БАЛАНЧЫ́Н ((Balanchine) Джордж) (сапр. Баланчывадзе Георгій Мелітонавіч; 22.1.1904, С.-Пецярбург — 30.4.1983),
амерыканскі балетмайстар. Сын М.А.Баланчывадзе. Скончыў Тэатр. вучылішча пры Марыінскім т-ры (1921, Петраград). У 1925—29 гал. балетмайстар трупы «Рускі балет С.П.Дзягілева». З 1933 у ЗША. Арганізатар і кіраўнік «Школы амерыканскага балета» (разам з Л.Кірштайнам, 1933) і на яе аснове трупы «Амерыканскі балет» (з 1948 «Нью-Йоркскі гарадскі балет»). Стваральнік амер. балетнага мастацтва і стылю неакласіцызму ў харэаграфіі. Аўтар сімф. балетаў «Канчэрта барока» на муз. І.С.Баха (1941), «Чатыры тэмпераменты» на муз. П.Хіндэміта (1946), «Сімфонія до мажор» на муз. Ж.Бізэ (1947), 27 кампазіцый і балетаў на музыку І.Стравінскага, у т. л. «Апалон Мусагет» (1928), «Арфей» (1948), «Агон» (1957) і інш.
т. 2, с. 239
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСЕ́ЕЎ (літ. псеўд. Аскольдаў) Сяргей Аляксеевіч
(1870 — 23.5.1945),
расійскі філосаф. Скончыў Пецярбургскі ун-т. Да сярэдзіны 1920-х г. праф. Політэхн. ін-та (Петраград). У 1921 заснаваў тайнае рэліг.-філас. т-ва (у 1926 перайменавана ў «Брацтва св. Серафіма Сароўскага»). У 1928 арыштаваны і сасланы ў Комі АССР. З 1935 жыў у Ноўгарадзе. Пасля Вял. Айч. вайны эмігрыраваў у Германію. Аўтар кн. «Крытыка дыялектычнага матэрыялізму», у якой развіваў вучэнне аб трансцэндэнтальнасці прадмета ведаў, сімвалічнасці пазнання, крытыкаваў уяўленні аб суб’екце пазнання за яго «безаблічнасць» і падмену індывід. разумення. У аснове яго анталогіі вучэнне пра ўзаемадзеянне душ.
Тв.:
Основные проблемы теории познания и онтологии. Спб., 1900;
Мысль и действительность. М., 1914;
Сознание как целое: Психол. понятие личности. М., 1918.
т. 1, с. 298
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУШЭ́ЎСКІ (Аляксандр Сяргеевіч) (1877, г. Уладзікаўказ, Расія — 1943),
украінскі гісторык. Брат М.С.Грушэўскага. Скончыў Кіеўскі ун-т. Гал. яго працы прысвечаны гісторыі паўд.-бел. зямель у феад. эпоху. У манаграфіі «Пінскае Палессе» [ч. 1. «Нарыс гісторыі Турава-Пінскага княства XI—XIII стст.» (Кіеў, 1901); ч. 2. «Тураў, Гарадок і Пінск у складзе Вял. кн. Літоўскага. Пінскае староства каралевы Боны. XIV—XVI стст. Пінскія акты XV—XVI стст.» (Кіеў, 1903)] на падставе летапісных звестак і актавых матэрыялаў прасачыў паліт. гісторыю рэгіёна, працэсы развіцця феад. адносін, гасп. і прававое становішча розных груп насельніцтва, гісторыю правасл. царквы на Палессі. Гарадам ВКЛ прысвечаны даследаванні Грушэўскага «Павіннасць гарадавой працы ў Вялікім княстве Літоўскім» (Петраград, 1914) і «Гарады Вялікага княства Літоўскага ў XIV—XVI стст.» (Кіеў, 1918).
т. 5, с. 468
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНА-ЗАХО́ДНІ ВАЕ́ННА-ПРАМЫСЛО́ВЫ КАМІТЭ́Т грамадская арг-цыя ў Паўночна-Заходнім краі Рас. імперыі ў 1-ю сусв. вайну; адзін з Ваенна-прамысловых камітэтаў (ВПК). Створаны 19.7.1915 у Вільні на з’ездзе прадстаўнікоў мясц. камітэтаў (акрамя Віцебскага, які быў звязаны з Петраградскім ВПК). У яго абавязкі ўваходзілі збор і сістэматызацыя звестак пра фабрычна-заводскія, рамесныя, саматужныя прадпрыемствы і абслугоўваючыя іх арг-цыі, якія працавалі на патрэбы Зах. і часткова Паўн.-Зах. франтоў, а таксама размеркаванне паміж мясц. ВПК заказаў на дастаўку сыравіны, паліва і рабочай сілы. Садзейнічаў размяшчэнню на новых месцах эвакуіраваных прадпрыемстваў, афармляў заказы на вытв-сць паходных кухняў, хлебапякарняў, выконваў даручэнні Цэнтральнага ВПК. У сувязі з акупацыяй герм. войскамі зах. часткі Беларусі (восень 1915) Паўн.-Зах. ВПК пераехаў з Вільні ў Петраград і праіснаваў там да вясны 1916.
т. 12, с. 213
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЬМО́НТЫ, Двор Альгердаўшчына,
былы маёнтак у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл. Вядомы з 1748 як уладанне Гільзенаў, пры іх атрымалі сваю назву (ад франц. belmont прыгожая гара). У 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. ў Бяльмонтах створаны палацава-паркавы ансамбль, які ўключаў 2-павярховы мураваны палац (меў 33 пакоі), вял. круглую парадную залу, дамашнюю капліцу. У 1768 пабудаваны філіяльны касцёл Ісуса Хрыста. У 19 ст. пры Манузі і Плятэрах Бяльмонты сталі буйным цэнтрам культ. жыцця Браслаўшчыны. Тут прайшло дзяцінства мастака Я.Траяноўскага, у Бяльмонтах бывалі Н.Орда, дзекабрысты М.С.Лунін, А.В.Поджыа і інш.; існавалі багатыя музейная калекцыя і бібліятэка (у 1-ю сусв. вайну вывезена ў Петраград), парафіяльная школа (у 1804 было 30 вучняў), з 1857 дзейнічаў бровар. У 1-ю сусв. вайну палац Плятэраў разбураны. З 1976 Бяльмонты ўвайшлі ў склад в. Ахрэмаўцы.
К.С.Шыдлоўскі.
т. 3, с. 404
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТВІНЕ́НКА-ВО́ЛЬГЕМУТ (Марыя Іванаўна) (13.2.1892, Кіеў — 3.4.1966),
украінская спявачка (лірыка-драм. сапрана), педагог. Нар. арт. СССР (1936). Скончыла Кіеўскае муз. вучылішча (1912). З 1912 у т-рах Расіі (Петраград), Украіны. У 1935—53 салістка Кіеўскага т-ра оперы і балета. У 1920-я г. ўдзельнічала ў стварэнні ўкр. опернага т-ра. Выкладала ў Кіеўскай кансерваторыі (з 1944 праф.). Валодала моцным чыстым голасам прыгожага тэмбру, высокаразвітай вак. тэхнікай. Сярод партый: Насця, Наталка і Цярпіліха («Тарас Бульба», «Наталка Палтаўка» М.Лысенкі), Аксана, Адарка («Запарожац за Дунаем» С.Гулака-Арцямоўскага), Ганна («Наймічка» М.Верыкоўскага), Варвара («Багдан Хмяльніцкі» К.Данькевіча), Купава і Снягурачка («Снягурачка» М.Рымскага-Корсакава), Ліза, Марыя («Пікавая дама», «Мазепа» П.Чайкоўскага), Яраслаўна («Князь Ігар» А.Барадзіна), Тоска («Тоска» Дж.Пучыні), Аіда («Аіда» Дж.Вердзі), Галька («Галька» С.Манюшкі). Дзярж. прэмія СССР 1946.
Літ.:
Швачко Т.М.Литвиненко-Вольгемут. Киев, 1986.
т. 9, с. 313
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТО́ЎСКІ (Рыгор Іванавіч) (24.6.1881, г. Ганчэшты, Малдова — 6.8.1925),
савецкі военачальнік. Скончыў с.-г. вучылішча (1900). У 1905 дэзерціраваў з рас. арміі і ўзначальваў узбр. сял. атрады ў Бесарабіі ў 1905—07 і 1915—16, прытрымліваўся тактыкі гайдукоў. Неаднаразова быў арыштаваны рас. ўладамі, у 1916 прыгавораны да пакарання смерцю (заменена на пажыццёвую катаргу). У маі 1917 вызвалены і накіраваны на Рум. фронт. Удзельнік Кастр. рэвалюцыі 1917 у Бесарабіі. У студз.—сак. 1918 на чале партыз. атрада ваяваў з рум., аўстр. і герм. акупац. войскамі ў Бесарабіі. У крас. 1918—сак. 1919 кіраваў ваен.-дыверсійнай дзейнасцю сав. падполля ў Адэсе, у крас. 1919 на чале сфарміраванага ім партыз. атрада ўдзельнічаў у заняцці горада Чырв. Арміяй. З ліп. 1919 камандзір стралк. і кав. брыгад, кав. дывізіі, удзельнік баёў за Петраград і на Пд Украіны, сав.-польск. вайны 1920, ліквідацыі Антонава паўстання і руху Н.І.Махно. З 1922 камандзір 2-га кав. корпуса ў Малдове. Чл. ЦВК СССР, Украіны і Малд. АССР. Узнаг. 3 ордэнамі Чырв. Сцяга. Забіты каля Адэсы. У Вял. Айч. вайну на тэр. Беларусі імя К. насілі 161-я партыз. брыгада і больш за 20 партыз. атрадаў.
т. 8, с. 178
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІТЭ́Т ВЫРАТАВА́ННЯ РЭВАЛЮ́ЦЫІ ЗАХО́ДНЯГА ФРО́НТУ,
над звычайнае аб’яднанне партыйных, грамадскіх арг-цый Мінска, салдацкіх камітэтаў 2, 3, 10-й армій, 2-й Каўказскай кав. дывізіі на чале з франтавым к-там Зах. фронту, створанае 7—9.11.1917 з мэтай захавання ўлады Часовага ўрада ў час Кастр. ўзбр. паўстання 1917. Паводле парт. прыналежнасці большасць членаў к-та складалі эсэры, меншавікі і бундаўцы. Функцыі друкаванага органа выконвала газ. заходнефрантавога выканкома «Фронт». К-ты выратавання рэвалюцыі былі створаны ў Бабруйску, Оршы, Полацку. 9 ліст. к-т запатрабаваў ад Мінскага Савета перадачы яму ўсёй улады ў горадзе. У выніку кампрамісу з Саветам ён абавязаўся не пасылаць узбр. часці на Петраград і Маскву і не прапускаць іх праз Мінск; Савет згадзіўся перадаць к-ту ўладу ў раёне Зах. фронту і дэлегаваў у яго склад двух прадстаўнікоў (І.Я.Алібегава і Я.Ф.Пярно). К-т абвясціў сябе часовай уладай на ўсім Зах. фронце і ў прыфрантавой паласе да склікання Устаноўчага сходу і 10 ліст. выдаў загад № 1. Бальшавікі Мінска прынялі захады па ўмацаванні сваіх сіл, дзейнасць Савета падтрымалі прафсаюзы і інш. арг-цыі. 13 ліст. на пасяджэнні Мінскага Савета фракцыі бальшавікоў і левых эсэраў вынеслі пастанову аб выхадзе з К-та выратавання. 14 ліст. адбылося апошняе пасяджэнне гэтага аб’яднання з удзелам бальшавікоў. Загадам ВРК ад 17 ліст. к-т распушчаны.
М.Я.Сяменчык.
т. 7, с. 530
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУШЭ́ЎСКІ (Дуж-Душэўскі) Клаўдзій Сцяпанавіч [27.3
(паводле інш. звестак 26.4).1891, г. Глыбокае Віцебскай вобл. — 25.2.1959], бел. паліт. дзеяч. Вучыўся ў Пецярбургскім горным ін-це (1912—18),
скончыў Літоўскі ун-т (1927, Каўнас). Адзін з актывістаў Бел. навук.-літ. гуртка студэнтаў Пецярбургскага ун-та. У 1917 уступіў у Бел. сацыяліст. грамаду (БСГ), у чэрв.—кастр. 1917 чл. яе ЦК і прэзідыума. Удзельнік з’езда бел. нац. арг-цый (сак. 1917, Мінск), Усерас. дэмакр. нарады (вер. 1917, Петраград) і інш. У 1918 заг. бежанскага аддзела Бел. нац. камісарыята. Пасля распаду БСГ (лета 1918) у Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. З 1919 у Вільні: чл. Бел. нац. к-та, старшыня Цэнтр. бел. рады Віленшчыны і Гродзеншчыны (май—ліп. 1919), узначальваў к-т Бел. т-ва дапамогі пацярпелым ад вайны, адзін з ініцыятараў стварэння Бел. вайсковай камісіі, дыпламат. прадстаўнік БНР у краінах Прыбалтыкі, дзярж. сакратар ва ўрадзе Ластоўскага. Выкладаў у Віленскай бел. гімназіі і на бел. настаўніцкіх курсах. У 1921 эмігрыраваў у Каўнас. У 1920—30-я г. працаваў у мін-вах бел. спраў, замежных спраў, сувязі Літвы, адзін з кіраўнікоў Бел. цэнтра ў Літве, Літ.-Бел. т-ва. Выдаваў і рэдагаваў час. «Беларускі сцяг» (1922), «Крывіч» (1923—26), «Беларускі асяродак» (з 1933). Пасля далучэння Літвы да СССР (ліп. 1940) зняволены сав. ўладамі ў турму; у жн. 1943 арыштаваны ням.-фаш. ўладамі і адпраўлены ў канцлагер. У 1944—46 дацэнт Каўнаскага ун-та. У 1952 сав. ўладамі асуджаны на 25 гадоў зняволення. Вызвалены ў 1955.
С.С.Рудовіч.
т. 6, с. 269
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
З’Е́ЗДЫ КПСС,
вярхоўны орган Камуністычнай партыі Савецкага Саюза. У адпаведнасці з Канстытуцыяй СССР 1977 КПСС адводзілася роля кіруючай сілы сав. грамадства, ядра яго паліт. сістэмы, дзярж. і грамадскіх арг-цый. Паводле Статута КПСС з’езды склікаліся не радзей аднаго разу ў 5 гадоў, нечарговыя — па ініцыятыве ЦК або па патрабаванні не менш як ⅓ агульнай колькасці членаў партыі, прадстаўленых на апошнім з’ездзе. Дата з’езда і парадак апавяшчаліся не пазней як за паўтара месяца да з’езда, нечарговыя з’езды склікаліся ў двухмесячны тэрмін. З’езд заслухоўваў і зацвярджаў справаздачу ЦК, Цэнтр. рэвіз. камісіі (ЦРК) і інш. цэнтр. арг-цый, пераглядаў, зменьваў і зацвярджаў Праграму і Статут КПСС, вызначаў лінію партыі па пытаннях унутр. і знешняй палітыкі, разглядаў і вырашаў найважнейшыя пытанні парт. і дзярж. жыцця, выбіраў ЦК і ЦРК. Указ рас. Прэзідэнта ад 20.8.1991 аб дэпартызацыі ў РСФСР дзярж. устаноў нанёс удар па манаполіі КПСС. У жн. 1991 дзейнасць КПСС на тэр. Расіі прыпынена. Даты з’ездаў: 1-ы (1898, Мінск), 2-і (1903, Брусель—Лондан), 3-і (1905, Лондан), 4-ы (1906, Стакгольм), 5-ы (1907, Лондан), 6-ы (1912, Прага), 7-ы (1917, Петраград), 8-ы (1919; гэты і ўсе наступныя адбываліся ў Маскве), 9-ы (1920), 10-ы (1921), 11-ы (1922), 12-ы (1923), 13-ы (1924), 14-ы (1925), 15-ы (1927), 16-ы (1930), 17-ы (1934), 18-ы (1939), 19-ы (1952), 20-ы (1956), 21-ы (1959), 22-і (1961), 23-і (1966), 24-ы (1971), 25-ы (1976), 26-ы (1981), 27-ы (1986), 28-ы (1990).
т. 7, с. 51
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)