САФРО́НАЎ (Анатоль Уладзіміравіч) (19.1.1911, Мінск — 10.10.1990),
рускі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1981). Скончыў Растоўскі пед.ін-т (1937). У 1948—53 сакратар Саюза пісьменнікаў СССР. У 1953—86 гал. рэдактар час. «Огонек». Друкаваўся з 1929. У паэт. зб-ках «Сонечныя дні» (1934), «Марш пераможцаў» (1947), «Нішто не забываецца...» (1971), «Лірыка» (1982), паэмах «Вяселле» (1935), «Залаты бераг» (1945), «Паэма часу» (1970), «Бессмяротнасць» (1973) і інш. любоў да роднай зямлі, апяванне яе прыроды, тэма кахання. У п’есах «У адным горадзе» (паст. 1947, Дзярж. прэмія СССР 1947), «Маскоўскі характар» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1949), «Мільён за ўсмешку» (1959), «Беражыце жывых сыноў» (1963), «Паўліна» (1965), «Зямное прыцягненне» (1978), «Катаракта» (1982) маральна-этычная праблематыка. Аўтар рамана ў вершах «У глыб часоў» (ч. 1—6, 1978—83), п’ес-памфлетаў «Гібель багоў» (1961), «Лабірынт» (1968), кн. нарысаў «Замежныя сустрэчы» (1952), «Дарогі» (1972), «На землях Азіі і Афрыкі» (1973), нарысаў і ўспамінаў «Час развітанняў і сустрэч» (1977), тэкстаў песень («Шумеў сурова бранскі лес», «Ад Волгі да Дона» і інш.), апавяданняў, публіцыст. артыкулаў, перакладаў і інш. П’есы С. ставіліся ў т-рах Беларусі: у Бел. т-ры імя Я.Купалы — «Маскоўскі характар» (1948), «Мільён за ўсмешку» (1960); у Дзярж.рус.драм. т-ры — «У адным горадзе» (1949), «Беражыце жывых сыноў» (1963); у Гродзенскім абл.драм. т-ры — «Маскоўскі характар» (1948), «Сэрца не даруе» (1955); у Брэсцкім абл.драм. т-ры — «Маскоўскі характар» (1949), «Інакш жыць нельга» (1952). Асобныя яго вершы на бел. мову пераклалі А.Звонак, П Панчанка, У.Шахавец.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—5. М., 1971—72;
Океания: Избр. М., 1980;
Пока живешь и сердце бьется...: Стихи и поэмы. Мн., 1981;
На трех континентах: Путешествия. Встречи. Воспоминания. М., 1986.
Літ.:
Толченова Н.П. Веление времени: Очерк творчества А.Софронова. М., 1972;
Зубков Ю.А. На сквозном ветру: Драматургия А.Софронова. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНЫ ТА́НЕЦ, харэаграфічны фальклор,
адзін з найб.стараж. відаў народнай творчасці. З’яўляецца першакрыніцай сцэнічнага танца, асновай нац. харэаграфічнага стылю. Непарыўна звязаны з інш. відамі мастацтва, гал. чынам з музыкай. У пластычнай форме адлюстроўвае ўражанні ад навакольнага свету, жыццё, побыт і прац. дзейнасць народа, увасабляе яго нац. характар, спосаб вобразнага мыслення.
Узнікненне Н.т. звязана з нар. абрадамі (цэйлонскі танец агню, нарв. танец з факеламі, слав.карагоды). Паступова Н.т. адыходзіў ад абрадавых дзействаў, набываў новы змест. У залежнасці ад спосабу жыцця пэўных народаў танцы перадавалі характар і звычкі звяроў ці птушак (танец бізона ў паўн.-амер. індзейцаў, якуцкі танец мядзведзя, кіт., індыйскі — паўліна, славянскія — «Журавель», «Гусачок»), рухі і прыёмы сял. (лат. танец жняцоў, гуцульскі — дрывасекаў, эст. — шаўцоў), рамеснай і фабр. (укр. «Бондар», ням. танец шкловыдзімальшчыкаў) працы. Н.т. часта адлюстроўваюць воінскі дух, адвагу, гераізм («пірычныя» танцы стараж. грэкаў, шатл. танец з мячамі) Шмат Н.т. прысвечана тэме кахання, павагі да жанчыны (славянскія кадрыля, мазурка, груз. картулі). У кожнага народа склаліся свае танц. традыцыі, пластычная мова, асаблівая каардынацыя рухаў і прыёмы іх суадносін з музыкай. Танцы народаў Зах. Еўропы засн. на руху ног (рукі і корпус — акампанемент), Сярэдняй Азіі і Усходу — на пластыцы рук і корпуса. Аснова Н.т. — рытмічны пачатак, што падкрэсліваецца танцорам. Характар выканання ў значнай ступені залежыць ад касцюма.
Вытокі нар. харэаграфічнага мастацтва беларусаў у культуры ўсх.-слав. плямён. Харэаграфічныя элементы, цесна злітыя са спевамі, музыкай, драм. дзеяннем, займалі значнае месца ў стараж. абрадах і гульнях (абход двароў з «казой», «Жаніцьба Цярэшкі», святкаванне Купалля, вяселле і інш.), якія бытавалі да сярэдзіны 20 ст. (некат. існуюць і цяпер). Вял. значэнне ў Н.т. мелі выяўл. моманты — імітацыя прац. працэсаў, рухаў і звычак птушак, жывёл, з’яў прыроды. Найб.стараж. від мастацтва — карагод. У 14—16 ст. з карагодаў паступова выкрышталізаваліся танцы. Асн. рысы Н.т. — вылучэнне пластыкі, руху як асн. сродку выразнасці, інстр. суправаджэнне, замацаванасць і паўторнасць фігур. Бел. Н.т. («Лявоніха», «Мяцеліца», «Падушачка», «Крыжачок», «Мікіта», «Кабыла», «Каза», «Бычок», «Таўкачыкі» і інш.) разнастайныя тэматычна, кампазіцыйна, па рытме і малюнку, жыццярадасныя па настроі. Пераважаюць парна-масавыя танцы (ёсць і сольныя варыянты). Жаночы танец істотна не адрозніваецца ад мужчынскага. У 19 ст. пачаўся працэс асіміляцыі традыц. фальклору з танц. формамі полькі, кадрылі, інш. тыпамі гар. танца. На пач. 20 ст. пашырыліся новыя бальныя і быт. танцы, фальклор гар. ускраін. Стараж. пласт Н.т. абнаўляўся, сталі пераважаць танцы, сканструяваныя па стандартах. Развіваецца імправізацыйны сольна-масавы танец, калі ўдзельнік танцуе адзін або сярод усіх, свабодна імправізуючы («Казачок», «Скакуха», «Барыня» і інш.). Узнікла значная колькасць танцаў-імправізацый: «Сербіянка», «Сямёнаўна», «Страданні» і інш. Часта яны суправаджаюцца прыпеўкамі-частушкамі. Н.т. стаў асновай сцэнічных танцаў, творчых пошукаў Дзярж. ансамбля танца Рэспублікі Беларусь, танц. групы Дзярж.акад.нар. хору Беларусі, харэаграфічнага ансамбля «Харошкі», ансамбля «Белыя росы» і інш.
Літ.:
Голейзовский К. Образы русской народной хореографии. М., 1964;
Ткаченко Т.С. Народный танец. М., 1967;
Чурко Ю.М. Белорусский народный танец. Мн.. 1972;
Яе ж. Белорусский хореографический фольклор. Мн., 1990;
Гребенщиков С.М. Белорусские танцы. Мн., 1978;
Алексютович Л.К. Белорусские народные танцы, хороводы, игры. Мн., 1978.
Ю.М.Чурко.
Да арт.Народны танцы: 1 — карагод «Страла»; 2 — «Беларуская полька»; 3 — «Каза».