паўсло́ва, ‑а, н.
Палавіна слова, няпоўнае слова. Тут Павел Іванавіч і паўслова не сказаў, бо пэўна ведаў: высадзі Якава, дык пехатою пойдзе, а ўсё роўна пабывае на шахтбудзе. Кулакоўскі. // Мала, некалькі слоў. З паўслова Гарбулёва, выцягнутага нібы абцугамі, .. [Саламон] стараўся ўлаўліваць галоўны сэнс розных спраў. Бядуля.
•••
З паўслова — адразу, з першых слоў (зразумець, засвоіць і пад.).
На паўслова — для кароткай размовы, паведамлення (выклікаць, папрасіць і пад.).
На паўслове — не дагаварыўшы пачатага (змоўкнуць, спыніцца і пад.) або не даслухаўшы субяседніка (перапыніць, перабіць і пад.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ілюстрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., што.
1. Даць (даваць) малюнкі, якія суправаджаюць, паясняюць змест твора. Ілюстраваць раман. □ — У дэталях я яшчэ не прадумаў плана, а ў асноўных рысах ён такі — абысці пехатою цэлы раён, апісаць яго, сабраць народныя песні, легенды і іншыя віды народнай творчасці, багата ілюстраваць сваё падарожжа фатаграфіямі... Колас.
2. перан. Дапоўніць (папаўняць), пацвердзіць (пацвярджаць) што‑н. наглядным прыкладам, словам, жэстам і пад. Ілюстраваць тэзісы прыкладамі. □ Матэрыял, які ілюстраваў і абгрунтоўваў вывады, быў падрыхтаваны. Карпаў. Пытанне сваё.. [Іліко] ілюстраваў так: паклаў галаву на далонь, нібы заснуў, потым паказаў дах над галавой. Самуйлёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адбараба́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., што і без дап.
1. Скончыць барабаніць.
2. перан. Без старання, невыразна выканаць, прачытаць што‑н. Адбарабаніць верш. Адбарабаніць прамову.
3. Разм. Адслужыць, адпрацаваць доўгі час на якой‑н. малацікавай рабоце, службе. Іванаў дзед, Сымон Мурашка, быў калісьці «мікалаеўскім» салдатам. Дваццаць пяць год адбарабаніў. Брыль.
4. каго і без дап. Хутка прайсці, праехаць; завезці. [Майбарада:] — То трэба было і чакаць аўтобуса. Можа абышлося б і дзешавей. Або можна было і пехатою адбарабаніць. Скрыган. — Усё, што магу для цябе зрабіць, гэта сказаць вось Пятру Іванавічу, каб ён адбарабаніў цябе на гэтым газіку на пост да старога Кузьмы. Краўчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чужа́цкі, ‑ая, ‑ае.
1. Які належыць чужаку, прышэльцу. Мы ішлі пехатою к табе, Перамога, Аб чужацкія косці ламалі штыкі. Бураўкін. Цябе выгнала з хаты Ведзьма-мачыха вон; Мяне ўзялі ў салдаты, У чужацкі палон. Купала.
2. Які складаецца з чужакоў. І не будзе жалю Для чужацкіх зграй, Што крывавай хваляй Заліваюць край. Колас.
3. Які па думках, светапогляду, духу належыць да іншага, чужога асяроддзя. Мой час настаў: Якуб Шаціла ўліп! І дакажу я свету і Ірыне, Што ён не наш, Што ён чужацкі тып, Што ён аграбіў друга ў дамавіне! Зарыцкі.
4. Тое, што і чужы (у 4 знач.). Без радзімы, Пад небам чужацкім За гадамі ляцелі гады. Кляшторны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
платфо́рма, ‑ы, ж.
1. Роўная бетонная, каменная і пад. пляцоўка ўздоўж чыгуначнага палатна на станцыі; перон. Тым часам падыходзіў таварны поезд. Сухавараў і настаўнік выйшлі на платформу. Колас. Кузьма і Марына перайшлі на першую платформу і спыніліся ля кіёска. Корбан. // Узвышаная пляцоўка наогул.
2. Невялікая чыгуначная станцыя; паўстанак.
3. Таварны вагон з невысокімі бартамі без даху. Падышоў і гружаны цягнік: жалезныя платформы з гарматамі, танкамі, некалькі закрытых вагонаў, з дзесятак цыстэрнаў. Лынькоў. Дзе ў вагоне, дзе на платформе, дзе на машыне, дзе пехатою, але Вера цяпер ужо цвёрда вырашыла дабірацца да Варонежа. Кулакоўскі.
4. Вялікая вобласць зямной кары, якой ўласціва малая інтэнсіўнасць тэктанічных рухаў і магматычных праяўленняў.
5. перан. Праграма дзеянняў, сістэма поглядаў, палітычных патрабаванняў якой‑н. партыі, групы. Палітычная платформа.
[Фр. plate-forme.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пагадзі́цца, ‑гаджуся, ‑годзішся, ‑годзіцца; зак.
1. Выказаць сваю згоду з кім‑, чым‑н.; згадзіцца. Пагадзіцца з прапановай. □ — Так, нялёгкі быў час, — пагадзіўся.. [Понтус], намагаючыся стаць самавітым. Карпаў.
2. Разм. Даць згоду на што‑н., згадзіцца. З Іванам дамовіцца было не цяжка: ён адразу пагадзіўся быць правадніком. Новікаў.
3. Прыйсці да згоды, сысціся на чым‑н. Усе пагадзіліся ісці пехатою. □ Пагадзіліся на тым, што за старшыню будзе Анісім Папок. Сабаленка.
4. Памірыцца з кім‑н. Дзед Купрыян лічыць, што час Аўгініных прочак сышоў. Ёй трэба вярнуцца і пагадзіцца з Васілём. Колас. // Прымірыцца з чым‑н., прывыкнуць да чаго‑н. Камандзір усё не мог пагадзіцца, што людзей яму далі без выбару. Быкаў. Пра стажок ужо меней гаварылі, з горам-бядою пагадзіліся ў хаце. Колас.
5. Разм. Наняцца працаваць на пэўных умовах. Гаспадыня ўжо не рада была і той даплаце, за якую пагадзілася даглядаць Уладзіка. Марціновіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́хадзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак.
Разм.
1. што. Абысці пехатою многія мясціны. [Сусед:] — У часе грамадзянскай вайны я ўсе тутэйшыя месцы выходзіў. Галавач. Падлеткам за чужою чарадой Я выхадзіў выжары і пагоркі. Вітка.
2. Прабыць у стане хадзьбы які‑н. час; пахадзіць. У грыбныя часы.. дзядзька Марцін браў каробку і хоць выхадзіць палавіну дня, затое ж прынясе такіх баравікоў, што хоць вязі на выстаўку. Колас. [Лук’янская] выхадзіла некалькі дзён па Камароўцы і не магла дапытацца Шпулькевіча. Чорны.
3. што. Дабіцца чаго‑н., доўга або неаднаразова ходзячы. — А вы вось яшчэ пахадзілі б па полі, — смяяўся з.. [мужыкоў] дзед: — Можа што і выхадзілі б. Колас.
4. каго. Старанна даглядаючы, дабіцца папраўкі хворага. Пасля кантузіі Маша выхадзіла.. [Сіўцова] з матчынай цярплівасцю. Васілевіч.
5. каго-што. Выгадаваць, выкарміць, выняньчыць. Выхадзіць малады сад. Выхадзіць дзяцей без маткі. □ [Цётка Фядора:] — Няхай бы ўжо лепей ягняты прапалі. Усё роўна не выхадзіш іх, не дачакаешся карысці. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дабра́цца, ‑бяруся, ‑бярэшся, ‑бярэцца; ‑бяромся, ‑берацеся; зак.
1. Марудна або з цяжкасцю дасягнуць якога‑н. месца. Толькі пад самую раніцу дабраўся.. [Васіль], дапоўз да ўскраіны роднай вёскі. Лынькоў. Дзе пехатою, а дзе на спадарожных машынах, дзядзька за тыдзень дабраўся з Гродна ў свае Дабрынічы. Дамашэвіч. // Капаючы, разграбаючы і пад., наблізіцца да чаго‑н., здабыць што‑н. Капцы не былі яшчэ канчаткова прыкіданы зямлёй, і дабрацца да бульбы было зусім проста. Ермаловіч. // Пашыраючыся, распаўсюджваючыся, наблізіцца да каго‑, чаго‑н. У цяньку, куды пасля ночы не паспела дабрацца сонца, траву пакрывае шараваты іней. Ляўданскі. // Дайсці пры чытанні, размове і пад. да якога‑н. месца, падзеі. Здалося Цімоху — дабраўся да «цэнтра» размовы Койніш. Шынклер. // перан. Прыкладаючы намаганні, дасягнуць разумення чаго‑н. Дабрацца да ісціны. □ [Антон з Мікітам] няхутка дабраліся да сэнсу ігры гэтых літар і слоў. Ракітны.
2. Разм. Атрымаць магчымасць узяцца за каго‑, што‑н., расправіцца з кім‑н. [Другі рыбак:] Яшчэ дабяромся мы да паноў! Не вырвуць каты з нашых рук мазольных Азёр і невадоў! Танк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пача́так 1, ‑тку, м.
1. Месца, пункт, з якога што‑н. пачынаецца; проціл. канец. Роў браў .. пачатак за вёскай, з балот. М. Ткачоў. У пачатку вёскі Салаўёў, адпусціў машыну .. і пайшоў далей пехатою. Шахавец.
2. Першы момант якога‑н. дзеяння, працэсу, з’явы. Пачатак жніва. Пачатак сеанса. □ Скончылася лета. У пачатку восені паехала Аленка ў Загор’е. Колас. У засадзе [партызаны] ляжалі дзень, ноч і пачатак другога дня. Навуменка. [Васіль:] — Мне здаецца, што гэта пачатак нашай новай дружбы. Шамякін.
3. Аснова, крыніца, сутнасць чаго‑н. У творах ананімнай дэмакратычнай літаратуры прыкметна выяўляецца крытычны пачатак. Барысенка. У .. паэзіі [Някрасава] зліліся ў адно цэлае два процілеглыя пачаткі — і радасць і цяжкасць працы. Івашын.
4. звычайна мн. (пача́ткі, ‑аў). Асноўныя палажэнні, прынцыпы. Яшчэ ў ліпені 1858 года член Дзяржаўнага савета і міністр унутраных спраў граф Сяргей Ланской падаў гасудару запіску аб асноўных пачатках будучай рэформы. Караткевіч.
5. звычайна мн. (пача́ткі, ‑аў); перан. Першыя праяўленні чаго‑н.; зачаткі. У гэтым абуджэнні крытычнае думкі Лабановіч бачыў пачаткі таго вялікага сацыяльнага зруху, які павінен пралажыць прасторную дарогу да новых форм жыцця. Колас.
6. толькі мн. (пача́ткі, ‑аў). Першыя, пачатковыя звесткі ў якой‑н. галіне ведаў; начаткі. Пачаткі матэматыкі. Пачаткі хіміі.
•••
Даць пачатак чаму гл. даць.
пача́так 2, ‑тка, м.
Суквецце з патоўшчанай воссю, на якой размешчаны кветкі або плады. Кукурузны пачатак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ула́дзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; зак.
1. Станоўча вырашыцца, ажыццявіцца; дайсці да ладу, наладзіцца. І нечакана лёгка ўсё ўладзілася як лепш не трэба. Скрыган. Анатоль .. пачаў развясельваць земляка: — Не бяры так блізка да сэрца, можа, яшчэ ўсё ўладзіцца і сыдзецеся зноў. Пальчэўскі. Думкі кожнага яшчэ беглі наўздагон за сябрамі .. Што іх чакае? Як уладзіцца іх лёс? .. Машара. // Ліквідавацца (пра непаразуменні). Уладзіўся канфлікт.
2. Асталявацца, стварыць неабходныя ўмовы для існавання; уладкавацца. Уладзіцца на кватэры. Уладзіцца з харчаваннем. □ У другім лісце Ліда напісала, што перайшла ў інтэрнат, і папрасіла грошай. Трэба ж было ўладзіцца на новым месцы. Чарнышэвіч. Зямлі пясчанай колькі хочаш, Будуйся, дзе табе зручней, Дзе болей вабіць твае вочы, Ты толькі ўладзіцца ўмей. Колас. // Размясціцца, прыстроіцца. Разаслаўшы плашчы на пясок, мы [турысты] таксама ўладзіліся на пляжы ля самага беражка прыбою. Лынькоў. Людзі ўцякалі. Хто паспеў сесці на цягнік, хто ўладзіўся на машыну, хто ішоў пехатою, закінуўшы на плечы хатуль. Арабей.
3. Разм. Паступіць на работу, вучобу, службу і пад., заняць якое‑н. месца, становішча. [Янку] хацелася сумленна ўладзіцца на працу, быць бліжэй да універсітэта. Асіпенка. Быў [бацька] і за кур’ера, і за швейцара, і за вартаўніка, а пасля ўладзіўся на хлебазавод, дзе і працаваў экспедытарам аж да пенсіі. Васілёнак. Ліда Данілава ўладзілася прасавальшчыцай сена на адной з .. фуражных баз. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)