пра... 1, прыстаўка.

1. Ужываецца для ўтварэння дзеясловаў і абазначае: а) пранікненне праз прадмет, прабіванне яго, утварэнне адтуліны і пад., напрыклад: прагрызці, праламаць, пранізаць, прапаліць, прапхнуць, прарэзаць, прастрэліць, прасунуць, праціснуць, прадзіравіць, праглянуць, працячы, прамесці, прастрыгчы; б) рух у прасторы міма прадмета, напрыклад: прабегчы, правалачы, правесці, праляцець, праскочыць; в) паўнату дзеяння, пашырэнне дзеяння на ўвесь прадмет, напрыклад: праварыць, прагрэць, пракіпець, прасеяць, прагоркнуць, прахарчаваць; г) закончанасць дзеяння, якое працягвалася некаторы час, запаўненне дзеяннем пэўнага прамежку часу, напрыклад: прабегаць, праараць, праспаць; д) дзеянне, у выніку якога нанесена шкода, страта, напрыклад: празяваць, прайграць, прагандлявацца; е) (з часціцай ‑ся/‑ца і без яе) выяўленне чаго‑н., напрыклад: прагаварыцца, прабалбатаць.

2. Ужываецца пры ўтварэнні назоўнікаў і прыметнікаў, якія абазначаюць: а) асоб паводле ўзыходнай (або сыходнай) лініі прамых ступеней сваяцтва, напрыклад: прадзед, прабабка, праўнук, праўнучка; б) першапачатковасць, найбольшую старажытнасць, напрыклад: прарадзіма, прамова (лінгв.), праславянскі; в) самую высокую ступень якасці, напрыклад: прамудры, праславуты.

пра... 2, прыстаўка (гістарычна ўзыходзіць да прэфікса про).

Ужываецца пры ўтварэнні назоўнікаў і прыметнікаў і ўказвае на блізкасць да таго або на агульнасць з тым, што абазначана ўтваральнай асновай ці на ніжэйшую, больш раннюю, папярэднюю ступень таго, аб чым сказана ва ўтваральнай аснове, напрыклад: прафашыст, праконсул, правобраз, праамерыканскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прасе́дзець, ‑седжу, ‑седзіш, ‑садзіць і прасядзе́ць, ‑сяджу, ‑сядзіш, ‑сядзіць; зак.

1. Правесці які‑н. час седзячы. Алесь і заснуў за гаворкаю з маці, а тая праседзела да самага відна, не спускаючы вачэй з сына. Броўка. Хлопец паслухмяна адышоўся ўбок і праседзеў з паўгадзіны на адкосе. Чорны. Так і праседзеў галодны чалавек на лаўцы, пакуль сям’я абедала. Чыгрынаў. Надзя амаль усю, ноч моўчкі прасядзела на саломе, прыхінуўшыся да сцяны. М. Ткачоў. // Правесці нейкі час, седзячы за якой‑н. работай, займаючыся чым‑н. Над той кніжкай Барашкін праседзеў да глыбокай ночы. Савіцкі. [Хвядос:] — А як жа! І дзед і бацька мой на рацэ праседзелі. А я ў гэту вайну ўвесь партызанскі атрад рыбай карміў. Парахневіч. Зубок прасядзела да позняга вечара і дапамагла Вераб’ёвай напісаць вялікі, з цікавымі фактамі артыкул. Кавалёў. // Прабыць дзе‑н., які‑н. час, адбываючы пакаранне. Другіх караюць, але не больш, як на той тэрмін, што абвінавачаныя праседзелі да суда. Машара. Косцю нехта гаварыў, што Бубновіч пры панскай Польшчы праседзела некалькі год у турме за падпольную работу. Карпюк. Паўлоўскі прасядзеў пад арыштам да глыбокай зімы. Чорны.

2. Разм. Правучыцца ў школе або іншай навучальнай установе больш устаноўленага тэрміну, застаючыся на другі год. У шостым класе Валя прасядзела два гады. Васілевіч.

3. Разм. Працерці ці праціснуць працяглым сядзеннем. Праседзець штаны. Праседзець канапу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)