наве́с, ‑а, м.

1. Дах на слупах ці іншых апорах, які ахоўвае ад сонца, непагоды. Пад дашчатым навесам гарэў агонь, у катле варылася вячэра. Шчарбатаў. Вучнёўскія парты стаялі на двары пад навесам і паблісквалі свежай афарбоўкай. Кулакоўскі.

2. Тое, што навісае зверху; частка чаго‑н., якая выступае, навісае. У лясной глушы пад густым лісцевым навесам заўсёды пануе паўзмрок і вільгаць. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Суто́ннепаўзмрок паміж заходам сонца і надыходам ночы, а таксама перад світаннем’ (ТСБМ, Сцяшк.), суто́нак ’тс’ (Сцяшк.), суто́нець, суто́ньваць ’змяркацца’ (ТСБМ), сутуня́цца ’тс’ (Сцяшк.), суто́нівацца ’тс’ (пух., Сл. ПЗБ), сутаня́цца ’тс’ (Жд. 1), сутуні́ты (Сл. Брэс.), сутыня́ты (стол., Нар. лекс.), сутэня́ті ’тс’ (пін., З нар. сл.), сутоні́цца ’тс’ (пух., З нар. сл.), сутуні́ты ’пачынаць світаць’ (драг., З нар. сл.), суты́ніть ’тс’ (пін., З нар. сл.). Укр. су́тінь, су́тінок ’змрок’, сутоня́е ’змяркаецца’, серб.-харв. су́тон ’змярканне, змрок’, усу́тонити ’змеркнуцца’. Усх.-слав.-серб.-харв. ізалекса (Талстой, Лексика Пол., 18). Дэрыват ад прасл. *(sъ)tęti sę, *(sъ)tinati ’сцягваць, згушчаць’; рэканструююцца прасл. *sǫtonъ, *sǫtonьje, *sǫtoniti sę (Мяркулава, Этимология–1975, 56–57; Казлова, Регионализмы, 5; Запрудскі, дыс., 35; Борысь, Etymologie, 263; ЕСУМ, 5, 485), гл. сцяць2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

разве́яць, ‑вею, ‑вееш, ‑вее; зак., што.

Разнесці ў розныя бакі (ветрам); пусціць па ветры. Ветрык развеяў туман, перастала імжыць. П. Ткачоў. Каля плёсу віхор падхапіў шматкі сухога сена, падняў іх угару і развеяў. Федасеенка. // перан. Рассеяць, знішчыць, разагнаць. Развеяць трывогу. □ Пачуўся ўсплёск, успыхнула злосць у душы рыбака, а злосць гэтую развеяў звонкі дзявочы смех. Брыль. Каб як-небудзь развеяць сумны настрой, Максім спытаў у Сяргея: — Як табе тут жывецца ў горадзе? Машара. Нясмелы агеньчык развеяў паўзмрок, і хата зноў стала пустой і ціхай. Шашкоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

запанава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак.

1. над чым. Устанавіць сваю ўладу, сваё панаванне. — А ўсё ж, брат, — папрасіў Кастусь, — растлумач ты мне ясней: чаму князі і каралі запанавалі над народам? Якімовіч.

2. Пачаць панскае, бяздзейнае жыццё. — Паны, якіх мы прагналі адсюль, а іх маёмасць і зямлю вам, сялянам, аддалі, ізноў хочуць прыйсці сюды, каб запакаваць у сваіх маёнтках. Нікановіч. // перан. Зажыць заможна і шчасліва. Блізка той дзянёк, калі Шчасна запануем, Станем самі мы людзьмі І край адбудуем. Купала.

3. Настаць, устанавіцца. Калі паднялося сонца, вялікая цішыня запанавала на зямлі. Чорны. Бацька ўкруціў кнот газоўкі, каб яна не вельмі свяціла, і ў хаце запанаваў нейкі казачны паўзмрок — святло газоўкі змяшалася з месячным. Сабаленка.

4. перан. Зрабіцца пануючым, вырашальным. У вершах запанавала задумлівая элегічнасць. «Маладосць».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сіне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. Рабіцца сінім. Не колюць лёду шчупакі, А мы над рэчкай, хлапчукі, Нібыта лёд, сінелі. Бялевіч. Антось аж сінеў ад злосці. Гроднеў. // Світаць, віднець. Косця прачнуўся зацемна: у акне толькі пачынаў сінець блізкі дзень. Адамчык. Сінее мяккі прыцемак. Навуменка. / у безас. ужыв. За акном тым часам сінела — радзеў няўстойлівы світальны паўзмрок. Вышынскі. // Цямнець, вечарэць. Вялікае, ужо няцёплае сонца хавалася за недалёкім лесам. У лагчынах пачынала сінець, і вастрэй адчувалася восень. Карпаў.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Выдзяляцца сінім колерам, віднецца (пра што‑н. сіняе). Навокал рассцілалася поле, яшчэ даволі стракатае: за жаўтлявым спелым жытам зелянела бульба, з другога боку — сінеў лубін. Шамякін. Між спелага жыта Сінее валошка. Колас. Далёка на небасхіле сінеў лес, да якога вілася ледзь бачная дарога. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

shadow1 [ˈʃædəʊ] n.

1. цень;

cast a shadow (on) кіда́ць цень на (каго-н.) (таксама перан.);

the shadows of evening начны́я це́ні;

dark shadows under eyes цёмныя кругі́ пад вачы́ма

2. цень, паўце́мра, паўзмро́к;

sit in the shadow не запа́льваць святла́, сядзе́ць у паўце́мры

3. пастая́нны спадаро́жнік;

He’s his mother’s shadow. Ён ходзіць за маткаю як цень.

4. цень, намёк;

There is not a shadow of (a) doubt. Няма і ценю сумнення.

be afraid of one’s own shadow бая́цца свайго́ це́ню;

live in the shadow трыма́цца ў це́ні

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

хму́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Пахмурны, воблачны (пра неба, пагоду, пару года, частку сутак). Дзень па-асенняму хмурны, таму пад шатамі елак амаль вячэрні паўзмрок, і немагчыма разгледзець зубравы вочы: што ў іх? Шамякін. Была хмурная, гразкая восень. Скрыган. Потым узышоў месяц. Ён паволі падымаўся па хмурным небе. Асіпенка. // Такі, дзе змрочна. Прыгрэе цёплае сонца, растопіць гурбы снегу, зазеляніць жоўтыя паплавы, у бярэ хмурныя лясы. Гартны.

2. перан. Сумны, пануры (пра чалавека). [Элінора] зразумела, чаму Сузан вельмі часта ўставаў з-за хатняга стала хмурны, нездаволены. Лынькоў. Паглядзела дачка, стала хмурная: Знаць, не прыйдзе ён [любы] гэткай бураю. Панчанка. Архіпцоў сядзеў моўчкі, схіліўшы галаву, нейкі хмурны ці, можа, разгублены. Кухараў. — Ты нейкая хмурная сёння? — адразу заўважыў.. [Антось] жончын настрой. Васілевіч. // Які выражае суровасць, панурасць, заклапочанасць. Выйшаў на ганак.. хлопец з хмурнымі заспанымі вачыма. Мележ. Слёзы ў мяне праступаюць з-пад хмурных павек. Багдановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скака́ць, скачу, скачаш, скача; незак.

1. Рабіць скачок, скачкі; падскокваць. Крычаць малыя шалапуды, Бягуць і скачуць, б’юць у ладкі. Колас. Танцуюць хлопцы «Збуйніцкі» танец, Скачуць з дзяўчатамі цераз касцёр. Танк. Сабакі адразу пазналі Тынэлькута і пачалі віляць хвастамі, радасна вішчаць, скакаць на яго. Бяганская. Кожны раз, як з працы Вечарам прыйду я, Прада мной дачушка Скача і танцуе. Астрэйка. // Рухацца скачкамі. Скачуць з галінкі на галінку вяртлявыя рыжахвостыя вавёрачкі. Якімовіч. На адталым дзірване Павесялелы скача верабей... Лось. // Рабіць спартыўныя скачкі; займацца скачкамі як спортам. Скакаць з парашутам. □ У сектарах было многа юнакоў і дзяўчат, якія скакалі, штурхалі ядро, займаліся на гімнастычных прыладах. Шыцік. // Кідацца ўніз скачком. — Калі купацца можна, дзед? Скакаць у рэчку з вышкі? Бялевіч. Зіна ніколі не скакала ў ваду з такой вышыні, ды і плавала не надта ўжо і добра. Васілёнак. // перан. Імкліва цячы па ўступах, каменні і пад. (аб рэчцы, ручаі і пад.). З другога боку, унізе, скача па кам[янях] вясёлы гаманлівы ручай. Шамякін. // перан. Разм. Мітусіцца, імкнучыся дагадзіць. Такароўцы.. стараліся скакаць перад панам Магдановічам на ўсе лады. Бядуля. // перан. Разм. Мітусіцца (пра думкі і пад.). Цяпер думкі адна за адной скакалі ў яго [Сымона] галаве. Чарнышэвіч.

2. Стукаючыся аб што‑н. цвёрдае, адскокваць убок ці ўверх. Дождж.. Кроплямі па шкле аконным скача... Макаль. Гумавыя шыны лёгка скакалі па кар[анях], і на гэтыя частыя штуршкі ледзь чутна адклікаўся званок. Кулакоўскі. Уся.. маленькая постаць [хлопчыка] цягнулася наперад да капрызнага мяча, які можа так слаўна скакаць. Лынькоў.

3. перан. Падскокваючы, рабіць рухі, якія нагадваюць скокі. Коні ў загарадзе пачынаюць скакаць і станавіцца на дыбкі. Мурашка. Рыбкі шмыглівыя скачуць, купаюцца. Купала. // Дрыжаць, падскокваць, рабіць бязладныя рухі. Над лабавым шклом.. [аўтобуса] скакалі-калаціліся дзве фанерныя закладкі з назвамі «Бабруйск» і «Мазыр». Ракітны. Скакала тупая піла, Звінела, як шкло, асіна. Барадулін. Рукі.. [пані Яндрыхоўскай] калоцяцца, аловак скача па паперы. Крапіва. / Пра полымя, агонь і пад. Мігатлівыя языкі агню весела скакалі над распаленым вуголлем. Арочка. Полымя скакала каля самых [акон], пачынала лізаць сцены. Бураўкін. / Пра святло, цені, водблескі і пад. Сонечная ўбіраецца ў сілу раніца. Вясёлыя водблескі скачуць на люстраной роўнядзі копанкі. Навуменка. Чырвоныя водсветы гарматных выбухаў скакалі на сценах. Мележ. Ад смеху дрыжэла лучынка ў.. руцэ [Надзі], доўгія цені скакалі па сцяне. М. Ткачоў. // Пра знакі, вобразы і пад., што мітусяцца перад вачыма. У хаце быў паўзмрок, і Паўлік.. не адразу змог убачыць постаць дзеда. У вачах яшчэ некаторы час скакалі літары і малюнкі. Шамякін. // Пра вочы, якія выражаюць унутраны стан чалавека. Сцёпка сядзеў на краі табурэта, насцярожаны і натапыраны, як дзядоўнік. А ў вачах скакалі хітрыя агеньчыкі. Хомчанка. У вачах [Зіны] ужо не скакалі былыя чорцікі, якіх пабойваўся некалі Алесь. Шыцік.

4. Разм. Міжвольна трэсціся, дрыжаць (пра часткі цела, твару). На твары скакаў і дрыжаў кожны мускул, трапяталася кожная рыса. Крапіва. На поўнай круглай шыі скакала жылка. Пташнікаў.

5. Разм. Нечакана хутка змяняцца. Тэмпература скача. Цэны скачуць.

6. Разм. Танцаваць. Зайграў музыка; хлопцы і дзяўчаты Пад музыку пусціліся скакаць... Купала. — А памятаеш, Марфачка, як мы кадрыль скакалі на тваім вяселлі! — раптам загараецца ўся ўспамінам Таццяна. Васілевіч. Вось і полечка, браточкі! А чаму ж нам не скакаць, Калі ўмеем працаваць. Грамыка.

7. Бегчы наўскач, з вялікай хуткасцю (пра каня). Скача полем тройка коней, Поўны сані ездакоў. Галіноўская. Галопам скачуць рысакі. І пада мной палоззе, Як спараваныя смыкі, Іграе на марозе. Смагаровіч. // Ехаць (на кані, конях) вельмі хутка. Скачуць тымі стэпамі казакі. Звонак.

8. Разм. Хутка бегчы да каго‑н., куды‑н. з якой‑н. мэтай.

9. Разм. Часта змяняць месца работы, вучобы.

•••

Па сабаку з рота скача — пра таго, хто брыдка лаецца.

Скакаць (танцаваць) пад чыю дудку — рабіць так, як хоча хто‑н., падпарадкоўвацца чужой волі. [Сцёпка:] — Досыць скакаць пад яго [Шупіка] дудку. Хомчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)