Пе́на ’лёгкая пузырыстая маса на паверхні вадкасцей; маса, утвораная растворам мыла’ (ТСБМ, Шат., ТС, Сл. ПЗБ), ’пена на мыльнай вадзе’ (паўн.-усх., ЛА, 3), ’пот у каня’ (Сл. ПЗБ), ’плесня’ (арш., ЛА, 4). Сюды ж пе́нка ’пенка на малацэ’ (там жа), пе́нкі ’прыгаркі (бульба); ’лупіны (ад бульбы)’ (там жа), пе́няць ’пеніцца, пакрывацца пенай’ (Сл. ПЗБ). Укр.пі́на, рус.пе́на ’пена, сліна’, польск.piana, н.-луж.pěnki ’пена’, в.-луж.pěna ’накіп’; ’сліна ля рота’, чэш.pěna ’пена, накіп’, славац.pena ’тс’, славен.pẹ́na, ст.-славен.pejna, серб.-харв.пје̏на, харв.spjȅna, макед.пена, балг.пя́на, ст.-слав.пѣны ’пена, пена ля рота’. Прасл.*pěna, роднаснымі да якога будуць літ.spáinė ’смуга пены’, ст.-прус.spoayno ’пена піва, якое бродзіць’, лац.spūma ’пена, пырскі’, pūmex ’пемза’, ст.-в.-ням.veim, ст.-інд.phḗnas (м. р.), асец.fink ’пена, накіп’ < і.-е.*(s)poi̯ + *‑mn‑o/*‑mn‑ā (Фасмер, 3, 231. з літ-рай; Аткупшчыкоў, Из истории, 233 і 235).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ПІ́НСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР ФРАНЦЫСКА́НЦАЎ,
помнік архітэктуры 16—18 ст. у г. Пінск Брэсцкай вобл. Размешчаны ў цэнтры горада паміж р.Піна і вул. Леніна. Драўляны кляштар і касцёл засн. ў 1396 кн. Жыгімонтам Кейстутавічам. У 17 ст. неаднаразова гарэў, адбудаваны з дрэва (каменнай была толькі сакрысція), значна пашкоджаны ў 1648. У 1712—30 пабудаваны мураваны касцёл Ушэсця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, пазней — карпусы кляштара ў стылі барока. Афармленне фасада касцёла завершана ў 1766. У 1817 перад касцёлам пастаўлена 3-ярусная мураваная званіца (арх. К.Каменскі), 4-ы ярус якой дабудаваны ў пач. 20 ст. Кляштар перабудаваны ў 1920-я г. (арх. Г.Гай), касцёл у 1920—40-я г. і з 1991 — кафедральны. Касцёл — 1-нефавы храм з прыбудаванымі да яго капліцамі. Неф і вузейшая за яго паўкруглая апсіда з прэсбітэрыем накрыты стромкім чарапічным дахам, завершаным у месцы злучэння аб’ёмаў гранёнай вежачкай. Капліцы пад 1-схільнымі чарапічнымі дахамі. Гал. фасад расчлянёны на 3 ярусы і завершаны складаным франтонам з 2 вежамі па баках, дэкарыраваны пілястрамі, раскранаваны карнізамі, філянговымі нішамі і паяскамі. Бакавыя фасады раскрапаваны лапаткамі. Сцены капліц прарэзаны паўцыркульнымі аконнымі праёмамі нефа і алтарнай апсіды — прамавугольнымі з лучковымі завяршэннямі. У інтэр’еры пазалочаныя алтары 18 ст. У іх кампазіцыі шмат драўлянай скульптуры і дэкар. арнаментальнай разьбы ў стылі барока. У 1909 скляпенні і падпружныя аркі размаляваны арнаментальнымі матывамі (маст. С.Рудзінскі), прэсбітэрый аздоблены фрэскамі (маст. Б.Вішнеўскі). 4 узаемна перпендыкулярныя 2- і 3-павярховыя карпусы кляштара разам з касцёлам утвараюць некалькі дворыкаў. Тарцы кляштарных будынкаў завершаны барочнымі франтонамі складанага профілю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКІЯ ЎМАЦАВА́ННІ Існавалі ў 14—18 ст. Складаліся з замка і гар. умацаванняў. Замак размяшчаўся на гарадзішчы, на левым беразе р.Піна. У вопісе горада за 1561—66 згадваецца «вежа Уладычная», якая стаяла асобна ў паўн.ч. замкавых умацаванняў. Акрамя брамы з пад’ёмным мостам перад ёю ў лініі абароны стаялі яшчэ не менш як 3 вежы, назвы якіх невядомы. Перыметр замкавых умацаванняў складаў 0,5 км. У мірны час у замку пастаянна размяшчаліся невял. гарнізоны салдат на чале з ротмістрамі. У час вайны дзейнічалі законы аб усеаг. абароне. Гарадскія ўмацаванні складаліся з 2 ліній абароны. 1-я лінія ў выглядзе вала, паркана і рова ахоплівала сетку радыяльных вуліц, якія адыходзілі ад замка і дугой упіраліся ў высокі бераг Піны, і фактычна ўключалі тэр. горада 11—13 ст. Вал перарываўся 4 брамамі (Уладычная, Меская, Траецкая і Спаская). Уздоўж берага ракі ішоў драўляны паркан, які спускаўся ў абарончы роў. Агульная даўжыня 1-й лініі абароны складала 1,4 км. 2-я лінія абароны, т.зв. «астрог», даўж. каля 2 км, таксама ўпіралася ў бераг Піны. Яна ўключала 4 брамы: Берасцейскую, Віленскую, Северскую і Лешчанскую. На З і ПнЗ перад валам ішоў штучны абарончы роў, які на ПнУ і У пераходзіў у прыродны з ручаём на дне, т.зв. Каралінскай канавай. З У горад прыкрываўся Пінскім Лешчанскім манастыром і комплексам умацаванняў Пінскага Каралінскага замка. Перад кожнай брамай быў пад’ёмны мост, перакінуты цераз абарончы роў. Усе лініі абароны Пінска захоўваліся да канца 18 ст. Апошні раз яны згадваюцца ў інвентары Пінскага староства за 1783. Пазней, на працягу 19 ст., гар. ўмацаванні паступова знівеліраваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАГАРО́ДДЗЕ,
узвышаная раўніна на ПдЗ Беларусі ў Бярозаўскім, Драгічынскім, Іванаўскім, Кобрынскім, Пінскім р-нах Брэсцкай вобл.; фізіка-геагр. раён Беларускага Палесся. На Пн мяжуе з Прыбугскай раўнінай, на У і Пд — з Прыпяцкім Палессем, на З — з Брэсцкім Палессем. У субшыротным напрамку працягнулася на 85 км, з Пн на Пд — ад 15 да 35 км, пл. каля 2,2 тыс.км². Найвыш. пункт 179 м (каля в. Кротава). Адносныя перавышэнні над прылеглай азёрна-алювіяльнай раўнінай на Пн да 20—30 м.
У тэктанічных адносінах З. знаходзіцца на Палескай седлавіне і ўтворана ледавіковымі і водна-ледавіковымі адкладамі беларускага. бярэзінскага і дняпроўскага ледавікоў. У паўн.ч. З. вылучаюць краявы ледавіковы комплекс, у паўд.ч. — паніжаную, пераважна водна-ледавіковую раўніну. Паверхня паўн.ч. ўзгорыста-градавая, перасечаная, з абс. адзнакамі 140—170 м. Уздоўж правабярэжжа р. Ясельда працягнулася асіметрычная канцова-марэнная града (даўж. 70 км, найб.шыр. да 20 км) напорнага паходжання, з адорвенямі даантрапагенавых парод у ледавіковых адкладах і гляцыядыслакацыямі на паўн. схілах. На Пд ад яе спадзістахвалістая і плоская водна-ледавіковая раўніна (найб.выш. 140—155 м), уздоўж паўд. ускраіны якой пясчаныя дзюны, грады і ўзгоркі. Пашыраны пласкадонныя забалочаныя лагчыны. Карысныя выкапні; керамічная сыравіна, мел, торф, сілікатныя і буд. пяскі. Сярэдняя т-растудз. -5,2, ліп. 18,6 °C; ападкаў 573 мм; вегетац. перыяд 201 сут. Раўніна З. з’яўляецца ч. Балтыйска-Чарнаморскага водападзелу. Уздоўж паўн. і паўд. мяжы раўніны цякуць рэкі бас. Дняпра — Ясельда і Піна, на З — прытокі Зах. Буга. Па раўніне працякаюць невялікія, пераважна каналізаваныя, рэкі Стрымня, Самароўка, Піліпаўка, Мерачанка і інш. Глебы дзярнова-падзолістыя, дзярнова-аглееныя і тарфяна-балотныя. Пад лесам 25% тэр. Лясы ў асн. шыракаліста-хваёвыя і хваёвыя, засталіся невялікімі ўчасткамі. У зах.ч. З. захаваліся балоты і лугі. 30% тэр. пад ворывам.
Раўніна Загароддзе каля в. Крамно Драгічынскага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІНСК,
горад абл. падпарадкавання, цэнтр Пінскага р-на Брэсцкай вобл., у сутоках р.Піна і Прыпяць. Чыг. ст. на лініі Брэст—Лунінец, вузел аўтадарог на Іванава, Івацэвічы, Лунінец, Столін. Рачны порт. За 180 км на У ад Брэста. 131 тыс.ж. (2000).
П. (летапісны Пинеск, Пиньск) упершыню ўпамінаецца пад 1097. Назва ад р.Піна. Стараж. П. складаўся з дзядзінца, вакольнага горада (гл.Пінскія ўмацаванні) і гар. пасада. Пры археал. раскопках знойдзены сашнік, сярпы, косы, наканечнікі стрэл, шпоры, упрыгожанні, каляровыя керамічныя пліткі, каменны абразок з выявай Спаса Эмануіла (12 ст.), высокамастацкая касцяная капавушка, рэчы з надпісамі. Да сярэдзіны 12 ст. горад уваходзіў у Тураўскае княства, з 2-й пал. 12 ст. цэнтр удзельнага Пінскага княства. У 13 ст. ўтворана Пінская праваслаўная епархія.
З пач. 14 ст. П. у складзе ВКЛ, з 15 ст. ў Трокскім ваяв. З 1-й пал. 16 ст. цэнтр Пінскага староства, з 1565—66 — Пінскага павета Берасцейскага ваяв. У 1581 П. атрымаў магдэбургскае права і герб — у чырв. полі залатыя лук са стралой і напятай цецівой. У 1596—1795 існавала Пінска-Тураўская уніяцкая епархія. У час антыфеадальнай вайны 1648—51 у вер. 1648 паўстанцы П. разам з казацкім атрадам А.Нябабы аказалі супраціўленне войску вял. стражніка ВКЛ Р.Мірскага. У сярэдзіне 17 ст. ў П. каля 10 тыс.ж. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у вер. 1655 П. заняты атрадам Ф.Ф.Валконскага, разрабаваны і спалены. У час Паўночнай вайны 1700—21 у маі 1706 войскі шведскага караля Карла XII захапілі і разрабавалі горад. У 1-й пал. 18 ст. ў П. працавала друкарня (належала езуітам). Пінская кангрэгацыя 1791 зрабіла спробу ўтварыць асобную арг-цыю правасл. царквы ў Рэчы Паспалітай. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) П. у Рас. імперыі, цэнтр павета Мінскай губ. У 1794 у горадзе 3716 ж., 548 дамоў. У сярэдзіне 19 ст. працавалі медзеапрацоўчы з-д, тытунёвая ф-ка, 2 гарбарні, піваварня, млыны і інш. У 1858 адкрыта гімназія (з 1872 Пінскае рэальнае вучылішча). У 1882 праз П. прайшла паўд. ветка Палескіх чыгунак. У канцы 19 ст. ў горадзе дзейнічала 27 прадпрыемстваў, найб. з іх — майстэрні Палескіх чыгунак, суднабудаўнічы з-д, ф-кі — шпілечна-фанерная, тытунёвая, запалкавая «Прагрэс-Вулкан», 3 лесапільні, маслабойня і інш. У 1897 у П. 28 368 ж. У час рэвалюцыі 1905—07 тут адбываліся забастоўкі рабочых, усеагульная стачка 1905 задушана карнай экспедыцыяй ген. Арлова. З 15.9.1915 да 25.1.1919 горад акупіраваны герм. войскамі. У 1921—39 П. у складзе Польшчы, цэнтр павета Палескага ваяв., база Пінскай (Рачной) флатыліі ВМФ Польшчы. У 1925—39 існавала Пінская рымска-каталіцкая епархія. З ліст. 1939 П. у складзе БССР, база Дняпроўскай ваеннай флатыліі. З 4.12.1939 цэнтр Пінскай вобласці, з 15.1.1940 — Пінскага раёна. У 1939 у П. 35,9 тыс.ж. У 1940 працавалі суднарамонтны і 2 фанерныя з-ды, запалкавая ф-ка «17 Верасня» і інш.; 19 школ, настаўніцкі ін-т, пед. вучылішча, муз. і фельчарская школы, абл.драм. тэатр, б-кі, 8 дзіцячых садоў, абл. і гар. бальніцы, паліклінікі, база Пінскай ваеннай флатыліі. 5.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі. У час Вял.Айч. вайны дзейнічала Пінскае патрыятычнае падполле. Ням.-фаш. захопнікі знішчылі ў П. 59 084 чал., з іх 20 тыс. ваеннапалонных. Вызвалены 14.7.1944 у ходзе Беларускай аперацыі 1944. У 1947—51 база Дняпроўскай ваен. флатыліі апошняга фарміравання, у 1951—93 тут існаваў вучэбны цэнтр сав. (з канца 1991 рас.) ВМФ. З 8.1.1954 П. — раённы цэнтр Брэсцкай вобл. У 1959 у П. 41,5 тыс.ж., у 1986—112,6 тыс. жыхароў.
Працуюць (2000) прадпрыемствы маш.-буд. (Пінскі суднабудаўніча-суднарамонтны завод, Пінскі ліцейна-механічны завод, з-ды доследна-мех., сродкаў малой механізацыі і металаканструкцый і інш.), лёгкай (Пінскі завод штучных скур, Пінскі камбінат верхняга трыкатажу, Пінская фабрыка мастацкіх вырабаў «Крыніца Палесся», прамысл,гандл.трыкат. прадпрыемства «Дынама», ільнозавод і інш.), дрэваапр. (Пінская запалкавая фабрыка, Пінскі фанерны завод), буд. матэрыялаў, мікрабіял. (Пінскі завод кармавых вітамінаў), харч. (Пінскі кансервавы завод, масласырбаза, мясакамбінат, хлебазавод і інш.) прам-сці. Дзейнічаюць Пінскі гідрамеліярацыйны тэхнікум, Пінскі індустрыяльна-педагагічны каледж, Пінскі сельскагаспадарчы каледж, Пінскі тэхнікум мясной і малочнай прамысловасці, Пінскі банкаўскі каледж, Пінскае вучылішча мастацтваў, Музей Беларускага Палесся. Мемарыяльны комплекс вызваліцелям на брацкай магіле сав. воінаў, маракоў Дняпроўскай ваеннай флатыліі і партызан. Стэла на месцы знішчэння сав. грамадзян ням.-фаш. захопнікамі. Помнікі: Айч. вайны 1812, у гонар буд-ва шашы Пінск—Брэст, воінам-вызваліцелям, маракам Дняпроўскай флатыліі, В.З.Харужай, у гонар 40-годдзя вызвалення Пінска. Археал. помнік — гарадзішча старажытнага Пінска (археал. запаведнік).
У 16 ст. на месцы стараж. дзядзінца размяшчаўся драўляны старосцінскі замак. На месцы б. вакольнага горада сфарміраваліся 2 паўкальцы: унутр. і вонкавае, абнесенае землянымі ўмацаваннямі. На Пн ад замка ва ўнутр. паўкальцы знаходзілася гандл. плошча (Стары рынак). Паводле інвентара 1660-х г., у горадзе вылучаліся 2 раёны: асн. (паблізу замка) і па р. Ясельда, у паўн. частцы паселішча. Былі 2 масты — Троіцкі і Спаскі, 6 брам на асн. магістральных напрамках — Віленская, Берасцейская, Спаская, Парканавая, Гарадская, Уладычная. Найб. вуліца — Вял. Спаская, утварала гал. вось горада ўздоўж р.Піна. Тут знаходзіліся 143 пляцы мяшчанскіх сядзіб, францысканскі кляштар, карчма, гай, агароды. У сярэдзіне 17 ст. горад вырас, у выніку рэгулявання планіроўкі арх.-планіровачная структура яго была ўпарадкавана. Утварыліся 3 асн. магістральныя напрамкі: зах., усх. і паўночны. Мяркуюць, што ў гэты час склалася квартальная планіроўка. У сярэдзіне 16 ст. ў горадзе было 14 правасл. цэркваў (у замку знаходзіліся Дзмітраўская саборная і Афанасьеўская), Пінскі касцёл і кляштар францысканцаў, касцёл і кляштар дамініканцаў (засн. ў 1542), 2 правасл. манастыры (у горадзе і прадмесці Лешча—Пінскі Лешчанскі манастыр). У 2-й пал. 16 ст. пабудаваны правасл. Богаяўленскі манастыр. У 17—18 ст. сфарміраваўся сучасны цэнтр горада. Паводле плана 1798 П. меў складаную планіроўку. Цэнтр. месца займаў замак з земляным валам, за ім знаходзілася плошча з крамамі і каморамі. спіхлерамі, важніцай, гандл. радамі. Сярод правасл. цэркваў у 16—17 ст. былі простыя збудаванні (без вярхоў і купалаў), якія нагадвалі хаты або клеці (царква св. Духа, Манастырская царква на Полазаўшчыне і інш.), і складаныя па кампазіцыі шматкупальныя (напр., Дзмітраўская царква мела 4 прытворы. званіцу з 5 званамі). Сярод манум. мураваных і драўляных пабудоў Пінскі касцёл і калегіум езуітаў, кляштары францысканцаў, кармелітаў (1734), марыявітак (1746), Пінскі палац (канец 18 ст.). У канцы 16 ст. на У ад П. ўзнікла прадмесце Каралін, забудаванае паводле рэгулярнага плана, узведзены Пінскі Каралінскі замак. У 18 ст. тут пабудаваны Пінскі касцёл і кляштар бернардзінцаў і Пінскі касцёл Карла Барамеуша з кляштарамі. Першы праектны план забудовы П. (1800) прадугледжваў ліквідацыю паўкальцавых магістралей, упарадкаванне вулічнай сеткі, узбуйненне гар. кварталаў і пракладку 2 новых радыяльных вуліц, каб злучыць цэнтр з дарогамі на Брэст і Нясвіж (ажыццёўлены ў агульных рысах). Да 1860-х г. у паўн. частцы пабудавана некалькі кварталаў, царква на могілках (1823, цяпер па вул. Спакойнай), гімназія (1858). У канцы 19 — пач. 20 ст. ўзведзены грамадскія будынкі і жылыя дамы ў духу эклектыкі (т-р «Казіно»), Рост прам-сці з 1880-х г., пракладка чыгункі паўплывалі на арх. аблічча горада. Пасля Вял.Айч. вайны П. забудоўваўся паводле генплана 1952 («Белдзяржпраект», арх. Я.Косціч, М.Андросаў), які прадугледжваў упарадкаванне планіроўкі пры захаванні веернай сістэмы магістралей, якія сыходзіліся да цэнтральнай плошчы. Горад развіваўся ўздоўж Піны, структурна падзяляўся на паўн. (адмежаваны чыгункай), цэнтр., зах. і ўсх. планіровачныя раёны. У 1950-я г. горад пазбаўлены гал. дамінанты — разабраны езуіцкі касцёл, знесены гандл. рады, на месцы цэнтр.гіст. плошчы ўтворана пл. Леніна, забудаваная тыпавымі 4—5-павярховымі дамамі. У 1950—60-я г. пастаўлены жылыя і адм. будынкі, у дэкоры якіх выкарыстаны класічныя ордэрныя формы. У 1970—80-я г. масавае жыллёвае буд-ва вялося ў паўн., усх. і зах. раёнах горада. Створаны зоны адпачынку — набярэжныя рэк Піна і Прыпяць, некалькі сквераў, дзіцячыя паркі. Запланавана стварэнне водна-зялёнага дыяметра ў межах П., прыгарадных зон адпачынку. У 1990 распрацаваны праект дэталёвай планіроўкі цэнтр. раёна горада з прапановамі па рэгенерацыі гіст. ядра (арх. Л.Зайцава). Праект рэалізуецца з улікам захавання, рэстаўрацыі помнікаў і будынкаў гіст. забудовы.
Лысенко П.Ф. Древний Пинск, XI—XIII вв. Мн., 1997;
Памяць: Гіст.-дак. хроніка Пінска. Мн., 1998.
Ю.А.Якімовіч, С.Ф.Самбук (архітэктура).
Пінск. Панарама раёна вуліцы М.Горкага.Пінск. Тэатр «Казіно». Фота пач. 20 ст.Пінск: панарама горада (уверсе), жылыя дамы 19—1-й пал. 20 ст.Набярэжная ў горадзе Пінск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВА́НАЎСКІ РАЁН,
на Пд Брэсцкай вобл. Утвораны 15.1.1940 (у сучасных межах з 6.1.1965). Пл. 1,5 тыс.км². Нас. 51,1 тыс.чал. (1997), гарадскога 31,3%. Сярэдняя шчыльнасць 33 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.Іванава, 102 сельскія населеныя пункты. Падзяляецца на 15 сельсаветаў: Адрыжынскі, Бродніцкі, Гарбахскі, Дастоеўскі, Дружылавіцкі. Крытышынскі, Ляскавіцкі, Махроўскі, Моладаўскі, Мотальскі, Опальскі, Псышчаўскі, Рудскі, Снітаўскі, Стрэльненскі.
Паўн і паўд. часткі раёна заняты зах. ускраінай Прыпяцкага Палесся, у цэнтры — раўніна Загароддзе. Паверхня плоскараўнінная, 57% тэр. на вышыні 150—170 м. Найвыш. пункт 179 м (каля в. Кротава). Карысныя выкапні: торф, сапрапель, гліна, мел, буд. пяскі, жвірова-пясчаная сумесь. Сярэдняя т-растудз. -5 °C, ліп. 18,6 °C. Ападкаў 609 мм за год Вегетац. перыяд 202 сут. На Пн працякае р. Ясельда, на Пд — Піна з прытокамі Няслуха і Піліпаўка; Дняпроўска-Бугскі канал; меліярац. каналы Завішчанскі, Заазерны, Залядынскі, Моладаўскі, Ясельдаўскі; азёры Акуніна, Безуменнік, Завішчанскае, Мотальскае, Мульнае, Пясчанае, Скупое; вадасх. Джыдзінне і Крытышын. Пераважаюць глебы дзярнова-падзолістыя забалочаныя (43%), тарфяна-балотныя (25,2%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (20,8%). Пад лесам 28,3% тэр. Лясы хваёвыя, бярозавыя, трапляюцца шыракалістыя, з іх 40% штучных насаджэнняў. Балоты займаюць 4,3% тэр.Рэсп.біял. заказнік Спораўскі, заказнікі мясц. значэння Аброва і Завышанскі.
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 88,4 тыс.га, з іх асушаных 53,6 тыс.га. На 1.1.1997 у раёне 16 калгасаў, 2 саўгасы, с.-г. кааператыў, птушкаплемрэпрадуктарная гаспадарка, міжгас. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі. Вырошчваюць збожжа, бульбу, цукр. буракі. Прадпрыемствы харч., дрэва- і металаапр. прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка і аўтадарога Брэст—Гомель і Брэст—Мінск, нафтаправод «Дружба». У раёне 24 сярэднія, 18 базавых, 17 пач., 6 муз., спарт. школы, 20 дашкольных устаноў, 48 клубаў, 57 б-к, 3 бальніцы, 12 амбулаторый, 23 фельч.-ак. пункты, раённая паліклініка, санаторый «Алеся». Помнікі архітэктуры: Крыжаўзвіжанскія цэрквы 19 ст. ў вёсках Бродніца і Варанцэвічы; царква Параскевы Пятніцы (1802) у в. Гнеўчыцы; Мікалаеўская царква (1777) у в. Дружылавічы; Прачысценская царква (да 1783) і сялянскі двор з нязвязанымі пабудовамі (1920) у в. Ляскавічы; царква Ушэсця 19 ст. ў в. Ляхавічы; Петрапаўлаўская царква (1792) у в. Махро; капліца пач. 20 ст. і царква 19 ст. ў в. Моладава; Праабражэнская царква (1888) у в. Моталь; царква Параскевы Пятніцы (2-й пал. 18 ст.) у в. Опаль; Успенская царква 19 ст. ў в. Рудск; царква Аляксандра Неўскага (1800) у в. Стрэльна; двары аднараднага пагоннага тыпу на адной сядзібе (пач. 20 ст.) у в. Шчакоцк. Выдаецца газ. «Чырвоная звязда».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́ПЯЦЬ,
рака на тэр. Украіны і Беларусі, правы прыток р. Дняпро. Даўж. 761 км, пл. вадазбору 121 тыс.км² (у межах Беларусі адпаведна 500 км і 51,4 тыс.км²). Пачынаецца на крайнім 3 Укр. Палесся, за 1 км на ПдУ ад в. Галядзін Любомльскага р-на Валынскай вобл. Цячэ пераважна з 3 на У уздоўж Прыпяцкай нізіны, на працягу 204 км па Украіне, 500 км па Беларусі і астатнія 57 км зноў па Украіне. Упадае ў Кіеўскае вадасх.Асн. прытокі: Піна, Ясельда, Бобрык 1-ы, Цна, Лань, Случ, Бобрык 2-і, Пціч, Трэмля, Іпа (злева); Тур’я, Стаход (на тэр. Украіны), Стыр, Гарынь Сцвіга, Убарць, Славечна (справа). Большасць прытокаў поўнасцю або часткова каналізаваная. Даліна слабавыразная, шыр. да 70—75 км; каля Мазырскай грады трапецападобнай формы, звужаецца да 5 км. Схілы ад вытоку да р. Бобрык 1-ы вельмі спадзістыя, выш. 8—30 м, каля г. Мазыр выш. правага схілу 35—50 м. Пойма развітая на ўсім працягу ракі, шыр. каля воз. Любязь (Валынская вобл.) 2—6 км, ніжэй у вусці Піны і Гарыні 16—18 км, у вусці Сцвігі 8—9 км, уздоўж Мазырскай грады звужаецца да 1 км, далей пашыраецца да 9 км. Рэчышча ў вярхоўі каналізаванае, на астатнім працягу звілістае, свабодна меандруе, шмат нізкіх пясчаных астравоў, старарэччаў, заліваў. Ніжэй вусця р. Тур’я гідравузел, адкуль падаецца вада ў Белаазерскі канал для жыўлення Дняпроўска-Бугскага канала. Ніжэй гідравузла на невял. працягу рэчышча месцамі перасыхае і ператвараецца ў азёрападобныя плёсы. Шыр. ракі ад вытоку да вусця р. Стаход 4—15 м, ніжэй па цячэнні 50—70 м, у нізоўі 100—250 м, пры ўпадзенні ў Кіеўскае вадасх. 4—5 км; да вусця р. Бобрык 1-ы рэчышча месцамі абвалаванае. Дно пясчанае і пясчана-ілістае. Берагі ад спадзістых да стромкіх, на лукавінах абрывістыя, выш. ад 0,3 да 3 м, у вусці мясцінамі да 8—15 м; у сярэднім цячэнні прыродныя берагавыя валы выш. да 1,5 м. Ледастаў з 1-й пал.снеж., да канца сак. У некат. цёплыя зімы ледастаў адсутнічае. Веснавы ледаход 4—8 сут. Асаблівасць гідралагічнага рэжыму ракі — расцягнутае веснавое разводдзе (амаль 4 месяцы з 2-й дэкады сак.) кароткачасовая (100—200 сут.) летняя межань, якая парушаецца дажджавымі паводкамі і амаль штогоднімі восеньскімі пад’ёмамі ўзроўню вады. Макс. ўзроўні вады ў 1-й пал. красавіка. Выш. пад’ёму ў верхнім цячэнні да 2 м, у сярэднім і ніжнім да 5 м, у межах вузкай поймы (каля Мазыра) да 7 м. Самыя нізкія ўзроўні летне-асенняй межані назіраюцца ў вер. — кастр., пры дажджавых паводках павышаюцца на 3—5 м, узроўні зімовай межані больш устойлівыя (на 0,5—1 м вышэй летне-асенняй), пры адлігах павышаюцца на 3 м. Сярэднегадавы расход вады каля г.п. Тураў 264 м³/с, у вусці 450 м³/с. Суднаходная на ўсёй тэр. Беларусі. Злучана Дняпроўска-Бугскім каналам з р. Мухавец (бас.р.Зах. Буг), Агінскім каналам (не дзейнічае) — з р. Нёман, Мікашэвіцкім каналам — з рачным портам Мікашэвічы. На рацэ порты (Пінск, Мазыр), прыстані (Тураў, Петрыкаў, Нароўля, Чарнобыль). У сярэднім цячэнні П. створаны нац. парк Прыпяцкі, у ніжнім — Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
адм.-тэр. адзінка ў Беларусі. Размешчана на ПдЗ краіны, каля граніцы з Польшчай і Украінай. Утворана 4.12.1939. Пл. 32,3 тыс.км². Нас. 1518 тыс.чал. (1995). Цэнтр — г.Брэст. У вобласці 16 раёнаў: Баранавіцкі, Брэсцкі, Бярозаўскі, Ганцавіцкі, Драгічынскі, Жабінкаўскі, Іванаўскі, Івацэвіцкі, Камянецкі, Кобрынскі, Лунінецкі, Ляхавіцкі, Маларыцкі, Пінскі, Пружанскі, Столінскі (гл. адпаведныя артыкулы), 20 гарадоў, у т. л. 5 абл. падпарадкавання — Брэст, Баранавічы, Кобрын, Лунінец, Пінск, 9 гар. пасёлкаў, 225 сельсаветаў, 2194 сельскія населеныя пункты.
Прырода. Характэрны раўнінны рэльеф (140—200 м), на Пд — пераважна нізінны. Вылучаюцца на ПдЗ раўніннае Брэсцкае Палессе, на У нізіннае Прыпяцкае Палессе, паміж імі платопадобная ўзвышаная раўніна Загароддзе, на ПнЗПрыбугская раўніна, на Пн Баранавіцкая раўніна і частка Навагрудскага ўзвышша, дзе знаходзіцца найвышэйшы пункт вобласці — 267 м. На ПнУ адгор’і Капыльскай грады. Карысныя выкапні: буд. камень (Мікашэвіцкае і інш. радовішчы ў Лунінецкім р-не), торф (больш за 400 радовішчаў), тугаплаўкія (радовішчы Гарадок, Гарадное і інш.) і цагельныя гліны, шкловыя (Гарадоцкае), фармовачныя і буд. пяскі, мел, жвір, сапрапель, бурштын, гаручыя сланцы і буры вугаль. Клімат умерана кантынентальны. Зіма мяккая і кароткая, лета доўгае і ўмерана цёплае. Сярэднямесячная т-ра паветра ў студз. ад -4,4 °C (Брэст) да -6,1 °C (Баранавічы), у ліп. ад 18 °C на З да 19 °C на У. Вегетац. перыяд 195—208 сут. Гадавая колькасць ападкаў ад 550 мм на ПдЗ да 645 мм на ПнУ, за летні перыяд — 400—450 мм. Гідраграфічная сетка густая. Рэкі належаць да басейнаў Дняпра (Прыпяць з прытокамі Піна, Ясельда, Бобрык, Цна, Лань, Случ, Стыр, Гарынь, Сцвіга), Віслы (пагранічны Зах. Буг з прытокамі Мухавец, Лясная, Спанаўка, Капаёўка), Нёмана (прыток Шчара). Суднаходныя каналы: Дняпроўска-Бугскі канал, Агінскі канал (не працуе), Мікашэвіцкі. Густая сетка меліярац. каналаў і канаў. З азёраў самыя вялікія Выганашчанскае, Чорнае, Спораўскае, Бабровіцкае; вадасх. Лактышы, Сялец, Пагост. Глебы с.-г. угоддзяў пераважна дзярнова-падзолістыя забалочаныя (31,8%), дзярнова-забалочаныя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (25,8%), дзярнова-падзолістыя (15,5%), тарфяна-балотныя (19,5%), паводле мех. складу пераважна пясчаныя (каля 40%) і супясчаныя (каля 35%). Асушаныя землі на Пд складаюць каля 50%, у асобных раёнах — больш за 70%. Сярэдняя лясістасць 36%, ад 10—20% у Пінскім, Драгічынскім, Кобрынскім, Жабінкаўскім р-нах да 43—53% у Лунінецкім, Івацэвіцкім, Ганцавіцкім. Лясы пераважна хваёвыя (каля 60%), бярозавыя (17%) і чорнаальховыя (15%), значныя плошчы пад дубровамі. Захаваліся буйныя лясныя масівы — Белавежская, Ружанская і Шарашоўская пушчы. Балоты, найчасцей нізінныя, займаюць каля 20% тэрыторыі, значная частка асушана. Пад лугамі 18,2% тэр., 2/3 з іх нізінныя. Для захавання каштоўных прыродных аб’ектаў, біял. разнастайнасці вял. значэнне маюць нац. парк Белавежская пушча, 12 заказнікаў, 29 ахоўных помнікаў прыроды. У выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС 4270 км² (13% тэр. вобласці) забруджана радыенуклідамі з працяглымі тэрмінамі паўраспаду, у т. л. 470 км² са шчыльн. 5—15 Кі/км². На забруджанай тэр. каля 200 вёсак. Найбольш забруджаны землі Лунінецкага, Пінскага, Столінскага р-наў.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва беларусы (84,6%), жывуць таксама рускія (9,2%), украінцы (3%), палякі (2,5%), яўрэі (0,3%) і інш. Гарадскога нас. 60,4%. Сярэдняя шчыльн. 46,4 чал. на 1 км², сельскага нас. 18,4 чал. на 1 км² і вагаецца ад 25,3 чал. на 1 км² у Брэсцкім да 13,3 чал. на 1 км² у Ганцавіцкім і Маларыцкім р-нах. Найб. гарады (тыс.чал., 1995): Брэст (294,3), Баранавічы (172,9), Пінск (130,3), Кобрын (51,1), Бяроза (30,5), Пружаны (25,2), Лунінец (24,9). У 1985—95 зніжаюцца нараджальнасць і натуральны прырост, расце смяротнасць, павялічваецца доля асоб, старэйшых за працаздольны ўзрост, адзначаецца адмоўны натуральны прырост сельскага насельніцтва.
Гаспадарка. Прамысловасць пераважае ў гасп. комплексе. Тэмпы развіцця і структура яе ў 1990-я г. нестабільныя. Вобласць спецыялізуецца на вытв-сці прадукцыі машынабудавання, лёгкай і харч. прам-сці, праяўляецца тэндэнцыя да ўзмацнення ролі лясной і дрэваапр. прам-сці і вытв-сці буд. матэрыялаў. У вобласці вырабляюць усе бел. электралямпы і газавыя пліты, амаль усё тэхнал. абсталяванне для лёгкай прам-сці, гандлю і грамадскага харчавання, для ліцейнай вытв-сці, кавальска-прэсавае абсталяванне, больш за 80% электрарухавікоў і баваўняных тканін, больш за 40% панчошна-шкарпэткавых вырабаў, больш за 30% дываноў і дывановых вырабаў, больш за 35% цукру, каля 30% кансерваў, амаль 20% мяса і масла, 27% драўнінна-стружкавых пліт, каля 20% клеенай фанеры. Прадукцыя прам-сці пастаўляецца на бел. рынак, у краіны СНД і інш. Больш за 80% прамысл. патэнцыялу вобласці сканцэнтравана ў вял. гарадах — шматгаліновых цэнтрах з буйнымі спецыялізаванымі прадпрыемствамі. Унікальнае для Беларусі Мікашэвіцкае вытв. аб’яднанне «Граніт» па здабычы буд. каменю, у г. Белаазерск — 2-я па магутнасці на Беларусі Бярозаўская ДРЭС. У вобласці (1993) каля 70 прадпрыемстваў харч. (цукр., мясной, малочнай, па перапрацоўцы садавіны і агародніны) прам-сці, 24 — лясной і дрэваапр., 23 — прам-сці буд. матэрыялаў. Яны працуюць на мясц. сыравіне, размешчаны пераважна ў сярэдніх і невял. гарадах і гар. пасёлках. Жыллёвым, меліярац., сельскім і дарожным буд-вам займаюцца 14 будтрэстаў, 181 буд.-мантажная арг-цыя (1993). Сельская гаспадарка большасці раёнаў спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, вырошчванні бульбы, збожжавых культур і цукр. буракоў. У 1993 на долю жывёлагадоўлі прыпадала 53% валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі. Ва ўсх. і паўд.-зах. раёнах жывёлагадоўля мяса-малочнага кірунку. У цэнтр. і зах. раёнах дадаткова вырошчваюць цукр. буракі, у паўн. раёнах — лён. Сельгасугоддзі займаюць 45% тэр. і складаюць 1475 тыс.га (1993). У структуры пасяўных плошчаў пераважаюць пасевы збожжавых і зернебабовых, кармавых культур і бульбы (гл.табл. 1). Сярод збожжавых найб. плошчы пад ячменем, жытам, аўсом, пшаніцай, сярод тэхнічных — пад цукр. буракамі. Больш за 76% пасяўных плошчаў бульбы і больш за 67% агародніны прыпадае на асабістыя дапаможныя гаспадаркі насельніцтва. На фермерскія сял. гаспадаркі прыпадае 1556 га пасяўных плошчаў (1993). Жывёлагадоўля мяса-малочнага і малочна-мяснога кірунку. Дынаміка пагалоўя да 1990 была дадатная, у апошнія гады адзначаецца тэндэнцыя да скарачэння пагалоўя і вытв-сці асн. прадуктаў жывёлагадоўлі (гл.табл. 2). Найб. колькасць жывёлы і птушкі (у жывой вазе) рэалізуецца калгасамі, саўгасамі і міжгасамі Баранавіцкага, Камянецкага, Пінскага, Брэсцкага і Столінскага р-наў, малака — Пінскага, Пружанскага, Баранавіцкага, Камянецкага, Кобрынскага, яец — Баранавіцкага, Кобрынскага, Пружанскага р-наў.
Транспарт. Агульная даўж. чыгункі 1074 км. Па густаце чыгунак (33,3 км на 1 тыс.км²) вобласць займае 1-е месца ў рэспубліцы. Праходзяць найважнейшыя міжнар. магістралі: Масква—Мінск—Брэст—Варшава, Вільнюс—Лунінец—Роўна, Ковель—Брэст і гал. чыгунка Палесся Брэст—Гомель. Чыг. вузлы: Брэст, Баранавічы, Лунінец, Жабінка. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 6,3 тыс.км. Асн. магістралі Брэст—Мінск, Брэст—Гомель. Вял. значэнне мае водны транспарт. У межах вобласці суднаходныя Прыпяць, Піна, Мухавец, Стыр, Гарынь, Дняпроўска-Бугскі і Мікашэвіцкі каналы. Нафтаправод «Дружба», газаправод Таржок—Мінск—Івацэвічы з адгалінаваннем на Кобрын—Брэст—Варшаву. У Брэсце і Пінску — аэрапорты.
Л.В.Казлоўская.
Да арт.Брэсцкая вобласць. Участак Дняпроўска-Бугскага канала ў Брэсцкім Палессі (уверсе). Жывёлагадоўчы комплекс у Брэсцкім раёне.
Табліца 1 Пасяўныя плошчы Брэсцкай вобласці (тыс.га)
Гады
1990
1993
Уся пасяўная плошча
878,5
851,2
Збожжавыя і зернебабовыя
376
374,1
Тэхнічныя культуры
42,2
34,7
у т.л. цукровыя буракі
17,6
19,5
лён-даўтунец
14,4
9,8
Бульба
102
136,9
Агародніна і бахчавыя культуры
5,9
10,2
Кармавыя культуры
352,2
295,3
Табліца 2 Пагалоўе жывёлы і птушкі ва ўсіх гаспадарках вобласці (тыс. галоў)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКІ РАЁН Размешчаны на Пд Брэсцкай вобл. Утвораны 15.1.1940
(у сучасных межах з 1962). Пл. 3,2 тыс.км². Нас. 61,3 тыс.чал. (2000),
гарадскога 4,5%. Сярэдняя шчыльн. 19 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Пінск. Уключае г.п.Лагішын, 179 сельскіх нас. пунктаў, Лагішынскі пасялковы Савет, 24 сельсаветы: Аснежыцкі, Ахоўскі, Барычавіцкі, Бобрыкаўскі, Бярозавіцкі, Валішчанскі, Гарадзішчанскі, Дубайскі, Загародскі, Калавуравіцкі, Лапацінскі, Ласіцкі, Лемяшэвіцкі. Лышчанскі, Малоткавіцкі, Мерчыцкі, Навадворскі, Парахонскі, Парэцкі, Пінкавіцкі, Плешчыцкі, Сошненскі, Ставоцкі, Хойнаўскі. Паўднёвая ч. раёна пацярпела ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Большая ч. тэрыторыі ў межах Прыпяцкага Палесся, зах. — узвышанай раўніны Загароддзе. Паверхня пераважна плоская, забалочаная, 75% яе ніжэй за 150 м. Найвыш. пункт 174 м (за 2 км на Пд ад в. Мерчыцы) Карысныя выкапні: торф, гліны і суглінкі, ляскі, мел. Сярэдняя т-растудз. -5,2 °C, ліп. 18,6 °C. Аладкаў 573 мм за год. Вегетац. перыяд 201 сут. Найб.р. Прыпяць і яе прытокі Піна, Ясельда з Мерачанкай і Мышшу, Бобрык 1-ы з Вісліцай, Стыр. Найб. азёры: Палескае возера (Гарадзішча), Пагосцкае возера, Кончыцкае, Семяховічы, Вылазскае; вадасх.: Пагост, Жыдча; каналы: ч. Дняпроўска-Бугскага, Агінскага, Ясельдаўскага, Дубаўскі. Пераважаюць глебы: тарфяна-балотныя (38,2%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (18,3%), дзярновыя і дзярнова-карбалатныя забалочаныя (18,2%), поймавыя (алювіяльныя) забалочаныя (13,4%), дзярнова-падзолістыя (11,7%). Пад лесам 32% тэр. раёна; пераважаюць хваёвыя, ёсць бяроза, дуб, чорная вольха, граб, асіна, ясень. Пад балотамі 43 520 га (13,6%). Найб балоты: Хварашчанскае, Гарадзішчанскае, Дубнік, Жук, Дамашыцы, Панцялеева (ч. з іх уваходзіць у Пінскія балоты). На тэр. раёна заказнікі рэсп. значэння: ландшафтныя — Прастыр, Сярэдняя Прыпяць (часткова), біял.Тырвовічы; мясц. значэння: біял. — Ступскае, мікразаказнікі біял. — Ізін, Кончыцы, Падмосце, Тур, Ермакі; ахоўныя тарфянікі: Булгары, Вуйвічы, Гарадзішчанскае, Дамашыцы, Дублік, Сляпоўскае. Помнікі прыроды рэсп. значэння: парк у в. Парэчча, насаджэнне піхты белай у парку в. Дубай.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 130,1 тыс.га, з іх асушаных 81,7 тыс.га. На 1.1.2000 у раёне 27 калгасаў, 3 саўгасы, 21 фермерская гаспадарка, с.-г.калект. прадпрыемства «Ніва», гасп. прадпрыемства «Паўднёвае» па вытв-сці свініны, рыбгас «Палессе», зверагаспадарка Белкаапсаюза, с.-г. прадпрыемства «Беларускія журавіны», Пінскае дзярж. прадпрыемства па буд-ве і эксплуатацыі меліярац. і водагасп. сістэм, адкрытыя акц. т-вы «Пінскае аўтатранспартнае прадпрыемства», «Пінская сельгастэхніка», «Пінскі райаграпрамзап». Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, вытв-сці збожжа і цукр. буракоў, вырошчваюць кармавыя культуры, бульбу, лён, агародніну. Прадпрыемствы харч. (лікёра-гарэлачныя вырабы, віны, вінныя і безалкагольныя напіткі, піва, кандытарскія вырабы, кісель, крухмал), металаапр., кааператыўнай, швейнай прам-сці; лясгас (піламатэрыялы, дзелавая драўніна), вытв.-гандл. прадпрыемства «Медтэхніка» (мед. абсталяванне). Па тэр. раёна праходзяць: чыг. Брэст—Лунінец, аўтадарогі Брэст—Гомель, Брэст—Мінск—Лунінец, Івацэвічы—Лагішын—Пінск—Столін, Ганцавічы—Пінск. У раёне 30 сярэдніх, 27 базавых, 6 пачатковых, 6 муз., 1 спарт. школы, спецшкола-інтэрнат, завочная школа, с.-г. тэхнікум, СПТВ, цэнтр пазашкольнай работы, дзіцячая турыстычная база, дзіцяча-юнацкі клуб фізічнай падрыхтоўкі, 36 дашкольных устаноў, у т. л. 2 садкі-школы, 74 б-кі, 78 клубаў, 11 бальніц, 2 псіханеўралагічныя інтэрнаты, 4 амбулаторыі, 54 фельч.-ак. пункты, дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр «Світанак», санаторый «Ясельда», турыстычны цэнтр «Палессе». Музеі: літаратурныя А.Блока (в. Лапаціна), Я.Янішчыц (в. Парэчча), Я.Коласа (в. Пінкавічы); этнаграфіі (в. Жабчыцы), гіст.-краязнаўчы (г.п. Лагішын). Арх. помнікі: цэрквы — Раства Багародзіцы (1758) у в. Ахова, Ушэсця (канец 18 ст.) у в. Боркі, Пакроўская (1878) у в. Бярозавічы, Прачысценская (1720) у в. Востраў, Ільінская (1788) у в. Вуйвічы, Раства Багародзіцы (1787) у в. Вылазы, Раства Багародзіцы (1826) у в. Вяляцічы, Троіцкая (18 ст.) у в. Дабраслаўка, Раства Багародзіцы (1811) у в. Дубай, Параскевы Пятніцы (1788) у в. Жабчыцы, Мікалаеўская (сярэдзіна 19 ст.) у в. Камень, царква (19 ст.) у в. Кашэвічы, Мікалаеўская (1892) у в. Купяцічы, Раства Багародзіцы (1885) у в. Лемяшэвічы, Троіцкая (1875) у в. Месткавічы, Параскевы Пятніцы (1794) у в. Мясяцічы, св. Кірылы і Мяфодзія (2-я пал. 19 ст.) у в. Пагост-Загародскі, Раства Багародзіцы (1888) у в. Парахонск, Раства Багародзіцы (1912) у в. Парэчча, Пакроўская (1830) у в. Пінкавічы, Ушэсця (1855) у в. Ставок, Пакроўская (1856) у в. Тырвовічы; манастырскі будынак (канец 18 ст.) у в. Гарадзішча, касцёл Ўзвіжання св. Крыжа (18 ст.) у в. Дубай, капліцы (19 ст.) у в. Болгары, Дубай, Каўбы, Ласіцк, Чухава; сядзіба (1920-я г.) у в. Заполле, паркі сярэдзіны 18 ст. ў в. Дубай, 1-й пал. 19 ст. ў в. Парэчча, 19 ст. ў в. Сташаны; сядзібныя дамы (канец 19 — пач. 20 ст.) у в. Заполле, Паўтаранавічы; сінагога і будынак Талмуду-Торы (пач. 20 ст.) у в. Пагост-Загародскі. Выдаецца газ. «Полесская правда».
Літ.:
Свод памятников истории и культуры Белоруссии: Брестская обл. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́ПЯЦКАЕ ПАЛЕ́ССЕ,
фізіка-геаграфічны раён у сярэдняй ч. падправінцыі Беларускага Палесся. Размешчаны на Пд Беларусі, займае ўсх.ч. Брэсцкай, Пд Мінскай, крайні ПдЗ Магілёўскай, зах.ч. Гомельскай абласцей. Мяжуе з Брэсцкім Палессем і Загароддзем на 3, Баранавіцкай і Цэнтральнабярэзінскай раўнінамі на Пн, Гомельскім і Мазырскім Палессем на У і ПдУ, Жытомірскім і Валынскім Палессем на Пд. Выш. 125—145 м, найб. 186 м (на З ад в. Чалюшчавічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл.). Пл. больш за 20 тыс.км². Працягласць з 3 на У ад 140 да 220 км, з Пн на Пд ад 105 да 140 км.
У тэктанічных адносінах цэнтр. і ўсх.ч. П.П. прымеркаваны да Прыпяцкага прагіну, зах.ч. — да Палескай седлавіны. Асадкавы чахол у Прыпяцкім прагіне (магутнасць пераважна 1,5—2,6 км) утвораны адкладамі верхняга пратэразою, палеазою, мезазою і кайназою, сярод якіх больш развіты верхнедэвонскія саляносныя тоўшчы; на Палескай седлавіне (магутнасць 0,4—0,6 км) пераважна складзены з парод верхняга пратэразою, мелу, палеагену і неагену. Антрапагенавыя адклады (магутнасць 10—20 м на Пд і ў цэнтры, 50—70 м на Пн, да 80—100 м на 3) — азёрныя, балотныя, алювіяльныя, эолавыя» водна-ледавіковыя. Марэна бярэзінскага зледзянення трапляецца на ПнУ, дняпроўскага і сожскага на крайнім ПнЗ. На невял. плошчах (у раёне г. Столін, в. Глушкавічы Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл.) і на асобных фрагментах рачных далін на паверхню выходзяць даантрапагенавыя адклады.
У рэльефе П.П. спалучаюцца азёрна-алювіяльныя, алювіяльныя тэрасаваныя, поймавыя і водна-ледавіковыя раўніны, з асобнымі ўчасткамі марэнных раўнін, краявымі ўзгоркамі і градамі, характэрна наяўнасць буйных затарфаваных масіваў і азёр. Мінім.выш. рэльефу 113 м прымеркавана да ўрэзу р. Прыпяць у сутоках з р. Пціч, найб. 155—186 м — да краявых марэнных утварэнняў. Азёрна-алювіяльныя раўніны вылучаюцца на ПнЗ з азёрамі Выганашчанскае, Чорнае, Спораўскае і інш. з адноснымі перавышэннямі паверхні 0,5—1,5 м; уздоўж р. Арэса і вакол воз. Чырвонае з адноснымі выш. 1—2 м (зрэдку трапляюцца пясчаныя ўзгоркі выш. да 5 м); паміж рэкамі Сцвіга і Убарць у шыротным напрамку з ваганнямі адносных выш. 0,3—0,5 м. Водналедавіковыя раўніны маюць хвалістую паверхню з нахілам у бок р. Прыпяць, з адноснымі выш. ад 1,5 да 3—5 м, ускладненую ланцугамі дзюн або асобнымі марэннымі ўзгоркамі. Каля г.п. Лагішын і в. Парахонск Пінскага р-на Брэсцкай вобл. дэнудаваныя краявыя ледавіковыя грады і ўзгоркі, згладжаныя і ’выцягнутыя ў субшыротным напрамку. Размытыя краявыя ледавіковыя грады (адносныя перавышэнні 8—10 м, радзей 15—20 м) захаваліся каля г.п. Акцябрскі і г. Петрыкаў, в. Мілевічы і Вятчын Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл. У даліне р. Прыпяць пойма і 2 надпоймавыя тэрасы. Пойма нізкая, забалочаная, паверхня ўскладнена пясчанымі грывамі (выш. 0,5—1 м, шыр. 30—40 м, даўж. 0,2—1,5 км). Першая надпоймавая тэраса акумулятыўная, шыр. ад 1—2 км да 8 км (на левабярэжжы), у месцах упадзення найб. прытокаў да 10—18 км. Паверхня роўная, месцамі забалочаная. Другая тэраса эразійна-акумулятыўная, шыр. ад 0,2—0,5 км да 18 км. Паверхня плоска-хвалістая з перавышэннямі 3—5 м, характэрны астанцы марэннай раўніны. Абедзве тэрасы ўскладнены эолавымі формамі. Карысныя выкапні: гліны тугаплаўкія, мел, каалін, буд. і абліцовачны камень, буд. пяскі, калійныя і каменная солі, буры вугаль, торф, сапрапель. Сярэдняя т-растудз. -5,5 °C, ліп. 18,3 °C, ападкаў 632 мм за год (паводле даных Палескай балотнай станцыі). Гал. водныя і дрэнажныя артэрыі — р. Прыпяць з прытокамі Піна, Ясельда, Бобрык 1-ы, Цна, Лань, Случ, Бобрык 2-і, Пціч, Трэмля, Іпа, Стыр, Гарынь, Сцвіга з Маствой, Убарць. Найб. азёры: Чырвонае, Выганашчанскае, Чорнае, Спораўскае, Бабровіцкае, Белае. Вадасховішчы: Салігорскае (часткова), Лактышы, Пагост. Разгалінаваная сетка меліярац. каналаў, Агінскі канал. Высокі ўзровень грунтавых вод і пастаяннае забалочванне абумоўлена недастатковай гушчынёй гідралагічнай сеткі. Істотнае значэнне маюць талыя і дажджавыя воды, якія часта выклікаюць разводдзі (да катастрафічных). У гэты перыяд пад’ём вады ў р. Прыпяць дасягае 4—5 м (радзей 6—7 м), Гарыні — 3,5—4,5 м. Шыр, разліваў у р. Прыпяць 5—15 км, да 25 км, яе прытокаў у сярэднім каля 3 км. Перыяд разводдзяў доўжыцца 40—90 дзён. Для глебавага покрыва характэрна частая змена дзярнова-падзолістых, дзярновых забалочаных і тарфяна-балотных глеб. Трапляюцца глебы дзярнова-глеістыя, поймавыя (алювіяльныя) і інш. Лясістасць П.П. найменшая (да 32%) у Пінскім р-не, найб. у Жыткавіцкім (56%) і на Пн Лельчыцкага р-наў. Пашыраны хваёвыя, шыракаліста-хваёвыя, чорнаальховыя, бярозавыя лясы, дубровы. Пад балотамі 23% тэрыторыі, больш як 1/3 з іх асушаны. Пад ворывам 30% тэрыторыі. У межах П.П. нац. парк Прыпяцкі, ландшафтныя заказнікі Прастыр, Стрэльскі, Сярэдняя Прыпяць, Альманскія балоты; біял. — Борскі, Жыткавіцкі, Лунінскі, Ялоўскі, гідралагічны — Выганашчанскае.
М.А.Шышонак.
Да арт.Прыпяцкае Палессе. 1. Рака Пціч каля г.п. Капаткевічы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобл. 2. Пясчаная дзюна на пласкахвалістай тэрасе каля в. Моршчынавічы Лунінецкага раёна Брэсцкай вобл.