ЛАПЛА́СА ПЕРАЎТВАРЭ́ННЕ,

лінейнае функцыянальнае пераўтварэнне, якое пераводзіць функцыю f(t) сапраўднай пераменнай t (арыгінал) у функцыю F(s) камплекснай пераменнай (вобраз). Цесна звязана з Фур’ё пераўтварэннем. Выкарыстоўваецца для інтэгравання дыферэнцыяльных ураўненняў у задачах электратэхнікі, гідрадынамікі, механікі, тэорыі цеплаправоднасці.

Дазваляе зводзіць рашэнне, напр., звычайнага лінейнага дыферэнцыяльнага ўраўнення з пастаяннымі каэфіцыентамі да рашэння алг. ўраўнення 1-й ступені. Аднабаковае Л.п. матэматычна выражаецца праз інтэграл Лапласа F(s) = 0 f(t)e−stdt (інтэгралы такога віду разглядаліся П.С.Лапласам у працах па тэорыі імавернасцей у 1812, адсюль назва) Пры пэўных абмежаваннях на функцыю F(s) функцыя f(t) узнаўляецца адназначна па формулах абарачэння. Л.п. разам з яго абарачэннем складае аснову аперацыйнага злічэння.

А.​А.​Гусак.

т. 9, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСКЛАДА́ННЕ НА МНО́ЖНІКІ,

тоеснае пераўтварэнне ліку ці мнагаскладу ў здабытак некалькіх сумножнікаў. Вядзе да спрашчэння матэм. выразаў.

Р. на м. цэлых лікаў важнае пры вывучэнні іх падзельнасці: любы састаўны лік можна пераўтварыць у здабытак простых лікаў, напр., 396 = 2∙2∙3∙3∙11. Мнагасклад ад адной пераменнай над зададзеным полем P не заўсёды можна паказаць у выглядзе здабытку мнагаскладаў больш нізкай ступені над тым жа полем (непрыводны мнагасклад). Кожны іншы мнагасклад ад адной пераменнай адназначна раскладаецца на здабытак непрыводных мнагаскладаў з дакладнасцю да парадку іх нумарацыі, а таксама да пастаянных множнікаў. Напр.; калі мнагасклад P(x) ступені n P(x) = a0 + a1x + ... + anxn, мае карані x1, x2, ..., xn, то справядліва Р. на м. P(x) = an(xx1) (xx2) ... (xxn).

т. 13, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭГРАВА́ННЕ ў матэматыцы,

аперацыя знаходжання інтэграла па пэўных правілах; знаходжанне рашэння дыферэнцыяльнага ўраўнення. Бывае аналітычнае, графічнае (гл. Графічныя вылічэнні) і лікавае (гл. Лікавае інтэграванне, Лікавыя метады).

Асн. метады аналітычнага І.: непасрэднае І., замена пераменнай і І. па частках. Непасрэднае І. [вылічэнне нявызначанага інтэграла ∫𝑓(x)dx] — аперацыя, адваротная дыферэнцаванню: знайсці функцыю F(x), вытворная ад якой роўная зададзенай функцыі 𝑓(x). Пры гэтым ∫[𝑓i(x) + 𝑓2(x) + ... + 𝑓n(x)]dx = 𝑓1(x)dx + ∫𝑓2(x)dx + ... + ∫𝑓n(x)dx. Вызначаны інтэграл у выпадку неперарыўнай 𝑓(x) і элементарнай F(x) вылічваецца па формуле Ньютана—Лейбніца: ∫𝑓(x)dx = F(b) − F(a). Для складанай функцыі 𝑓(x), дзе x = g(t) — дыферэнцавальная функцыя, выкарыстоўваецца метад замены пераменнай (метад падстаноўкі): ∫𝑓(x)dx = ∫𝑓[g(t)]g(t)dt. Метад І. па частках; калі u = u(x) і v = v(x) — дыферэнцавальныя функцыі, то ∫udv = uv + ∫vdu.

А.​А.​Гусак.

т. 7, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНАТО́ННАЯ ФУ́НКЦЫЯ,

функцыя сапраўднай пераменнай, якая пры нарастанні аргумента не расце ва ўсёй вобласці вызначэння (ненарастальная М.ф.) або не спадае (неспадальная М.ф.). Напр., функцыя y = x​3 з’яўляецца ўзрастальнай функцыяй. Дыферэнцыруемая на зададзеным інтэрвале функцыя з’яўляецца М.ф., калі яна мае ў кожным пункце вытворную, якая захоўвае пастаянны знак ва ўсім інтэрвале.

Да арт. Манатонная функцыя.

т. 10, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІДЭАКА́МЕРА, камкордэр,

малагабарытная перадавальная тэлевізійная камера, аб’яднаная з касетным відэамагнітафонам для запісу тэлевізійных сігналаў. Бывае адна- і шматтрубкавая на відыконах, ПЗС-матрыцах. Мае аб’ектыў з пераменнай фокуснай адлегласцю, электронны відашукальнік, які выкарыстоўваецца для кантролю запісу пры здымцы (відэаманітор) і кантрольнага прагляду знятага матэрыялу адразу пасля здымкі, і сістэму аўтам. факусіроўкі. Адрозніваюць быт., паўпрафес. і прафес. відэакамеры.

т. 4, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАШЫ́—РЫ́МАНА ЎРАЎНЕ́ННІ ў тэорыі аналітычных функцый,

дыферэнцыяльныя ўраўненні з частковымі вытворнымі 1-га парадку, якія звязваюць сапраўдную і ўяўную часткі аналітычнай функцыі w = u + iv камплекснай пераменнай z = x + iy: du/dx = dv/dy, du/dy = −dv/dx. Маюць важнае значэнне ў тэорыі аналітычных функцый і яе дастасаванняў у механіцы і фізіцы. Названы ў гонар А.Кашы і Б.Рымана.

т. 8, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МНАГАЗНА́ЧНАЯ ФУ́НКЦЫЯ,

функцыя, якая прымае некалькі значэнняў для аднаго і таго ж значэння аргумента з вобласці яе вызначэння. Напр., адваротная трыганаметрычная функцыя Arctg x = arctg x + , дзе k = 0, ±1, ±2, ... з’яўляецца бясконцазначнай. М.ф. ўзнікаюць, напр., пры рашэнні ўраўненняў. М.ф. камплекснай пераменнай вывучаюцца ў тэорыі аналітычных функцый. Асн. элементарнай аналітычнай функцыяй з’яўляецца бясконцазначная функцыя lnz, праз якую выражаюцца ўсе астатнія элементарныя функцыі.

т. 10, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МНАГАСКЛА́Д, паліном,

алгебраічная сума канечнай колькасці адначленаў. Ступенню М. наз. найб. са ступеней адначленаў, якія ўваходзяць у яго. Любы М. адной пераменнай можа мець выгляд a0x​n+a1x​n-1+...+an=a0(x-x1)(x-x2)...(x-xn), дзе x1, x2, ..., xn — карані дадзенага М. Складанне, адыманне і множанне М. падпарадкоўваюцца камутатыўнаму (гл. Камутатыўнасць), спалучальнаму (гл. Асацыятыўнасць) і размеркавальнаму (гл. Дыстрыбутыўнасць) законам.

т. 10, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАМЕ́ННАЯ І ПАСТАЯ́ННАЯ ВЕЛІЧЫ́НІ,

велічыні, якія прымаюць розныя значэнні ці застаюцца нязменнымі адпаведна. Напр., пры ізатэрмічным пашырэнні газу пераменныя велічыні — аб’ём і ціск, пастаянныя — маса і т-ра (гл. Бойля-Марыёта закон). Паняцце пераменнай велічыні ўзнікла ў 17 ст. з патрэб прыродазнаўства. Літарнае абазначэнне прапанавана Р.Дэкартам: пераменныя велічыні абазначаюцца апошнімі літарамі лац. алфавіта (x, y, ...), пастаянныя (канстанты) — першымі (a, b, c, ...).

т. 12, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРКУЛЕ́С (лац. Hercules),

сузор’е Паўн. паўшар’я неба. Самая яркая зорка 2,8 візуальнай зорнай велічыні; 140 зорак ярчэй 6-й зорнай велічыні. У Геркулесе знаходзіцца тыповае шаравое зорнае скопішча. У напрамку да Геркулеса рухаецца Сонечная сістэма (гл. Апекс). У Геркулесе выяўлены рэнтгенаўскі пульсар Her X-1, які атаясамліваецца з аптычна пераменнай зоркай HZ Her. На тэр. Беларусі сузор’е найлепей відаць вясной і летам. Гл. Зорнае неба.

Сузор’е Геркулес.

т. 5, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)