быва́льшчына, ‑ы, ж.

Разм. Тое, што было ў сапраўднасці; выпадкі з жыцця, мінулых часоў, быль. На прызбах збіраліся пасядзець старыя — успомніць .. сілу, маладосць, расказаць якую бывальшчыну ці добрую выдумку. Скрыган. Забаўляў .. [ля будана] усіх Лука Якубавіч, расказваючы розную бывальшчыну з далёкага мінулага, якой у яго быў невычарпальны запас. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасмакта́ць, ‑смакчу, ‑смокчаш, ‑смокча; зак., што.

1. Сасмактаць, высмактаць усё, многае.

2. і без дап. Смактаць некаторы час. Любіць Сцяпан пасядзець на прызбе, пасмактаць люльку ды напляваць у пясок перад прызбай. Крапіва. «Во, — думаў дзед, ідучы на панскую кухню, — пап’ю чаю з заваркай ды пасмакчу салодкага цукру». Рамановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прытамі́цца, ‑тамлюся, ‑томішся, ‑томіцца; зак.

Разм. Стаміцца, прыстаць. У два рады пастаўлены тут лаўкі на роўнай адлегласці адна ад другой, каб было дзе пасядзець у добрае надвор’е людзям, калі прытомяцца шпацыруючы. Колас. Ужо і рукі ад цяжкага кошыка забалелі, і ногі прытаміліся, і адпачыць зноў захацелася, а знаёмай дарогі ўсё не было і не было. Сіняўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́купіць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; зак., каго-што.

1. Заплаціўшы грошы, атрымаць што‑н. аддадзенае ў заклад, купленае ў растэрміноўку. Выкупіць рэчы з ламбарда. // Вызваліць каго‑н. за выкуп. Выкупіць палонных. □ Пасядзець Віктару ў турме бацька не даў, выкупіў. Лобан.

2. перан. Загладзіць чым‑н. свой учынак. [Саўка:] — Мне сорамна пазіраць вам у вочы, але я выкуплю сваю віну перад вамі, выкуплю, чым толькі змагу. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сузіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што і без дап.

1. Глядзець, разглядваць, назіраць. Дзяўчаты сядзелі моўчкі і сузіралі. Мурашка. [Каваль] сузіраў гэта нейкі момант і не заўважыў, адкуль і як з’явіўся на падножцы мужчына з маладым і вельмі заклапочаным тварам. Савіцкі.

2. Уяўляць у думках што‑н., унікаць розумам у што‑н. [Дзед] любіў і пасядзець моўчкі, паглыбіўшыся ў свае думкі, нібы сузіраючы пройдзены шлях свайго доўгага жыцця. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пры́зба, ‑ы, ж.

Невысокі, звычайна земляны насып уздоўж сцяны хаты, зроблены для ўцяплення памяшкання. Вакол усёй хаты насыпана прызба... Ды не абы якая прызба. Гады са два назад мы з бацькам паехалі на Рагазінку на балота — там расла лаза, насеклі яе добры воз і аплялі невысокім плоцікам прызбу. Сабаленка. Збіраліся [сяляне] пасядзець то на вячорках, то на прызбах, каб і пажартаваць і паплакаць. Скрыган. Выйдзе стары Базыль на вуліцу і сядзе на прызбе. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сузіра́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не цікавіцца тым, што яго акружае; бяздзейны, пасіўны. [Селянін] — не пасіўная, сузіральная асоба і далёка не абыякава ўспрымае ўсё тое, што пасылае яму лёс. Навуменка. // Уласцівы такому чалавеку. Сузіральныя адносіны да рэчаіснасці. // Звязаны з працэсам сузірання (у 1 знач.). Пісьменнік паступова падымаецца ад сузіральнага чалавекалюбства «Сястры» да гуманізму актыўнага. Адамовіч.

2. Схільны да сузірання (у 2 знач.). Сузіральная натура. // Уласцівы такому чалавеку. Тут прыемна пасядзець, адпачыць у духмяным цяньку, падумаць аб мінулым, настроіцца на сузіральны лад. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пажартава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак.

1. Сказаць жарт. Усе пакочваюцца з рогату, дзед умее пажартаваць. Лужанін. Воранаў прыняў земляка ветліва, нават пажартаваў: «На чужой старонцы рад сваёй варонцы». Пальчэўскі. // з каго-чаго, (рэдка) над кім-чым і без дап. Сказаць або зрабіць што‑н. дзеля жарту; пасмяяцца з каго‑, чаго‑н. Зноў захацелася [Таццяне] пажартаваць з.. [Жэні], падражніцца, паспрачацца, як калісьці ў школе. Шамякін. Цяпер мне здаецца, што нехта вельмі злосна пажартаваў нада мной, прызначыўшы за брыгадзіра. Асіпенка.

2. Жартаваць некаторы час. А жыццё сабе ішло. Патроху пачало ўсё ўваходзіць у норму. Збіраліся [сяльчане] пасядзець то на вячорках, то на прызбах, каб і пажартаваць і паплакаць. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Faecem bibat, qui vinum bibit

Хто п’е віно, няхай п’е і асадак.

Кто пьёт вино, пусть пьёт и осадок.

бел. Любіш катацца, любі і саначкі вазіць. Ружа без калючак не бывае. Хто хоча рыбкі, таму трэба з вудай пасядзець. Здалёк мёду не наліжашся. Не з’ясі зерне, пакуль арэх не раскусіш.

рус. Любишь кататься ‒ люби и саночки возить. Любишь смородинку, люби и оскоминку. Пар любить ‒ баню топить. Мёд есть ‒ в улей лезть. Любишь пар, люби и угар.

фр. Il faut payer qui veut acheter (Надо платить, кто хочет купить). Celui qui veut tirer le miel de la ruche ne doit craindre les piqûres (Кто хочет взять мёд из улья, не должен бояться укусов).

англ. Honey is sweet, but the bee stings (Сладок мёд, да пчела жалит).

нем. Wer Honig lecken will, darf die Bienen nicht scheuen (Кто хочет лизать мёд, не должен пугаться пчёл). Wer den Gaul mietet, muß ihn auch füttern (Кто берёт на прокат коня, должен его также кормить). Willst du Genuß, so nimm auch den Verdruß (Хочешь удовольствия, так возьми и досаду).

Шасцімоўны слоўнік прыказак, прымавак і крылатых слоў (1993, правапіс да 2008 г.)

зашы́цца, ‑шыюся, ‑шыешся, ‑шыецца; зак.

Разм.

1. Забрацца ў куток, зацішнае, глухое месца і пад.; схавацца, затаіцца. Усё шчыльней ахутваў лясістыя горы цёплы туман — гэта радавала .. [Івана], так лягчэй было зашыцца ў лесе. Быкаў. Хлапчук зашыўся ў куток на печы і сцішыўся. Пальчэўскі. // Апусціцца, паглыбіцца ў што‑н. Зашыцца ў пясок. □ [Алёша] зашыўся з галавою ў сухі мох, як вожык, і заплюшчыў вочы. Якімовіч. Пацешны буксір, зашыўшыся па самы нос у ваду, напінаўся з усіх сваіх сіл і весела цягнуў .. баржу. Лынькоў. // перан. Цалкам аддацца якому‑н. занятку. Зашыцца ў работу.

2. Не справіцца з вялікай колькасцю работы ў пэўны тэрмін; закапацца. — Угаварваў дырэктар пасядзець у аддзеле кадраў, — смяецца Кайдалаў. — Дапамажы, кажа, аформіць працоўныя кніжкі, а то мы зашыліся. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)