машына для ўтварэння дакладнага профілю і роўнай паверхні дна і адхонаў каналаў (аўтадарог, дамбаў, плацін, вадасховішчаў). Бываюць на рэйкавым і гусенічным хаду. З’яўляюцца разнавіднасцю планіроўшчыкаў.
Маюць 1 ці 2 многакаўшовыя рабочыя органы папярочнага капання (або фрэзы), якія непасрэдна ці праз стужачны транспарцёр выкідваюць грунт на берму (у кавальеры). За рабочымі органамі размяшчаюцца адвалы — для канчатковай планіроўкі і зачысткі паверхні. Паўнапрофільныя П. планіруюць увесь перыметр выемкі з рознай шырынёй па дне, працуюць пры руху ўперад і назад; паўпрофільныя ажыццяўляюць планіроўку аднаго адхону і часткі дна (адхонапланіроўшчыкі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕТО́ННЫЯ ВЫ́РАБЫ І КАНСТРУ́КЦЫІ,
будаўнічыя вырабы і канструкцыі з бетону. З-за недастатковай трываласці на расцягванне выкарыстоўваюцца ў асноўным у частках будынкаў і збудаванняў, дзе пераважаюць намаганні сціскання, напр., сценавыя камяні і блокі, фундаментныя блокі, слупы, тратуарныя пліты і інш.; таксама пры ўзвядзенні масіўных збудаванняў (плацін, падпорных сцен, маставых апор). Для збудаванняў, дзе неабходна ўспрымаць намаганні расцягвання, бетонныя вырабы і канструкцыі ўзмацняюць стальной і інш.арматурай (гл.Жалезабетонныя вырабы і канструкцыі).
Фармуюць вырабы і ўшчыльняюць бетонную сумесь вібрыраваннем (сумесь з адносна малой колькасцю вады), цэнтрыфугаваннем (вытв-сць жалезабетонных труб), вібравакуумаваннем (сумесь з адносна вял. колькасцю вады), вібрапрасаваннем (танкасценныя канструкцыі). Даўгавечныя, вогнеўстойлівыя, эканамічныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫНІ́ЦА,
сканцэнтраваны прыродны выхад падземных вод на зямную паверхню на сушы або пад вадой. Утварэнне К. звязана з перасячэннем ваданосных гарызонтаў адмоўнымі формамі рэльефу (рачнымі далінамі, лагчынамі, ярамі і інш.), геолага-структурнымі асаблівасцямі мясцовасці (трэшчыны, тэктанічныя парушэнні і інш.), фільтрацыйнай неаднароднасцю водазмяшчальных парод. Падзяляюцца: па напрамку руху падземных вод да іх выхаду на паверхню і гідрадынамічных асаблівасцях на сыходныя (жыўленне грунтавымі безнапорнымі водамі) і ўзыходныя (жыўленне артэзіянскімі напорнымі водамі); паводле характару рэжыму — на пастаянна, сезонна і рытмічна дзеючыя; залежна ад саставу — на прэсныя і мінеральныя; па т-ры — на кіпячыя, гарачыя, цёплыя і халодныя. Штучныя К. ўтвараюцца ў выніку інжынерна-гасп. дзейнасці (К. ніжніх б’ефаў плацін, зваротныя К. на масівах арашэння, К., звязаныя з узвядзеннем фундаментаў будынкаў і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЛІ,
стрыжні (слупы, брусы), якія апускаюць у грунт для перадачы нагрузак ад збудаванняў. Бываюць жалезабетонныя, бетонныя, металічныя, драўляныя. Апускаюцца ў грунт палябойным абсталяваннем, завінчваннем, бетанаваннем у шчыліне.
Выкарыстоўваюцца для стварэння палевых фундаментаў, мастоў, падпорных сцен, у канструкцыях набярэжных, прычальных збудаванняў, плацін і інш. У асобных умовах выкарыстоўваюцца шпунтавыя П., якія ставяцца шчыльна адна да адной і ствараюць шпунтавыя загароды. Для сувязі верхніх частак П. робіцца ростверк, які служыць апорнай плітой ці бэлькай для збудавання. Пабудовы на П. вядомыя, у т. л. на Беларусі, з эпохі неаліту. Будаваліся па берагах рэк, азёр, на балотах, у т. л. для засцярогі ад паводак, звяроў і ворагаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЛЬЧЫ́РАВАННЕў меліярацыйным будаўніцтве,
размеркаванне па паверхні глебагрунтоў мульчы (пераважна тарфакрошкі) з наступным замацаваннем яе плёнкаўтваральнымі эмульсіямі. Робіцца пры залужэнні адхонаў каля гідравузлоў, мастоў, шлюзаў і стромкіх адхонаў каналаў, дамб, плацін, дарог з мэтай папярэджання воднай (змыву, размыву) і ветравой (выдзімання) эрозіі.
Перад М паверхню адхонаў рыхляць, выраўноўваюць, засяваюць травамі, уносяць угнаенні. Нанесены слой мульчы (5—10 см) пакрываюць латэкснымі або бітумнымі эмульсіямі (выкарыстоўваюцца таксама эмульсіі водарастваральных сінт. палімераў, распрацаваныя ў Бел.НДІ меліярацыі і лугаводства). Замест эмульсій ужываюць таксама паветраводапранікальнае палатно або біяпалатно, распрацаванае тым жа ін-там (выпускаецца акц. т-вам у Жлобіне). У якасці мульчара (мульчыравальніка) выкарыстоўваюць гідрасеялкі, пераабсталяваныя раскідвальнікі ўгнаенняў. М. адхонаў магістральных каналаў робяць таксама бульдозерамі, самазваламі, каўшовымі экскаватарамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
гідратэ́хніка
(ад гідра- + тэхніка)
навука аб выкарыстанні водных рэсурсаў у гаспадарцы і барацьбе са шкодным дзеяннем воднай стыхіі, а таксама галіна тэхнікі, якая займаецца ўзвядзеннем плацін, дамбаў, каналаў, вадасховішчаў і г.д.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
БАЛОТАЎТВАРА́ЛЬНЫ ПРАЦЭ́С, забалочванне,
прыродна-ландшафтны або антрапагенны працэс утварэння балотаў. Адрозніваюць два тыпы балотаўтваральнага працэсу: забалочванне сушы і затарфаванне вадаёмаў.
На сушы развіваецца пры залішнім увільгатненні глебаў, калі ападкі пераважаюць над выпарэннем, або пры падняцці ўзроўню грунтавых водаў (павышэнне базіса эрозіі, збудаванне плацін і інш.). Ператварэнне вадаёмаў у балота адбываецца ў выніку зарастання азёраў, старыц, сажалак прыбярэжнымі раслінамі (хвошч, чарот, трыснёг, асака) і ўтварэння сплавіны з плаваючых раслін (раска, водныя папараці і інш.). На сплавіне растуць шабельнік балотны, бабок, некаторыя асокі, імхі і інш. торфаўтваральнікі. Узнікае нізіннае балота, якое з часам можа трансфармавацца ў пераходнае і вярховае. Балотаўтваральны працэс у мінулым ахопліваў вял. прасторы на тэр. Беларусі, асабліва на Палессі.
Да арт.Балотаўтваральны працэс. Утварэнне балота на месцы вадаёма: А — адкрытая водная прастора; Б — прыбярэжна-водная расліннасць; В — асаковае нізіннае балота; Г — хваёвы лес на сфагнавым балоце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕМЛЯСО́СНЫ СНАРА́Д,
плывучая землярыйная машына, якая ўсмоктвае з-пад вады грунт (у выглядзе пульпы) і транспартуе яго ў адвал, цела землянога збудавання або ў трансп. сродкі; судна тэхн. флоту; адзін з асн. сродкаў гідрамеханізацыі.
Адрозніваюць З.с., якія перапампоўваюць пульпу па грунтаправодах (ляжаць на паплаўках, пантонах або стойках) і самаадвозныя, што адвозяць грунт ва ўласным труме. Рабочы орган З.с. — грунтавая помпа (землясос) з усмоктвальнай трубой, якая аснашчана мех. (звычайна фрэзернага тыпу) або гідраўл. рыхліцелем. З.с. выкарыстоўваюцца на днопаглыбляльных работах, пры ўзвядзенні земляных плацін, дамбаў і інш. насыпаў спосабам намыву, пры буд-ве каналаў, катлаванаў, раскрыванні радовішчаў, здабычы пясчана-гравійных сумесей і інш. Упершыню ўсмоктванне грунту з-пад вады выкарыстана ў Францыі ў 1859, у Расіі ў 1874. Буд-ва і выкарыстанне З.с. найб. развіты ў Нідэрландах і Японіі.
М.М.Кунцэвіч.
Землясосны снарад з фрэзай для разрыхлення грунту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГАРА́,
рака на ПдЗУсх. Сібіры, правы, самы мнагаводны прыток Енісея, у Іркуцкай вобл. і Краснаярскім краі Расійскай Федэрацыі. Даўж. 1779 км, пл.бас. 1040 тыс.км². Выцякае з воз. Байкал, цячэ па паўд.ч. Сярэднесібірскага пласкагор’я. Ад вытоку большая ч. ракі ператворана ў каскад вадасховішчаў. У ніжнім цячэнні ў рэчышчы парогі Мурскі, Стралкоўскі (каля вусця), шматлікія шыверы, шмат астравоў. Асн. прытокі: Іркут, Ака з Іяй, Кова, Тасеева (злева), Ілім, Чадабец (справа). Водны рэжым Ангары зарэгуляваны воз. Байкал і вадасховішчамі. Жыўленне (акрамя азёрнага) снегавое і дажджавое. Ледастаў на вадасховішчах з ліст., ніжэй — з канца вер. да мая. Сярэднегадавы расход вады ў вярхоўі 1730 м³/с, у вусці 5100 м³/с. Суднаходная ад вытоку (з перарывамі каля плацінГЭС). На Ангары Іркуцкая, Брацкая, Усць-Ілімская ГЭС з вадасховішчамі, будуецца (1989) Багучанская ГЭС. Гал. гарады: Іркуцк, Ангарск, Усолье-Сібірскае, Свірск, Брацк, Усць-Ілімск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАНІРО́ВАЧНЫЯ РАБО́ТЫ,
від земляных работ па выраўноўванні мезарэльефу (паверхняў з ваганнем адносных вышынь да 5 м пры дзесятках метраў працягласці) і мікрарэльефу (форм вышынёй да 1 м і дыяметрам да 30 м), па наданні паверхні зямлі патрэбнага нахілу. Уключаюць паверхневую планіроўку с.-г. зямель, планіроўку адхонаў гідратэхн. збудаванняў (ГТЗ) і горнапланіровачныя работы.
Планіроўка паверхні меліяраваных зямель скіравана на ўтварэнне выраўнаваных па рэльефе і аднародных па ўрадлівасці палёў. Уключае зараўноўванне траншэй, вадацёкаў, выемак, зрэзку бугроў, раздзелку пласта, планіроўку мікрарэльефу, пазней ліквідацыю прасадак, ям і інш. Работы выконваюць экскаватарамі, бульдозерамі, скрэперамі, хмызнякова-балотнымі плугамі, даўгабазавымі прычапнымі планіроўшчыкамі. Планіроўка адхонаў ГТЗ — адна з асн. аперацый пры буд-ве каналаў, плацін і дамбаў. Робіцца адхонапланіроўшчыкамі, экскаватарамі з каўшом-планіроўшчыкам, грэйдэрамі і бульдозерамі. Горна-планіровачныя работы ажыццяўляюцца пры аднаўленні парушаных зямель, разраўноўванні адвалаў і выемак (перамяшчэнні парод да дасягнення патрэбнага нахілу). Уваходзяць у пачатковы цыкл работ па рэкультывацыі зямель.