КУЦ (Уладзімір Пятровіч) (7.2.1927, с. Алексіна Трасцянецкага р-на Сумскай вобл., Украіна — 16.8.1975),

савецкі спартсмен (лёгкая атлетыка, бег). Засл. майстар спорту СССР (1954). Скончыў Ленінградскі ін-т фіз. культуры (1961). Трэнер. Чэмпіён XVI Алімп. гульняў (1956, г. Мельбурн, Аўстралія) у бегу на дыстанцыях 5 і 10 км. Чэмпіён Еўропы (1954) на дыстанцыі 5 км, СССР (1953—57, на дыстанцыі 5 км; 1953—56, на дыстанцыі 10 км; 1957, у кросе на 8 км). Рэкардсмен свету (7 рэкордаў) у бегу на 3 мілі (1954), на 5 км (1954—55, 1957, 1965), на 10 км (1956, 1960), СССР (13 рэкордаў).

Тв.:

Повесть о беге. М., 1964.

т. 9, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІ́РСКІ (Аляксей Іванавіч) (8.10.1865, С.-Пецярбург ці г. Жытомір, Украіна —6.12.1942),

рускі пісьменнік. Друкаваўся з 1892. У аповесцях «Злачынец» (1900), «Рыжык. Прыгоды маленькага бадзягі» (1901, экранізавана, 1960) з дэмакратычных пазіцый паказаны свет адрынутых — беспрытульнікаў, зняволеных, яўр. беднаты. Аповесці «Запіскі рабочага» (1906), «Чорныя людзі» (1908) пра рабочы клас. Аўтар зб-каў апавяданняў і нарысаў «Растоўскія трушчобы» (1893), «У сценах турмы» (1894), «На радзіме» (1902), «Яўрэйскія апавяданні», «Дзеці вуліцы» (абодва 1909), аўтабіягр. кн. «Гісторыя майго жыцця» (ч. 1—5, 1929—34, асобнае выд. 1940) і інш.

Тв.:

Полн. собр. соч. Т. 1—10. М., 1928—30;

История моей жизни. М., 1947;

Рыжик: Повесть. Мн., 1997.

т. 14, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ХМАН ((Bachmann) Інгеборг) (25.6.1926, г. Клагенфурт, Аўстрыя — 17.10.1973),

аўстрыйская пісьменніца. У 1945—50 вучылася ў Грацкім, Інсбрукскім, Венскім ун-тах. Д-р філасофіі (1950). Аўтар зб-каў вершаў «Адтэрмінаваны час» (1953), «Покліч Вялікай Мядзведзіцы» (1956), зб-каў апавяданняў «Трыццаты год» (1961), «Сінхронна» (1972), рамана «Маліна» (1971), эсэ, нарысаў. Пісала лібрэта для балетаў і опер Г.​Генцэ, радыёп’есы: «Панскі двор» (1954), «Цыкады» (1955), «Добры бог з Манхатана» (1958). Яе лірыка сімвалічная, вытанчаная, са складанай метафарычнасцю, аднак стыль ясны, просты, строгі. Героі Бахман дзёрзкія, упартыя, поўныя пошукаў і супярэчнасцяў. Яны бунтуюць супраць багоў, лёсу, сац. умоў.

Тв.:

Рус. пер. — Три дороги к озеру: Повесть и рассказы. М., 1976;

Избранное. М., 1981.

У.​Л.​Сакалоўскі.

т. 2, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІЛЕ́ЎСКІ (Пятро) (Пётр Савельевіч; н. 15.5.1922, в. Сямёнаўка Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. пісьменнік, кінарэжысёр. Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі (1953). У 1953—88 на кінастудыі «Беларусьфільм». Друкуецца з 1942. Піша на рус. і бел. мовах. Аўтар аповесцей «Новы дзень» (1956), «Першапутак» (1959), «Вечныя маладажоны» (1987), п’ес «Год дзевяцьсот семнаццаты» (паст. 1957), «Чалавек вярнуўся» (паст. 1959), «Любоў, Надзея, Вера...» (паст. 1960) і інш., п’есы для тэлебачання «Руслан плюс Людміла» (1984). Пісьменніка цікавяць пераважна маральна-этычныя праблемы. Рэжысёр фільмаў «Палеская легенда» (1957, з М.​Фігуроўскім), «Рагаты бастыён» (1965) і інш.

Тв.:

Твой заўтрашні дзень: П’есы. Мн., 1968;

Красота человеческая: Повесть и рассказы. Мн., 1980;

Образ жизни: Пьесы. Мн., 1984.

І.​У.​Саламевіч.

т. 4, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАКЕМЧУ́К (Аляксандр Яўсеевіч) (н. 25.12.1927, г. Адэса, Украіна),

рускі пісьменнік, сцэнарыст. Скончыў Літ. ін-т імя Горкага ў Маскве (1952). Займаўся журналістыкай. У аповесцях «Час летніх адпачынкаў» (1959, аднайм. фільм, 1960), «Молада — зелена» (1961, аднайм. фільм, 1962), рамане «Бедны мацярык» (1968), зб-ках апавяд. і нарысаў «Сцюжа» (1956), «Берагі» (1958) жыццё сучаснікаў. Аповесць «Хлопчыкі» (1970, экранізавана) пра выхаванцаў Маскоўскага харавога вучылішча. Аўтар аўтабіягр. рамана «Пяшчотны ўзрост» (1979, аднайм. фільм, 1983), рамана «Трыццаць шэсць і шэсць» (1982), аўтабіягр. аповесці «Таварыш Ганс» (1965; фільм «Яны не пройдуць»), апавяданняў, п’ес, вершаў, сцэнарыяў паводле сваіх твораў і інш.

Тв.:

Избр. произв. Т. 1—2. М. 1977;

Избранное. М., 1982;

Старое русло Клязьмы: Рассказы. Повесть. Роман. М., 1986.

т. 13, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМА́НАЎ (Панцеляймон Сяргеевіч) (5.8.1884, с. Пятроўскае Адоеўскага р-на Тульскай вобл., Расія —8.4.1938),

рускі пісьменнік. Друкаваўся з 1911. У лірыка-псіхал. і сатыр. апавяданнях (зб-кі «Апавяданні», 1925, «Без чаромхі» і «Зачараваныя вёскі», абодва 1927); раманах пра інтэлігенцыю («Таварыш Кіслякоў», 1930; «Уласнасць», 1933) — дух паслярэв. эпохі з яе новай мараллю, сатыра на прыстасаванства, спекуляцыю, бюракратызм. У аўтабіягр. аповесці «Дзяцінства» (1926) і ліраэпічным рамане «Русь» (ч. 1—5, 1922—36) — маянтковая Расія перадрэвалюцыйнага часу. Аўтар рамана «Новая скрыжаль» (1928), аповесці «Пісьменнік» (1915), п’есы «Землятрус» (1924) і інш. Прозе Р. ўласцівы лірызм і гумар, майстэрства дыялогу.

Тв.:

Избр. произв. М., 1988;

Детство: Повесть. рассказы. Тула, 1986;

Повести и рассказы. М., 1990.

т. 13, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САІ́Д АХМА́Д (сапр. Саід Ахмад Хусанхаджаеў; н. 10.6.1920, Ташкент),

узбекскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Узбекістана (1980). Вучыўся ў Ташкенцкім ун-це (1940—41). Першы зб. апавяданняў «Падарунак» (1940). У творах «Ферганскія апавяданні» (1948), аповесці «Прыгавор» (1958) паказвае духоўнае аблічча рабочых і інтэлігенцыі, працу і гераізм народа. Раман «Гарызонт» (кн. 1—3, 1964—74) пра падзеі Вял. Айч. вайны. Аўтар зб-каў апавяданняў «Стэпавы беркут» (1960), «Мілыя маці» (1962), «Каштоўны камень Бадахшана» (1966), п’есы «Бунт нявестак» (1976) і інш. На бел. мову некат. творы С.А. пераклаў І.​Сакалоўскі.

Тв.:

Рус. пер. — Журавли: Рассказы. Ташкент, 1964;

Пора возвращения аистов: Повесть и рассказы. Ташкент, 1979;

Горизонт. М., 1986.

Літ.:

Владимирова Н.В. Мастерство Саида Ахмада. Ташкент, 1973.

т. 14, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРТ, Харт (Harte) Фрэнсіс Брэт (25.8.1836, г. Олбані, штат Нью-Йорк, ЗША — 5.5.1902), амерыканскі пісьменнік. Быў золаташукальнікам, журналістам. Вядомасць яму прынеслі «Каліфарнійскія апавяданні» (1857—71), у якіх адлюстраваў каліфарнійскую «залатую ліхаманку», быт і норавы разнашэрснага племені старацеляў. Навелы Гарта адметныя спалучэннем мясц. каларыту, фалькл. элементаў, гумару з рэалістычным поглядам на свет і рамантычным яго ўспрыманнем. Аўтар аповесці «Мліс» (1860), раманаў (у т. л. «Габрыэл Конрай», 1875—76), зб. «Усходнія і заходнія вершы» (1871), кн. літ. пародый «Раманы ў сціслым пераказе» (1867) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—6. М., 1966;

Находка в Сверкающей Звезде: Рассказы;

История одного рудника: Повесть. М., 1991;

Гэбриель Конрой: Роман. М, 1993

Літ.:

Лидский Ю. Писатель-реалист Брет Гарт. Киев, 1961.

т. 5, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАМЕДКУЛІЗАДЭ́ (Джаліл) (22.2.1866, Нахічэвань-на-Араксе, Азербайджан — 4.1.1932),

азербайджанскі пісьменнік; пачынальнік рэв.-дэмакр. кірунку ў азерб. л-ры. Скончыў настаўніцкую семінарыю (г. Горы, 1887). З 1903 жыў у Тбілісі. Літ. дзейнасць пачаў у 1880-я г. Пісаў пад псеўд. Мала Насрэдзін. У 1906 заснаваў і рэдагаваў (да 1931, з перапынкамі) сатыр. час. «Мала Насрэдзін». У аповесці «Прапажа асла» (1894, выд. 1936), апавяданнях, камедыях «Мерцвякі» (1909), «Зборышча вар’ятаў», драме «Кеманча» (абедзве выд. 1936), сатыр. фельетонах выступаў супраць сац. прыгнёту, рэліг. фанатызму, невуцтва. Удзельнічаў у распрацоўцы новага лацінізаванага азерб. алфавіта.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. произв. Т. 1—2. Баку, 1966;

Четки хана: Повесть и рассказы. М., 1966.

Літ.:

Шариф А. Рождение Молла Насреддина: Очерк жизни и творчества Д.​Мамедкулизаде. Баку, 1968.

т. 10, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТАЛІ́НІ ((Pratolini) Васка) (19.10.1913, г. Фларэнцыя, Італія — 12.1.1991),

італьянскі пісьменнік; буйнейшы прадстаўнік неарэалізму ў італьян. л-ры. У 2-ю сусв. вайну ўдзельнік руху Супраціўлення. Друкаваўся з 1938. У рамане-хроніцы «Аповесць пра бедных закаханых» (1947), аўтабіягр. цыкле «Вуліца Магадзіні» (1941), «Квартал» (1945), «Сямейная хроніка» (1947), трылогіі «Італьянская гісторыя» (1955—66) духоўнае станаўленне «героя з народа». Аўтар зб-каў паэзіі «Горад майго трыццацігоддзя» (1967), «Каляндар 67 года» (1978), «Некалькі лістоў да Наташы» (1985). Яго творы адметныя спалучэннем лірычнага дакументалізму з маст. вымыслам.

Тв.:

Рус. пер. — Повесть о бедных влюбленных. М., 1956;

Виа де Магадзини;

Семейная хроника. М., 1958;

Метелло. М., 1958;

Квартал. М., 1963;

Постоянство разума. М., 1966.

Літ.:

Потапова З.М. Неореализм в итальянской литературе. М., 1961.

т. 13, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)