БА́ДЭНСКАЯ ШКО́ЛА, фрайбургская школа, гейдэльбергская школа,

кірунак у неакантыянстве канца 19 — пач. 20 ст. Мела значны ўплыў у Германіі. Гал. прадстаўнікі В.​Віндэльбанд, Г.​Рыкерт, Р.​Кронер, Э.​Ласк, Г.​Мюнстэрберг і інш. Паводле вучэння прадстаўнікоў гэтай школы, у свеце неабходнасці і ўсеагульных абсалютных каштоўнасцяў існуе надіндывідуальная абстрактная дасканалая свядомасць, вышэйшая ступень існавання якой ідэал. Але ідэалы не заўсёды здзяйсняюцца. Адсюль і кантаўская супярэчнасць паміж быццём і неабходнасцю, павіннасцю. Асн. ідэя Бадэнскай школы ў тым, што філасофія — гэта навука пра ідэальныя нормы і абсалютныя каштоўнасці, а эмпірычныя навукі вывучаюць тое, што існуе заўсёды, устанаўліваюць агульныя заканамернасці з’яў прыроды; у адрозненне ад гэтых навук гіст. навука — ідэаграфічная (апісвае і ацэньвае грамадскія з’явы).

Літ.:

Ситковский Е. Неокантианство // Из истории философии XIX века: Сб. ст. М., 1933;

Григорьян Б. Неокантианство: Критич. очерк. М., 1962.

В.​П.​Пешкаў.

т. 2, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕМА́НТЫКА ЛАГІ́ЧНАЯ,

раздзел металогікі, які вывучае сэнс і значэнне выразаў мовы, а таксама інтэрпрэтацыю розных фармалізаваных моў. У апошнія гады больш даследуе натуральную мову. Як навука пачала афармляцца ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў працах Ч.​Пірса, Г.​Фрэге, Б.​Расела, А.​Тарскага і інш. У Сл. вылучаюць тэорыі рэферэнцыі і сэнсу. Тэорыя рэферэнцыі — аснова тэорыі доказу ў логіцы, якая вывучае дачыненне выразаў мовы да абазначаных аб’ектаў. Асн. катэгорыі: «імя», «абазначэнне», «ісціннасць», «мадэль», «выканальнасць», «інтэрпрэтацыя» і г.д. Тэорыя сэнсу даследуе дачыненне знака да зместу. Асн. катэгорыі: «сэнс», «сінанімія», «праўдзівасць аналітычная», «праўдзівасць лагічная» і інш. Сл. аналізуе прычыны парадоксаў і цяжкасцей, якія ўзнікаюць пры семантычным аналізе. Яе метадалогія ўжываецца ў лінгвістыцы, семіётыцы, тэорыі і практыцы машыннага перакладу. Гл. таксама Семантыка ў мовазнаўстве.

Літ.:

Фреге Г. Логика и логическая семантика: Пер. с англ. М., 2000.

В.​М.​Пешкаў.

т. 14, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРЫФІКА́ЦЫЯ (ад лац. verus сапраўдны + facio раблю),

праверка, эмпірычнае пацвярджэнне тэарэт. палажэнняў навукі праз супастаўленне іх з аб’ектамі, за якімі вядзецца назіранне, фактычнымі данымі, эксперыментам; прынцып вызначэння навук. асэнсаванасці і ісціннасці выказванняў. Вылучана прадстаўнікамі лагічнага пазітывізму, сфармулявана аўстр. філосафамі М.Шлікам у працы «Усеагульная тэорыя пазнання» (1918) і Л.​Вітгенштэйнам у «Логіка-філасофскім трактаце» (1922); далей развіта ў працах Венскага гуртка. У аснове гэтага прынцыпу ляжыць тэзіс аб тым, што чалавечае пазнанне не можа выйсці за межы пачуццёвага вопыту, а ўсе веды можна звесці да «непасрэдна дадзенага» вяртання да нагляднага ўзроўню пазнавання і ігнаравання ідэальнага характару абстракцый. Усе навук. выказванні павінны задавальняць патрабаванне правяральнасці, або верыфіцыруемасці; любое меркаванне (гіпотэза) можа верыфіцыравацца, г.зн. яго ісціннасць можа быць даказана з дапамогай доследу або лагічнага доказу. У сучаснай л-ры верыфікацыя разглядаецца як вынік шматпланавых узаемаадносін паміж рознымі тэорыямі і данымі іх эксперыментальных праверак.

В.​М.​Пешкаў.

т. 4, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАГІЦЫ́ЗМ,

кірунак у асновах матэматыкі, у якім зыходныя паняцці матэматыкі зводзяцца да паняццяў логікі. Ідэі Л. прапанаваны Г.В.Лейбніцам. У сістэматызаваным выглядзе выкладзены Г.​Фрэге ў кн. «Асноўныя законы арыфметыкі» (т. 1—2, 1893—1903). Ён прапанаваў звядзенне асноўнага для матэматыкі паняцця натуральнага ліку да аб’ёмаў паняццяў і распрацаваў лагічную сістэму, сродкамі якой можна было даказаць усе тэарэмы арыфметыкі. Дактрына Л. развіта Б.Раселам, які выявіў у сістэме Фрэге супярэчнасць («парадокс Расел», гл. Парадокс). У кн. «Прынцыпы матэматыкі» (т. 1—3, 1910—13) Расел і А.Н.Уайтхед прапанавалі т.зв. тэорыю тыпаў, у якой парадоксаў можна пазбегнуць пры дапамозе спец. іерархіі паняццяў. У далейшым К.Гёдэль паказаў, што сістэмы Л. няпоўныя, іх сродкамі можна сфармуляваць змястоўна правільныя, але не вырашальныя матэм. сцвярджэнні (сцвярджэнні, якія нельга даказаць і нельга абвергнуць). Сістэмы Л. садзейнічалі фарміраванню і ўдакладненню важнейшых логіка-матэм. ідэй, зрабілі значны ўплыў на развіццё матэматычнай логікі і навукі.

В.​М.​Пешкаў.

т. 9, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́КАЗ у логіцы.

спосаб абгрунтавання (вызначэння) ісціннасці выказвання, меркавання, тэорыі з дапамогай лагічных вывадаў і практычных сродкаў (назіранне, эксперымент). Д. не стварае ісціннасці выказвання, яна аб’ектыўная і выяўляецца з дапамогай Д. У лагічнай структуры Д. вызначаюць: тэзіс — сцвярджэнне, якое трэба даказаць, аснову (аргументы) — сцвярджэнні, з дапамогай якіх даказваецца тэзіс, і дэманстрацыю — выснову ці ланцуг высноў, з дапамогай якіх тэзіс выводзіцца з аргументаў. Паводле спосабу вядзення Д. падзяляюць на прамыя і ўскосныя. а па форме вывадаў — на дэдуктыўныя і індуктыўныя. У прамым Д. тэзіс лагічна выцякае з асновы, ва ўскосным — даказваецца памылковасць антытэзіса (суджэння, што супярэчыць тэзісу) і па выключанага трэцяга прынцыпу тэзіс прымаецца ў якасці ісціннага. Пры Д. тэзіса ці антытэзіса абавязкова трэба прытрымлівацца правіла Д., а каб Д. быў паспяховым, неабходна прытрымлівацца правіл, што прад’яўляюцца да тэзіса і аргументаў. Але не ўсе выказванні падлягаюць Д. Са стараж. часоў Д. быў у цэнтры ўвагі логікаў і філосафаў, ён выкарыстоўваецца ва ўсіх навуках і ў паўсядзённых зносінах людзей.

В.​М.​Пешкаў.

т. 6, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДУ́КЦЫЯ (ад лац. inductio навядзенне, стымуляванне) у логіцы, спосаб разважання (розумазаключэння) і метад даследавання, пры якіх агульныя вывады робяцца на аснове ведаў аб адзінкавых фактах. Пытанні тэорыі І. сустракаюцца ў працах Арыстоцеля, імі займаліся прадстаўнікі эмпірычнага прыродазнаўства 17—18 ст. Значны ўклад у распрацоўку тэорыі І. зрабілі Ф.​Бэкан, Г.​Галілей, І.​Ньютан, Дж.​С.​Міль, Дж.​Гершэль. Шырока выкарыстоўваецца пры пабудове пэўных тэорый у біялогіі, фізіцы, матэматыцы (гл. Матэматычная індукцыя) і інш. Індуктыўнае заключэнне заўсёды імавернае, але калі яно ісціннае, то нясе ў сабе новыя веды. Таму індуктыўнае заключэнне патрабуе дадатковых сродкаў пазнання, прымяненне якіх і вырашае пытанне аб ісціннасці канчатковых вывадаў. Адрозніваюць І. поўную і няпоўную. Поўная І. ўяўляе сабой вывад агульнага палажэння пра клас увогуле на аснове разгляду ўсіх яго элементаў; яна дае дакладны вывад. Пры няпоўнай І. агульны вывад робіцца на аснове разгляду часткі прадметаў пэўнага класа. Гэты вывад не поўны, а таму не зусім дакладны, патрабуе далейшага даследавання інш. метадамі (гл. Аналіз, Сінтэз, Дослед, Дэдукцыя).

В.​М.​Пешкаў.

т. 7, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНА́ЛІЗ (ад грэч. analysis раскладанне),

спосаб (прыём) навук. пазнання праз мысленнае ці рэальнае расчляненне аб’екта пазнання (прадмета, з’явы, працэсу) на часткі і асэнсаванне іх узаемасувязі. Працэс аналізу — састаўная частка, першая ступень навук. даследавання. Канчатковы вынік — разуменне структуры аб’екта, які вывучаецца. Калі аб’ект з’яўляецца прадстаўніком пэўнага класа прадметаў, аналіз аднаго з іх дае магчымасць уявіць структуру ўсяго класа. Вынікі аналізу служаць матэрыялам для наступных ступеняў навук. пазнання — абстракцыі, абагульнення, параўнання і інш. Аналіз — рухальная сіла ў выяўленні законаў, якім падпарадкоўваецца аб’ект даследавання. Карэктнасць аналізу правяраецца процілеглым яму прыёмам — сінтэзам. Калі пры гэтым выяўляецца супярэчнасць, аналіз паўтараецца з вылучэння новых гіпотэз аб структуры і ўласцівасцях састаўных частак аб’екта вывучэння. Калі паўторны аналіз паказаў неадольнасць супярэчнасцяў, то для выяўлення структуры аб’екта неабходны новы падыход. У логіцы сістэмны аналіз выкарыстоўваецца з часоў Арыстоцеля. Са з’яўленнем сімвалічнай логікі, кібернетыкі і семіётыкі выпрацавана найб развітая форма лагічнага аналізу — пабудовы фармалізаваных моў.

Літ.:

Пузиков П.Д. Анализ и синтез — от мысли к вещи. Мн., 1969;

Андреев М.Д. Диалектическая логика. М., 1985;

Hintikka J., Remes U. The method of analysis. Dordrecht;

Boston, 1974.

В.​М.​Пешкаў.

т. 1, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЬЮ́І ((Dewey) Джон) (20.10.1859, г. Берлінгтан, штат Вермонт, ЗША — 1.6.1952),

амерыканскі філосаф, псіхолаг і педагог, адзін з вядучых прадстаўнікоў прагматызму. Скончыў Вермонцкі ун-т (1879). Праф. Мічыганскага (1889—94), Чыкагскага (1894—1904) і Калумбійскага (1904—30) ун-таў. Развіў новы кірунак прагматызму — інструменталізм, распрацаваў прагматысцкую метадалогію ў галіне логікі і тэорыі пазнання. Паводле Дз., адрозненні суб’екта і аб’екта, псіхічнага і фізічнага — гэта толькі адрозненні ўнутры «вопыту», які ўключае арганізм і асяроддзе, усведамленне чалавека і прыроду. Пазнанне ён трактаваў у духу біхевіярызму, як складаную форму паводзін, канчаткова — сродак барацьбы за біял. выжыванне. Этычная канцэпцыя Дз. зыходзіць з таго, што дабро з’яўляецца унікальным, устойлівых агульных нормаў маральнасці няма і вырашэнне этычных праблем з’яўляецца сітуацыйным. Стваральнік педацэнтрычнай тэорыі і методыкі навучання (гл. Педацэнтрызм), у аснове якой прынцып навучання шляхам фарміравання практычных навыкаў. Аўтар прац «Філасофія і цывілізацыя» (1931), «Вопыт і прырода» (1934), «Праблемы чалавецтва» (1946) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Введение в философию воспитания. М., 1921;

Психология и педагогика мышления. 2 изд. Берлин, 1922;

Школы будущего. М., 1922;

Школа и общество. М., 1925.

В.​М.​Пешкаў.

т. 6, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЫТЭ́Н ((Maritain) Жак) (18.11.1882, Парыж — 29.4.1973),

французскі рэліг. філосаф, прадстаўнік неатамізму. Адукацыю атрымаў у ліцэі Генрыха IV і Сарбоне, вучань А.Бергсона. У 1906 прыняў каталіцтва. З 1914 праф. Каталіцкага ін-та ў Парыжы, з 1933 у Ін-це сярэдневяковых даследаванняў у Таронта (Канада). З 1940 праф. Прынстанскага і Калумбійскага ун-таў (ЗША). У 1945—48 пасол Францыі ў Ватыкане. Крытыкаваў Рэфармацыю і філасофію Новага часу, мяркуючы, што іх прадстаўнікі (М.​Лютэр, Ж.​Ж.​Русо, І.​Кант і інш.) нясуць адказнасць за разбурэнне сярэдневяковага светапогляду і ладу жыцця. Сфармуляваў рэліг.-утапічную ідэю інтэгральнага гуманізму, які павінен перабудаваць цывілізацыю, згуртаваць людзей на аснове рэліг. каштоўнасцей. Выступаў з ліберальнай крытыкай капіталізму і сацыялізму, рэзка асуджаў фашызм. Спасылаючыся на вучэнне Фамы Аквінскага, даказваў неабходнасць гармоніі розуму і веры, лічыў плённым вяршэнства тэалогіі і метафізікі над канкрэтнымі галінамі тэарэт. ведаў. Сацыякультурны ідэал М. атрымаў афіц. прызнанне каталіцкай царквы пасля II Ватыканскага сабора. У сваіх працах з пазіцый тамізму асвятляў праблемы псіхалогіі, сацыялогіі, этыкі, эстэтыкі і педагогікі. Асн. творы — «Мастацтва і схаластыка» (1920), «Антымадэрн» (1922), «Інтэгральны гуманізм» (1936).

В.​М.​Пешкаў.

т. 10, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЛАГІ́ЗМ (ад грэч. syllogismos разлічваю, заключаю),

від дэдуктыўнага розумазаключэння, у якім з 2 суджэнняў (пасылак), звязаных паміж сабою адным агульным сярэднім тэрмінам, атрымліваюць трэцяе суджэнне. У залежнасці ад пасылак адрозніваюць катэгарычны, раздзяляльна-катэгарычны і ўмоўна-катэгарычны С. У катэгарычным С. вывад атрымліваецца з 2 пасылак, якія з’яўляюцца катэгарычнымі суджэннямі: A ёсць B, B ёсць C, значыць A ёсць C. У раздзяляльна-катэгарычным С. ў большай пасылцы пералічваецца некалькі магчымых рашэнняў, у меншай адмаўляюцца ўсе, акрамя аднаго: A ёсць або B, або C, або D, але A не ёсць ні B, ні D, значыць A ёсць С. Ва ўмоўна-катэгарычным С. хаця б адна з 2 пасылак з’яўляецца ўмоўным суджэннем: Калі A ёсць B, то C ёсць D; A ёсць B, значыць C ёсць D. У залежнасці ад становішча сярэдняга тэрміна адрозніваюць 4 фігуры С. Кожная з іх мае па некалькі модусаў (С., якія адрозніваюцца адзін ад аднаго колькасцю і якасцю суджэнняў). Усяго існуе 256 модусаў; правільнымі, якія даюць ісціннае заключэнне, лічацца толькі 24 (гл. Сілагістыка). Вывад аднаго С. можа быць пасылкай наступнага. Такім чынам ствараецца складаны С., або полісілагізм. Гл. таксама Сілагізма аксіёма.

В.​М.​Пешкаў.

т. 14, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)