пры́цемак, ‑мку, м.

Паўзмрок, паўцемра адразу пасля захаду сонца або перад усходам сонца. У ранішнім прыцемку .. [дарога] нагадвала рэчышча, а купкі чорных дрэў здаваліся падобнымі на скалы. Мележ. Улетку на вёсцы спаць кладуцца з прыцемкам. Сачанка. // Паўзмрок, паўцемра ў дрэнна асветленым памяшканні, месцы. — Не спяшайся запальваць агню. Пасядзім лепш у прыцемку. Нашто ж, каб вокны свяціліся. Машара. А ў прыцемку варот, густой імглой прыкрыты, Як здань мінулага, стаіць стары гандляр. Панчанка. Гадзіннік здаўся.. [Валі] прыгажэйшым, як у магазіне, бо там прыцемак кідаў цень на яго беленькі цыферблат. Пестрак.

•••

На прыцемку — адразу пасля захаду сонца або перад усходам сонца. Толькі на прыцемку.. [Насця] пачне гатаваць страву. Жычка. У панядзелак Янка ўстаў на прыцемку. Дамашэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

турні́р, ‑у, м.

1. У Заходняй Еўропе ў сярэднія вякі — спаборніцтва рыцараў. Галоўным у эстафеце пакаленняў былі не турніры, не аксамітныя плашчы герольдаў, не мудрыя каралеўскія загады, а чалавек. Караткевіч. // перан. Выступленне адзін перад адным па якіх‑н. пытаннях. Тэмай вуснага турніру была выбрана праблема «Закон і мараль». «Маладосць». // перан. Пра шлюбныя змаганні жывёл і птушак. Мы ляжалі на кажухах, замаскіраваныя высокай, травой і кустамі, і не спускалі вачэй з паляны, абранай аленямі для сваіх штогадовых турніраў. В. Вольскі. Вясенні турнір заўсёды пачынаўся так: калі на ўсходзе нясмела займаўся золак, на самую вершаліну дрэва, што чарнела прыцемкам, садзіўся стары цецярук-такавік. Ігнаценка.

2. Форма правядзення асабістага ці каманднага спаборніцтва, у якім усе ўдзельнікі сустракаюцца паміж сабой адзін або два разы. Шахматны турнір. Алімпійскі турнір футбалістаў.

[Ням. Turnier.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пад’е́хаць, ‑еду, ‑едзеш, ‑едзе; ‑едзем, ‑едзеце, ‑едуць; заг. пад’едзь; зак.

1. Едучы, наблізіцца да каго‑, чаго‑н. У наступную ноч да катла пад’ехалі на санках партызаны. Шчарбатаў. Прыцемкам да Ермаліцкіх пад’ехаў вазок, запрэжаны добрым стаеннікам. Грахоўскі. // Заехаць пад што‑н. Пад’ехаць пад мост. // Праехаць нейкую частку шляху на падарожным транспарце. Цяпер я пакаяўся, што не падаўся на бальшак, дзе мог пад’ехаць на падарожнай машыне. Якімовіч.

2. Разм. Прыехаць куды‑н. У той жа дзень Стрыжак загадаў Тышкевічу весці групу на аб’яднанне з атрадам Ваталава. Сам абяцаў пад’ехаць пазней. Асіпенка. [Палавінка] па развітанне моцна паціснуў Кавалёвай руку і абяцаў сам пад’ехаць у калгас. Дуброўскі. // З’ездзіць куды‑н. на нейкі час. [Аканом:] — Дзень добры, панове. Феакціст Антонавіч вельмі прасіў да яго пад’ехаць на гадзіну якую. Галавач.

3. перан. Разм. Падлізацца да каго‑н.; дабіцца чаго‑н. хітрасцю, ліслівасцю. Пад’ехаць да начальства. □ [Вруй] цярпліва чакаў, покі Саўка думаў, і меркаваў, ці спрытна пад’ехаў ён да Саўкі. Колас. Хлопцы былі пранырлівыя, умелі пад’ехаць да жанчын, ласкай выпрасіць тое, чаго і сілай не возьмеш. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)