаючы, брадзіць. Цеста ходзіць. // перан. Быць узбуджаным, усхваляваным, узрушаным. Ходзіць лагер, нібы ў віры, Бо загад аддан. А тым часам камандзіры Вывучаюць план. Колас.

8. за чым. Разм. У спалучэнні з назоўнікамі азначае выкананне пэўнай работы, дзеяння пры дапамозе прылады, названай назоўнікам. Юрка патузваў лейцы, гукаў на каня і ўслед за ім, вельмі паволі, хадзіў за бараною. Чорны. [Марыя] хадзіла і за плугам, і за бараной, брала ў рукі і касу. «Звязда».

9. каля (ля) каго-чаго. Клапаціцца аб кім‑, чым‑н., даглядаць каго‑, што‑н. Змалку прывучыў.. [Сёмку] бацька хадзіць каля зямлі, любіць яе і даглядаць. Гартны. [Доктар:] Я Антону Мітрафанавічу медыкаментаў пакіну і раскажу, як каля раны хадзіць. Крапіва.

10. за кім. Заляцацца да каго‑н. За.. [Валяю] хадзілі хлопцы, але ніводзін не быў падобен да.. [Кавальчука]. Чорны. — Вы, цётка, думаеце, Сак за мной ходзіць? Не. Ён хоча браць Раю. Сягоння б ажаніўся, каб пайшла. Ермаловіч.

11. Насіць што‑н., апранацца як‑н., у што‑н. Цяпер Антон хадзіў чыста, галіўся, нават паправіўся. Ракітны. Адзін жыў — у лапцях хадзіў, у калгас прыйшоў — каптан знайшоў. Прымаўка.

12. Разм. Быць у якім‑н. званні, на якой‑н. пасадзе, на якой‑н. рабоце. [Баба Параска:] — А ты стаў культурны. Усё дзякуй ды дзякуй. На кожным, лічы, слове. Нябось вывучыўся недзе, можа ў начальніках ходзіш? Чыгрынаў. Не сорамна цяпер Марыі Пятроўне за дачку. У перадавіках ходзіць. «Работніца і сялянка».

13. Быць, знаходзіцца ў якім‑н. стане, настроі. Панурыя, злыя хадзілі мужчыны, аб чымсьці перашэптваліся, спрачаліся, дамаўляліся. Лынькоў. Слава, якому Тоня дазволіла неяк раз мазнуць пэндзлем, хадзіў сярод братоў і сясцёр ледзь не героем: лічыў сябе амаль запраўскім маляром. Даніленка. Вясёлы, гаманкі быў [Сцяпан Лісоўчык], калі ў хлопцах хадзіў. Ракітны. // Разм. Быць цяжарнай, чакаць дзіця. — Дык гэта ж у іх, пэўна, радзіны! — пляснула цётка рукамі. — Саша ж ходзіць апошнія дні. Васілевіч.

14. Выкарыстоўвацца тым або іншым чынам, у той або іншай запрэжцы (пра коней і пад.). [Сомік] адмаўляўся, што ў яго конь малады, у цяжкім возе ніколі не хадзіў, а каню было ўжо чатыры гады. Крапіва.

15. Рабіць ход якой‑н. фігурай, картай. Хадзіць канём. Хадзіць козырам.

16. Разм. Адпраўляць натуральную патрэбу. Хадзіць на двор.

17. заг. хадзі́(це). Разм. Запрашэнне ісці куды‑н., прыступаць да чаго‑н. — Ну, хадзі за стол, нябога; Сядзь і ты, стары, сюды, Пасілкуйцеся з дарогі... Колас. Хадзіце, хадзіце к марозу! Хадзіце ў госці хутчэй! Купала.

•••

Вецер ходзіць дзе гл. вецер.

Вецер ходзіць у галаве — тое, што і вецер гуляе ў галаве (гл. вецер).

Галава ходзіць кругам — тое, што і галава ідзе кругам (гл. галава).

Далёка хадзіць не трэба гл. трэба.

З торбай хадзіць — жабраваць, прасіць міласціну.

Каб ты па гары хадзіў ды сонца не бачыў! — ужываецца як праклён.

Каб ты па свеце не хадзіў! — ужываецца як праклён.

Па адной дошчачцы (маснічыне) хадзіць — дагаджаць каму‑н., падпарадкоўвацца ва ўсім.

Пад стол пяшком хадзіць — быць яшчэ зусім малым.

Пад сядлом хадзіць — выкарыстоўвацца для верхавой язды (пра коней).

Справа ходзіць пра што (аб чым) — тое, што і справа ідзе пра што (аб чым) (гл. справа ​1). Дзед Талаш — чалавек пераважна замкнуты. Сваімі думкамі не з кожным падзеліцца і думае іх спакваля, грунтоўна, асабліва калі справа ходзіць аб важных рэчах. Колас.

У золаце хадзіць — быць багатым.

Улегцы хадзіць — не быць нагружаным працай.

У чубы хадзіць — тое, што і брацца за чубы (гл. брацца).

Хадзіць арлом (гогалем) — хадзіць важна, ганарыста.

Хадзіць бабылём — доўга не жаніцца, жыць адзінока, без сям’і.

Хадзіць гужам (роем) за кім — выказваць сваё захапленне кім‑н.; пра поспех у многіх.

Хадзіць козырам (кандзібоберам) — паводзіць сябе ганарліва, незалежна; задавацца.

Хадзіць кругом ды навокала — гаварыць намёкамі, абыходзячы сутнасць справы.

Хадзіць на галаве — дурэць, сваволіць, нікога не слухацца.

Хадзіць (стаяць) на задніх лапках перад кім — прыслужвацца, выдыгаць перад кім‑н.

Хадзіць на мяккіх лапах — а) хадзіць крадучыся, цішком, каб не чулі; б) перад кім услужваць каму‑н., выслужвацца перад кім‑н.

Хадзіць на пальчыках — далікатна абыходзіцца з кім‑н., выказваючы павагу, шкадуючы каго‑н.

Хадзіць на пары́ — пра цяжарную перад блізкімі родамі.

Хадзіць на часах — тое, што і хадзіць на пары́.

Хадзіць пад пенай — цяжка, заўзята працаваць.

Хадзіць па зямлі — жыць.

Хадзіць па людзях — набірацца, жабраваць.

Хадзіць па лязе — рызыкаваць, быць у небяспецы.

Хадзіць па руках — а) пераходзіць ад аднаго да другога, быць у карыстанні то ў аднаго, то ў другога; б) уступаць у любоўныя зносіны то з адным, то з другім мужчынам (пра жанчыну). — Хто ведае, .. што было б з тою шляхцянкаю, што адзін час нават па руках хадзіла? Бажко.

Хадзіць па струнцы — быць вельмі дысцыплінаваным, паслухмяным; бясспрэчна падпарадкоўвацца каму‑, чаму‑н. Сыны, дочкі, унукі і праўнукі хадзілі па струнцы, разам садзіліся за стол і, пад’еўшы, дзякавалі бабцы, хоць яна даўно не кухарыла. Лужанін.

Хадзіць у воўчай скуры (шкуры) — маскіравацца з пэўнай мэтай. [Багуцкі:] — Мне нельга, аднак, адкрыта гаварыць з імі [рабочымі] і мне абрыдла.. хадзіць у гэтай воўчай скуры і адчуваць, як кожны позірк нашых людзей нібы распаленым жалезам працінае маё сэрца. Лынькоў.

Хадзіць у запрэжцы — а) быць запражным, выкарыстоўвацца ў якасці запражнога (пра каня, вала і пад.); б) рабіць адну справу.

Хадзіць улукаткі — хадзіць зігзагамі, крыва, віляючы з боку ў бок.

Хадзіць (прасіцца) у наначкі — хадзіць да каханай дзяўчыны (жанчыны) і заставацца там нанач. За гарадской прапіскаю Вы ідзяце ў нянечкі. Вас у пад’ездах ціскаюць, Салдаты просяцца ў наначкі. Барадулін.

Хадзіць у пазычкі — пазычаць.

Хадзіць фертам — мець бравы, самаздаволены выгляд.

Хадзіць ходырам (хадуном) — а) моцна хістацца, калыхацца. Кузаў рыпеў, патрэскваў, хадзіў ходырам; пасажыраў вадзіла ва ўсе бакі. Ракітны. Ірка спынілася — сталі і.. [алені]. Дыхалі часта-часта, бакі ў іх хадзілі хадуном. Пташнікаў; б) быць у руху, кіпець, хвалявацца. Ды і ад дзеда Хвядоса, і ад даўгінаўскіх дзядзькоў я чуў, што некаторыя фальваркі ўжо хадуном ходзяць, а паны грызуцца паміж сабою, як сабакі. Бажко.

Хадзіць як пад зямлёй — мець прыгнечаны стан, дрэнны настрой.

Чыста хадзіць каля посуду — есці ўсё да канца, усё, што даюць, з апетытам.

Язык гладка ходзіць гл. язык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БЕЛАРУ́СЫ,

нацыя, асноўнае насельніцтва Беларусі. Складае 7904 тыс. чал. (перапіс 1989), 77,4% насельніцтва Рэспублікі Беларусь. Значная частка беларусаў жыве па-за межамі Беларусі, у т. л. ў Расіі 1052 тыс. (1989), на Украіне 406 тыс., у Польшчы больш за 200 тыс., Казахстане 182 тыс., Латвіі 112 тыс., Літве 58 тыс., Эстоніі 23 тыс. чал.; у краінах Зах. Еўропы, ЗША, Канадзе, Аўстраліі і інш., паводле розных ацэнак, жыве ад 300 тыс. да 2 млн. беларусаў (гл. Дыяспара беларуская). Гавораць на беларускай мове, якая адносіцца да слав. групы індаеўрап. моўнай сям’і. Разам з рускімі і ўкраінцамі належаць да ўсх. славян. Антрапалагічны тып — сярэднееўрап. варыянт еўразійскай (еўрапеоіднай) расы. Тэрыторыя іх кампактнага рассялення ў межах Беларусі займае 207,6 тыс. км² і ахоплівае басейны верхняга Дняпра, Сажа, Зах. Дзвіны, Нёмана, Прыпяці і часткова Зах. Буга.

Археалагічныя даследаванні сведчаць, што ўжо ў 5—8 ст. тэр. Беларусі насялялі слав. плямёны, з якімі генетычна звязаны саюзаплемянныя і раннефеад. этнапалітычныя супольнасці 9—10 ст.крывічы, дрыгавічы, радзімічы, часткова валыняне, драўляне і севяране. Працэс іх рассялення на Беларусі суправаджаўся міжэтнічнымі кантактамі з мясц. балцкімі плямёнамі (гл. Балты), якія ў асноўным былі асіміляваны, а часткова (у зах. абласцях) склалі змешаныя балта-слав. групы. У межах Кіеўскай Русі (канец 9 — пач. 11 ст.) пачалі складвацца феад. адносіны, узнікаць класы, гарады, фарміравацца стараж.руская народнасць, прынята хрысціянства. З 10 ст. землі Беларусі ўваходзілі ў склад Полацкага, Тураўскага, часткова Смаленскага, Чарнігаўскага княстваў; да 12 ст. з іх вылучыліся Пінскае, Мінскае, Друцкае, Заслаўскае, Навагрудскае і інш. княствы.

Фарміраванне і развіццё беларускай народнасці. У 13—14 ст. землі і княствы Беларусі ўвайшлі ў склад Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ). Полацкая, Новагародская, Віцебская землі, а таксама Слуцкае, Кобрынскае, Мсціслаўскае і інш. княствы мелі ў ВКЛ пэўную сац.-эканам. і юрыдычна-прававую аўтаномію. У складзе адзінай дзяржавы спыніўся працэс іх феад. драблення, што садзейнічала стварэнню агульнай этнічнай тэрыторыі беларусаў. Сацыяльна-эканам., паліт., дэмаграфічныя і этнакультурныя фактары абумовілі пашырэнне этнасацыяльных сувязей паміж рознымі тэрытарыяльнымі часткамі Беларусі і ўнутрыэтнічную кансалідацыю. На працягу 15—16 ст. у ВКЛ павялічылася колькасць гарадоў і мястэчак, узмацніліся гандл. сувязі паміж імі, вырасла доля гандл.-рамесніцкага насельніцтва, павысілася таварнасць і прадукцыйнасць сельскай гаспадаркі, праведзены адм.-тэр. і аграрна-гасп. рэформы; кадыфікацыя і уніфікацыя дзярж. юрыд. нормаў завяршылася складаннем Статутаў Вял. княства Літоўскага 1529, 1566 і 1588. Пасля аб’яднання з Польшчай у федэратыўную дзяржаву Рэч Паспалітую ВКЛ захоўвала паліт. аўтаномію, свой урад, юрыд. правы, войска, фінансы і інш., што ў пэўнай меры стрымлівала польскі ўплыў на бел. і літ. народы. Аднак з таго часу ўзмацніліся працэсы паланізацыі і акаталічвання. Для бел. сялянства і гараджан асн. каштоўнасцю была этнагенетычная спадчына, якая аб’ядноўвала розныя тэрытарыяльныя групы беларусаў на аснове агульнасці іх гіст. лёсу, культуры, мовы, рэлігіі. Значную ролю адыгрывалі фактар кампактнага рассялення беларусаў і іх дэмаграфічнае становішча (бел. землі складалі большасць тэр. ВКЛ, а насельніцтва — асн. этнічны масіў). Беларусы складалі значную частку насельніцтва і ў гарадах этнічнай Літвы — Троках, Коўне, сталіцы ВКЛ Вільні. Дамінуючае дэмаграфічнае становішча беларусаў у межах ВКЛ і высокі ўзровень развіцця іх культуры вызначылі поліэтнічны характар пашырэння іх мовы. Старабел. мова («руськая») была афіцыйнай дзярж. мовай ВКЛ, сродкам зносін паміж усх.-слав. насельніцтвам і літоўцамі-аўкштайтамі, жмудзінамі, латгаламі і больш дробнымі этнічнымі групамі (татары, яўрэі, цыганы, караімы і інш).

У перыяд складвання бел. народнасці этнакансалідуючую функцыю адыгрываў і канфесіянальны фактар. Большасць усх.-слав. насельніцтва ВКЛ да 16 ст. вызнавала праваслаўе. Гэтага веравызнання трымалася таксама частка насельніцтва этнічнай Літвы і Жмудзі. Пасля дынастычнага саюзу ВКЛ і Польшчы (гл. Крэўская унія 1385) на землях Літвы і Беларусі пачало пашырацца каталіцтва, у 16 ст. ў сувязі з еўрап. рэфармацыйным рухам — пратэстантызм (лютэранства, кальвінізм і інш.), а пасля Брэсцкай уніі 1596 — уніяцтва. Праваслаўныя цэрквы Беларусі, Украіны і Літвы, пераведзеныя ва уніяцтва, трапілі пад духоўную ўладу рымскага пантыфікату і ўспрынялі асн. догматы каталіцызму. Наступ каталіцтва і уніяцтва выклікаў у большасці правасл. насельніцтва незадаволенасць і пратэст. Найб. глыбока паланізацыя пранікла ў самасвядомасць, матэрыяльную і духоўную культуру пануючых класаў Беларусі. У 17 ст. большая палова бел. шляхты спавядала каталіцкую ці уніяцкую веру, карысталася польскай мовай, прытрымлівалася агульнасаслоўных стэрэатыпаў ладу жыцця і паводзін (напр., панібрацтва). Усе этнастваральныя фактары, што садзейнічалі складванню бел. народнасці ў 14—16 ст., у цэлым мелі аб’яднальную тэндэнцыю. Жыхары абшчыны сваю супольнасць звычайна вызначалі агульным сельскім ці валасным этніконам, які паходзіў ад назвы сяла ці цэнтра воласці. У межах паветаў, княстваў, зямель, ваяводстваў насельніцтва аб’ядноўвалася вакол гарадоў і мястэчак у т.зв. зямляцтвы (напр., мазыране, палачане, мсціслаўцы, случане і інш.). Зямляцкія этнонімы былі ўстойлівыя і ў самой Беларусі, і за яе межамі. У 14—16 ст. значна пабольшала роля працэсаў этнагенетычнай кансалідацыі і агульнадзярж. інтэграцыі. Пра гэта сведчыць пашырэнне этнонімаў «русіны» і «літвіны». Руссю (рус. землямі) у той час называлі ўсх. і цэнтр. тэр. Беларусі. Кампактны арэал назвы «літвіны» бытаваў пераважна ў раёнах Вілейкі, Смаргоні, Ашмян, Крэва, Маладзечна, Ліды і інш. (т.зв. Павілейская Літва). Але ў 16—17 ст. «Літвой» і «літвінамі» называлі ўсё насельніцтва ВКЛ. Канкрэтна беларусаў называлі «літвіны рускага роду», «літвіны рускай веры», «літвіны-беларусцы», «літоўскія беларусы», што адлюстравана і ў гіст. дакументах (напр., бел. першадрукар і асветнік Ф.Скарына называў сябе палачанінам, русінам і літвінам).

Розныя ўзроўні працэсаў этнічнага формаўтварэння, саслоўна-класавая і канфесіянальная дыферэнцыяцыя адбіліся на складванні бел. народнасці, на разнастайнасці формаў і элементаў яе культуры і побыту. Асаблівасцю гарадоў і мястэчак Беларусі быў іх хуткі рост. У канцы 16 ст. іх было больш за 300, а іх жыхары складалі каля 16—20% насельніцтва. Многія з іх мелі магдэбургскае права. Павялічвалася маёмаснае, прававое і саслоўнае размежаванне іх насельніцтва. Да асобных катэгорый належалі духавенства і арыстакратыя. Іншаэтнічнае насельніцтва часта не ўваходзіла ў катэгорыю мяшчан, а аб’ядноўвалася ў свае абшчыны з асобнымі правамі і прывілеямі.

Асн. масу насельніцтва Беларусі 14—16 ст. складалі сяляне. Яны падзяляліся на дзяржаўных і прыватнаўласніцкіх. У выніку аграрнай рэформы — валочнай памеры, праведзенай у ВКЛ у 16 ст., саслоўна-сац. і гасп.-эканам. арганізацыя сялянства змянілася і стала складацца з трох асн. катэгорый: слугі, асадныя сяляне і цяглыя сяляне.

Асн. збожжавай культурай было жыта; сеялі таксама авёс, ячмень, проса, пшаніцу і інш. Былі пашыраны агародныя і садовыя культуры. З землеапрацоўчых прылад пераважала саха для парнай запрэжкі. Пры ляднай (падсечна-агнявой) сістэме апрацоўкі зямлі сяляне карысталіся матыкамі, баронамі, сукаваткамі, смыкамі. Збожжавыя культуры сеялі ўручную з сявенькі-лубянкі, жалі сярпом, малацілі цапамі, веялі зерне веялкай-шуфлікам, малолі на муку або абдзіралі на крупы. Павелічэнне плошчы ворных зямель суправаджалася ўзнікненнем новых пасяленняў. Іх памеры, характар узнікнення і інш. асаблівасці адлюстраваліся і ў назвах-вызначэннях. Побач з вядомымі са старажытнасці назвамі сяло, сяльцо, весь, вёска, пагост з 15 ст. пачалі сустракацца слабада. воля, вольта, засценак, селішча. Асн. тыпам планіроўкі новых пасяленняў быў вулічны, што адпавядаў дзярж. плану забудовы. Існавала таксама бессістэмная, або кучавая, забудова. Асноўным тыпам жылля была зрубная хата з двума памяшканнямі (хата + сенцы). Вядома і трохкамернае жыллё (святліца + сенцы + жылое або гасп. памяшканне). Дах накрывалі саломай, дранкай, гонтай. Печы рабілі з комінам або без яго (курная хата). Вокны былі невялікія, іх закрывалі засаўкай, бычыным пухіром, прамасленай паперай, зрэдку шклом. Жылыя дамы заможнай шляхты былі значна большыя, шматкамерныя, часам двухпавярховыя.

Пэўныя асаблівасці мела архітэктура гарадоў і мястэчак, якія паступова набывалі урбанізаваны тып, набліжаны да зах.-еўрапейскіх традыцый горадабудаўніцтва. У іх павялічвалася колькасць мураваных пабудоў (найбольш у зах. абласцях). Мураванымі былі пераважна абарончыя (замкі, крэпасці) і культавыя (цэрквы, касцёлы), радзей жылыя, бытавыя і адм. пабудовы.

Да 16 ст. адносіцца з’яўленне пэўных відаў адзення, якія пазней ўвайшлі ў традыц. бел. нар. касцюм. Асновай жаночага і мужчынскага касцюма заставалася кашуля (сарочка). Мужчынскі гарнітур дапаўняўся паясным (штаны, споднікі), плечавым (кафтан) і верхнім (кажух, армяк, даламан) адзеннем. У жаночы гарнітур уваходзіла плечавое і паясное адзенне (андарак, панёва, фартух, летнік, спадніца), розныя галаўныя ўборы (хустка, рантух, плахта, каптур, чапец, магерка, капялюш), а таксама паясы, кашалькі, упрыгожанні. З даўніх часоў на Беларусі бытаваў скураны абутак. Для сял. асяроддзя характэрнымі былі і лапці, пашытыя са скуры або сплеценыя з лыка.

Аснову харч. рацыёну насельніцтва 14—16 ст. складалі прадукты земляробства, агародніцтва, жывёлагадоўлі. Дадатковымі крыніцамі былі паляўніцтва, рыбалоўства, бортніцтва. З напіткаў спажывалі мёд, квас, піва і інш. (гл. таксама Беларускія народныя стравы).

Фальклор беларусаў перыяду фарміравання народнасці меў тыя самыя жанры і элементы, што і ў папярэднія стагоддзі: песні, магічныя заклінанні, звязаныя з язычніцкай абраднасцю, галашэнні, быліны, казкі, легенды, загадкі. Узнік і новы эпічны жанр — гіст. песні і паданні, гал. тэмай якіх была барацьба народа з іншаземнымі захопнікамі, а таксама з уласнымі прыгнятальнікамі. Шырока бытавалі лірычныя песні. Зліццём язычніцкіх і хрысц. элементаў характарызаваліся многія абрады і звычаі, звязаныя з каляндарна-аграрнымі святамі і сямейна-бытавой абраднасцю. Гл. таксама Народная паэтычная творчасць.

Традыцыі перадаваліся ў спадчыну з пакалення ў пакаленне ў рамках сям’і. Тагачасныя сем’і падзяляліся на малыя (шлюбная пара і іх дзеці) і вялікія (бацькоўскія і брацкія родзічы 2—3 пакаленняў, сваякі, якія мелі агульную маёмасць, вялі сумесную гаспадарку і лічыліся адным «дымам»). Распараджальнікам і галавой сям’і быў бацька, а ў выпадку яго смерці — маці (пры адсутнасці дарослага сына). Сямейна-бытавыя адносіны рэгламентаваліся звычаёвым правам і дзярж. сямейным правам.

Са стараж. часоў на Беларусі былі вядомы школы. Яны існавалі пераважна пры манастырах і цэрквах, з 16 ст. — пры брацтвах (гл. Брацкія школы). Пры ордэнах езуітаў, францысканцаў, бенедыкцінцаў існавалі калегіумы. Адукацыя гар. насельніцтва была звязана з агульнаеўрап. традыцыямі. Разам з тым духоўная культура і грамадская думка беларусаў у 14—16 ст. мелі свае асаблівасці. У той час узнікала бел.-літоўскае летапісанне (гл. «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх», Беларуска-літоўскі летапіс 1446, «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», Хроніка Быхаўца). Вяршыняй тагачаснай бел. культуры стала гуманістычная дзейнасць Ф.Скарыны, які ў перакладзе на старабел. мову выдаў Біблію (Прага, 1517—19). Яго паслядоўнікі С.Будны, В.Цяпінскі і інш. былі актыўнымі дзеячамі бел. Рэфармацыі. З жыццём і побытам беларусаў знаёміў еўрап. чытача адзін з выдатных паэтаў эпохі Адраджэння М. Гусоўскі. Вострыя праблемы грамадска-паліт. жыцця ўзнімалі М.Сматрыцкі, Л.Карповіч, С.Зізаній, Афанасій Брэсцкі і інш. З 16 ст. вядомы школьны тэатр, папулярнымі ў народзе былі лялечны тэатр батлейка, бел. харавыя песні-гімны — канты і псалмы. Склалася адметная беларуская іканапісная школа, дасягнулі росквіту драўляная скульптура і разьба па дрэве, беларуская рэзь стала шырока вядома за межамі Беларусі. Узнікла своеасаблівая архітэктура: Мірскі, Навагрудскі, Лідскі, Крэўскі замкі, Мураванкаўская і Сынковіцкая цэрквы-крэпасці і інш.

Асн. вынікам дзейнасці комплексу сац.-эканам., паліт., этнічных працэсаў 14—16 ст. на Беларусі стала складванне самаст. этнасацыяльнай супольнасці феад. тыпу — бел. народнасці і яе асн. этнічных прыкмет — мовы, культуры, самасвядомасці.

Цяжкім і складаным у гісторыі беларусаў быў перыяд 17—18 ст. Шматлікія войны з суседзямі і паміж магнатамі прывялі да сац.-эканам. крызісу Рэчы Паспалітай, які скончыўся яе падзеламі (1772, 1793 і 1795) паміж суседнімі дзяржавамі. Абвастрэнне нац.-класавых, рэлігійных і інш. супярэчнасцей выклікалі ўздым вызв. войнаў і антыфеад. паўстанняў. У выніку войнаў, голаду і эпідэмій рэзка зменшылася колькасць насельніцтва, што негатыўна паўплывала на развіццё бел. народнасці. Бел. шляхта на працягу 17—18 ст. ў асноўнай масе была паланізавана. Сялянства, частка гараджан, ніжэйшага і сярэдняга духавенства, дробнай і часткова сярэдняй шляхты актыўна супраціўлялася паланізацыі, што забяспечвала этнаэвалюцыйнае развіццё бел. народа. Дыферэнцыяцыя бел. культуры на культуру нар. мас і пануючых саслоўяў набывала ярка выражаную этнічную накіраванасць, калі менавіта народ захоўваў традыцыйнасць этнавызначальных прыкмет этнасу.

У 17—18 ст. на ПнУ і У Беларусі, сумежных тэр. Смаленшчыны і Пскоўшчыны стабілізавалася назва Белая Русь, вядомая з 14 ст., паступова ў шырокі ўжытак увайшлі паняцці «беларускі край», «беларускія гарады», «беларуская мова», «беларуская вера» (уніяцтва). Канфесіянальны склад заставаўся стракатым. Падтрымка каралеўскім дваром і магнатамі каталіцкай царквы садзейнічала пашырэнню на Беларусі розных каталіцкіх ордэнаў (дамініканцаў, езуітаў, францысканцаў, бенедыкцінцаў, кармелітаў і інш.), якія актыўна падтрымлівалі уніяцтва. Да канца 18 ст. католікі складалі каля 15%, уніяты 70%, праваслаўныя 6%, іудзеі 7%, пратэстанты і інш. 2% насельніцтва Беларусі. Палітыка акаталічвання і паланізацыі закранула і мову. У 1696 на канфедэрацыі Рэчы Паспалітай прынята рашэнне, паводле якога агульнадзярж. мовай абвяшчалася польская. Гэтыя і інш. неспрыяльныя сац.-паліт. фактары пагоршылі ўмовы развіцця духоўнай культуры бел. народа.

І.У.Чаквін.

Фарміраванне беларускай нацыі. Драматычныя падзеі апошняй трэці 18 ст. шмат у чым прадвызначылі далейшы лёс бел. этнасу. Устанаўленне паліт. улады рас. царызму садзейнічала захаванню і нават узмацненню феад. прыгону. Сельская гаспадарка Беларусі знаходзілася ў крызісным стане. За 1796—1858 насельніцтва Беларусі павялічылася на 27% і складала 3,3 млн. чал. Вял. страты панесла Беларусь у час Айчыннай вайны 1812. У пач. 19 ст. з’явіліся першыя прыкметы нац. кансалідацыі. У Віленскім ун-це ў канцы 1810-х г. М.Баброўскі і І.Даніловіч паклалі пачатак збіранню і публікацыі помнікаў бел. пісьменства 16—17 ст., садзейнічалі абуджэнню цікавасці да гіст. мінулага сярод студэнтаў — сяброў таварыстваў філаматаў і філарэтаў.

Развіццё бел. этнасу ў пач. 19 ст. характарызавалася не толькі працэсам фарміравання нац. самасвядомасці, але і іншаэтнічным асіміляцыйным уздзеяннем. Пры патуранні царскай адміністрацыі паланізацыя і акаталічванне карэннага насельніцтва ў канцы 18 — пач. 19 ст. нават узмацніліся. Тэарэтычным абгрунтаваннем гэтай дзейнасці сталі працы польскіх даследчыкаў С.Ліндэ, Л.Галамбёўскага, А.Дамбоўскага, А.Нарушэвіча, якія разглядалі беларусаў як этнагр. групу польскага народа. Пасля задушэння паўстання 1830—31 у дзярж. і навуч. установах замест польскай мовы ўводзілася руская. Полацкі царкоўны сабор 1839 абвясціў «уз’яднанне» уніятаў з пануючай праваслаўнай царквой. Гэта выклікала супраціўленне многіх вернікаў, асабліва на ПнЗ Беларусі. Пачалося афармленне тэорыі заходнерусізму, паводле якой беларусы лічыліся не самастойным этнасам, а адгалінаваннем рус. народа. Этнагр. асаблівасці, якія адрознівалі беларусаў ад рускіх, тлумачыліся польскім уплывам і падлягалі знішчэнню для аднаўлення нібыта «спрадвечна рускага характару краю». Заходнерусізм стаў ідэалогіяй і формай самасвядомасці часткі праваслаўнага духавенства, чыноўнікаў і дваран.

У 1840—50-я г. сярод шырокага кола мясц. інтэлігенцыі павялічылася цікавасць да гіст. мінулага Беларусі, вывучэння фальклору і побыту карэннага насельніцтва. З польскамоўнага літ. руху вылучылася т.зв. беларуская школа, творчасць прадстаўнікоў якой была прысвечана Беларусі. Асобныя творы Я.Чачота, Я.Баршчэўскага, А.Рыпінскага, У.Сыракомлі былі напісаны на бел. мове, а ў Я.Дуніна-Марцінкевіча яна стала асноўнай. У 1840-я г. А.Абрамовіч зрабіў першыя спробы стварэння нац. музычных твораў. У 1852 пастаўлена першая бел. опера «Сялянка» («Ідылія», муз. С.Манюшкі і К.Кжыжаноўскага, лібрэта Дуніна-Марцінкевіча). Самасвядомасць і творчасць гэтага кола інтэлігенцыі не заўсёды мелі ясна акрэслены нац. змест, але аб’ектыўна яны стваралі аснову бел. нацыянальнай мастацкай культуры. У цэлым развіццё нац. кансалідацыі слаба закранула этнас. Літвінамі сябе па-ранейшаму называлі жыхары Гродзенскага, Ваўкавыскага, Слонімскага, часткова Слуцкага пав. У Віленскай губ., Мінскім, Дзісенскім, Барысаўскім пав. літвінамі называлі толькі католікаў, а праваслаўных — беларусамі. Зах. Беларусь, як і раней, называлі Літвой, а этнічную Літву — Жмуддзю, Самагіціяй. Саманазва «беларусы» была найб. пашырана ў «гістарычнай Беларусі» — Віцебшчыне, Магілёўшчыне, Смаленшчыне, але яна мела пераважна тапанімічны характар. Захоўваліся шматлікія этніконы тыпу віцебцы, магілёўцы, гомельцы, пінчукі, бужане. Большасць памешчыкаў, 92% якіх былі католікамі, лічылі сябе палякамі. Многія з іх захоўвалі элементы мясц. («літоўскага», ці «беларускага») патрыятызму, які ў пач. 1860-х г. набыў нацынальна-паліт. і асветніцкі характар. У 1862 мінскі маршалак А.Аскерка выдаў у Варшаве бел. лемантар. Дробная шляхта сваю этнічную прыналежнасць звязвала з канфесіянальнай: католікі лічылі сябе палякамі, праваслаўныя — рускімі. Аналагічным чынам вызначалі сябе мяшчане. Этнічнае самавызначэнне інтэлігенцыі залежала гал. чынам ад яе паліт. арыентацыі, але большая частка аддавала перавагу польскай дэмакр. культуры. І толькі сярод нешматлікага кола дэмакр. інтэлігенцыі сфарміравалася ўяўленне пра тое, што беларусы валодаюць усімі ўмовамі для самастойнага развіцця і маюць на тое ўсе правы. Лідэрам гэтай групы стаў К.Каліноўскі. Яго публіцыстыка ў газ. «Мужыцкая праўда» сведчыла пра спеласць нац. руху. У час паўстання 1863—64 на Вілейшчыне па патрабаванні сялян былі адкрыты бел. школы. Паражэнне паўстання адмоўна адбілася на развіцці бел. этнасу. Лепшыя прадстаўнікі дэмакр. інтэлігенцыі загінулі, многія сасланы ў Сібір. Царская адміністрацыя ўстанавіла на Беларусі ваенна-паліцэйскі рэжым. Руская мова заняла пануючае становішча ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Было забаронена друкаваць бел. кнігі лацінкай.

Сялянская рэформа 1861 абумовіла пазітыўныя зрухі ў эканам. развіцці Беларусі. Вял. значэнне мела будаўніцтва густой сеткі чыгунак. Эканам. становішча сялян палепшылася. Вынікам гэтага стаў хуткі рост колькасці насельніцтва. За 40 паслярэформенных гадоў колькасць жыхароў падвоілася. У 1897 на Беларусі жыло 6,5 млн. чал.

У 1868 у Пецярбургу ўзнікла асветніцкая арг-цыя «Крывіцкі вязок». Далейшае развіццё нац. руху было звязана з народніцкай ідэалогіяй. У канцы 1870-х — пач. 1880-х г. у Пецярбургу была створана група «Гоман» — першая паліт. самастойная арг-цыя бел. нац. інтэлігенцыі, якая выдавала час. «Гомон», інш. выданні. У 2-й пал. 1880-х г. у Мінску ўзнікла група ліберальнай інтэлігенцыі (М.В.Доўнар-Запольскі, У.З.Завітневіч, А.І.Слупскі, Я.Лучына і інш.), якая імкнулася абудзіць нац. самасвядомасць легальнымі сродкамі. Для гэтага выкарыстоўвалася першая прыватная на Беларусі газ. «Минский листок», а таксама выдадзеныя ў 1889—93 календары. Яшчэ большы ўплыў на фарміраванне нац. самасвядомасці зрабіла творчасць Ф.Багушэвіча. Яго прадмова да «Дудкі беларускай» з’явілася сапраўдным маніфестам нац. адраджэння (гл. таксама Беларускі нацыянальна-вызваленчы рух).

Вял. значэнне мела дзейнасць шматлікіх збіральнікаў і даследчыкаў фальклору, лінгвістаў, этнографаў. Іх публікацыі пераканаўча сведчылі, што беларусы з’яўляюцца самастойным этнасам, а не «сапсаванымі» рускімі ці палякамі.

На працягу 2-й пал. 19 ст. ў этнічнай самасвядомасці беларусаў адбыліся істотныя змены. Паводле перапісу 1897, 74% насельніцтва Беларусі лічылі роднай мовай беларускую. Да беларусаў сябе адносілі каля 43% саслоўя дваран. Роднай мовай беларускую лічылі 40% чыноўнікаў, 10% юрыстаў, 20% урачоў, 29% паштова-тэлеграфных служачых, 60% настаўнікаў. Сярод сялянства назва «беларусы» выцесніла большасць лакальных этніконаў. Тэрмін Беларусь замацаваўся за ўсёй этнічнай тэрыторыяй беларусаў. Аднак саманазва «беларус» яшчэ не мела агульнаэтнічнага і нац. зместу. Таму поруч з ім ужываліся канфесіянімы («рускія», і «палякі»), а жыхары паўн.-заходняй і цэнтр. часткі Беларусі нярэдка называлі сябе «тутэйшымі».

Нац. рух, які ўступіў у новы перыяд свайго развіцця, меў сацыяліст. характар. У 1903 створана Беларуская сацыялістычная грамада (БСГ). Паскорыўся працэс фарміравання бел. прафесійнай мастацкай культуры. Узніклі бел. выдавецтвы «Загляне сонца і ў наша аконца» ў Пецярбургу, «Наша ніва», «Наша хата» і «Палачанін» у Вільні і інш. З’явіліся перыяд. выданні: газеты «Наша доля», «Наша ніва», «Гоман», «Беларус», часопісы «Лучынка», «Саха», «Крапіва», альманах «Маладая Беларусь». Характэрнай рысай усёй бел. нацыянальнай культуры было абуджэнне агульнаэтнічнай самасвядомасці.

Вял. ўплыў на фарміраванне нац. самасвядомасці як сістэмы навук. поглядаў зрабілі працы Я.Ф.Карскага «Беларусы» (т. 1—3, 1903—22), артыкулы Доўнар-Запольскага, матэрыялы перапісу 1897, працы В.Ластоўскага, асабліва яго «Кароткая гісторыя Беларусі» (1910). Вядучую ролю ў пашырэнні нац. самасвядомасці адыгрывала прэса, у першую чаргу газ. «Наша ніва», рэдакцыя якой стала арганізацыйным цэнтрам усяго нац. руху. Важнай формай папулярызацыі нац. культуры сталі бел. вечарынкі, што арганізоўваліся ў Вільні, Гродне, Полацку, Карэлічах, а таксама ў Пецярбургу, Варшаве, Тамбове і інш. Развіццю нац. культуры спрыяла кадыфікацыя бел. мовы. У 1908—10 былі спробы стварэння прыватных бел. школ.

Галоўным арэалам кансалідацыі бел. нацыі сталі цэнтр. і паўн.-зах. часткі Беларусі (Лідскі, Дзісенскі, Ашмянскі, Вілейскі, Гродзенскі, Ваўкавыскі, Слонімскі, Навагрудскі, Слуцкі і Мінскі пав). Менавіта сярэднебел. гаворкі, асабліва іх паўн.-зах. група, склалі дыялектную аснову бел. літаратурнай мовы. На пач. 20 ст. нац. самасвядомасць стала характэрнай рысай прадстаўнікоў практычна ўсіх класаў і сац. слаёў грамадства, што сведчыла пра завяршэнне фарміравання бел. нацыі як самаст. этнасацыяльнага арганізма. П.У.Церашковіч.

Развіццё беларускай нацыі ў 20 ст. Першая сусв. вайна, Лютаўская і Кастр. рэв. 1917, грамадз. вайна, герм. і польск. акупацыі паставілі бел. народ на мяжу выжывання. У выніку страт на франтах і сярод мірнага насельніцтва ў часы ваен. дзеянняў і акупацый, эпідэмій, бежанства, эміграцыі з 7,5 млн. чал., што жылі на Беларусі ў 1914, на канец 1917 засталося 6,9 млн., а на пач. 1921 — 6,7 млн. чал. Радыкальныя змены ў паліт. сітуацыі пацягнулі за сабой трансфармацыю звыклых стэрэатыпаў, фарміраванне якасна новых уяўленняў аб сабе і суседзях. Важным крокам на шляху да бел. дзяржаўнасці было абвяшчэнне 25.3.1918 Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). 1.1.1919 Часовы рабоча-сялянскі ўрад Беларусі абнародаваў Маніфест аб утварэнні Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР). Фактар дзяржаўнасці адыграў вял. этнафарміравальную ролю. У лют. 1919 БССР была аб’яднана з Літвой у Літоўска-Беларускую ССР. 31.7.1920 Беларусь зноў абвешчана незалежнай рэспублікай. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 зах. тэр. Беларусі з насельніцтвам больш за 4 млн. чал. засталася пад уладай Польшчы. Прымусовае адарванне Заходняй Беларусі стрымлівала этнічную кансалідацыю беларусаў. З пераходам да мірнага будаўніцтва, стварэннем СССР паступова вырашаліся нац. і культ. праблемы, пачалася беларусізацыя, якая прадугледжвала пашырэнне сферы ўжывання бел. мовы, вылучэнне на ключавыя пасады мясц. кадраў, развіццё нац. культуры.

Станаўленне новай школы ішло пераважна на роднай мове. На 15.12.1927 у БССР з 5510 школ 4573 былі беларускія. Працавалі таксама рус., яўр., укр., польск., лат., літ., ням. і інш. школы. Існавалі і школы змешанага тыпу: бел.-рус., бел.-польскія, бел.-яўр., рус.-яўр. і інш. Раўнапраўнымі дзярж. мовамі лічыліся бел., рус., польская і яўрэйская. Справаводства ў парт., дзярж., грамадскіх установах і арг-цыях пераводзілася на бел. мову. У станаўленні нац. адзінства пэўную ролю адыграла вышэйшая школа, у т. л. БДУ, Бел. ін-т сельскай і лясной гаспадаркі, Віцебскі ветэрынарны ін-т і інш. У 1929 на аснове Інстытута беларускай культуры створана Акадэмія навук Беларусі. Працэсу кансалідацыі спрыяла развіццё прафесійных формаў культуры беларусаў. На рэв. хвалі з нар. глыбінь у л-ру прыйшлі маладыя пісьменнікі і паэты. Узніклі літ. аб’яднанні («Узвышша», «Полымя», «Маладняк»), якія адыгралі прыкметную ролю ва ўздыме нац. свядомасці. Стварэнне бел. прафесійных тэатраў (Першы БДТ у 1920, Другі БДТ у 1926) стала стымулам для развіцця бел. драматургіі. Бел. мастакі, апрача нац. выставак, дэманстравалі свае творы ў Маскве, Лейпцыгу, Лос-Анжэлесе. У бел. кіно вядучае месца адводзілася гіст.-рэв. фільмам. Развівалася прафесійная музыка, аснову якой складалі нар. мелодыі. Палітыка беларусізацыі дала магутны імпульс для росквіту нац. культуры, абудзіла духоўныя сілы народа. У працэсе культурнай рэвалюцыі назіраліся супярэчлівыя тэндэнцыі, выкліканыя ігнараваннем інтарэсаў пэўных грамадскіх плыняў. Істотныя страты беларусам прычынілі прымусовая калектывізацыя і звязаныя з ёй высылкі за межы Беларусі заможных сялян. Калектывізацыя пакінула глыбокі след у духоўным жыцці беларусаў: разбураліся многія нар. традыцыі, звычаі, абрады, якія складваліся стагоддзямі. Гіпертрафіраваных памераў дасягнула антырэліг. прапаганда: закрываліся і рабаваліся цэрквы, знішчаліся многія арх. і гіст. помнікі. З канца 1920-х г. пачалася кампанія па выкрыцці т.зв. нацыяналдэмакратызму. Да «нацдэмаў» найперш адносілі пісьменнікаў і паэтаў сял. паходжання. Ахвярамі беззаконня сталі таксама вядомыя вучоныя, дзеячы мастацтва, настаўнікі і інш. (гл. Рэпрэсіі палітычныя ў СССР).

І ўсё ж бел. л-ра і мастацтва набывалі жанравую разнастайнасць і займалі пачэснае месца ў агульнасаюзнай і еўрапейскай культуры. У пач. 1930-х г. у БССР уведзена ўсеаг. абавязковае навучанне (пачатковае ў вёсцы, сямігадовае ў горадзе), у асноўным была ліквідавана непісьменнасць (паводле перапісу 1939 было 80,81% пісьменных). У 1938 працавала 7132 школы, у якіх вучылася больш за мільён дзяцей.

Складаным працэсам на Беларусі была індустрыялізацыя. У выніку хуткіх тэмпаў прамысл. развіцця БССР з аграрнай ператварылася ў індустрыяльна-аграрную рэспубліку. У працэсе тэхн. пераўзбраення нар. гаспадаркі мяняліся побыт і матэрыяльная культура беларусаў: традыц. касцюм паступова страчваў функцыі этнічнай прыкметы, традыц. прылады працы паступова выцясняліся машынамі. Замест шматлікіх вёсачак, засценкаў, хутароў узнікалі калгасныя пасёлкі, заснаваныя на нетрадыцыйных прынцыпах гасп. планавання. Пачалася планамерная забудова і рэканструкцыя гарадоў.

У Зах. Беларусі, якая да 1939 знаходзілася ў межах Польшчы, на нац. працэсы ўплывалі супярэчлівыя тэндэнцыі этнасац. развіцця. З аднаго боку, нарастала польска-каталіцкая каланізацыя «ўсходніх крэсаў», з другога — абуджэнне нац. самасвядомасці беларусаў. Запаволенае яе эканам. развіццё і слабая урбанізацыя былі адной з прычын кансервацыі традыц. культуры беларусаў. Важным паліт. актам, які станоўча паўплываў на развіццё бел. народа, было ўз’яднанне беларусаў у адзінай рэспубліцы (1939).

Працэсы ўнутранай кансалідацыі бел. этнасу перапыніла Вялікая Айчынная вайна Савецкага Саюза 1941—45. За гады акупацыі гітлераўцы разбурылі і зруйнавалі на Беларусі 209 гарадоў і раённых цэнтраў, 9200 вёсак, правялі больш за 140 карных аперацый, у час якіх спалілі 628 вёсак разам з жыхарамі. Загінуў кожны чацвёрты жыхар Беларусі. Вайна выклікала вял. міграцыі насельніцтва: у першыя месяцы вайны з тэр. Беларусі эвакуіравана 1,5 млн. чал.; больш за мільён беларусаў змагаліся на франтах, больш за 440 тыс. партызан і падпольшчыкаў вялі барацьбу на акупіраванай ворагам тэрыторыі (гл. Партызанскі рух на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну).

Пасля вайны ўнутрыэтнічная кансалідацыя бел. этнасу набірала сілу. У перыяд аднаўлення нар. гаспадаркі адраджаліся традыц. промыслы і рамёствы. Да канца 1950-х г. з дапамогай усёй краіны Беларусь аднавіла свой эканам. патэнцыял. Аднак толькі праз 30 гадоў яна дасягнула даваен. колькасці насельніцтва.

З 1960-х г. з разгортваннем навуковатэхн. прагрэсу, інтэнсіўным развіццём урбанізацыі і міграцыі, ростам адукацыйнага патэнцыялу насельніцтва адбываліся глыбокія структурныя зрухі ў эканам., паліт., сац. і духоўным абліччы беларусаў. Унутраная кансалідацыя этнасу спалучалася з нарастаннем інтэграцыйных працэсаў. Тэмпы эканам. развіцця Беларусі былі вышэйшыя за сярэднія паказчыкі ў СССР. Павялічылася ўраджайнасць с.-г. культур, прадукцыйнасць жывёлагадоўлі. Індустрыяльнае аблічча рэспублікі сталі вызначаць працаёмкія і навукаёмкія галіны прамысловасці. Хуткі рост прам-сці паўплываў на рост міграцыйных працэсаў і тэмпы урбанізацыі. У гарадах Беларусі жыве 68,6% яе насельніцтва (на 1.1.1995). Міграцыя з вёсак найб. актыўнай і адукаванай іх часткі, масавы прыток сельскіх жыхароў у гарады пэўным чынам паўплывалі на этнічныя працэсы, на аблічча гараджан (73% ад гараджан склалі беларусы). Вяскоўцы прыносілі ў гар. лад жыцця бел. традыцыйную культуру: песні, танцы, абрады, звычаі.

Пад уплывам навук.-тэхн. прагрэсу адбываюцца змены ў матэрыяльнай культуры народа. Бел. нар. адзенне знайшло сваё ўвасабленне ў сцэнічным і абрадавым касцюме. Традыцыі нар. творчасці выкарыстоўваюцца ў мадэліраванні сучаснага адзення. У асобных нас. пунктах захоўваюцца нар. промыслы і рамёствы.

Значныя змены адбываюцца ў жыллёвым буд-ве, ва ўпарадкаванні сельскіх і гар. паселішчаў. Сельскае жыллё развіваецца па 2 кірунках: удасканальванне традыц. тыпаў і забудова вёскі шматпавярховымі дамамі і катэджамі. Аднак пераважае традыц. жыллё: 73% жыллёвага фонду сельскіх нас. пунктаў прыпадае на індывід. хаты. Будуюцца ў вёсках цагляныя і шлакабетонныя дамы; на змену саламянаму даху прыйшлі чарапіца, гонта, бляха, шыфер.

Ідзе інтэнсіўная трансфармацыя інтэр’ера (вылучэнне пакояў, наяўнасць фабрычнай мэблі, хатняй бібліятэкі і інш.).

Пэўнай традыцыйнасцю вылучаецца нац. кухня беларусаў. Па-ранейшаму аддаецца перавага жытняму хлебу, штодзень на стале ў беларусаў бывае бульба ў розных варыянтах. Як і раней, пашыраны стравы з круп. Аднак і ў харчаванні адбыліся пэўныя змены: больш спажываецца мясных і малочных прадуктаў, яек, цукру; параўнальна менш хлеба і бульбы. Стравы, якія раней гатавалі на свята, сталі паўсядзённымі. У той жа час такія стравы, як дранікі, калдуны, бабка, мачанка, пераходзяць на святочны стол і служаць свайго роду этнічнай прыкметай бел. кулінарыі.

Пазітыўныя змены адбыліся і ў духоўнай культуры беларусаў. Ажыццяўляецца ўсеагульная сярэдняя адукацыя. За 1970—90 колькасць нац. інтэлігенцыі падвоілася. Сярод спецыялістаў з вышэйшай адукацый, што працуюць у нар. гаспадарцы, беларусы складаюць 61% (1974), колькасць студэнтаў беларусаў павялічылася да 70,7% (1989). Калі ў 1970 на 1 тыс. беларусаў, што працавалі ў нар. гаспадарцы, прыпадала 40 чал. з вышэйшай і 515 з сярэдняй адукацыяй, то ў 1989 — адпаведна 115 і 774 чал. Беларусы прадстаўлены ва ўсіх групах інтэлігенцыі. Сярод дактароў навук беларусаў 47%, сярод кандыдатаў — каля 50%. Адметнай рысай самасвядомасці беларусаў стала прафесійная культура (літаратура, мастацтва). Яна заняла моцныя пазіцыі ў перадачы этнічных ведаў.

Вялікае значэнне ва ўмацаванні агульнаэтнічнага адзінства набылі тэлебачанне, радыё, друк, якія знаёмяць з багатай спадчынай беларусаў, іх гісторыяй, культурай. У абрадавым жыцці беларусаў ідуць складаныя, супярэчлівыя працэсы. Абраднасць выцясняецца за межы сям’і. Паралельна з працэсам арганізаванага ўкаранення новай абраднасці ідзе актывізацыя абрадавай творчасці нар. мас. Ступень захаванасці нац. самабытнасці найб. высокая ў абрадах, звязаных з жыццём сям’і (радзіны, вяселле, пахаванне). У апошнія дзесяцігоддзі заўважаецца адраджэнне каляндарных свят (провады зімы, гуканне вясны, зажынкі, дажынкі, Купалле), а з 1990-х г. агульнанац. святамі сталі Каляды, Вялікдзень, Дзяды.

Неадназначныя працэсы ідуць і ў моўнай сферы беларусаў. Перапіс 1959 зафіксаваў павелічэнне колькасці беларусаў, якія лічаць бел. мову роднай. Аднак з 1970 працэнт такіх людзей памяншаўся. Мацнейшыя арыентацыі на бел. мову ў сельскай мясцовасці. Больш трывала яна ўтрымлівалася ў сферы чытання, менш — ва ўнутры- і міжнац. зносінах. Патэнцыяльнае валоданне роднай мовай у беларусаў больш высокае, чым яе фактычнае выкарыстанне. Ва ўмовах інтэнсіўнай адаптацыі беларусаў да індустрыяльна-урбанізаванага асяроддзя, інтэрнацыяналізацыі ладу жыцця змяніліся адносіны ў выкарыстанні бел. і рус. моў на карысць апошняй. У выніку нац. свядомасць часткі беларусаў стала абапірацца на мову не як на аб’ектыўную прыкмету, а як на этнічны сімвал. Матэрыялы спец. даследаванняў і перапісаў сведчаць, што нац. самасвядомасць беларусаў абапіраецца на 2 мовы: беларускую і рускую. Масавае двухмоўе стала ўстойлівай з’явай, што пацвердзіў рэферэндум 1995. Руская мова адносіцца да найбольш пашыраных у свеце моў, валодае высокім інфармацыйна-камунікатыўным патэнцыялам, з’яўляецца роднаснай беларускай мове, што і вызначае яе шырокае выкарыстанне беларусамі.

Інтэнсіфікацыя этнакультурных кантактаў, рост нац. змешаных сем’яў, інтэрнацыяналізацыя працоўных калектываў ідзе на фоне нац. цярпімасці і суправаджаецца пэўнай мадыфікацыяй этнасу. У выніку кансалідацыйных працэсаў устойліва замацаваўся ў якасці агульнаэтнічнай назвы этнонім «беларусы». У іншанац. асяроддзі беларусы выступаюць як адзіная нац. агульнасць.

У этнічнай гісторыі беларусаў 1970—80-я г. адзначаны развіццём эканомікі, культуры, своеасаблівай раўнавагай (балансам) інтарэсаў розных нац. і сац. сіл, умацаваннем нац. самасвядомасці. Аднак у канцы 1980 — пач. 1990-х г. заўважаюцца негатыўныя тэндэнцыі ў эканоміцы, дэмаграфічным развіцці (павялічваецца смяротнасць, зніжаецца нараджальнасць), у культуры этнасу, экалогіі (найперш Чарнобыльская катастрофа 1986).

Канец 20 ст., як і яго пачатак, стаў пераломным у гісторыі беларусаў, калі на эвалюцыйны шлях развіцця вял. ўплыў аказвалі паліт. і сац. зрухі. 27.7.1990 сесія Вярх. Савета БССР прыняла Дэкларацыю «Аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі», якой 25.8.1991 нададзены статус канстытуцыйнага закону. Пасля распаду СССР глабальныя паліт. змены адбыліся і на Беларусі. На 1990-я г. прыпадаюць змены ў культурна-гіст. самасвядомасці беларусаў: умацоўваецца рэліг. самасвядомасць і прыналежнасць чалавека да пэўнага этнасу, а ўтварэнне менавіта сваёй бел. дзяржаўнасці спрыяе развіццю этнакансалідуючых тэндэнцый.

Гісторыя сведчыць, што беларусы на працягу свайго шматвяковага шляху стварылі і захавалі багатую, самабытную і унікальную культуру, якая ўвайшла ў сусветную цывілізацыю, паказалі мужнасць і гераізм, цярпенне і працавітасць, міласэрнасць і ўменне жыць у добрасуседстве. Гэта дае надзею на будучае, што і ў 3-м тысячагоддзі беларусы не страцяць свайго «твару», знойдуць сваё месца ў шматколернай сусветнай супольнасці народаў.

Літ.: Гл. пры арт. Беларусь.

Г.І.Каспяровіч.

т. 3, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)