змяша́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Злучыцца ў адно пры перамешванні (пра што‑н. разнароднае); утварыць сумесь ці раствор. Гліна змяшалася з пяском. // Зліцца ў адно цэлае, перастаць адрознівацца. Галасы змяшаліся, загудзелі гудам. Якімовіч. Рогат і воплескі змяшаліся разам, Макар ажно ўтуліў галаву ў мяккі каўнер кажуха. Дуброўскі.

2. Размясціцца ў беспарадку, уперамешку адзін з адным; перамяшацца. [Адась:] У Беластоку і Брэсце ў дэманстрацыях удзельнічалі і сяляне. Тут змяшаліся і палякі, і беларусы, і яўрэі... Козел. // Схавацца, знікнуць (у натоўпе, сярод людзей). [Люба] выбілася на мост, прайшла яго і змяшалася з натоўпам людзей. Чорны.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Страціць звычайны парадак, стройнасць, яснасць; пераблытацца, зблытацца. Косця сцішыўся, на яго нахлынулі раптоўныя думкі, збіліся, змяшаліся. Адамчык. І крыўда і злосць змяшаліся ў адно. Баранавых. // Страціць баявы парадак, строй (пра войска). Змяшаліся шэрагі чырвонаармейцаў і партызан. Нікановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зблы́тацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Перамяшацца, пераплесціся ў беспарадку; пераблытацца. Валасы зблыталіся. □ Вада расплёхалася, а кветкі зблыталіся, намоклі. Баранавых. // Пераплесціся, счапіцца з чым‑н. Чорная густая чупрына зблыталася з свежай травою. Бядуля. // перан. Страціць выразнасць, дакладнасць; змяшацца. Думкі зблыталіся. □ І пякучая крыўда, і боль, і страх, што пан можа пакараць за яго бацькоў, — усё зблыталася ў адзін клубок. Пальчэўскі.

2. Разм. Дапусціць памылку ў чым‑н.; збіцца. Зблытацца ў падліку. □ А Лёня не разгубіўся: — Я ж акурат так пачынаў рашаць гэты прыклад, ды толькі крышачку зблытаўся. Васілевіч. // Згубіць сувязь у думках, словах; заблытацца. [Байкоў] прыкметна хваляваўся, глядзеў у паперку, каб не зблытацца. Шамякін.

3. Разм. Звязацца з кім‑н., уступіць у якія‑н. сувязі, адносіны (звычайна ганебныя). Зблытацца з бандытамі. □ Адслужыўшы два гады ва ўланах, .. [Зыгмусь] зблытаўся з жонкай настаўніка гарэліцкай сямігодкі. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)