ПАРТУГА́ЛІЯ (Portugal),

Партугальская Рэспубліка (República Portuguêsa), дзяржава на ПдЗ Еўропы, на Пірэнейскім п-ве. Уключае а-вы Азорскія і Мадэйра ў Атлантычным акіяне. Мяжуе на Пн і У з Іспаніяй. Пл. 92,4 тыс. км². Нас. 9918 тыс. чал. (1999). Дзярж. мова — партугальская. Сталіца — г. Лісабон. Краіна падзяляецца на 18 акруг і 2 аўт. акругі (на астравах). Нац. свята — Дзень Партугаліі (10 ліп.).

Дзяржаўны лад П. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1976 са зменамі 1982, 1989, 1992 і 1997. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва тэрмінам на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Сход Рэспублікі (230 дэпутатаў, выбіраюцца на 4 гады). Вышэйшы выканаўчы орган — урад на чале з прэм’ер-міністрам.

Прырода. На ПнУ горныя хрыбты выш. 1000—1200 м (найб. выш. 1993 м, г. Эштрэла ў хр. Сера-да-Эштрэла) і плато. Уздоўж узбярэжжа — нізіна. На Пд ад р. Тэжу хвалістая Партугальская нізіна з асобнымі кражамі, Астравы гарыстыя. На в-ве Піку з групы Азорскіх а-воў г. Піку выш. 2351 м. У краіне бываюць моцныя землетрасенні. Карысныя выкапні: вальфрамавыя, алавяныя, уранавыя, медныя, жал. руды, мармур і інш. Клімат субтрапічны міжземнаморскі. Сярэдняя т-ра студз. 5—11 °C, ліп. 20—29 °C. Ападкаў 700—1000 мм на ўзбярэжжы, 1000—2000 мм за год у гарах. Гал. рэкі: ніжнія цячэнні Міньё, Дору (Дуэра), Тэжу (Таха), Гвадыяна. Пад лесам (коркавы і каменны дуб, эўкаліпт, каштан, прыморская хвоя і пінія) і хмызнякамі (маквіс і гарыга) 36% тэрыторыі. Шмат грызуноў, птушак, паўзуноў. Трапляюцца воўк, куніца, ліс, рысь. Нац. парк Пенеда-Жэрэш, некалькі рэзерватаў.

Насельніцтва. Партугальцы складаюць больш за 98%. Жывуць невял. групы эмігрантаў з б. калоній, бразільцы і інш. Вернікі — католікі (97%). Сярэднегадавы прырост насельніцтва блізкі да нулявога. Сярэдняя шчыльн. 107,3 чал. на 1 км². Больш за 70% насельніцтва сканцэнтравана на ўзбярэжжы. У гарадах жыве 66% насельніцтва. Найб. (млн. ж., з прыгарадамі і суседнімі невял. гарадамі): Лісабон — 2,1, Порту — 1,7. У прам-сці і буд-ве занята 32% працоўных, у сельскай і лясной гаспадарцы, рыбалоўстве — 12%, у абслуговых галінах — 56%. Значная эміграцыя ў краіны Еўропы і Амерыкі.

Гісторыя. Тэр. П. заселена чалавекам у эпоху палеаліту. У 2-й пал. 1-га тыс. да н.э. тут аселі кельты. У 4—3 ст. да н.э. большую ч. краіны насялялі лузітаны. У 138—136 да н.э. тэр. П. заваявалі рымляне, у канцы 1 ст. да н.э. яна амаль уся ўвайшла ў рым. прав. Лузітанія, у 1-й пал. 5 ст. н.э. — у каралеўства свеваў. У 2-й пал. 5 ст. свеваў выцеснілі вестготы. У 713—718 тэр. П. заваявалі арабы і берберы (маўры). Горныя землі на Пн ад р. Дору сталі ачагом Рэканкісты, да сярэдзіны 11 ст. яны ўвайшлі ў каралеўства Леон. У 1095 кароль Леона Альфонс VI (у 1094 яго войска разбілі каля Лісабона Альмаравіды) стварыў на Пн П. асобнае графства і аддаў яго ў леннае ўладанне свайму зяцю Генрыху Бургундскаму, які стаў тытулавацца графам Партугальскім (па назве рэзідэнцыі Портус-Кале, цяпер г. Порту). Сын Генрыха Альфонс I Энрыкіш у 1139 абвясціў сябе каралём (Альфонс I). У 1143 незалежнасць каралеўства П. (тагачасная сталіца — г. Каімбра) прызнаў Леон. У 1147 у арабаў адваяваны Лісабон, у 1249—50 з авалоданнем тэр. Алгарві ў П. завяршылася Рэканкіста. У час яе сфарміраваліся партуг. народнасць і элементы партуг. культуры, узмацнілася роля духавенства і духоўна-рыцарскіх ордэнаў. У 13 ст. ў П. ўстанавілася саслоўная манархія (гл. Картэсы), актывізаваўся рост гарадоў. Пасля смерці апошняга з Бургундскай дынастыі Фернанду I (1383) картэсы выбралі каралём П. вял. магістра Авіскага ордэна Жуана (Жуан 1), які адстаяў незалежнасць краіны. У 15—16 ст. у П. ўсталявалася абс. манархія, узмацнілася знешняя экспансія (пачалася з захопу ў 1415 афр. крэпасці Сеута і экспедыцый, арганізаваных Генрыхам Мараплаўцам). Да канца 15 ст. П. каланізавала зах. ўзбярэжжа Афрыкі (Гвінея, Ангола), а-вы Мадэйра, Зялёнага Мыса, Сан-Таме і Прынсіпі, Азорскія, пасля адкрыцця Васка да Гамай марскога шляху ў Індыю (1498) — усх. Афрыку (Мазамбік), Індыю (Гоа і Дыу), Паўд.-Усх. Азію (Макао і інш.), а пасля экспедыцыі П.А.Кабрала — Бразілію (з 1500). Эксплуатацыя багаццяў калоній спрыяла ўзнікненню ў П. мануфактурнай вытв-сці (канец 15—1-я пал. 16 ст.), але з-за марнатраўства сродкаў на прадметы раскошы з 2-й пал. 16 ст. назіраўся эканам. заняпад П. Пасля гібелі караля Себасцьяна I [1557—78] і спынення Авіскай дынастыі партуг. прастол заняў ісп. кароль Філіп II. У перыяд панавання ў краіне іспанцаў (1581—1640) П. была прыдаткам ісп. імперыі, удзельнічала ў войнах Іспаніі з Англіяй, Галандыяй. У выніку антыісп. паўстання 1640 вярнула незалежнасць (прызнана Іспаніяй у 1668), стала правіць дынастыя Браганса. У пач. 18 ст. П. ўдзельнічала ў вайне за іспанскую спадчыну, у сувязі з чым краіна трапіла ў паліт. і эканам. залежнасць ад Англіі (Лісабонскі дагавор 1703 і Метуэнскі дагавор 1703). У 2-й пал. 18 ст. праведзены рэформы маркіза Памбала, але большасць іх адменена пры Марыі I [1777—1816], У перыяд напалеонаўскіх войнаў П. акупіравалі франц. (1807), потым англ. войскі (да 1811); каралеўскі двор эмігрыраваў у Бразілію. У выніку Партугальскай рэвалюцыі 1820—23 краіна вызвалена ад англічан, ад яе адасобілася Бразілія (1822, незалежнасць прызнана П. у 1825), кароль вярнуўся ў Лісабон, прынята ліберальная канстытуцыя. Пасля рэвалюцыі адбыліся грамадз. Мігелісцкія войны 1823—34, у 1842—46 існавала ваен. дыктатура А.​Б.​Кабрала. У 1853 пракладзена першая чыгунка. У канцы 19 ст. сац.-эканам. цяжкасці абумовілі значную эміграцыю з краіны. Актывізацыя руху за ўстанаўленне рэсп. ладу (з 1870-х г.) прывяла да Партугальскай рэвалюцыі 1910 і падзення манархіі; першым прэзідэнтам рэспублікі быў Т.Брага. З 1916 П. ўдзельнічала ў 1-й сусв. вайне на баку Антанты. Ва ўмовах эканам. нестабільнасці (паміж 1910 і 1926 змяніліся 8 прэзідэнтаў і 44 урады) уладу захапілі ваенныя (путч 28.5.1926), якія адмянілі канстытуцыю 1911 і распусцілі парламент; з ліп. 1926 краінай кіраваў ген. А.О. дэ Фрагоза Кармона (прэзідэнт у 1928—51). У 1932 прэм’ер-міністрам з дыктатарскімі паўнамоцтвамі стаў А.Салазар. Паводле канстытуцыі 1933 у-П. ўстаноўлена карпаратыўна-аўтарытарная дзяржава (у гіст. і паліталагічнай л-ры разглядаецца як мяккі, або іберыйскі, варыянт фашызму), забаронены ўсе партыі, акрамя ўрадавага Нац. саюза (засн. ў 1930, з 1970 Нац. нар. дзеянне).

У 2-ю сусв. вайну П. абвясціла нейтралітэт, але пастаўляла стратэг. сыравіну Германіі, у канцы вайны пераарыентавалася на ЗША. Пасля вайны далучылася да Маршала плана (1948), НАТО. У 1951 партуг. калоніі абвешчаны заморскімі правінцыямі; уздым з пач. 1960-х г. нац.-вызв. руху ў афр. калоніях П. намагалася спыніць калан. войнамі. У выніку Партугальскай рэвалюцыі 1974 скінуты постдыктатарскі ўрад М.​Каэтану (з 1968), спынены калан. войны, П. прызнала незалежнасць Гвінеі-Бісау, Мазамбіка, а-воў Зялёнага Мыса (Каба-Вердэ), Сан-Таме і Прынсіпі, Анголы. Канстытуцыя 1976 (са зменамі) заклала асновы сучаснага грамадска-паліт. ладу. У 1976—78, 1983—85 прэм’ер-міністрам, у 1986—96 прэзідэнтам дзяржавы быў М.Саарыш. З 1996 прэзідэнт П. — Ж.​Сампаю.

П. — чл. НАТО (з 1949), ААН (з 1955), Арг-цыі эканам. супрацоўніцтва і развіцця (з 1968), Савета Еўропы (з 1976), Зах.-еўрап. саюза (з 1988), Еўрап. саюза (з 1993, з 1985 была чл. Еўрап. супольнасці). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 26.1.1992.

Палітычныя партыі і прафсаюзы. Сацыяліст. партыя (кіруючая), С.-д. партыя, Нар. партыя, Камуніст. партыя П. і інш. Прафс. аб’яднанні — Усеагульная канфедэрацыя партуг. працоўных — Нац. інтэрсіндыкал, Усеагульны саюз працоўных.

Гаспадарка. П. — індустр.-агр. краіна. Пасля рэвалюцыі 1974 павялічыўся дзярж. сектар, у шэрагу раёнаў праведзена агр. рэформа. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1998 склаў 144,8 млрд. дол., па 14,6 тыс. дол. на чалавека. У прам-сці ствараецца 36% ВУП, у сельскай гаспадарцы — 4%, у абслуговых галінах — 60%. Гарнарудная прам-сць прадстаўлена здабычай вальфрамавых (8-е месца ў свеце, штогадовая здабыча каля 2 тыс. т аксіду вальфраму), медных, алавяных, уранавых і жал. руд. Асн. раёны здабычы на Пн, медных руд — на Пд. Электраэнергетыка заснавана на выкарыстанні імпартнага паліва (55%) і гідраэнергіі (45%). У 1997 атрымана 31,9 млрд. кВтгадз электраэнергіі. Буйнейшыя ЦЭС каля Лісабона і Порту, ГЭС на рэках Дору і Тэжу. Вядучая галіна прам-сці — машынабудаванне. Вылучаюцца суднабудаванне і суднарамонт (у раёне Лісабона), аўтазборка (на базе імпартных вузлоў і дэталяў), эл.тэхн. прам-сць, вытв-сць некаторых тыпаў станкоў (у значнай ступені на экспарт), швейных машын, веласіпедаў, дызельных рухавікоў, а таксама традыц. металавырабаў (нажы, царк. званы і інш.). Развіваецца хім., нафтаперапр., нафтахім. прам-сць, выпуск мінер. угнаенняў, хім.-фармацэўтычных тавараў, сернай кіслаты. Развіты тэкст. (баваўняная — гарады Порту, Брага, шарсцяная — гарады Гуарда і Кавільян), швейная, гарбарна-абутковая, харч. (вытв-сць віна, рыбных кансерваў, аліўкавага алею) прам-сць. Па зборы коркавай кары і вывазе корку (каля 120 тыс. т штогод) П. займае 1-е месца ў свеце. Штогадовая вытв-сць асн. відаў прамысл. прадукцыі (сярэдзіна 1990-х г.): чыгуну — 0,4 млн. т, хім. валокнаў і нітак — 90 тыс. т, вываз драўніны — 9,8 млн. м³, паперы і кардону — 0,9 млн. т, цэменту — 7,8 млн. т, баваўняных тканін — 190 млн. м², цукру — 0,4 млн. т, алею — 360 тыс. т. Каля 70% прамысл. патэнцыялу сканцэнтравана ў гарадах на ўзбярэжжы. У сельскай гаспадарцы найб. развіта раслінаводства. Выкарыстоўваецца каля 4,6 млн. га зямлі, у т. л. пад ворывам каля 2,3 млн. га, пад садамі (у т. л. пад цытрусавымі), аліўкавымі насаджэннямі і вінаграднікамі каля 1 млн. га, пад пашай і лугамі каля 0,8 млн. га. Арашаецца 630 тыс. га (1997). Асн. таварныя галіны — вінаградарства, пладаводства і вырошчванне аліўкавых дрэў. На ўласныя патрэбы вырошчваюць кукурузу (штогадовы збор каля 600 тыс. т), пшаніцу (каля 400 тыс. т), жыта, рыс, бульбу, гародніну (найб. памідоры і цыбулю). Вінаградарства пашырана ўсюды. Асн. раёны аліўкавых плантацый на Пд ад р. Тэжу. На Мадэйры і Азорскіх а-вах трапічнае садоўніцтва (ананасы, бананы). Пасевы кукурузы на Пн, пшаніцы ў сярэдняй ч. і на Пд. У жывёлагадоўлі (1997) найб. значэнне мае гадоўля буйн. раг. жывёлы — 1,3 млн. галоў; свіней 2,4 млн. галоў, авечак 6,3 млн. галоў, коз 0,8 млн. галоў. Птушкагадоўля (27 млн. курэй, 1997). У 1997 вылаўлена 221,9 тыс. т рыбы (пераважна сардзіны, траска, тунец). Развітой галіной гаспадаркі з’яўляецца турыстычная справа. Штогод П. наведваюць больш за 10 млн. замежных турыстаў, якія пакідаюць у краіне 4—5 млрд. дол. Транспарт аўтамаб., марскі, чыгуначны, унутр. водны. У 1996 у П. было 68,7 тыс. км аўтадарог, у т. л. 59,1 тыс. км з цвёрдым пакрыццём; 3,1 тыс. км чыгункі, 0,8 тыс. км унутр, водных шляхоў, 0,7 тыс. км магістральных газаправодаў. У знешніх і ўнутр. перавозках значная роля марскога флоту (у 1998 налічваў 132 караблі агульнай грузападымальнасцю 894,6 тыс. т). Гал. парты: Лісабон, Порту, Сетубал, Фуншал (на в-ве Мадэйра), Понта-Дэлгада (Азорскія а-вы). У краіне 40 аэрапортаў, у т. л. міжнар. каля Лісабона, Порту, на а-вах Мадэйра і Азорскіх. У 1998 экспарт склаў 25 млрд. дол., імпарт — 34,9 млрд. дол. У экспарце пераважаюць адзенне і абутак, прадукцыя машынабудавання, хімікаты, корак, драўніна, скуры, віно, рыбапрадукты, фрукты; у імпарце — машыны і трансп. сродкі, нафта, харч. прадукты. Гал. гандл. партнёры: Іспанія (15% экспарту, 24% імпарту), Германія (адпаведна 20% і 15%), Францыя (14% і 11%), Вялікабрытанія (12% і 7%). Дэфіцыт знешнегандл. балансу пакрываецца даходамі ад турызму, партуг. інвестыцый за мяжой, грашовымі пераводамі эмігрантаў. П. атрымлівае дапамогу ад краін Еўрап. Супольнасці. Грашовая адзінка — партуг. эскуда.

Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (59 тыс. чал.) і ваенізаваныя фарміраванні (больш за 40 тыс. чал.), у т. л. каля 21 тыс. чал. у рэспубліканскай нац. гвардыі (1998). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне паводле прызыву. Рэгулярныя ўзбр. сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. У сухап. войсках 32 тыс. чал., 186 танкаў, 356 бронетранспарцёраў, 284 гарматы, 160 мінамётаў і інш. У ВПС 7,7 тыс. чал., 96 баявых самалётаў. У ВМС 14,8 тыс. чал., у т. л. 1,7 тыс. ў марской пяхоце, 3 падводныя лодкі, 10 фрэгатаў, 39 катэраў, 5 баявых верталётаў.

Ахова здароўя. Медыцынская дапамога аказваецца ва ўстановах сац. страхавання, бясплатная — у дзярж. бальніцах. Існуе прыватная ўрачэбная практыка. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 72,3, жанчын 79,3 года (1999). Узровень нараджальнасці 11 на 1 тыс. чал. Смяротнасць 10 на 1 тыс. чал. Натуральны прырост 0,04%. Забяспечанасць бальнічнымі ложкамі — 1 на 253 чал., урачамі — 1 на 332 чал. Дзіцячая смяротнасць — 7 на 1 тыс. нованароджаных (1999).

Друк, радыё, тэлебачанне. У 1999 у П. больш за 1300 перыяд. выданняў. Найб. значныя газеты: «Diário do República» («Газета Рэспублікі», з 1820), «Diário de Noticias» («Газета навін», з 1864), «Diário Popular» («Народная газета», з 1942), «A Capital» («Сталіца», з 1968), «O Dia» («Дзень», з 1975), «Público» («Грамадскасць», з 1990). Інфарм. агенцтва — Ажэнсія Луза ды Інфармасан (Луза, з 1987, створана ў выніку аб’яднання Натысіяш ды Партугал, з 1982, і Ажэнсія Натысіёза Афісіял Партугеза, з 1975). Радыёвяшчанне і тэлебачанне з 1974; іх дзейнасць кантралююць дзярж. радыёвяшчальная кампанія Радыёдыфусау Парту еза (РДП) і акц. тэлекампанія Тэлевісау Партугеза (ТП, абедзве з 1975). Трансліруюцца 4 каналы (2 дзярж. і 2 прыватныя). Перадачы вядуцца на партуг., англ., ісп., італьян., ням., франц. і інш. мовах.

Літаратура. Узнікла ў працэсе фарміравання партугальскай мовы, утварэння ў 12—13 ст. самаст. дзяржавы, барацьбы супраць араб. заваёўнікаў. Гэтыя падзеі адлюстраваны ў гераічных паэмах, што выконваліся нар. песнярамі-«жаграйш». Першыя літ. тэксты на партуг. мове — «кансьёнейру» — зб-кі рыцарскіх «песень пра каханне», «песень пра сябра», «песень кпінаў і ганьбавання» (13—14 ст.); сярод іх аўтараў рыцары Ж.​Гарсія ды Гальяды, П.​Гарсія ды Бургуш, клірыкі М.​Моша, А.​Нуніш, каралі П.​Саншу I, Дыніш 1 і інш. Былі пашыраны перапрацоўкі вядомых у еўрап. л-ры жыцій святых, франц. рыцарскіх раманаў. З канца 13 ст. развівалася нар. фарсавая і літургічная драма, прыдворныя спектаклі масак («момуш»). Першы самабытны рыцарскі раман «Амадыс Гальскі» (14 ст.). У 1-й пал. 15 ст. Ф.​Лопіш стварыў дакумент.-маст. хроніку пра ўладаранне першых 10 каралёў П., Г. ды Рэзенды ўклаў анталогію сярэдневяковай і перадрэнесансавай паэзіі «Усеагульны кансьёнейру» (1516). У канцы 15 ст. ўзнікла новая рэнесансавая культура, яе прадстаўнікі — заснавальнік нац. драмы і т-ра Ж.Вісентэ, а таксама Ж.​Ферэйра ды Вашканселуш (камедыя «Еўфразіна»), А.​Ферэйра (камедыі «Брышту», «Раўнівец»), Ф. ды Са ды Міранда (лірыка, камедыі «Іншаземцы», «Фанфароны»). Развівалася творчасць паэтаў-«петраркістаў» П. ды Андрады Каміньі і Д.​Бернардыша, з’явіліся пастаральныя раманы і эклогі Ж. ды Мантэмура, Б.​Рыбейру, рыцарскі раман Ф. ды Марайша, хронікі падарожжаў і заваяванняў Ж. ды Баруша, Г.​Карэі, Ф.Л. ды Каштаньеды, Д. ды Гойша, Ф.​Мендыша Пінту. Вяршыня партуг. Адраджэння — творчасць Л. ды Камоэнса. Л-ра барока адзначана ўзмацненнем ісп. уплываў (героіка-эпічная паэзія Ф.​Радрыгіша Лобу, драмы і сатыры Ф.М. ды Мелу, камедыі С.​Машаду, А.Ж. да Сілвы). Л-ра класіцызму і Асветніцтва (18 ст.) характарызавалася ўплывам франц. асветніцкага класіцызму. Тэорыю партуг. класіцызму распрацоўваў Ф.​Ж.​Фрэйры. Класіцыстычныя традыцыі прадоўжылі паэт П.​А.​Карэя Гарсан, драматургі М. ды Фігейрэду і Д. душ Рэйш Кіта, асветніцкія і перадрамант. ідэі пераважалі ў творчасці Н.​Талентыну, М.М. ду Бакажы, Ф.М. ду Насіменту. Нар.-вызв. войны 1808—13 і рэвалюцыя 1820 спрыялі росту нац. свядомасці і пашырэнню рамантызму ў л-ры (творчасць Ж.Б.Алмейда-Гарэта, лірыка, драм. творы і гіст. раманы А.​Эркулану, прыродаапісальная лірыка А.Ф. ды Каштылью, гіст.-сац. драмы Ф.​Гоміша ды Амарына, «раманы страсці» і навелы К.​Каштэлу Бранку, ідылічныя раманы пра вясковае жыццё Ж.​Дыніша). За рэаліст. метад выступілі пісьменнікі т.зв. каімбрскай школы (А.Т. ды Кентал, Ж.​М.​Эса ды Кейруш, С.​Верды, А.М. ды Гера Жункейру). Раманы Ф.​Тэйшэйры ды Кейруша і А.​Батэлью пазначаны ўплывам эстэтыкі натуралізму. У пач. 20 ст. ўзнікла сімвалісцкая школа (паэты А.​Нобры, Э. ды Каштру, Р.​Г.​Брандан). Неарамант. тэндэнцыі, адраджэнне гарэтаўскай традыцыі ў л-ры прапаведавалі паэт А.​Л.​Віейра, драматург Ж.​Данташ. Пасля рэвалюцыі 1910 пашырыліся разнастайныя дэкадэнцкія (паэты М. ды Са-Карнейру, Ф.А.Песоа, А.​Сардынья, драматургі Ж. ды Алмейда Негрэйруш, А.​Патрысью) і экзістэнцыялісцкія (вершы Г. ды Фарыі, Ж. ды Бружыша, А. ды Созы, Ж. ды Каштру Азор’ю, п’есы Б. да Фансекі, Б.​Сантарэну) плыні. З сярэдзіны 20 ст. развіваецца рэаліст. проза — раманы А.​Рыбейру («Калі выюць ваўкі»), А.​А.​Рэдола («Лодка з сямю стырнамі», «Яр сляпых»), Ф. да Розы («Люстэрка жыцця»), Ф.​Наморы Гансалвіша («Ноч і світанак», «У нядзелю вечарам»), п’есы А.​Каргэша («Лалаш»), Л.​Ф.​Рэбелу («Назаўтра»). У апошнія дзесяцігоддзі 20 ст. прыкметная з’ява — неканвенцыяльная проза Ж.Сарамагу. Неарэаліст. традыцыі развіваюцца ў раманах Ж.​Кардозу Пірыша («Дафін»), У.​Таварыша Радрыгіша («Распад»), А.​Лобу Антуніша («Памяць слана», «Аўтамабіль праклятых»). Уплывы экзістэнцыялізму ў паэзіі Э. ды Андрады, прозе В.​Ферэйры (раман «З’яўленне», дакумент. зб. «Бягучыя справаздачы»), фемінісцкія матывы ў прозе Л.​Жоржы, І.​Лозы, мадэрнісцкія тэндэнцыі ў творчасці М.​Торгі (15-томны «Дзённік» у вершах і прозе), паэзіі Э.​Гансалвіша, А.​Азор’ю, Э.​Элдэра, А.​Ф.​Алешандры, прозе Ж.​Р.​Дырэйтынью, драматургіі А.М. ды Созы Арагана. На бел. мову перакладзены асобныя творы Камоэнса, Эсы ды Кейруша, Песоа, Л.​Жасінту. Сярод перакладчыкаў: Л.​Баршчэўскі, Я.​Лапатка, А.​Марціновіч, С.​Мурашка.

Архітэктура. У П. захаваліся дальмены часоў неаліту (Аліжа, Павія), рэшткі ўмацаваных паселішчаў лузітан (1-е тыс. да н.э.), руіны рым. збудаванняў (2 ст. да н.э. — 5 ст. н.э.), масіўныя мураваныя храмы вестготаў (7 ст.). Да 12 ст. паселішчы выраслі ў гарады з нерэгулярнай планіроўкай. У 11—12 ст. у Каімбры, Лісабоне ставілі замкі і саборы крапаснога тыпу, касцёлы і кляштары ў раманскім стылі. У стылі готыкі створаны комплексы кляштараў 12—14 ст. (у Алкабасе, Батальі). У канцы 15 — пач. 16 ст. расквітнеў самабытны стыль «мануэліна», які сінтэзаваў у арх. формах познагатычныя рысы з экзотыкай маўрытанскага стылю (кляштар св. Хрыста ў Тамары, 1508—31, арх. Д. ды Аруда; вежа-маяк Торы ды Белен у Лісабоне, 1515—20). У канцы 16 ст. — 1-й пал. 17 ст. дойлідства П. было ў заняпадзе. З канца 17 ст. аднаўлялася горадабудаўніцтва, развіваліся рэгулярныя планіровачныя сістэмы (забудова Лісабона пасля землетрасення 1755). Рэпрэзентацыйны характар набыла палацава-культавая архітэктура 18 ст. (палац-кляштар Мафра каля Лісабона, 1717—35, арх. Ф.​Лудавісі). У аздабленні будынкаў выкарыстоўвалі маёлікавыя пліткі (азулежу), якія часам суцэльным дываном пакрывалі фасады, арнаментальныя і сюжэтныя пано з іх упрыгожвалі інтэр’еры. У пабудовах 19 ст. дамінаваў класіцызм (палац Ажуда ў Лісабоне, з 1802, арх. Ф.​К.​Фабры). У 1-й пал. 20 ст. панавалі эклектычныя стылі. У 2-й пал. 20 ст. пашырана сучасная архітэктура. Праведзена рэканструкцыя многіх раёнаў Лісабона, г. Порту, пабудаваны тыпавыя жылыя дамы з лоджыямі і сонцаахоўнымі прыстасаваннямі. У буд-ве выкарыстоўваюцца новыя буд. канструкцыі і смелыя прасторавыя вырашэнні (арх. Ф.К. ду Амарал, А.​Ж.​Песоа і інш.).

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Ад эпохі палеаліту захаваліся наскальныя размалёўкі (у Сант’ягу-ду-Эшкарал), ад эпохі неаліту — кераміка, антрапаморфныя фігуркі з пласцінак шыферу, бронз. зброя. З 1-га тыс. да н.э. развівалася культура плямён лузітан, у 3 ст. да н.э. — 5 ст. н.э.Стараж. Рыма, у 7 ст. — вестготаў, з 8 ст. — арабаў і бербераў. У раманскі перыяд (10—12 ст.) з’явіўся каменны дэкор арх. пабудоў, які вызначаўся сакавітай пластычнасцю форм, спалучэннем незвычайных натуралістычных дэталей (выявы карабельных канатах, ракавін, каралаў і інш.) з гатычнымі, маўрытанскімі, часам інд. матывамі. Скульпт. дэкор раманскіх храмаў паводле тэхнікі выканання блізкі да разьбы па дрэве. 13—15 ст. — росквіт гатычнай пластыкі (найб. цэнтр — Каімбра). Высокім маст. узроўнем вызначаецца надмагілле караля Жуана I у Батальі (1433, скульпт. Ж.​Афонсу). У 15—16 ст. на жывапіс П. ўплывалі франц. рэнесанс (Ф.​Удартэ, Н.​Шантэрэн і інш.) і нідэрл. мастацтва (алтар святога Вінцэнта, 15 ст., мастак Н.​Гансалвіш; творы В.​Фернандыша, Г.​Ваша, Г.​Лопеша і інш.). Яркай самабытнасцю вылучаецца дэкар.-прыкладное мастацтва 16—17 ст., у якім спалучаліся еўрап. і ўсх. традыцыі (мэбля, дываны, тканіны, кераміка лузітана-ўсх. і інда-партуг. стыляў, маёлікавыя пліткі азулежу і інш.). У 17—18 ст. склаліся асновы нац. барока: манум. драўляная і каменная скульптура, тэракотавыя алтарныя статуэткі «прэзепіу» (Ж.​Машаду ды Каштру, А.​Ферэйра), партрэтны жывапіс (Д.​Віейра Эшкуру, Ф.​Віейра Лузітану) і інш. У канцы 18 — пач. 19 ст. развіваліся класіцызм (Ф.​Віейра Партуэнсі) і рамантызм (гіст. кампазіцыі Д.​А.​Сікейра). У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. перажываў рэаліст. кірунак: скульптура А.​Саарыж душ Рэйша, А.​Тэйшэйры Лопеша, Ф.​Франку, пейзажы і жанравыя кампазіцыі А.К. да Сілва Порту і Ж.М. да Сілва Алівейры, партрэты М.​А.​Лупі і інш. У 1833 створана маст. групоўка «Льва» (кіраўнік К.​Бардалу Піньейру, мастакі М.​Агушту, Э.​Малта, А.​Манта, Э.​Медына, К.​Фернандыш і інш.), якая сцвярджала нац. самабытнасць у мастацтве і паўплывала на развіццё мастацтва П. 1-й пал. 20 ст. З парыжскай школай звязаны жывапіс кубіста А.​Созы Кардозу і абстракцыяністкі М.​Э.​Віейры да Сільва. З сярэдзіны 20 ст. пашырыўся неарэалізм, у якім пераважала тэматыка нац. гісторыі і нар. жыцця (Ж.​Памар і інш.). Сярод мастакоў жывапісцы Ф. ды Азеведу, Р.​Рыбейру, графікі М.​Жыл, А.​Куньял, скульптары Л. ды Алмейда і інш. Развіваюцца традыц. віды нар. творчасці: маёлікавыя вырабы, карункапляценне, ткацтва, разьба па дрэве («прэзепіу», мэбля і інш.).

Музыка П. развівалася ва ўзаемадзеянні з іспанскай. У муз. фальклоры пераважаюць песенныя і песенна-танц. формы. Найб. стараж. песні прац. і каляндарныя, у т. л. калядныя (вільянсікуш), навагоднія (жанейраш), вясновыя (маяш), а таксама звязаныя з царк. святамі (рамарыяш). Сярод нар. муз. інструментаў: стр.-шчыпковыя віуэла (пазней віёла і віялан), кавакінью, духавы гайта (валынка), ударныя забумба (вял. барабан), тамбур (меншы барабан), адуфе (квадратны бубен з 2 мембранамі). У вёсках пашыраны інстр. ансамблі. Прафес. музыка развіваецца з 12 ст. У 12—13 ст. расквітнела мастацтва трубадураў. У 13—14 ст. былі пашыраны свецкія рамансы, песні вілансіка разнастайнага зместу, сольныя лірычныя песні фаду, танцы рода, віла, вілан, пазней шакота (чакона) і фолія. З 15 ст. развіваецца муз. т-р, адзін са стваральнікаў якога Ж.​Вісентэ. У інстр. музыцы складваліся варыяцыйныя і поліфанічныя формы. Вядомы кампазітары-віуэлісты Дон Педра (герцаг Каімбрскі), Ант. і Аф. да Сілва, П.​Ваш, віуэліст-віртуоз П. да Пена. Буйнейшыя поліфаністы 15—16 ст.: Т. да Сілва, Ж. ды Менезіш, М.​Машаду ды Азеведу, Э. ды Павія. У 2-й пал. 16—17 ст. дасягнула росквіту хар. поліфанія (М.​Мендыш, Д.​Лобу, М.​Кардозу, Ф. ды Магальяйніш). Інстр. музыку пісалі М.​Каэлью да Кошта, арганіст Ф.​Карэа ды Араўжу, А. да Круш (аўтар аднаго з першых падручнікаў па ігры на скрыпцы, 1639). У канцы 17—19 ст. панавала італьян. опера. У 1793 адкрыты каралеўскі т-р «Сан-Карлуш» у Лісабоне. Сярод оперных кампазітараў 18 ст. Ф.А. д’Алмейда (першая нац. опера «Цярпенне Сакрата», 1733), Ж. ды Соза Карвалью, Д.​Перэс, МА.​Партугал да Фансека. Інстр. і культавую хар. музыку пісалі д’Алмейда, ды Соза Карвалью, Ж.А.​К.​Сейшас. У пач. 19 ст. паявіліся нац. сімф. і камерна-інстр. творы Ж.​Д.​Бантэмпу (заснавальнік філарманічнага т-ва, 1822 і Каралеўскай кансерваторыі, 1835). У 2-й пал. 19 ст. створаны муз. т-вы і канцэртныя арг-цыі: «Публічныя канцэрты» (1860), Т-ва класічных канцэртаў (1874), Каралеўская акадэмія аматараў музыкі (1884) у Лісабоне, філармонія (1852), т-вы камернай музыкі (1883) і сімф. канцэртаў, хор «Арфеон» (1881) у Порту. У 1-й пал. 20 ст. вылучыліся кампазітары Ж.​Віяна да Мота (заснавальнік сучаснай кампазітарскай школы), 0. да Сілва, Л.​М.​Фрэйташ Бранку, К.​Карнейру, у нац. стылі працавалі І.​Круш і Ф.​Лопіш Граса, у 2-й пал. 20 ст. — Э.​Брага Сантуш, А.​Касату, прадстаўнікі авангардызму Ф.​Пірыш, Ж.​Пешынью. Сярод выканаўцаў спявак Ф. д’Андрады, піяністы Л.​Мендыш, Ж.​Секейра Кошта, А.​Марэа, С.​Кастнер, скрыпач А.​Бетэнкур. У П. працуюць: аркестры Нац. радыёвяшчання, Філарманічны і Нац. Савета, Нац. кансерваторыя, Т-ва партуг. аўтараў, Асацыяцыя кампазітараў, Т-ва хар. музыкі, Т-ва прыгожых мастацтваў, «Музычная моладзь Партугаліі» ў Лісабоне, аркестр радыё і Муніцыпальная кансерваторыя ў Порту, Муз. акадэмія ў Каімбры і інш.

Тэатр. З 12 ст. вядомы літургічная драма і тэатралізаваныя прадстаўленні імправізацыйнага характару, якія разыгрываліся жанглёрамі. У канцы 15 ст. станаўленне культуры эпохі Адраджэння садзейнічала развіццю т-ра і драматургіі. Родапачынальнік нац. т-ра — драматург, акцёр і кампазітар Ж.​Вісентэ (16 ст.). У канцы 16 ст. ў Лісабоне з’явіліся публічныя т-ры, але пад уздзеяннем царк. цэнзуры і інквізіцыі тэатр. жыццё П. заняпала. У пач. 18 ст. адкрыўся т-р «Байру-Алту», дзе выступалі прафес. парт. трупы. Уздым тэатр. мастацтва звязаны са сцвярджэннем у 1-й чвэрці 19 ст. рамант. кірунку. Па ініцыятыве драматурга Ж.​Б.​Алмейды-Гарэта ў Лісабоне створаны Кансерваторыя драм. мастацтва і Нац. т-р каралевы Марыі II (1846, дзейнічае), які стаў адным з цэнтраў сцэн. культуры. Заснаваны т-ры «Донья Амелія» (1894), «Свабодны тэатр» (1904). Сярод акцёраў 19 ст.: А.​Абраншыс, Э.​Бразан, Э. даж Невіш, бр. Ж. і А.​Роза, А.​Ферэйра да Сілва, Ф.​Таборда. У 20 ст. ў т-ры П. пераважалі мадэрнісцкія кірункі і пастаноўкі на грамадска-значныя тэмы. Ставіліся п’есы драматургаў Ж. ды Алмейды Негрэйруша, Р.​Карэі, Л.​С.​Мантэйру, Л.​Ф.​Рэбелу, А.​А.​Рэдола, Б.​Сантарэну, К.​Ферэйры і інш. Сярод тэатр. дзеячаў: П.​Баштуш, Э.​Брага, А. да Кунья, Р.​Мантэйру, М.​Матуш, Р.​Паўлу, А.​Рэй-Каласу, Л.​Сімоінш і інш. У Лісабоне дзейнічаюць Нац. нар. т-р (з 1957), «Маст. т-р Лісабона» (1955—56 і з 1960), прафес. тэатр. трупы працуюць таксама ў Порту і Каімбры.

Кіно. З 1896 здымаліся асобныя стужкі. Кінавытв-сць набыла рэгулярны характар пасля стварэння фірмы «Партугалія-фільм» (1909). Першы маст. фільм — «Мёртвая каралева» (1910, рэж. Х.​Коста). Лепшы нац. фільм нямога кіно — экранізацыя камедыі Ф.​Лаге і Ж.​Карэі Алівейры «Ваўкі» (1923, рэж. Р.​Лупу). У 1930-я г. зняты фільмы «Марыя з мора» (1930), першы гукавы фільм «Суровая» (1931, рэж. абодвух Л. ды Баруш), дакумент. «Дуэра, цяжкая праца на рацэ» (1931, рэж. М. ды Алівейра). У перыяд фаш. дыктатуры здымаліся гал. чынам камерцыйныя стужкі. Спробы ўнесці змены ў кінематограф пачаты суполкай «Новае партуг. кіно» (П.​Роша, А.​Рамуш, Ф.​Лопіш, А. да Кунья Тэліш, ды Алівейра і інш.). Сярод фільмаў: «Веснавая казка» (1962, дакумент.) і «Паляванне» (1964, рэж. абодвух ды Алівейра), «Беларміна» (1964, рэж. Лопіш), «Змяніць жыццё» (1966, рэж. Роша), «Круг» (1969, рэж. да Кунья Тэліш). У 1970 маладыя кінематаграфісты аб’ядналіся ў вытв. кааператыў «Партуг. кінацэнтр». З 1971 развіваецца незалежная кінавытв-сць; пастаўлены фільмы «Пчала на дажджы» (1971, рэж. Лопіш), «Прысяга» (рэж. А. ды Маседу), «Нелюбімы» (рэж. М.​Сілва, абодва 1972), «Мае сябры» (1973, рэж. да Кунья Тэліш). Сярод фільмаў 1970—80-х г. «Бог, радзіма, улада» (рэж. Р.​Сімоіш), «Дэманы Алкасер-Кібіра» рэж. Ж.​Фансека-і-Кошта), «Канфедэрацыя» (рэж. Л.​Галван Тэліш), «Святы саюз» (рэж. Э.​Жэада), «Франсіска» (рэж. ды Алівейра), «Месца смерці» (рэж. А.​П.​Вашканселуш).

Літ.:

Варьяш О.И., Черных А.П. Португалия: дороги истории. М., 1990;

Капланов Р.М. Португалия после второй мировой войны, 1945—1974. М., 1992;

Каптерева Т.П. Искусство Португалии. М., 1990.

Ю.​В.​Ляшковіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Дз.​М.​Чаркасаў (гісторыя да 20 ст.), Р.​Ч.​Лянькевіч (узброеныя сілы), Г.​М.​Малей (друк, радыё, тэлебачанне), Л.​П.​Баршчэўскі (літаратура), Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).

Герб і сцяг Партугаліі.
Узбярэжжа на поўдні Партугаліі.
Горны ланцуг Сера-ды-Маран на поўначы Партугаліі.
Да арт. Партугалія. Раўніна Алентэжу.
Да арт. Партугалія. Салдаты і жыхары на барыкадах Лісабона ў час Партугальскай рэвалюцыі 1910.
Да арт. Партугалія. Высадка экспедыцыі партугальскага мараплаўца П.​А.​Кабрала на ўзбярэжжы Бразіліі каля сучаснага г. Порту-Сегуру 22.4.1500. Сярэдневяковая гравюра.
Да арт. Партугалія. Галоўны порт Азорскіх астравоў — г. Понта-Дэлгада.
Да арт. Партугалія. Кляштар святога Хрыста ў г. Тамар. 1508—31.
Да арт. Партугалія. Н.​Гансалвіш. Сям’я герцагаў Браганса. Дэталь алтара св. Вінцэнта. 15 ст.

т. 12, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ТВІЯ (Latvija),

Латвійская Рэспубліка (Latvijas Republika), дзяржава ва Усх. Еўропе, у Прыбалтыцы. Мяжуе на Пн з Эстоніяй, на У з Рас. Федэрацыяй, на Пд з Літвой і Рэспублікай Беларусь, на З абмываецца водамі Балтыйскага м. і Рыжскага заліва. Пл. 64,6 тыс. км². Нас. 2,5 млн. чал. (1997). Дзярж. мова — латышская. Сталіца — г. Рыга. Падзяляецца на 26 раёнаў. Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (16 лістапада).

Дзяржаўны лад. Л. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1922, адноўленая і змадыфікаваная 6.7.1993. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае парламент на 2 гады і 3 м-цы. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Сейму (100 дэпутатаў), які выбіраецца на 5 гадоў. Выканаўчая ўлада належыць ураду на чале з прэм’ер-міністрам, якога прызначае прэзідэнт.

Прырода. Тэр. Л. размешчана на ПнЗ Усх.-Еўрапейскай раўніны, каля паўд.-ўсх. берагоў Балтыйскага м. Берагі слаба парэзаныя, з пясчанымі дзюнамі выш. да 15—20 м. Уздоўж узбярэжжа цягнецца прыморская нізіна, якая ў бас. р. Ліелупе пераходзіць у Сярэднелатвійскую нізіну. У цэнтр. ч. размешчана Відземскае ўзв. з найвыш. пунктам рэспублікі г. Гайзінькалнс (выш. да 311 м), на ПдУ — Латгальскае ўзв. (выш. да 289 м). Паміж імі — Усх.-Латвійская нізіна. На ПнУ — Алуксненскае ўзв. (выш. да 271 м), на З — Курземскае ўзв. (выш. да 184 м). На фарміраванне рэльефу вял. ўплыў зрабіла дзейнасць ледавікоў. Крышт. фундамент залягае на глыб. ад 400—600 да 1800 м (граніты, гнейсы), які перакрываюць дэвонскія, месцамі трыясавыя і юрскія пароды, а таксама чацвярцічныя адклады. Карысныя выкапні: торф (каля 6 тыс. радовішчаў, запасы — каля 530 млн. т), вапнякі, гіпсавы камень, даламіты, пяскі, гліны, нафта. Мінер. крыніцы і лячэбныя гразі. Клімат пераходны ад марскога да кантынентальнага. Зіма мяккая, частыя адлігі, лета ўмерана цёплае. Сярэдняя т-ра студз. ад -2,6 °C у Ліепаі да -6,6 °C у Даўгаўпілсе, ліп. адпаведна 16,8 °C і 17,6 °C. Ападкаў ад 550 да 850 мм за год. Рачная сетка вельмі разгалінаваная. У Л. каля 12,4 тыс. рэчак, з іх 94% даўж. менш за 10 км, 17 рэк — больш за 100 км. Гал. рэкі: Даўгава (Зах. Дзвіна), Вента, Ліелупе. Азёры займаюць 1,71% тэрыторыі; буйныя: Лубанас, Рэзнас, Буртніеку, Усмас. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, тарфяна-балотныя, на ПдЗ — дзярнова-карбанатныя, у далінах рэк — алювіяльныя. Пад лесам каля 46% тэрыторыі, пашыраны пераважна хваёвыя (асабліва на ўзбярэжжы Балтыйскага м.), з лісцевых — бярозавыя, альховыя, асінавыя лясы, на ПдЗ — дубравы. Каля 10% тэрыторыі займаюць балоты і забалочаныя землі. У фауне 60 відаў млекакормячых (заяц, вавёрка, барсук, лось, буры мядзведзь, рысь, воўк і інш.), 308 відаў птушак (глушэц, цецярук, курапатка, рабчык), 29 відаў марскіх (салака, кілька, ласось, камбала) і 28 прэснаводных (сіг, вугор, шчупак, судак) рыб, 7 відаў паўзуноў. Запаведнікі: Грыні, Марыцсала, Тэйчы, Слітэрэ, Крусткалны. Нац. парк Гаўя.

Насельніцтва. Асн. насельніцтва — латышы (55,3%, 1997). Жывуць рускія (32,5%), беларусы (4%), украінцы (2,9%), палякі (2,2%), літоўцы (1,3%) і інш. Пасля выхаду Л. са складу СССР назіраўся адток насельніцтва з краіны, асабліва рускамоўнага. Сальда міграцыі насельніцтва і натуральны прырост адмоўныя. Асн. колькасць вернікаў — хрысціяне (пратэстанты, праваслаўныя, католікі). Сярэдняя шчыльн. 39 чал. на 1 км². Гар. насельніцтва складае 69%. Найб. гарады (1997, тыс. чал.): Рыга (815,9), Даўгаўпілс (117,5), Ліепая (97,3), Елгава (71), Юрмала (59), Вентспілс (46,6).

Гісторыя. Чалавек на тэр. Л. пасяліўся ў эпоху мезаліту (9—4-е тыс. да н.э., верагодна, фіна-угорскія плямёны). У 2-м тыс. да н.э. тут з’явіліся продкі балтаў, якія жылі ва ўмацаваных паселішчах — гарадзішчах (іх у Л. выяўлена каля 400), займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй. У пач. 1-га тыс. н.э. ўтварыліся плямёны земгалаў, куршаў, латгалаў, селаў, ліваў. На тэр. Латгале знаходзіўся залежны ад Полацкага княства г. Герцыке. Сярод інш. стараж.-лат. гарадоў былі Талава (залежала ад Пскова), Лудза (засн. ў 1177), Саласпілс (засн. ў 1186). З пач. 2-га тыс. ў Л. пачало пранікаць хрысціянства, у т. л. ў выніку каланізацыі лат. зямель ням. крыжакамі на чале з епіскапамі, якія заснавалі ордэн мечаносцаў. У 13 ст. лівы, латгалы і інш. лат. плямёны разам з продкамі літоўцаў і славянамі супраціўляліся ням. экспансіі (гл. Крыжовыя паходы супраць славян і балтаў у 12—15 стагоддзях), аднак да канца 13 ст. былі падпарадкаваны, а землі Л. ўвайшлі ў склад Лівоніі. Ням. панаванне да 17 ст. запаволіла працэс кансалідацыі латышоў у народнасць. У выніку міжусобіц і знешніх фактараў да сярэдзіны 16 ст. дробныя лівонскія дзяржавы спынілі існаванне, а тэр. Л. была падзелена паміж ВКЛ і Даніяй (1560—62). У 1583 Данія перадала Рэчы Паспалітай сваю частку Курляндыі. У ходзе Лівонскай вайны 1558—83 і вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29 землі Л. значна спустошаны. Паводле Альтмаркскага перамір’я 1629 паўн.-зах. частка Л. разам з Рыгай уключана ў склад Швецыі (гл. Задзвінасае герцагства), усходняя (Латгале) засталася ў Рэчы Паспалітай. У час Паўночнай вайны 1700—21 Рыгу занялі рус. войскі (1710). Да канца 18 ст. ўся тэр. Л. апынулася ў складзе Рас. імперыі (у 1721 Відземе, у 1772 Латгале, у 1795 Курляндскае герцагства). У 19 — пач. 20 ст. эканам. развіццю Л. садзейнічалі буд-ва чыгунак і выкарыстанне для транзітных і інш. патрэб мясц. партоў (Вентспілс, Рыга, Ліепая); у прам-сці пераважалі машынабудаванне, вытв-сць электратэхн. абсталявання і гумавых вырабаў. Павялічылася колькасць рабочых і іх арг-цый; у 1904 засн. Лат. с.-д. рабочая партыя. Працоўныя Л. ўдзельнічалі ў рас. рэвалюцыях 1905—07, Лютаўскай і Кастрычніцкай 1917. У 1-ю сусв. вайну значная частка Л. акупіравана герм. войскамі; у 1915 у складзе дзеючай рас. арміі створаны часці латышскіх стралкоў.

У канцы 1-й сусв. вайны лат. сацыял-дэмакраты і нац. партыі склікалі ў Рызе Нац. савет, які абвясціў Л. незалежнай парламенцкай і дэмакр. рэспублікай (18.11.1918). Першым прэм’ер-міністрам Л. быў Х.Ульманіс, урад якога прызналі краіны Антанты і інш. дзяржавы (22.12.1918 фармальна і СНК РСФСР). 13—15.1.1919 1-ы з’езд Саветаў у Рызе абвясціў Л. сав. рэспублікай, што прывяло да сутыкнення паміж 2 лат. рэспублікамі (урад Сав. Л. самараспусціўся ў студз. 1920). Адбыліся таксама ўзбр. канфлікты Л. з Літвой і Польшчай. У канцы 1919 з Л. выведзены герм. войскі. 11.8.1920 у Рызе падпісаны лат.-сав. мірны дагавор. Тэр. Л. (разам з Латгале, дзе жылі і беларусы) склала 65,8 тыс. км², насельніцтва — 1,6 млн. чал. Урад Ульманіса правёў агр. рэформу (паводле закону ад 17.9.1920), садзейнічаў стварэнню школ для нац. меншасцей (складалі каля 25% насельніцтва краіны), у т. л. для беларусаў. У чэрв. 1920 прынята часовая, у лют. 1922 канчаткова зацверджана канстытуцыя Л. 30.6.1930 падпісана канвенцыя аб лат.-літ. мяжы. Да 1934 найб. уплывовымі паліт. сіламі краіны былі С.-д. рабочая партыя і Лат. сял. саюз. У эканоміцы Л. ​2/3 яе экспарту прыпадала на Вялікабрытанію і Германію. 16.5.1934 у Л. адбыўся дзярж. пераварот, у выніку якога ў краіне ўстаноўлена дыктатура Ульманіса (з мая 1936 прэзідэнт Л.). У пач. 2-й сусв. вайны пасля размежавання сфер уплыву паміж Германіяй і СССР паводле пакта Рыбентропа—Молатава 1939 Л. 5.10.1939 заключыла пакт з СССР, які прадугледжваў размяшчэнне на яе тэрыторыі сав. баз і войск (апошнія 18—20.6.1940 уведзены ў Л.). У гэтых умовах у краіне адбыліся змена ўрада і дзярж. ладу, а Л. 5.8.1940 увайшла ў склад СССР як 15-я саюзная рэспубліка. У чэрв.ліп. 1941 Л. акупіравалі ням.-фаш. войскі. Рыга стала цэнтрам рэйхскамісарыята «Остланд». На тэр. Л. дзейнічалі каля 20 тыс. сав. партызан, частка латышоў супрацоўнічала з акупац. ўладамі. У выніку Прыбалтыйскай аперацыі 1944 і інш. бітваў тэр. Л. да мая 1945 вызвалена ад ням.-фаш. войск. У 1947 лат. прам-сць дасягнула даваен. ўзроўню, да 1950 у асноўным калектывізавана сельская гаспадарка; праводзіліся інш. сац.-эканам. мерапрыемствы на ўзор СССР. Сярод інш. сав. рэспублік Л. вызначалася больш высокімі тэмпамі эканам. росту (у т. л. жывёлагадоўлі), асабліва ў 1970-я г. У час «перабудовы» ў СССР (з сярэдзіны 1980-х г.) у Л. актывізаваліся нац. сілы, у т. л. Нар. фронт (узнік у 1988). Пасля перамогі Нар. фронту (выступаў за дэнансацыю пакта Рыбентропа—Молатава як не адпаведнага нормам міжнар. права) на выбарах 18.3.1990 лат. парламент 4.5.1990 абвясціў аднаўленне суверэннай рэспублікі Л. на аснове канстытуцыі 1922. 9 9.1991 незалежнасць Л. прызнаў СССР. З 1993 прэзідэнт краіны — Г.Ульманіс. Кіраўніцтва Л. абвясціла пра яе імкненне стаць членам НАТО, гатоўнасць выкарыстаць дапамогу зах. дзяржаў для рэфармавання лат. гаспадаркі. Л. аддае значную ўвагу ўмацаванню і развіццю добрасуседскіх адносін з Рэспублікай Беларусь і інш. дзяржавамі. У 1999 прэзідэнтам Л. выбрана В.​Віке-Фрэйберге. Л. — чл. ААН (з 1991), Еўрап. саюза (з 1995), Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў крас. 1992.

Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Дэмакр. партыя «Саймніекс» («Гаспадар»), Нар. рух Латвіі, Партыя адзінства Л., Рух за нац. незалежнасць Л., Сял. саюз, Партыя нар. згоды, Сацыяліст. партыя, Рус. абшчына Л., Балта-слав. т-ва культ. развіцця і супрацоўніцтва, Саюз свабодных прафсаюзаў Л. і інш.

Гаспадарка. Л. — індустр.-агр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1996 складаў 5024 млн. дол. ЗША, 2017 дол. на душу насельніцтва. На долю прам-сці прыпадала 28% ВУП, на сельскую і лясную гаспадарку — 8%, на сферу паслуг — 51%. Вядучыя галіны прамысловасці — машынабудаванне і металаапрацоўка, хім. і нафтахім., дрэваапр., лёгкая, харч., Вытв-сць фармацэўтычнай і парфумерна-касметычнай прадукцыі. Паліўнаэнергет. комплекс Л. грунтуецца на прывазным паліве (нафтапрадукты, вугаль, прыродны газ). 3 мясц. відаў паліва выкарыстоўваюцца торф, дровы і адходы дрэваапр. прам-сці. Торфапрадпрыемствы «Седа», «Стружаны» і інш. Вытв-сць электраэнергіі 3,1 млрд. кВтгадз (1996). Працуюць Рыжская, Кегумская, Плявіньская ГЭС, Рыжскія ЦЭЦ-1 і ЦЭЦ-2, Ліепайская ЦЭЦ. Каля 40% электраэнергіі імпартуецца ў асноўным з Эстоніі і Літвы. Металургія прадстаўлена з-дам у г. Ліепая. Вытв-сць пракату 300 тыс. т (1996), металалом паступае з Літвы і Эстоніі. У машынабудаванні вылучаюцца электратэхн. (вытв-сць абсталявання для пасаж. вагонаў і трамваяў, прылад, пральных машын, цэнтрыфуг, электралямпаў), радыёэлектронная і сродкаў сувязі («ВЭФ»), трансп. (трамвайныя вагоны і электрацягнікі) галіны прам-сці, сканцэнтраваныя пераважна ў Рызе. Прадпрыемствы па вытв-сці с.-г. тэхнікі (Рыга, Елгава, Рэзекне), мікрааўтобусаў (Елгава), электраінструментаў, прывадных ланцугоў (Даўгаўпілс), вентылятараў (Вентспілс), тэлефонаў (Айзкраўкле). Вытв-сць (1996) радыёпрыёмнікаў — 9,6 тыс. шт., аўтобусаў — 1,2 тыс. штук. Хім. прам-сць у Даўгаўпілсе (вытв-сць валокнаў), Валміеры (шкловалакно), Олайне (пластмасы), Рызе (фарбы, лакі, фармацэўтычныя прэпараты), Вентспілсе (мінер. ўгнаенні). Вытв-сць сінт. фарбаў і лакаў у 1996—16,7 тыс. т. Развіта парфумерна-касметычная вытв-сць (Рыга). Лясная, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая прам-сць традыцыйна займае важнае месца ў эканоміцы краіны. Нарыхтоўку драўніны вядуць 24 леспрамгасы. Выпуск піламатэрыялаў, фанеры, мэблі, драўнянавалакністых і драўнянастружкавых пліт, запалак, лодак, паперы, кардону, цэлюлозы ў гарадах Рыга, Даўгаўпілс, Ліепая, Вентспілс, Юрмала, Валміера, Кулдыга і інш. Вытв-сць піламатэрыялаў — 1,2 млн. м³, паперы і кардону — 8,6 тыс. т (1996). Прам-сць буд. матэрыялаў працуе на мясц. сыравіне. Наладжана вытв-сць цэглы, чарапіцы, дрэнажных труб, керамзіту, цэменту (0,3 млн. т, 1996), шыферу, жалезабетонных вырабаў, лінолеуму, драўляных будынкаў, шкла і фарфору. Лёгкая прам-сць арыентуецца на высокакваліфікаваныя кадры і выпуск канкурэнтаздольнай прадукцыі. Гал. галіна — тэкст. (баваўняная, шарсцяная, шаўковая, ільняная); асн. яе цэнтры: Рыга, Елгава, Віляка, Мазсалаца і інш. Развіты трыкат. (Валка, Огрэ, Юрмала), швейная (Рыга, Елгава, Екабпілс), гарбарна-абутковая (Рыга, Ліепая, Даўгаўпілс), скургалантарэйная (Ліепая) галіны. Вытв-сць (1996) тканін — 0,9 млн. м², абутку — 0,8 млн. пар. Харч. прам-сць працуе пераважна на мясц. сыравіне. Важныя галіны — мясная, масласыраробная, рыбная, кансервавая, цукр., мукамольная, кандытарская, піваварная. Шэраг прадпрыемстваў камбікормавай прам-сці. Вытв-сць (1996, тыс. т) масла — 7,5, мукі — 107,5, цукру — 94,6. Маст. промыслы (апрацоўка скуры, бурштыну, разьба па дрэве, вышыўка). Асн. кірункі спецыялізацыі сельскай гаспадаркі: малочна-мясная жывёлагадоўля, свінагадоўля і птушкагадоўля (71% таварнай с.-г. прадукцыі, 1996). Гадуюць (тыс. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлу (537), свіней беконнага кірунку (553), авечак (72), коней (27). Развіта зверагадоўля (нутрыя, пясец, ліс). Пчалярства. С.-г. ўгоддзі займаюць каля 2,6 млн. га (1996), у т. л. ворныя землі 1,7 млн. га. Пад збожжавымі культурамі каля 45%, тэхн. — 2%, кармавымі — 46% усёй пасяўной плошчы. Вырошчваюць ячмень (179 тыс. т, 1996), пшаніцу (150 тыс. т), жыта, авёс, лён-даўгунец, цукр. буракі, травы. Бульбаводства і агародніцтва. Развіта кветкаводства. Улоў рыбы ў 1996—149,7 тыс. т. Геагр. становішча Л. спрыяльнае для буд-ва трансп. магістраляў. Даўж. чыгунак 2,4 тыс. км, у т. л. 11% электрыфікавана. Даўж. аўтадарог 51 тыс. км, у т. л. 56% з цвёрдым пакрыццём. Развіты марскі транспарт. Найб. парты: Вентспілс (экспарт нафты), Рыга, Ліепая. Рачное суднаходства ў нізоўях рэк Ліелупе, Вента, Даўгава. Авіятранспарт забяспечвае знешнія сувязі. Аэрапорты: Рыга, Даўгаўпілс, Ліепая. Газаправоды Дашава—Рыга, Таржок—Пскоў—Рыга; нафта- і прадуктаправод Полацк—Вентспілс. Экспарт (2,5 млрд. дол. ЗША, 1996): драўніна, тэкстыль, харч. прадукты, маш.-буд. прадукцыя. Імпарт (3,5 млрд. дол. ЗША, 1996): энерганосьбіты, машыны і электраабсталяванне, хім. прадукцыя. Асн. гандл. партнёры: Рас. Федэрацыя, Германія, Вялікабрытанія, Швецыя, Літва, Фінляндыя. Беларусь экспартуе ў Л. калійныя і азотныя ўгнаенні, нафтапрадукты; набывае рыбу, трыкатаж, шпалы, лек. сродкі. Курорты: Юрмала, Ліепая, Кемеры, Балдане і інш. Грашовая адзінка — лат.

Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (сухап. войскі або сілы абароны краіны, ВПС, ВМС), ваенізаваных фарміраванняў (пагран. войскі і берагавая ахова) і нар. апалчэння (мабілізацыйны рэзерв). Агульная колькасць (1996) больш за 25 тыс. чал., у т. л. 17,5 тыс. апалчэнцаў. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне паводле прызыву. У сухап. войсках больш за 7 тыс. чал., 13 бронетранспарцёраў, 24 гарматы, якія буксіруюцца, 28 мінамётаў. У ВПС каля 200 чал., 4 самалёты, 7 верталётаў. У ВМС каля 1 тыс. чал., у т. л. 220 чал. у берагавой абароне, 4 караблі, 14 катэраў.

Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 61,3, жанчын 73,4 гады. Смяротнасць — 15 на 1 тыс. чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 83 чал., урачамі — 1 на 291 чал. Узровень нараджальнасці — 12 на 1 тыс. чал. Натуральны прырост 0,4%. Дзіцячая смяротнасць — 21 на 1 тыс. нованароджаных (1997). Мед. страхаванне.

Асвета. Сучасная сістэма адукацыі Л. ўключае дашкольныя ўстановы, агульнаадук. і прафес. школы, сярэднія спец., прафес. і акад. вышэйшыя навуч. ўстановы. У агульнаадук. школу ўваходзяць абавязковая 9-гадовая базавая (4 гады навучання ў пач. школе і 5 гадоў у няпоўнай сярэдняй) і поўная сярэдняя (3 гады навучання пасля базавай школы, 10—12 кл.). Валоданне дзярж. (лат.) мовай абавязковае ва ўсіх навуч. установах, якія знаходзяцца пад юрысдыкцыяй Л. Сістэма прафес. падрыхтоўкі ўключае прафес. базавую школу для навучэнцаў, што не маюць базавай адукацыі (2 гады навучання), прафес. сярэднюю школу (3 гады), прафес. гімназію (4 гады навучання, дае права паступлення ў ВНУ). Сярэднюю спец. адукацыю даюць тэхнікумы і каледжы (4—5 гадоў навучання пасля базавай школы і 2—3 гады на базе поўнай сярэдняй). Прафесійная вышэйшая адукацыя (4 гады навучання) забяспечвае веды для прафес. дзейнасці, акадэмічная — заснавана на фундаментальнай або прыкладной навуцы з абавязковым кампанентам даследавання ў навуч. праграме. Акадэмічная вышэйшая адукацыя мае 2 ступені: бакалаўра (3—4,5 года навучання) і магістра (дадаткова 2 гады). Ступень магістра дае права на атрыманне ступені доктара (3—4 гады навучання). Буйнейшыя ВНУ: Латвійскі ун-т (з 1940), Рыжскі тэхн. ун-т (з 1896, да 1990 політэхн. ін-т), Рыжскі авіяц. ун-т (з 1960), Рыжскі ун-т імя Страдыня, Латв. марская акадэмія, Латв. акадэмія мастацтваў, Лат. акадэмія культуры, Латв. кансерваторыя, Міжнар. турыстычны ін-т — усе ў Рызе; Латв. с.-г. акадэмія ў Елгаве, Латв. евангелічная лютэранская хрысц. акадэмія ў Юрмале. Буйнейшыя б-кі: Латв. Нац. і Латв. акадэмічная ў Рызе. Музеі: Латв. музей гісторыі Рыгі, Латв. музей прыроды, Дом Я.​Райніса і Аспазіі, Музей акупацыі, Дзярж. маст. музей, маст. музеі — «Арсенал», замежных краін, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, латв. культуры; Мемар. музей Густава Шкілтэра — усе ў Рызе; мемар. ансамбль ахвярам фаш. тэрору ў Саласпілсе і інш. Навук. даследаванні праводзяць ін-ты Латв. АН (з 1946), н.-д. ўстановы галіновых міністэрстваў і ведамстваў, ВНУ.

Друк, радыё, тэлебачанне Найбольшы тыраж маюць грамадска-паліт. газеты «Lauku avize» («Сельская газета», з 1988, на лат. мове, 2 разы на тыдзень), штодзённая газ. «Dziena» («Дзень»), «Rigas balss» («Голас Рыгі», абедзве на лат. і рус. мовах), «Панорама Латвии», штотыднёвая газ. Нар. фронту «Atmoda» («Абуджэнне») і інш. Радыё з 1925 (на лат., рус., швед., англ. і ням. мовах). Тэлебачанне з 1954. Радыё і тэлебачаннем кіруе Камітэт па справах радыё і тэлебачання. Інфарм. агенцтвы: Латв. незалежнае тэлегр. агенцтва ЛЕТТА (створана ў 1989 на базе інфарм. агенцтва Латінфарм.), Baltic News Service (Балтыйская служба навін, з 1990).

Літаратура. Развіццё ўласна лат. л-ры пачалося ў сярэдзіне 19 ст. і было цесна звязана з нац.-вызв. рухам. Яна апіраецца на багатыя традыцыі песеннага фальклору, што ўпершыню зафіксавана ў выданні «Латышскія дайны» (т. 1—6, 1894—1915; збіральнік і складальнік К.​Баран). Першыя кнігі на лат. мове, пераважна духоўнага зместу, датуюцца 16 ст. Кнігі свецкага характару пачалі выдавацца ў сярэдзіне 18 ст. Заснавальнік нац. паэзіі — Ю.Алунан (зб. вершаў «Песенькі», 1856). Антыфеад. характар мела творчасць прадстаўнікоў т.зв. рамантызму Аўсекліса і А.Пумпура. Значным дасягненнем лат. прозы з’явіліся рэаліст. раман братоў Каўдзітаў «Часы каморнікаў» (1879) і апавяданні Апсішу Екаба пра жыццё лат. вёскі. У 1870—80-я г. зарадзілася нац. драматургія. Яе развіццё цесна звязана з дзейнасцю заснавальніка лат. т-ра і аўтара п’ес для яго А.Алунана. Новы этап развіцця лат. л-ры ў 1890-я г. звязаны з рухам прагрэс. інтэлігенцыі «Новая плынь» (рэв. вершы Э.Вейдэнбаўма, вершы і п’есы Аспазіі). Пачаў сваю дзейнасць як публіцыст Я.Райніс. У л-ру прыйшлі навеліст Р.Блаўман, паэт-рамантык Я.​Порук, пісьменнікі Э.Бірзніек-Упіт, Г.Брыгадэрэ, В.​Плуданіс, Я.​Яўнсудрабіньш і інш. Гал. змест іх твораў — жыццё, сац. перамены ў горадзе і вёсцы ў пач. 20 ст. Уплыў падзей рэвалюцыі 1905—07 выявіўся ў рэаліст., глыбінна-філас. творчасці Райніса. Развівалася л-ра крытычнага рэалізму (аповесці і раманы А.Упіта). У 1920—30-я г. асобныя прадстаўнікі лат. л-ры жылі, працавалі за межамі Л., у т. л. ў Сав. Саюзе: Судрабу Эджус, Э.​Эферт-Клусайс, А.​Кадзікіс-Грозны, Р.​Пельшэ, В.​Кнорын, П.​Даўге і інш. У 1934 створаны Саюз пісьменнікаў Л. Плённа працавалі Л. Лайцэн, Я.​Грот, В.Лаціс, Я.Судрабкалн, Упіт, Э.​Адамсан, Я.​Плаўдыс, А.​Чак і інш. У цэнтры ўвагі пісьменнікаў гіст. этапы жыцця краіны, розныя сац. слаі грамадства. У жанрава і тэматычна разнастайнай л-ры развіваліся паэзія, навела і раман, сатыр. камедыя і гіст. драма. У гады 2-й сусв. вайны гал. літ. жанрамі былі паэзія (В.Лукс, Судрабкалн, А.Грыгуліс, Ю.Ванаг, Ф.​Рокпелніс) і апавяданне (Г.Саксэ, Лаціс); у жанры філас. эсэ выступілі З.​Марыня і К.​Раўдыве. Пасляваен. пакаленне пісьменнікаў (у паэзіі — Лукс; Грот, Чак, А.​Баладыс, С.​Калдупе, у прозе — Лаціс, Саксэ, Г.​Бродэле, Д.​Зігмантэ, З.Скуінь і інш.) імкнулася да больш глыбокага адлюстравання рэчаіснасці, да раскрыцця ўнутр. свету сучаснікаў. Стылёва разнастайная пасляваен. паэзія (І.​Аўзіньш, В.Бэлшэвіца, І.Зіеданіс, М.​Чаклайс, А.​Веян, А.​Скалбе, О.Вацыеціс, А.​Элксне і інш.) вызначаецца шырынёй ахопу падзей, філасафічнасцю (грамадз. і інтымная лірыка М.​Кемпе). Л-ра 1970—80-х г. адметная тэматычнай актуальнасцю, эпічнасцю, маштабнасцю, паглыбленым пранікненнем у духоўны свет героя, спалучэннем глыбока індывідуальнага светаадчування пісьменніка і героя (А.Бэлс, А.​Калве, Я.​Маўліньш, Р.Эзера, Скуінь, В.​Югане, А.​Ханбергс, А.​Якубанс, М.Зарыньш). Гал. асаблівасць прозы 1990-х г. — гістарызм, дамінуе мемуарная л-ра. Актыўна развіваецца драматургія (Х.​Гулбіс, П.​Петэрсан, П.​Путніньш, Л.​Стумбрэ, М.Бірзэ, Скуінь).

Бел.-лат. літ. сувязі развіваюцца з 1920-х г. У 1926 Райніс наведаў Беларусь, дзе адбыліся яго сустрэчы з Я.​Купалам, Я.​Коласам і інш. пісьменнікамі, знаёмства з бел. культурай. Бел.-лат. сувязі актывізаваліся ў 1950-я г. Гэтаму спрыялі дэкады л-ры і мастацтва, асабістыя кантакты пісьменнікаў, іх перакладчыцкая дзейнасць. На лат. мове выдадзены анталогіі паэзіі («Беларуская сасна», 1960; «Хлеб-соль», 1974), прозы («Дом пад сонцам», 1960), асобныя кнігі лірыкі Я.​Купалы, Р.​Барадуліна, П.​Броўкі, П.​Панчанкі, М.​Танка, раманы «Глыбокая плынь» (1953) і «Сэрца на далоні» (1966) І.​Шамякіна, «Людзі на балоце» (1966) і «Подых навальніцы» (1969) І.​Мележа, «Птушкі і гнёзды» Я.​Брыля (1968), «Трэцяе пакаленне» К.​Чорнага (1971), зб. апавяданняў «Чазенія» У.​Караткевіча (1976), кн. «На імперыялістычнай вайне. Віленскія камунары» М.​Гарэцкага (1978), «Плач перапёлкі» І.​Чыгрынава (1980), «На ростанях» Я.​Коласа (1982), шэраг аповесцей Я.​Коласа, В.​Быкава, І.​Пташнікава, А.​Кудраўца, Шамякіна, В.​Казько, А.​Масарэнкі, п’есы «Пяюць жаваранкі» К.​Крапівы (1953), «Пінская шляхта» В.​Дуніна-Марцінкевіча (1960), «Лявоніха на арбіце» А.​Макаёнка (1962) і інш. Для дзяцей на лат. мове выйшлі паэт. творы: «Хлопчык і лётчык» Я.​Купалы, «Залатыя рукі» Э.​Агняцвет, «Чытанка-маляванка» В.​Віткі, аповесці «ТВТ» Я.​Маўра, «Міколка-паравоз» М.​Лынькова, «Таямнічы надпіс» В.​Зуба, кнігі бел. нар. казак (1960, 1977). На лат. мову бел. паэзію перакладалі Ю.​Ванаг, А.​Веян, Вацыеціс, В.​Ліўземніек, Я.​Плотніек, Судрабкалн, Е.​Стулпан і інш., прозу — Ванаг, Т.​Руліс і інш. На бел. мове выдадзены анталогіі лат. паэзіі («Ветрык, вей!», 1959; «Латышская савецкая паэзія», т. 1—2, 1984), прозы («Латышскія апавяданні», 1956; «Сучасныя латышскія апавяданні», 1978), кнігі вершаў, апавяданняў, казак «Песня Даўгавы» (1986), лат. нар. песень «Дайны» (1987), зборнікі паэзіі Я.​Райніса, Судрабкална, Бэлшэвіцы, кн. «Выбранае» (1993, вершы, літ.-крытычныя артыкулы, п’есы) Райніса, асобныя раманы Лайцэна, Лаціса, Б.​Саўлітыса, А.​Колберга, кнігі прозы Упіта, Грывы, Вілкса, п’есы Райніса, творы для дзяцей Ванага, З.​Эргле, В.​Бранка, кнігі нар. лат. казак і інш. На бел. мову творы лат. пісьменнікаў перакладалі Агняцвет, Барадулін, Броўка, Вітка, А.​Вярцінскі, Н.​Гілевіч, С.​Грахоўскі, А.​Звонак, І.​Калеснік, К.​Кірыенка, М.​Лужанін, В.​Лукша, П.​Макаль, С.​Панізнік, Панчанка, У.​Паўлаў, Ю.​Свірка, В.​Сёмуха, М.​Танк, У.​Шахавец, С.​Шушкевіч, Я.​Янішчыц, празаічныя творы — А.​Жук, Кудравец, А.​Марціновіч, П.​Місько, Сёмуха, Я.​Скрыган. У.​Яцко і інш. Лат.-бел. сувязям прысвечаны працы М.​Абалы і Дз.​Віксны «Гэта сяброўства ведае вечнасць» (1977) і кн. І.​Апіне «Беларусы ў Латвіі» (1995).

Архітэктура. У 1-м тыс. да н.э. на тэр. Л. будавалі ўмацаваныя паселішчы родавых абшчын (пілскалны), у 1-м тыс. н.э. — неўмацаваныя паселішчы (крэпасці-сховішчы), абкружаныя валамі з плятнём і частаколам наверсе. Да канца 12 ст. пераважалі пабудовы з дрэва. У канцы 12—15 ст. пераважала буд-ва мураваных абарончых і культавых будынкаў (найб. стараж. з мясц. вапняку) у раманскім стылі. У 13—14 ст. склаліся асн. тыпы рыцарскіх замкаў: вежа-данжон (замкі Турайдскі ў Сігулдзе, пач. 13 ст.; у Ліелстраўпе, сярэдзіна 14 ст.), канвенцкі дом (замкі ў Вентспілсе, 1290; у Рызе, 1330—1515), замак т.зв. нерэгулярнага тыпу, канфігурацыя ўмацаванняў якога імітавала схілы замкавага ўзгорка (замак у Кокнесе, закладзены ў пач. 13 ст.). Часта замкі станавіліся цэнтрамі гарадоў (Валміера, Цэсіс). Храмы ўзводзілі зальныя (царква ў Ікшкіле, 1185—13 ст.), базілікальныя з вежай над фасадам (цэрквы Яня ў Цэсісе, 1283—87; св. Сімяона ў Валміеры, 1283 — пач. 15 ст.). Пераходны стыль раманска-гатычных форм і канструкцый адлюстраваны ў Домскім саборы ў Рызе (1211—70). У 13—16 ст. развівалася гар. буд-ва: ратушы, будынкі гільдый, бюргерскія жылыя дамы з высокімі дахамі і ступеньчатымі франтонамі (Рыга, Цэсіс). Да сталай готыкі належыць царква св. Петэра ў Рызе (13—15 ст.). У познагатычнай архітэктуры часцей выкарыстоўвалі цэглу, ускладнены дэкор франтонаў і скляпенняў (царква св. Яня ў Рызе, канец 15 — пач. 16 ст.). У 2-й пал. 17 ст. сцвярджаюцца формы барока: фасад царквы св. Петэра (1689—94, арх. Р.​Біндэншу і інш.), т.зв. дом Даненштэрна (1694—98) у Рызе. У перыяд росквіту барока (1700—70-я г.) ствараліся буйныя палацава-паркавыя ансамблі (палацы ў Рундале, 1736—40, 1763—67, і Елгаве, 1738—72; арх. абодвух В.​В.​Растрэлі), свецкія будынкі (Акадэмія Петрына ў Елгаве, 1773—75, арх. С.​Енсен). У канцы 18 — сярэдзіне 19 ст. панаваў класіцызм: лютэранская царква ў Алуксне (1781—88, арх. К.​Хаберланд), арсенал-пакгаўз у Рызе (1828—30, арх. Ю.​Шпацыр), будынак гар. т-ра ў Рызе (1860—63, арх. Л.​Бонштэт), палацавыя комплексы ў Казданзе і Дурбе (арх. І.​Г.​Берліц). У 2-й пал. 19 ст. фарміруецца нац. арх. школа новага часу. На мяжы 19—20 ст. паралельна з эклектызмам (пабудовы Я.Ф.​А.​Баўманіса) развіваўся нац.-рамант. кірунак, які спалучаў традыцыі нар. лат. дойлідства з элементамі стылю мадэрн (жылыя дамы ў Рызе, 1906—09, арх. Э.​Лаўбе і А.​Ванаг). Пабудовам 1-й пал. 20 ст. ўласцівы класіцыстычныя тэндэнцыі (актавая зала Латв. ун-та ў Рызе, 1929—38, арх. Э.​Шталберг), рысы рацыяналізму з захаваннем стылізатарства ў духу нац. рамантызму (царква ў Алажах, 1927). З сярэдзіны 1950-х г. буд-ва вядзецца пераважна паводле тыпавых праектаў з цэглы ці зборнага жалезабетону. Будынкі жылых кварталаў групуюцца ў гармоніі з наваколлем, з цэнтрамі трансп. і быт. абслугоўвання (жылыя раёны Агенскалнскія Сосны, 1958—62, арх. М.​Рэндэль; Пурвунеме, з 1964, арх. С.​Алксне, Э.​Драндэ ў Рызе, і інш.). Для грамадскіх будынкаў характэрны строгая планіроўка, выразнасць канструкцый (санаторый у Яўнкемеры, 1967, арх. А.​Рэйнфельд і інш.), стрыманая па колеры аддзелка інтэр’ераў (летняя канцэртная зала ў Дзінтары, 1959—60, арх. М.​Гелзіс і А.​Вецсіліс), выкарыстанне на фасадах абліцоўкі з металу і пластыкаў. Найб. значныя збудаванні 1970—90-х г.: Маст. т-р імя Я.​Райніса (1976, арх. М.​Станя, Х.​Кандэр, І.​Якабсан), комплекс аэрапорта «Рыга» (1974, арх. Л.​Іваноў, В.​Ермалаеў), жылыя раёны Пуруцыемс і Межцыемс (1980—90-я г.) — усе ў Рызе, Дом культуры «Юрас варты» ў Вентспілсе (1977, арх. В.​Вавулс, А.​Дамброўскі) і інш. У 1945 засн. Саюз архітэктараў Л.

Выяўленчае мастацтва. Найб. стараж. помнікі мастацтва на тэр. Л. вядомы з 5-га тыс. да н.э. (выявы жывёл на касцяных дзяржаннях кінжалаў). З 4—3-га тыс. да н.э. паходзяць скульпт. гліняныя выявы твару чалавека, фігуркі людзей і жывёл з дрэва, косці, гліны, бурштыну. У 5—8 ст. высокага ўзроўню дасягнула апрацоўка металу (латгальскія дзявочыя вянкі з бронз. спіральных дратоў, аздобленыя прывескамі і бразготкамі). З 13 ст. мастацтва Л. развівалася ў рэчышчы культуры Зах. Еўропы, у асн. ганзейскіх гарадах. Працавалі пераважна замежныя майстры. Рысы раманскага і гатычнага стыляў выявіліся ў скульпт. афармленні капітэляў, калон, надмагілляў, у рэльефах. У 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. пашырыўся маньерызм, які найб. праявіўся ў дэкар. рэльефах. У перыяд барока (2-я пал. 17—18 ст.) у работах мясц. майстроў пераважала драўляная скульптура з выразнымі рысамі нар. мастацтва. Найб. ярка стылістыка барока ўвасобілася ў творах скульпт. майстэрні сям’і Сёфрэнсаў (алтар царквы Анас у Ліепаі, 1697), італьян. мастакоў Ф.​Марціні і К.​Дзукі (размалёўкі палаца ў Рундале, 1760-я г.) і інш. Нар. драўляная скульптура прадстаўлена пашыранымі ў Латгаліі ў 17 ст. ўкрыжаваннямі. У пач. 19 ст. ў мастацтве Л. пераважаў класіцызм. Мастакі Л. вучыліся пераважна ў Пецярбургу, дзе ў канцы 1880-х г. стварылі маст. гурток «Rükis» («Працаўнік»). З 2-й пал. 19 ст. пачала фарміравацца нац. маст. школа. Карціны на гіст. тэмы ствараў К.​Гун, працавалі пейзажысты Ю.​Федэр, А.​Э.​Алксніс, В.​Пурвіт, партрэтыст Я.​Розентал, графікі Р.​Зарыньш, Э.​Брэнцэн, Т.​Удэр. У 1-й пал. 20 ст. кірунак развіцця лат. скульптуры вызначыўся ў творчасці Т.Залькалнса. Жывапіс развіваўся ў рэчышчы постімпрэсіянізму (Е.​Казак, Я.​Гросвалд), сімвалізму (В.​Матвей). У 1920—30-я г. жывапісцы імкнуліся да стварэння праз каларыстычныя пошукі рамантычна-абагульненага вобраза свету (пейзажы Пурвіта, К.​Убана, нацюрморты і пейзажы Л.​Свемпа, вясковыя сцэны К.​Міесніека, Г.​Эліяса, жанравыя палотны Я.​Ліепіньша, партрэты Я.Тылберга, В.​Тоне). Працавалі скульпт. К.​Зале, К.Земдэга, К.​Янсан і інш. Развіваліся тэатр.-дэкарацыйнае (Л.​Ліберт, О.Скулме) і дэкар.-прыкладное (А.​Цыруліс) мастацтва, графіка (Ліепіньш), надмагільная пластыка (комплекс Брацкіх могілак, 1924—36, скульпт. Зале, арх. А.​Бірзеніек і інш.; помнік Я.​Райнісу, 1934, скульпт. Земдэга, арх. П.​Арэнд; помнік Свабоды, 1935, скульпт. Зале, арх. Э.​Ш.​Талберг — усе ў Рызе). Фармальнымі эксперыментамі вызначалася дзейнасць «Групы рыжскіх мастакоў» (1919—39). У 1919 у Рызе засн. Вышэйшыя маст. майстэрні (з 1920 Латв. АМ). Для мастацтва Л. 1940—70-х г. характэрны разнастайнасць кампазіцыйных вырашэнняў, лапідарнасць буйных форм, актыўнасць колеру і фактуры ў жывапісе, манументальнасць скульптуры. У стварэнні манум. ансамбляў выкарыстоўваліся традыц. для пластыкі Л. выяўл. магчымасці каменю (Мемар. ансамбль памяці ахвяр фаш. тэрору ў Саласпілсе; скульптары Л.​Букоўскі, Я.Зарынь, А.​Скарайніс, архітэктары Г.​Асарыс, А.​Закаменны, О.​Остэнберг, І.​Страўтманіс). У графіцы пашырыўся лінарыт (Г.​Кроліс, Д.​Рожкалн), дрэварыт (П.​Упітыс). Дэкар.-прыкладное мастацтва характарызуецца спалучэннем нар. традыцый і сучасных маст. форм. Найб. развіваліся кераміка, у т. л. буйных дэкар. форм (насценныя кампазіцыі, садовая кераміка), маст. тэкстыль (габелены Э.​Вігнерэ, Р.​Хеймрата і інш.), вітраж. Працавалі жывапісцы Э.Калніньш, Дж.​Скулме, Э.​Ілтнер, М.​Табака, Л.​Мурніск, скульптары Л.​Дзегузе, Зарынь, Скарайніс, В.​Алберг, А.​Гулбіс, графікі І.​Хелмут, П.​Упітыс, А.​Апініс. Мастацтва Л. 1980—90-х г. прадстаўлена творчасцю І.​Зарыня, Скулме, В.​Мерца, В.​Озала, Б.​Вегерэ, А.​Юр’яне, А.​Аўзіня, І.​Гейнрыхсана, Э.​Калненіека і інш. У нар. мастацтве пашыраны разьба, абточка і выпальванне па дрэве, кераміка, ткацтва і вязанне, апрацоўка металу, дробная драўляная пластыка. У 1951 засн. Саюз мастакоў Л.

Музыка. Лат. муз. фальклор уключае прац., каляндарныя (найб. пашыраны купальскія — ліга-песні), сямейна-абрадавыя, лірычныя, жартоўныя, карагодныя, танц. песні. Пераважае аднагалоссе, у некат. раёнах захавалася бурдоннае 2- і 3-галоссе. Характэрны песні і танцы ў суправаджэнні бразготак. Сярод нар. муз. інструментаў струнна-шчыпковы кокле (тыпу цытры); смычковыя скрыпка, дыга; духавыя стабуле (флейта), таўрэ (труба з дрэва, бяросты і інш.), ажарагс, дукас. З 13 ст. развіваецца каталіцкая, з 16 ст. пратэстанцкая царк. музыка. Было пашырана хатняе музіцыраванне. У 17—18 ст. існавалі прыдворны аркестр у Елгаве (ставіліся оперныя і балетныя спектаклі), аматарскае т-ва Калегіум музікум, Рыжскае муз. т-ва, Рыжскі ням. т-р (ставіў оперныя і драм. спектаклі). Развіццё лат. прафес. музыкі пачалося ў 19 ст. з адкрыццём настаўніцкіх семінарый у Валміеры (1839), Ірлаве (1841), Валцы (1849). Ствараліся лат. пеўчыя т-вы. У 1873 узнікла традыцыя агульналат. пеўчых свят. Вядучым жанрам прафес. музыкі стала хар. песня (Я.​Цымзе, К.​Баўманіс, Э.​Вігнер і інш.). Вял. ўклад у развіццё музыкі Л. зрабілі заснавальнік лат. кантаты і сімф. музыкі А.Юр’ян і Я.Вітал. У 1912 засн. Лат. опера. У пач. 20 ст. створаны першыя ўзоры нац. класікі: оперная дылогія «Агонь і ноч» Яніса Медыньша (1919), опера «Банюта» (1919), кантата «Судны дзень» (1917), сімф., вак., хар. творы А.Калніньша. У 1919 засн. Латв. кансерваторыя. Сярод лепшых опер 1920—30-х г. «Багі і людзі», «Спрыдытыс» Яніса Медыньша, «Вайдэлотэ» («Жрыца») Язэпа Медыньша, «Цудоўная птушка Лаліты», «Гамлет», «У агні» Я.​Калніньша. Развівалася сімф. і камерная музыка (Вітал, Яніс і Язэп Медыньшы, А.​Абеле, Я.​Калніньш, В.​Дарзіньш, П.​Барысан, Я.Іваноў, А.Скултэ). З канца 1940-х г. рэгулярна праводзяцца Лат. пеўчыя святы. Створаны новыя прафес. муз. арг-цыі і калектывы, канцэртныя залы, у т. л. ў Домскім саборы ў Рызе. Сярод вядучых майстроў лат. музыкі кампазітары Іваноў, Скултэ, М.Зарыньш, А.Жылінскіс, Л.​Гарута, Я.​Кепітыс, І.​Калніньш (оперы «Іграў я, скакаў», «Іфігенія ў Аўлідзе», араторыі, 5 сімфоній), П.​Дамбіс (араторыі), Р.​Калсан (5 сімфоній, канцэрты для інстр. з аркестрам), Е.Медыньш, П.​Васк, Г.​Раман, А.​Грынуп, П.​Плакідыс, Алдоніс, Калніньш, В.​Камінскіс, Р.​Ермак; у галіне эстр. музыкі працуе Р.Паўлс. Сярод выканаўцаў: дырыжоры Р.Глазуп, А.​Янсанс, Э.​Тонс, Л.​Вігнер, В.​Сінайскі, Г.​Ардэлоўскіс, харавыя — І.​Кокар, Р.​Ванаг, Т.​Калніньш, Е.​Медыньш, Я.​Озаліньш, Д.​Гайліс, А.​Дэркевіца, Я.​Думіньш, Х.​Медніс, Э.​Рачэўскіс; І.​Цэпітыс; спевакі М.​Вігнерэ-Грынберга, Р.​Берзіньш, А.​Кактыньш, М.​Брэхмане-Штэнгеле, А.​Вілюманіс, К.​Зарыньш, Ж.Гейнэ-Вагнерэ, А.​Фрынберг, Э.​Пакуль, А.​Дашкоў, Р.​Фрынберга; піяністы І.​Граўбіня, Г.​Браўн; арганісты М.​Ванадзіньш, П.​Сіпалніек. У Л. працуюць: Нацыянальная опера Латвіі, Рыжскі т-р аперэты (з 1945), філармонія (з 1941, у яе складзе Дзярж. акад. хор і камерны аркестр, з 1967), Дзярж. акад. сімф. аркестр Латв. радыё (з 1926), хор тэлебачання і радыё (з 1940), Дзярж. ансамбль танца «Дайле», Эстр.сімф. аркестр Дзяржтэлерадыёкампаніі (з 1966), фалькл. ансамблі «Ліўліст» (з 1971), «Скандыніекі» (з 1976). Дзейнічаюць Латв. кансерваторыя (з 1919), муз. вучылішчы, дзіцячыя муз. школы.

Высока развіта самадз. хар. культура. У 1944 створаны Саюз кампазітараў Л. У 1987 у Л. праведзены Дні камернай музыкі Беларусі.

Тэатр. Элементы тэатр. мастацтва былі ў нар. гульнях, абрадах. У 1205 у Рызе адбылося першае тэатр. прадстаўленне ням. місіянераў на сюжэт са Старога запавету. У сярэдневякоўі былі пашыраны містэрыі, школьныя драмы на ням. і лац. мовах. З 1742 у Рызе выступала пастаянная ням. трупа, у 1782 пабудаваны спец. тэатр. будынак. Першы спектакль на лат. мове пастаўлены ў 1868 («П’яніца Бергуліс» паводле А.​Стэндэра). У 1870 А.Алунан заснаваў аматарскі Рыжскі лат. т-р (з 1880-х г. прафесійны). У канцы 19 — пач. 20 ст. працавалі прафес. і аматарскія т-ры ў Рызе, Ліепаі, Елгаве, дзе ставіліся п’есы Алунана, Р.​Блаўмана, А.​Астроўскага, М.​Гогаля, А.​Пушкіна, Г.​Лесінга, Ф.​Шылера, У.​Шэкспіра і інш. Сярод прафес. акцёраў: Д.​Акментыня, Е.​Дубур, А.​Міерлаўк, П.​Озаліньш, Б.​Румніецэ, Ю.​Скайдрытэ, А.​Фрэйманіс, Р.​Янсан і інш. У 1902—05 дзейнічаў Новы лат. т-р, у 1908 засн. Новы рыжскі т-р, у якіх ставіліся п’есы Я.​Райніса, А.​Упіта, Г.​Гаўптмана, Г.​Ібсена, Л.​Талстога, Г.​Хеермана. Развіваліся нац. рэжысура (Т.​Амтманіс, Міерлаўк), акцёрскае мастацтва (А.​Амтман-Брыедыт, Т.​Банга, Г.​Жыбалт, Б.​Скуеніецэ, Э.​Смільгіс, М.​Шмітхене). У час 1-й сусв. вайны большасць рэжысёраў і акцёраў эмігрыравала з акупіраванай Л.; лат. т-ры дзейнічалі ў Маскве, Петраградзе, Таліне, Харкаве. У 1919 у Рызе пад кіраўніцтвам Упіта створаны Рабочы т-р Сав. Л. (пазней Нац. т-р, з 1971 Латвійскі т-р драмы імя Упіта), у 1920 — Маст. т-р імя Райніса. У тэатр. мастацтве 1920—30-х г. развіваліся рэаліст. і мадэрнісцкія кірункі. Вял. ўклад у развіццё т-ра Л. зрабілі Амтман-Брыедыт, А.​Клінт, Т.​Лаціс, Міерлаўк, Я.​Осіс, Смільгіс, Э.​Фельдманіс, Л.​Шпільберг і інш. Пасля 2-й сусв. вайны пашырылі сваю дзейнасць т-ры ў Ліепаі, Валміеры. Ставіліся лат., рус., сусв. класіка, п’есы А.​Грыгуліса, В.​Лаціса, Х.​Гулбіса, Ю.​Палевіча і інш. У развіццё т-ра Л. вял. ўклад зрабілі В.Артмане, Э.​Баруне, Л.​Баўмане, Л.Берзінь, Э.​Зіле, Ж.​Катлапс, В.​Ліне, П.​Луціс, Э.​Радзіня, К.​Себрыс, Л.​Фрэймане, Ц.​Херцберг, А.​Яўнушан і інш.

У 1920—30-я г. ў Рызе, Даўгаўпілсе і інш. гарадах Л. дзейнічалі бел. тэатр. калектывы. У 1927 арганізавана Т-ва бел. т-ра ў Л. У 1928 адкрыліся Рыжскі і Дзвінскі (Даўгаўпілскі) бел. нар. т-ры. Ставіліся п’есы Я.​Купалы, У.​Галубка, М.​Чарота, Л.​Родзевіча. У т-рах пастаўлены бел. п’есы «Паўлінка» Я.​Купалы, «Пяюць жаваранкі» і «Хто смяецца апошнім» К.​Крапівы, «Злавацца не трэба» Зуба, «Выбачайце, калі ласка!», «Лявоніха на арбіце» і «Трыбунал» А.​Макаёнка, «Амністыя» М.​Матукоўскага, «Трывога» А.​Петрашкевіча, «Не верце цішыні» І.​Шамякіна, «Вечар» і «Радавыя» А.​Дударава.

Кіно. Кінавытворчасць у Л. пачалася каля 1910: хранікальныя, дакумент., відавыя фільмы (рэпартажы аператара Э.​Тысэ пра г. Ліепая, і інш.). Першы ігравы фільм — «Дзе праўда?» (1913). У 1920—30-я г. здымаліся пераважна камерцыйныя фільмы. Лепшая стужка гэтага перыяду — «Сын рыбака» паводле рамана В.​Лаціса (1939, рэж. В.​Лапеніек). У 1940 у Рызе створаны студыі маст. і дакумент. фільмаў (у 1948 аб’яднаны ў Рыжскую кінастудыю). Пасля 2-й сусв. вайны развіццё лат. кіно было звязана з дзейнасцю ленінградскіх і маскоўскіх рэжысёраў і аператараў. У канцы 1940 — пач. 1960-х г. экранізаваліся творы Лаціса «Перамога» («Вяртанне з перамогай», 1948, рэж. А.​Іваноў), «Да новага берага» (1955, рэж. Л.​Лукаў), «Сын рыбака» (1957, рэж. В.​Круміньш), «Бура» («На парозе буры», 1961, рэж. Круміньш, Р.​Калніньш), створаны гіст.-біягр. фільм «Райніс» (1949, рэж. Ю.​Райзман), рамант. драма «Меч і ружа» (1960, рэж. Л.​Лейманіс), фільмы ваен. тэматыкі («Рыта», 1958, рэж. А.​Нерэтніецэ, і інш.). З 1960-х г. фільмы сталі больш разнастайнымі паводле тэматыкі і жанраў. Імкненнем асэнсаваць сваю гісторыю, яе драм. моманты праз лёсы канкрэтных людзей вызначаюцца стужкі «Я ўсё памятаю, Рычард!» (1967, рэж. Калніньш), «Калі дождж і вецер стукаюць у акно» (1968, рэж. А.​Брэнч), «Змова паслоў» (1966, рэж. М.​Розанцаў). У 1966 на Рыжскай кінастудыі створана група лялечных фільмаў. У 1970—80-я г. фільмы надзённай тэматыкі стваралі Я.​Стрэйч («Мой сябра чалавек несур’ёзны», 1976; «Лімузін колеру белай ночы», 1981), Дз.​Рытэнберг («Гэтыя небяспечныя дзверы на балкон», 1977), Г.​Цылінскіс і В.​Брасла («Саната над возерам», 1976) і інш. Экранізавалася нац. класіка («У ценю смерці» паводле Р.​Блаўмана, 1971, «Вей, ветрык» паводле Я.​Райніса, 1974, абодва рэж. Г.​Піесіс); здымаліся прыгодніцкія стужкі («Слугі д’ябла», 1970, рэж. А.​Лейманіс), дэтэктывы («Быць лішнім», 1977, рэж. Брэнч); пашырыўся выпуск тэлефільмаў («Майстра», 1976, рэж. Стрэйч; «Смерць пад ветразем», 1977, рэж. Нерэтніецэ). У 1981 зняты першы шматсерыйны тэлефільм «Доўгая дарога ў дзюнах» (рэж. Брэнч). Высокім майстэрствам вызначаліся дакумент. фільмы «Валміерскія дзяўчаты» (1970, рэж. І.​Селецкіс), «След душы» (1972), «Забароненая зона» (1975, абодва рэж. Г.​Франк), «Жанчына, якую чакаюць» (1978), «Пашырэнне свету» (1980, абодва рэж. Селецкіс), «Вышэйшы суд» (рэж. Франк), «Ці лёгка быць маладым» (рэж. Ю.​Подніек) і інш. Сярод дзеячаў лат. кіно: рэжысёры Круміньш, О.​Дункер, акцёры В.​Артмане, Х.​Ліепіньш, К.​Себрыс, Э.​Павулс, М.​Мартынсоне, Г.​Якаўлеў, А.​Кайрыша, Л.​Озаліня і інш.

Беларусы ў Латвіі. Продкі беларусаў (палачане) кантактавалі з продкамі латышоў з 8—9 ст. Яны гандлявалі ўздоўж Зах. Дзвіны (Даўгавы) на шляху «з варагаў у грэкі», збіралі даніну з ліваў і інш. стараж.-лат. плямён (гэтыя падзеі апісаны ў «Хроніцы Лівоніі» Генрыха Латвійскага), сяліліся ў Падзвінні, мелі тут свае фарпосты (Герцыке, Кукенойс). Буйным цэнтрам гандлю была Рыга, што засведчана яе дагаворам з Полацкам 1210 і інш. пагадненнямі. У часы існавання Ганзы купцы-крывічы пабудавалі ў Рызе Крэўскі двор. З 1453 вядома царква св. Мікалая ў Рызе, з 16 ст. — слабада бел. плытагонаў (Крэўсгорад) каля Крустпілса (з 1670 мела магдэбургскае права). Некалькі правасл. бел. цэркваў узніклі ў Л. ў 18—19 ст. Перасяленню беларусаў у Л. (частка іх асела ў партовых гарадах) садзейнічала адмена прыгоннага права ў 1861. З Л. паходзілі, тут вучыліся або працавалі ў 19 — пач. 20 ст. бел. грамадскія і культ. дзеячы, пісьменнікі, мастакі, у т. л. Х.Ц.Буйніцкі, В.​Б.​Вальтар, Н.Б.Ватацы, К.Б.Езавітаў, К.Каганец, У.М.Кудрэвіч, В.Ю.Ластоўскі, І.І.Луцкевіч, Я.Маўр. Паводле перапісу 1897, у Л. жылі 79523 беларусы. У Рызе Ластоўскі, Э.Будзька і інш. чыталі лекцыі на бел. мове для бел. нац. інтэлігенцыі і настаўнікаў, выступалі перад рабочымі з Беларусі. У 1920 у Рызе знаходзіўся ўрад БНР на чале з Ластоўскім, у 1920—21 — Вайскова-дыпламатычная місія БНР у Латвіі і Эстоніі (кіраўнік Езавітаў, консул У.В.Пігулеўскі), якая мела ўласнае выдавецтва. У 1920—30-я г. ў Л. дзейнічалі культ.-асв. т-ры «Бацькаўшчына» і «Беларуская хата», Беларускае навукова-краязнаўчае таварыства, Люцынская дзяржаўная беларуская гімназія, Дзвінская (Даўгаўпілская) бел. дзярж. гімназія, Бел. выдавецтва і інш. бел. арг-цыі і ўстановы. Бел. дыяспару ў Л. падтрымліваў лат. паэт і дэпутат сейма Я.Райніс. У час ням.-фаш. акупацыі Л. (1941—44) працавалі бел. пач. школы ў Дзвінскім, Люцынскім і Рэжыцкім паветах, 3 шасцікласныя бел. школы ў Рызе, гімназія ў Індры; у Рызе выдаваўся час. «Новы шлях». Пасля 1945 адбылася апошняя хваля перасялення беларусаў у Л., колькасць якіх у краіне павялічылася з 61,9 тыс. ў 1959 да амаль 120 тыс. чал. у 1989. Найб. кампактна беларусы жывуць у Рызе (у 1995 каля 70 тыс. чал.) і Даўгаўпілсе (больш за 10 тыс. чал.). У 1990 у Л. святкавалася 500-годдзе з дня нараджэння Ф.Скарыны. У Рызе дзейнічаюць Латв. т-ва бел. культуры «Сьвітанак» (з 1988), Аб’яднанне мастакоў-беларусаў Балтыі «Маю гонар» (з 1991), бел. сярэдняя школа; абедзве арг-цыі і школу ўзначальвае мастак В.Целеш, у Даўгаўпілсе — бел. культ.-асв. аб’яднанне «Уздым» (з 1993), бел. нядзельная школа, т-ва культуры «Латвія—Беларусь» (з 1996) і інш. У Даўгаўпілсе і Рызе з 1996 ёсць таксама суполкі Міжнар. фонду Я.​Купалы.

Літ.:

Витолс Д., Янкевиц Я. Экономическая и социальная география Латвийской Республики: Пер. с латыш. Рига, 1994;

От Лифляндии — к Латвии. Прибалтика русскими глазами. Т. 1. М., 1993;

Очерки экономической истории Латвии, 1860—1900. Рига, 1972;

Латвия на грани эпох. Рига, 1990;

Штейнберг В.А. Латвия во внешнеполитическом противоборстве Советской России и держав Запада, 1917—1920. Рига, 1979;

Крупников П.Я. Полвека истории Латвии глазами немцев (конец XIX в. — 1945 г.). Рига, 1989;

История Латвийской ССР. 2 изд. Рига, 1971;

Тугай У.В., Галавач А.В. Дзе песні 3 Даўгавы гучалі. Мн., 1992;

История латышской литературы. Т. 1—2. Рига, 1971;

Архитектура Советской Латвии. М., 1973;

Kolbergs A. Rigas grāmamd: Rigas vesture vecplisēta. Rīga, 1998;

Циелава С. Искусство Латвии. Л., 1979;

Latviešu padomju gleznieiba. Riga, 1985;

Starptautiska Mākslas Asociācija. Rīga, 1996;

Витолинь Я. Латышская народная песня. М., 1969;

Вериня С.Ф. Музыкальный театр Латвии и зарождение латышской национальной оперы. Л., 1973;

Грюнфельд Н.Э. История латышской музыки. М., 1978;

Бриеде-Булавинова В.В. Оперное творчество латышских композиторов. Л., 1979;

Карклиньш Л.А. Латышская симфоническая музыка. Л., 1981;

Кундзинь К.Э. Латышский театр: Очерк истории. М., 1963;

Фролова Г. Кино Латвии. М., 1981.

П.​І.​Рогач (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Р.​Ч.​Лянькевіч (гісторыя, узброеныя сілы), М.​Э.​Абала (літаратура), В.​Я.​Буйвал (архітэктура, выяўленчае мастацтва), Л.​А.​Сівалобчык (музыка), Г.​У.​Шур (кіно), С.​С.​Панізнік (беларусы ў Латвіі).

Герб і сцяг Латвіі.
Да арт. Латвія. Краявід на Відземскім узвышшы.
Да арт. Латвія. На ўзбярэжжы Рыжскага заліва.
Да арт. Латвія. Вулачка ў г. Вентспілс.
Да арт. Латвія. Рыга ў сярэдзіне 17 ст.
Да арт. Латвія. Помнік латышскім стралкам у Рызе.
Да арт. Латвія. Вежа-данжон Турайдскага замка ў Сігулдзе. Пач. 13 ст.
Да арт. Латвія. Скульптура ў інтэр’еры Домскага сабора.
Да арт. Латвія. Акадэмія Петрына ў Елгаве. 1773—75.
Да арт. Латвія. Домскі сабор у Рызе. 13 ст.
Да арт. Латвія. Замак у Цэсісе. 13—16 ст.
Да арт. Латвія. Лютэранская царква ў Алуксне. 1781—88.
Да арт. Латвія. В.​Пурвіт. Сакавіцкі вечар (Зімовы пейзаж). Каля 1901.
Да арт. Латвія. Дж.​Скулме. Хлеб на дарогу. 1967.
Да арт. Латвія. Помнік Свабоды ў Рызе. 1935.
Да арт. Латвія. П.​Упітыс. Дубы каля Гаўі. З серыі «Гаўя». 1956—57.
Да арт. Латвія. К.​Зале. Джузэпе Гарыбальдзі. 1918.
Да арт. Латвія. Э.​Вігнерэ. Святочны салют. Габелен. 1975.

т. 9, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)