КО́РСАК (Тадэвуш) (1741?, в. Заскаркі або Данева Полацкага р-на Віцебскай вобл. — 4.11.1794),
дзяржаўны і вайск. дзеяч ВКЛ. З роду Корсакаў. Па пратэкцыі караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў 1787 стаў віленскім земскім суддзёй. Быў адным з самых актыўных паслоў ад ВКЛ на Чатырохгадовым сейме 1788—92, дамагаўся стварэння асобнай для ВКЛ скарбовай і паліцэйскай адміністрацыі. У пач.паўстання 1794 у ВКЛ прыбыў у Вільню на чале некалькіх дзесяткаў узбр. сялян. У маі 1794 увайшоў у склад паўстанцкай парадкавай камісіі Віленскага ваяв. 19—20.7.1794 удзельнічаў у абароне Вільні разам з атрадам ген. Меена. 31.8.1794 атрымаў ад Т.Касцюшкі званне ген.-маёра. Загінуў пры абароне Прагі — прадмесця Варшавы. Пахаваны разам з Я.Ясінскім пры варшаўскім касцёле «На Камёнку».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМА́Н МСЦІСЛА́ВІЧ (пасля 1160—19.6.1205),
першы галіцка-валынскі князь [1199—1205]. Сын уладзіміра-валынскага і кіеўскага князя Мсціслава Ізяславіча і Агнесы, дачкі польскага князя Баляслава III. Бацька Данілы Раманавіча. У 1168—70 кн. наўгародскі. Пасля смерці бацькі з 1170 кн. Уладзіміра-Валынскага княства (уключала бел.Берасцейскую зямлю). У 1199 авалодаў таксама прастолам суседняга Галіцкага княства, у выніку чаго пад яго ўладай утварылася адзінае Галіцка-Валынскае княства. У 1202—03 падпарадкаваў сабе Кіеўскае княства і стаў наймацнейшым князем Паўд.-Зах. Русі. Ваяваў з полаўцамі, летапіснай Літвой і яцвягамі. Адмовіўся ад прапановы рым. папы Інакенція III, які абяцаў яму каралеўскую карону пры ўмове прыняцця каталіцтва. Забіты ў час міжусобнай вайны ў Польшчы, дзе падтрымліваў кн. Лешку.
Да арт.Раман Мсціславіч. М.В.Неўраў. Раман Галіцкі прымае паслоў папы Інакенція III. 1875. Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НАШ ГО́ЛАС»,
газета рэв.-дэмакр. кірунку ў Зах. Беларусі. Выдавалася Беларускай сялянска-работніцкай грамадой з 27.1 да 28.2.1927 у Вільні на бел. мове 2 разы на тыдзень. Адлюстроўвала рэпрэсіі польскага ўрада супраць бел.нац.вызв. руху, выкрывала паклёп праўрадавай прэсы на яго арыштаваных прадстаўнікоў, дэпутатаў сейма, інфармавала пра дэманстрацыі ў іх абарону (у Косаве, расстраляную паліцыяй, а таксама ў Мінску) — арт. «Буржуазная маральнасць», «У чым вінавацяць нашых паслоў». Прапагандавала новую тактычную лінію вызв. барацьбы ў перыяд наступлення рэакцыі, устаноўку на актывізацыю культ.-асв. фронту. Крытыкавала пазіцыю ўрада па пытаннях зямельнай рэформы і асветы. Востра ставіла праблему правоў чалавека ў Польшчы і праявы фашызму ў краіне (арт. «Да вызвалення чалавека», «Ці ёсць фашызм у Польшчы?»). Інфармавала пра важнейшыя культ. падзеі ў Зах. Беларусі і БССР. Змяшчала творы М.Васілька, Т.Кляшторнага, С.Галыша, Т.Волі і інш. Выйшла 11 нумароў, з іх 5 канфіскаваны. Забаронена польск. ўладамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́ЎРАЎ (Мікалай Васілевіч) (1830, Масква — 16.5.1904),
расійскі жывапісец. Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1851—56), у 1887—90 выкладаў у гэтым вучылішчы. Член т-ва перасоўных выставак (з 1881, гл.Перасоўнікі). Жанравым карцінам уласцівы пераканаўчасць сац. характарыстык і сюжэтных сітуацый, падрабязная распрацоўка фактуры: «Хатняя сялянская сцэна» (1856), «Торг» (1866), «Выхаванка» (1867), «Паніхіда на сельскіх могілках», «Пахаванне селяніна», «Протадыякан абвяшчае даўгалецце на імянінах купца», «Агледзіны» (1888) і інш. Аўтар гіст. карцін: «Князёўна П.Р.Юсупава перад пострыгам» (1866), «Раман Галіцкі прымае паслоў папы Інакенція III» (1875), «Прысяга Лжэдзмітрыя каралю Жыгімонту III» (1877) і інш. Пісаў партрэты: невядомага, М.С.Шчэпкіна, аўтапартрэт (1863), Траццяковых (1860-я г.) і інш. У канцы 19 ст. пераехаў на Беларусь. Жыў у в. Лыскоўшчына Круглянскага р-на Магілёўскай вобл., дзе напісаў творы «Эпізод з жыцця Пятра», «Чым былі моцныя шлюбныя вузы» і інш. У 1998 у Магілёве адбыўся міжнар. пленэр, прысвечаны Н.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САГАЙДА́ЧНЫ (Канашэвіч-Сагайдачны) Пётр Конанавіч
(? с. Кульчыцы Самбарскага р-на Львоўскай вобл., Украіна — 30.4.1622),
палітычны і ваенны дзеяч Украіны, гетман рэестравага казацтва. З 1601 у Запарожскай Сечы. Удзельнік і кіраўнік паходаў укр. казакоў супраць Крымскага ханства і Турцыі (1614, 1615, 1616 і інш.). У 1616 казакі напалі на Кафу (Феадосію), дзе вызвалілі шмат нявольнікаў, штурмам авалодалі тур. гарадамі Сінопам і Трапезундам. Удзельнічаў у паходзе польск. каралевіча Уладзіслава ў 1618 на Маскву. Выступаў супраць нац. і рэліг. ўціску на Украіне, садзейнічаў у 1620 аднаўленню правасл. іерархіі, скасаванай пасля Брэсцкай уніі 1596. Клапаціўся пра развіццё ўкр. культуры, уступіў з усім Запарожскім войскам у Кіеўскае брацтва Быў прыхільнікам збліжэння з Расіяй. У 1620 накіраваў паслоў да рас. цара з прапановай прыняць укр. казакоў на рас службу. Памёр ад ран, атрыманых у баях пад Хацінам у 1621. Гл. таксама Польска-турэцкія войны 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКАВІ́ЦКІЯ АРТЫ́КУЛЫ 1654, Артыкулы Войска Запарожскага,
акт, які юрыдычна аформіў далучэнне Украіны да Рас. дзяржавы паводле рашэння Пераяслаўскай рады 1654. Складзены гетманам Б.Хмяльніцкім ад імя Войска Запарожскага і прадстаўлены ў Маскве ўкр. пасольствам цару Аляксею Міхайлавічу, які 31 сак. зацвердзіў іх і 6 крас. дапоўніў спец. граматай. Паводле С.а. (23 пункты) Украіна ўваходзіла ў «вечнае падданства» да цара і яго нашчадкаў, але захоўвала пэўную аўтаномію — выбарнасць гетмана, яго права прымаць і адпускаць паслоў замежных краін (акрамя Рэчы Паспалітай і Турцыі) пры інфармаванні цара пра змест перагавораў, асобны казацкі суд, недатыкальнасць казацкіх маёнткаў, самакіраванне гарадоў і інш. Колькасць казацкага войска на службе ў цара вызначалася ў 60 тыс.чал.Правасл. царква рабілася пануючай на Украіне. С.а. да 1720-х г. былі асновай для пацвярджэння правоў Левабярэжнай Украіны пры выбранні новых гетманаў.
Літ.:
Голобуцкий В. Дипломатическая история освободительной войны украинского народа 1648—1654 гг. Киев, 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НІН, Захар’еў-Сухарук,
Кузьма Мініч (?—1616), арганізатар і кіраўнік (разам з кн. Дз.М.Пажарскім) нар. апалчэння, якое вызваліла Маскву ў час вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18. Ніжагародскі пасадскі чалавек, гандляр мясам і рыбай. 1.9.1611 выбраны земскім старастам. Ахвяраваў уласныя зберажэнні і ўзначаліў збор сродкаў на арганізацыю ніжагародскага нар. апалчэння, праз паслоў запрасіў Пажарскага стаць ваен. кіраўніком апалчэння. У пач. вясны 1612 апалчэнне на чале з М. і Пажарскім рушыла да Яраслаўля, дзе М. увайшоў у склад пераходнага ўрада — «Савета ўсёй зямлі» (дзейнічаў у 1612—13). Вызначыўся ў баях за Маскву 22—24.8.1612 як ваен. арганізатар і храбры воін. У 1613 уведзены ў Баярскую думу з чынам думнага двараніна. М. — адзін з найб. папулярных нац. герояў рус. народа. Яму ўстаноўлены помнікі ў Ніжнім Ноўгарадзе — у Крамлі (1826, скульпт. А.І.Мельнікаў) і на плошчы яго імя (1943, скульпт. А.І.Колабаў); у Маскве на Краснай плошчы ўстаноўлены помнік М. і Пажарскаму (1818, скульпт. І.П.Мартас).
Літ.:
Скрынников Р.Г. Минин и Пожарский: Хроника Смутного времени. М., 1981;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НАРО́ДНЫ ЗВОН»
(«Narodny zwon»),
газета рэв.-дэмакр. кірунку ў Зах. Беларусі, орган Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ). Выдаваўся з 7.12.1926 да 28.3.1927 у Вільні на бел. мове лацінкай. Выходзіла 2 разы на месяц. Мела падзагаловак «Сялянска-работніцкая газета». Адстойвала сац. і нац. інтарэсы бел. народа. Заклікала да згоды і еднасці праваслаўных і католікаў, да барацьбы за зямлю, дэмакр. самаўрады, у якія б уваходзілі бел. прадстаўнікі, выступала за школу на роднай мове, супраць непамерных падаткаў і сістэмы асадніцтва ў Зах. Беларусі. Прапагандавала ў завуаліраванай форме ідэі сацыялізму, праграмныя і тактычныя ўстаноўкі БСРГ, пісала пра забастовачны рух, дэманстрацыі, вызваленне палітвязняў, рэпрэсіі супраць бел.паслоў, пра Косаўскі расстрэл 1927 і інш. Значную ўвагу надавала дзейнасці Т-вабел. школы. Інфармавала пра культ. будаўніцтва ў БССР у час беларусізацыі, культ.-грамадскі рух беларусаў у інш. краінах. Друкавала творы Я.Коласа, М.Васілька, Я.Маланкі і інш., артыкулы І.Дварчаніна пра Я.Коласа, С.Яцвяга пра каляндарныя земляробчыя святы і інш. Выйшла 8 нумароў, 6 канфіскаваны. Закрыта паводле пастановы Віленскага акруговага суда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ДАМСКАЯ КАНФЕДЭРА́ЦЫЯ,
саюз магнацка-шляхецкіх колаў Рэчы Паспалітай, утвораны ў 1767 супраць спроб караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага і яго акружэння (група Чартарыйскіх) узмацніць цэнтр. ўладу шляхам памяркоўных рэформ. Вытокі Р.к. ў рашэннях сейма 1766, які адхіліў планы рэформ, у т. л. аб прадастаўленні паліт. і грамадз. правоў дысідэнтам (некатолікам). Гэта стала зачэпкай для ўмяшання Расіі і Прусіі, якія ў сак. 1767 утварылі дысідэнцкія Тарунскую канфедэрацыю і Слуцкую канфедэрацыю 1767. У адказ шырокія колы каталіцкай шляхты і духавенства ў Кароне і ВКЛ сталі злучацца ў мясц. канфедэрацыі. 23.6.1767 у г. Радам (Люблінскае, цяпер Мазавецкае ваяв., Польшча) з’ехаліся 178 паслоў ад кароннай і літ. канфедэрацый, якія абралі К.С.Радзівіла маршалкам Р.к. — аб’яднанай канфедэрацыі Рэчы Паспалітай. Аднак рас. пасол у Варшаве М.В.Рапнін патрабаваў паставіць на чале канфедэрацыі караля, узаконіць раўнапраўе дысідэнтаў і пакінуць існуючы дзярж. лад пад апекай Расіі. Пад пагрозай чарговага гвалту радамчане згадзіліся з гэтымі патрабаваннямі. Яны ўвайшлі ў праекты «вечнага» дагавору з Расіяй, акта Кардынальных правоў, і былі ўзаконены скліканым 5.11.1767 надзвычайным сеймам Рэчы Паспалітай пад пратэктаратам Расіі. Усе канфедэрацыі былі распушчаны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЙТАН Тадэвуш [1742 ?, в Грушаўка Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл. (ахрышчаны 20.8.1742 у г. Ляхавічы) —8.8.1780], палітычны дзеяч Рэчы Паспалітай. Паходзіў са шляхецкага роду — уладальнікаў Грушаўкі. Вучыўся ў піярскай школе і Калегіуме Нобіліум у Варшаве. Служыў у войску. Паводле некат. звестак, удзельнік Барскай канфедэрацыі. Быў абраны паслом ад Навагрудскага пав. на сойм 1773—75, дзе планавалася зацвердзіць 1-ы падзел Рэчы Паспалітай. Разам з пасламі ад Навагрудскага пав. С.Корсакам і ад Мінскага пав. С.Багушэвічам рашуча супрацьдзейнічаў гэтай анексіі, перашкаджаў утварэнню на сойме канфедэрацыі, якая б зацвердзіла такі падзел. Але большасць паслоў сойма, падкупленая замежнымі дзяржавамі, не падтрымала яго. 1.12.1773 Р. склаў маніфест, дзе канстатаваў нелегітымнасць канфедэрацыі і трактатаў пра падзел Рэчы Паспалітай. Страціў розум і вывезены ў Грушаўку. Скончыў самагубствам. Яшчэ сучаснікі лічылі Р. нац. героем, Чатырохгадовы сойм 1788—92 абвясціў Р. «вартым нац. жалобы», а яго дзеянні — «узорам для пераймання». Р. прысвечаны шматлікія маст. творы, у т. л. карціна Я.Матэйкі. У сярэдзіне 19 ст. ў Грушаўцы быў устаноўлены бюст Р. (цяпер у Нац. музеі ў Кракаве), у 1993 — мемарыяльны знак.