падатрад насякомых атр. раўнакрылых. Налічваецца больш за 200 відаў, большасць — у тропіках. На Беларусі пашыраны алейрадзіда цяплічная (Trialeurodes vaporariorum), алейрадзіда сунічная (Aleurodes fragariae), алейрадзіда кляновая (Aleurochiton complanatus), алейрадзіда падтыннікавая (Aleurodes proletella); шкодзяць раслінам.
Даўж. 1—3 мм. Жоўтыя, чырванаватыя, часта з цёмнымі плямамі. 2 пары крылаў, укрытых белым налётам (адсюль другая назва), складваюцца страхападобна. Знаходзяцца на ніжняй паверхні ліста. Яйцы прымацоўваюць да субстрату на сцяблінках. Жывяцца сокам раслін. Дарослыя пералятаюць на невял. адлегласць, рассяляюцца ветрам, лічынкі пераносяцца з пасадачным матэрыялам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭАДО́НТЫ (Creodonta),
атрад (падатрад) вымерлых млекакормячых. 4—5 сямействаў. Існавалі ад палеацэну да ранняга пліяцэну. Былі пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы і Паўн. Афрыцы.
Памеры розныя, у адпаведнасці з сучаснымі жывёламі — ад куніцы да мядзведзя. Мелі шмат прымітыўных рыс: доўгі і нізкі чэрап з маленькай мазгавой поласцю, бугрыста-рэжучыя карэнныя зубы, пяціпальцыя канечнасці з тупымі капытападобнымі кіпцюрамі. Былі пераважна ўсёеднымі, некаторыя насякомаеднымі, некрафагамі (падлаедамі), драпежнікамі. Дробныя эацэнавыя К. з адносна вял. галаўным мозгам далі пачатак наземным драпежнікам і ластаногім.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛІКІ́ (Limicolae),
падатрад птушак атр. сеўцападобных. 14 сям., каля 180 відаў. Пашыраны ўсюды, жывуць па берагах вадаёмаў, у тундры, стэпе, на высакагор’і, пераважна на адкрытых месцах, некаторыя віды — у лясах ці хмызняках. На Беларусі 23 віды з 5 сямействаў.
Даўж. да 62 см, маса да 1,1 кг. Апярэнне шчыльнае, звычайна няяркае. Дзюба ад кароткай шылападобнай ці тоўстай да доўгай, прамой ці выгнутай. Крылы пераважна доўгія. Кормяцца беспазваночнымі, часам ягадамі і насеннем. Гнёзды звычайна на зямлі. Нясуць 2—5 яец. Аб’ект палявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗУБА́ТЫЯ КІТЫ́ (Odontoceti),
падатрад млекакормячых атр. кітападобных. 4 сям.: кашалотавыя (Physeteridae), дзюбарылыя (Ziphiidae) і 2 сям.дэльфінаў. 75 відаў. Пашыраны ва ўсіх морах і акіянах. Найб. вядомыя аднарог, афаліна, бялуха, касатка, кашалот і інш. У Чырв. кнізе МСАП 4 віды.
Даўж. цела 1,2—21 м, маса да 100 т. Самцы буйнейшыя за самак. У адрозненне ад бяззубых кітоў, маюць ад 2 да 240 аднавяршынных зубоў. Галава вял., насавая адтуліна (дыхала) адна, адкрываецца на цемені. Нараджаюць 1 вял. дзіцяня і 4—6 месяцаў кормяць яго малаком. Кормяцца рыбай, малюскамі, ракападобнымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКРЫ́ЦЫ (Oniscoidea),
падатрад раўнаногіх ракападобных. Каля 1000 відаў. Пашыраны ўсюды, найб. у стэпавай зоне. Большасць відаў жыве на сушы, пераважна ў месцах з павышанай вільготнасцю (адсюль назва), некат. — на марскіх берагах, у ручаях, крыніцах. Актыўныя ўначы. На Беларусі найб. пашыраны М. звычайная (Porcellio scaber), М. сценавая (Oniscus asellus).
Даўж. да 5 см. Цела пляскатае, канечнасцей 12 пар. Некат. дыхаюць з дапамогай шчэлепных лісткоў, у інш. ёсць прыстасаванні для дыхання атм. паветрам (трахеі). Амаль усе расліннаедныя. Раздзельнаполыя, развіццё без метамарфозу. Глебаўтваральнікі; некат. шкодзяць с.-г. культурам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСКІ́Я ЯЗЫКІ (Soleoidea),
падатрад (або надсямейства) рыб атр. камбалападобных, 2 сям.: касаротыя, або правабаковыя (Soleidae) і левабаковыя (Cynoglossidae); каля 40 родаў, некалькі дзесяткаў відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных і субтрапічных морах (у Азоўскім і Чорным м. трапляюцца касарот — Solea laskaris і салея насатая — S. nasuta), некат. віды — у прэсных водах. Жывуць у прыбярэжнай зоне.
Даўж. да 60 см, маса да 4 кг. Цела падоўжанае, языкападобнае (адсюль назва). Пярэдні край галавы закруглены і выдаецца над рылам. Рот маленькі, косы. Кормяцца беспазваночнымі, дробнай рыбай. Аб’ект промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЭЯЗА́ЎРЫ (Pareiasauria),
падатрад вымерлых паўзуноў падкл. катылазаўраў. 2 сям., каля 15 родаў. Найб. тыповыя прадстаўнікі — скутазаўры. Вядомы з верхняпермскіх адкладаў (каля 240 млн.г. назад). Былі пашыраны ў Еўразіі, Паўд. Афрыцы. Жылі, верагодна, пераважна ў вадзе, трымаліся статкамі ў неглыбокіх вадаёмах.
Даўж. да 4 м. Цела масіўнае, укрытае мяккай слізістай скурай з касцявымі бляшкамі; хвост кароткі. На спіне панцырныя пласцінкі. Галава шырокая, кароткая, з бакавымі вырастамі на скулавых костках (адсюль лац. назва, якая абазначае шчакатыя яшчары). Расліннаедныя. Па рэштках П. вызначаюць узрост геал. адкладаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
наркамеду́зы
(ад гр. narke = здранцвенне + медуза)
падатрад марскіх кішачнаполасцевых жывёл атрада трахілідаў, некаторыя віды якіх паразітуюць на гідрамедузах.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
алейрадзі́ды
(ад гр. aleurodes = мучны)
падатрад раўнакрылых насякомых з пакрытым мучністым налётам целам, шкоднікаў агародніны і ягадных культур; белакрылкі.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
АМФІЗБЕ́НЫ (Amphisbaenia),
падатрад паўзуноў атр. лускаватых. Некалькі сямействаў. Каля 140 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўд. і Цэнтр. Амерыцы, Афрыцы, Зах. Азіі, 1 від у Паўд. Еўропе, 1 — на ПдУ ЗША. Найб. вядомыя белая амфізбена (Amphisbaena alba), плямістая двухходка (A. fuliginosa), хірот (Bipes canalicubatus).
Даўж. да 70 см. Цела цыліндрычнае, чэрвепадобнае, з кароткім хвастом, укрытае суцэльнай рагавой плеўкай з вузкімі папярочнымі кольцамі. У большасці канечнасці адсутнічаюць. Вядуць падземны спосаб жыцця, часта пасяляюцца ў мурашніках і тэрмітніках. Па хадах у зямлі могуць рухацца хвастом уперад (адсюль назва). Кормяцца мурашкамі, тэрмітамі, іх лічынкамі.