помнік архітэктуры Расіі канца 15 ст.; адзін з стараж. будынкаў Масквы. Уваходзіць у комплекс Крамля Маскоўскага. Пабудавана ў 1487—91 італьян.арх. М.Фразінам і П.А.Салары. Назва з-за аздаблення гранёным рустам усх. фасада палаты. Выкарыстоўваецца як парадная зала для ўрачыстых прыёмаў. Пл. каля 500 м². Перакрыта крыжовымі скляпеннямі, што апіраюцца на цэнтр. слуп. У 1882 сцены палаты размалявалі палехскія іканапісцы, якія паўтарылі своеасаблівую кампазіцыю стараж. размалёўкі. Разны залочаны партал 15 ст. выкананы ў формах рэнесансавай архітэктуры.
Літ.:
Насибова А. Грановитая палата Московского Кремля: [Альбом]. Л., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́САЎСКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры неаготыкі. Пабудаваны ў 1878 у г. Косава Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. на сродкі В.Пуслоўскага і парафіян. Складаецца з аднанефавага прамавугольнага ў плане асн. аб’ёму і больш нізкай 5-граннай алтарнай апсіды з 2 сакрысціямі. Асн. аб’ём завершаны вежай званіцы з высокім шатровым дахам. Гал. (паўд.-зах.) фасад аздоблены плоскімі нішамі розных форм і акном-ружай у складаным прафіляваным стральчатым абрамленні. Партал увахода вылучаны вімпергам. У архіве касцёла захоўвалася метрыка хрышчэння Т.Касцюшкі, які нарадзіўся ў фальварку Мерачоўшчына каля Косава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ДЗАЎСКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры неаготыкі. Пабудаваны ў 1914 з чырвонай цэглы ў г.п. Відзы (Браслаўскі р-н Віцебскай вобл.). Мураваны 3-нефавы храм з трансептам і гранёнай апсідай, абапал якой 2 сакрысціі. Сцены звонку ўмацаваны контрфорсамі, вокны спічастыя. Двухвежавы гал. фасад з трохвугольным франтонам завершаны высокімі зубцамі. Такія ж франтоны ўпрыгожваюць тарцы трансептаў. Гал. ўваход вылучае перспектыўны партал з вімпергам і круглым акном-ружай над ім. Вежы на гал. фасадзе (выш. 59 м) завершаны вострымі 8-граннымі шатрамі і значна ўзвышаюцца над астатнімі аб’ёмамі. У інтэр’еры калоны і пілястры складанага профілю пераходзяць у высокія падпружныя спічастыя аркі скляпенняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖО́ДЗІШКАЎСКІ КАЛЬВІ́НСКІ ЗБОР,
помнік архітэктуры рэнесансу. Пабудаваны ў 1612 у в. Жодзішкі (Смаргонскі р-н Гродзенскай вобл.), у пач. 19 ст. перабудаваны пад Троіцкі касцёл. Першапачаткова храм быў 1-нефавы, прамавугольны ў плане, без апсіды, з двух’яруснай чацверыковай вежай-званіцай на гал. фасадзе. Пры перабудове да нефа прыбудаваны вял. прамавугольныя ў плане бакавыя капліцы з трохвугольнымі шчытамі ў завяршэнні тарцовых сцен. Цяпер — мураваны крыжападобны ў плане 1-нефавы будынак з квадратнай у плане алтарнай апсідай з сакрысціяй з Пн і вуглавымі контрфорсамі. Гал. фасад вырашаны плоскасна, завершаны шчытом, партал увахода аформлены рустыкай. Скляпенні капліц упрыгожаны размалёўкай (мастак П.Сергіевіч, 1937).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́БРЫНСКІ САБО́Р АЛЯКСА́НДРА НЕ́ЎСКАГА,
помнік архітэктуры позняга класіцызму з элементамі рэтраспектыўна-рус. кірунку. Закладзены ў 1864 у гонар адмены прыгоннага права. Буд-ва завершана ў 1868. Цагляны крыжова-купальны храм з бабінцам, рызніцамі і чатырохвугольнай апсідай. Над асн. кубічным аб’ёмам васьмігранны светлавы барабан (купал не захаваўся). Рызніцы далучаны да крылаў трансепта. Да вуглоў, утвораных плоскасцямі сцен рызніц і трансепта, прымыкаюць невял. прыдзелы з бакавымі ўваходамі. Фасады вырашаны ў стрыманай пластыцы. Сцены гал. фасада, апсіды і тарцовай ч. трансепта завершаны трохвугольнымі франтонамі. Партал вылучаны накладным несапраўдным порцікам з паўкруглым франтонам. На саборы мемар. дошка на ўшанаванне памяці рус. салдат, якія загінулі ў вайну 1812.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАГА АКРУГО́ВАГА СУДА́ БУДЫ́НАК,
помнік архітэктуры класіцызму ў Магілёве. Узведзены ў 1770-я г. на Губернатарскай пл. (сучасная Савецкая пл.) як будынак ніжняга земскага суда, урачэбнай управы і архіва. Мураваны прамавугольны ў плане аб’ём быў падзелены капітальнымі сценамі на 3 часткі (для кожнай установы). Збоку дваровага фасада кожная з устаноў мела асобны дворык, абнесены мураванай сцяной (не захавалася). У 1883 надбудаваны 3-і паверх, дэкарыраваны гал. фасад, зменена ўнутр. планіроўка, будынак прыстасаваны пад акр.суд. У цэнтры гал. фасада — уваходны партал. Прамавугольныя аконныя праёмы ў простых ліштвах, на 1-м і 3-м паверхах аздоблены замковым каменем, на 2-м завершаны праз адзін сандрыкамі або трохвугольнымі франтонамі. Разбураны ў Вял.Айч. вайну. У 1950-я г. адноўлены і пераабсталяваны пад Магілёўскі абл. краязнаўчы музей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАСВЕ́РЖАНСКАЯ УСПЕ́НСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры ранняга барока ў в. Новы Свержань Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл. Узведзена ў сярэдзіне 18 ст. на месцы драўлянай царквы 1590 (фундаваная Радзівіламі, у пач. 17 ст. перабудавана як уніяцкая). Мураваны 1-нефавы 1-вежавы храм (у плане — выцягнуты прамавугольнік) з прамавугольнай алтарнай апсідай і 2 нізкімі рызніцамі па баках. Над вузкім прамавугольным прытворам — масіўны чацвярык вежы з фігурнай галоўкай, накрыты гранёным купалам і аздоблены вертыкальна выцягнутымі плоскімі паўцыркульнымі нішамі, якія імітуюць аконныя праёмы. Сцены царквы ў верхняй частцы расчлянёны паўцыркульнымі аконнымі праёмамі з раструбамі ў абодва бакі. Адзіны дэкар. элемент фасада — партал бакавога зах. ўвахода. Уваход у царкву з паўн. боку. Алтарная частка перабудавана ў 19 ст. Вакол храма бутавая агароджа, у якую ўбудавана брама-званіца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́РСКАЯ КАПЛІ́ЦА,
помнік архітэктуры стылю мадэрн у г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. Пабудавана ў 1904 (арх. Р.Марфельд) як фамільная пахавальня князёў Святаполк-Мірскіх — уладальнікаў Мірскага замкава-паркавага комплексу. Будынак — кампактны верт. аб’ём, асіметрычны ў плане, завершаны ў паўн. частцы 5-граннай апсідай, у паўд. — бабінцам. Над бакавым уваходам, вылучаным спец. прыбудовай, узвышаецца 3-ярусная 4-гранная вежа-званіца з купалам. Гал. фасад раскрапаваны рызалітамі і аздоблены вял. паліхромным мазаічным пано «Хрыстос Уседзяржыцель» і аб’ёмным чаканным гербам-картушам князёў Мірскіх. Глыбокі партал увахода размешчаны ў нізкім бабінцы з вуглавымі контрфорсамі. Насычанае каларыстычнае вырашэнне фасадаў ствараецца спалучэннем чырвонай цэглы, белых дэталей арх. дэкору (паўкалонкі, ізумрудна руставаныя ліштвы акон, карніз з сухарыкамі і інш.), шэрага бетону, паліхромнай бутавай муроўкі цокаля, паліхромнай мазаікі. Зала перакрыта самкнутым 4-гранным скляпеннем з арнаментальнай фрэскавай размалёўкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ ВАРВА́РЫНСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры неараманскага стылю. Першапачаткова мураваны касцёл быў пабудаваны ў 1785 на каталіцкіх могілках, побач — мураваная капліца (у 1800 новая) і драўляны дом-плябанія. Пабудовы мелі мураваную агароджу з трохпралётнай уязной брамай. У 1885 касцёл перабудаваны (інж.-арх. В.Піятроўскі), стаў 3-нефавай 2-вежавай базілікай. У цэнтры гал. фасада — арачны партал з трохвугольным франтонам, над ім 3 арачныя нішы. Двух’ярусныя вежы завершаны высокімі шатрамі. Першы ярус вежаў 4-гранны, кожная з граней прарэзана трохарачнымі праёмамі, другі — 6-гранны, кожная грань мае па аднаму арачнаму праёму, скошаная і завершана трохвугольным франтонам. Ярусы аддзяляюцца карнізам з шырокім арнаментальным поясам. У дэкоры неатынкаваных фасадаў касцёла выкарыстаны дэталі з лякальнай цэглы: карнізы з зубчастым поясам, аркатурны пояс, пілястры, калонкі, нішы і інш. У Вял.Айч. вайну будынкі і агароджа часткова разбураны. У 1990 рэстаўрыраваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЫ́РСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ,
помнік архітэктуры барока ў г. Мазыр Гомельскай вобл. Пабудаваны ў 1648 па фундацыі палкоўніка С.Лозкі, перабудаваны ў 1760—75 маршалкам мазырскім К.Аскіркам У 1865 касцёл ператвораны ў Міхайлаўскі сабор, у 1876 адрамантаваны. Касцёл — 3-нефавая 2-вежавая мураваная базіліка з пяціграннай апсідай. Гал. 3-часткавы фасад — увагнута-пукатая арх. плоскасць, раскрапаваная звязкамі пілястраў, тонкапрафіляванымі карнізамі. Партал увахода завершаны фігурным крапаваным шчытом з прамавугольнай нішай для абраза па цэнтры. Трох’ярусныя (васьмярык на 2 чацверыках) шатровыя вежы (надбудаваны ў 1829) з элементамі класіцызму. Рытм бакавых фасадаў ствараюць лучковыя аконныя праёмы і лапаткі ў прасценках. Да касцёла з усх. боку прымыкае кляштарны корпус (арх. Вісконці) — 2-павярховы Г-падобны ў плане будынак. У 1832 кляштар скасаваны, у 1839 пасля пажару корпус прыстасаваны пад бальніцу (1-ы паверх) і дзярж. ўстановы (2-і паверх).
А.М.Кулагін.
Мазырскі касцёл і кляштар бернардзінцаў. Будынак касцёла.Мазырскі касцёл і кляштар бернардзінцаў. З гравюры 1865.