атмасфе́ра, -ы, ж.

1. Газападобная абалонка Зямлі і некаторых іншых планет.

Зямная а.

2. перан. Навакольныя ўмовы, абставіны, асяроддзе.

А. даверу.

А. дружбы і супрацоўніцтва.

3. Адзінка вымярэння ціску газаў.

Ціск у сто атмасфер.

|| прым. атмасфе́рны, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

НЕРЭІ́ДА,

спадарожнік планеты Нептун. Астэроідападобны аб’ект, дыяметрам каля 340 км. Сярэдняя адлегласць ад цэнтра планеты 5,51 млн. км. Сідэрычны перыяд абарачэння каля 359,6 сут. Адзіны спадарожнік планет з вельмі выцягнутай арбітай (эксцэнтрысітэт 0,753). Адкрыты Дж.​Койперам (ЗША, 1949). Названы імем адной з міфалагічных нерэід. Гл. таксама Спадарожнікі планет.

т. 11, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́ПЛЕРА ЗАКО́НЫ,

тры законы руху нябесных цел, выведзеныя І.Кеплерам на аснове звестак Ц.Браге паводле назіранняў бачнага руху планет. 1-ы К.з.: кожная планета рухаецца па эліпсе, у адным з фокусаў якога знаходзіцца Сонца. 2-і: кожная планета рухаецца ў плоскасці, якая праходзіць праз цэнтр Сонца, прычым радыус-вектар, праведзены ад Сонца да планеты, у роўныя прамежкі часу апісвае роўныя плошчы (S1=S2). 3-і: квадраты перыядаў абарачэння планет вакол Сонца адносяцца як кубы іх сярэдніх адлегласцей ад Сонца. К.з. спрыялі адкрыццю І.​Ньютанам сусветнага прыцягнення закону, на аснове якога яны былі абагульнены і ўдакладнены. К.з. карыстаюцца пры знаходжанні масы планет, разліку арбіт спадарожнікаў і інш. Гл. таксама Нябесная механіка.

Другі Кеплера закон.

т. 8, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЫ́Я ЦЕ́ЛЫ Сонечнай сістэмы,

спадарожнікі планет, малыя планеты, каметы, метэорнае рэчыва.

т. 10, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

летуце́ць, ‑тучу, ‑туціш, ‑туціць; незак.

Аддавацца марам; марыць. На пагорку сасна, — ці не ўнучка тае, Што калісь летуцела аб пальме далёкай? Лойка. Кружацца далёкія планет, Пра якія добра летуцець. Прыходзька.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГЕЛІЯЦЭНТРЫ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА СВЕ́ТУ,

вучэнне, паводле якога Зямля і інш. планеты рухаюцца вакол Сонца (дакладней, вакол агульнага цэнтра мас усёй сістэмы). Прыйшла на змену геацэнтрычнай сістэме свету. Стваральнік геліяцэнтрычнай сістэмы свету М.Капернік у сваім творы «Пра абарачэнне нябесных свяціл» (1543) матэматычна абгрунтаваў ідэю руху Зямлі і інш. планет вакол Сонца, вызначыў паслядоўнасць размяшчэння планет і іх адносную аддаленасць ад Сонца. Асн. палажэнні геліяцэнтрычнай сістэмы свету адыгралі вызначальную ролю ў станаўленні дакладнага прыродазнаўства.

т. 5, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁЛАКАЦЫ́ЙНАЯ АСТРАНО́МІЯ,

раздзел астраноміі, які даследуе целы Сонечнай сістэмы пры дапамозе адбітых імі радыёхваль, пасланых перадатчыкам з Зямлі ці касм. апарата. Аб’екты даследавання — планеты, спадарожнікі планет, каметы, сонечная карона.

Радыёлакацыйныя даследаванні нябесных цел грунтуюцца на прынцыпах радыёлакацыі. Інтэнсіўнасць радыёхваль пры радыёлакацыі адваротна прапарцыянальная чацвёртай ступені адлегласці ад аб’екта. З прычыны вял. міжпланетных адлегласцей радыёлакатары для даследавання нябесных цел маюць антэны вял. памераў і магутныя перадатчыкі. З дапамогай радыёлакацыі вызначаны абс. памеры Сонечнай сістэмы, атрыманы дакладныя значэнні адлегласцей ад Зямлі да планет і Сонца. Радыёлакацыйная апаратура міжпланетных станцый «Венера» (СССР), «Піянер-Венера» і «Магелан» (ЗША) дала магчымасць вызначыць дакладны рэльеф паверхні Венеры (складзены рэльефныя карты яе паверхні; 1983—92), што асабліва важна, таму што шчыльная атмасфера гэтай планеты непразрыстая ў бачным, ультрафіялетавым і інфрачырвоным дыяпазонах. Пры радыёлакацыі Юпітэра і інш. планет-гігантаў адбіты сігнал не зарэгістраваны (мяркуецца, што радыёхвалі поўнасцю затухаюць у вельмі глыбокай атмасферы). Пры даследаванні Сонца адбіццё радыёхваль адбываецца ад сонечнай кароны, што дае магчымасць даследаваць яе дынаміку. Атрыманы рэльефныя карты паверхні некаторых астэроідаў.

Літ.:

Котельников В.А. и др. Развитие радиолокационных исследований планет в Советском Союзе // Проблемы современной радиотехники и электроники. М., 1980;

Атлас поверхности Венеры. М., 1989.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 13, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРНІКО́ВЫ ЭФЕ́КТ у атмасферы планет,

награванне ўнутраных слаёў атмасферы (Зямлі, Венеры і інш. планет са шчыльнымі атмасферамі), абумоўленае празрыстасцю атмасферы для асн. часткі выпрамянення Сонца (у аптычным дыяпазоне) і паглынаннем атмасферай асн. (інфрачырвонай) часткі цеплавога выпрамянення паверхні планеты, нагрэтай Сонцам. Павышае сярэднюю т-ру паверхні і атмасферы планеты, памяншае розніцу паміж дзённымі і начнымі т-рамі. У выніку антрапагенных уздзеянняў колькасць вуглякіслага газу (і інш. газаў, якія паглынаюць выпрамяненне ў інфрачырвоным дыяпазоне) у атмасферы Зямлі паступова павялічваецца, што, на думку некаторых вучоных, можа прывесці да глабальных змен клімату Зямлі.

т. 12, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

парала́кс, ‑а, м.

Спец.

1. Уяўнае змяненне становішча прадмета як вынік перамяшчэння вока назіральніка.

2. У астраноміі — вугал, які вымярае ўяўнае зрушэнне свяціла пры перамяшчэнні назіральніка з аднаго пункта прасторы ў другі. Гадавыя паралаксы планет.

[Грэч. parállaxis — адхіленне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

планета́рый, ‑я, м.

1. Апарат, пры дапамозе якога на купалападобным экране паказваецца рух планет і іншых нябесных целаў.

2. Культурна-асветная ўстанова, дзе чытаюцца лекцыі па астраноміі, якія суправаджацца дэманстрацыяй неба з дапамогай такога апарата.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)