пані́зіць, ‑ніжу, ‑нізіш, ‑нізіць; зак., каго-што.

1. Зрабіць больш нізкім, меншым па вышыні. Панізіць ўзровень вады.

2. Паменшыць ступень, узровень, інтэнсіўнасць і пад. чаго‑н. Панізіць ціск. Панізіць цэны. // Пагоршыць, аслабіць. Панізіць якасць прадукцыі.

3. Зрабіць больш ціхім (голас, гук і пад.). Лясніцкі памаўчаў, аглянуўся навокал і панізіў голас. Шамякін. // Набыць больш нізкае гучанне. Вось гармонік панізіў тон, і ў марозную цішыню ўрэзаўся тонкі дзявочы голас. Шашкоў.

4. Перавесці на больш нізкую пасаду. Аднаго і другога [афіцэраў] панізілі на рабоце. М. Ткачоў. — На той час мяне, праўда, трошкі панізілі. На райпрамкамбінат кінулі. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пахісну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.

1. Хіснуўшы, нахіліць. Вецярок, нахлынуўшы раптоўна, І кусты, і травы пахісне. Прануза. / у безас. ужыв. Пахіснула, З ног яго [Данілку] зваліла, А ў вачах — зялёныя кругі. Бялевіч.

2. перан. Зрабіць менш устойлівым, трывалым. [Лясніцкі:] — [Немцы] хочуць пахіснуць наш аўтарытэт сярод насельніцтва і робяць бандыцкія налёты пад выглядам партызан. Шамякін. Падзеі апошніх часоў пахіснулі .. [Аўгінін] погляд на трываласць пэўнага ладу жыцця. Колас. // Прымусіць усумніцца ў чым‑н., выклікаць няўпэўненасць. Суровыя, напружаныя, часта нават небяспечныя для жыцця дні не пахіснулі нікога ні ў абкоме, ні ў райкомах. Казлоў. // Разладзіць, пагоршыць. Пахіснуць здароўе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сапсава́ць, ‑псую, ‑псуеш, ‑псуе; ‑псуём, ‑псуяце; зак.

1. што. Зрабіць няспраўным, непрыгодным для ўжывання, карыстання; пашкодзіць. [Дэлегат:] — І каб жа гаспадары, а то сапсуюць зямлю. Зямля любіць, каб і з яе браць і каб ёй даваць. Галавач. Колькі гэты ксёндз сапсаваў паперы, пакуль адна з камедый была прынята да пастаноўкі! Бядуля. // Зрабіць нясвежым (аб прадуктах). Сапсаваць мяса.

2. каго-што. Прывесці ў хваравіты стан. [Доктар:] Вам [Наталі] здароўе сапсавалі няўмекі. Вы не сцерагліся. Чорны. Калупае сахаром той гной Зося, асцерагаецца, праўда, — не доўга сябе сапсаваць. Крапіва.

3. што. Змяніць на горшае, пагоршыць; зрабіць дрэнным. Сапсаваць адносіны. □ Гэтая сустрэча, радасная ўпачатку, пад канец зусім сапсавала.. настрой [Івана Іванавіча]. Быкаў. І ні слова больш не сказаў Рыгорка; так можна ўсю справу сапсаваць. Якімовіч. // Сарваць, парушыць. Добра было б цяпер напасці на [вайсковы абоз]. Але нельга: самавольным учынкам можна сапсаваць увесь план. Маўр. [Верабей:] — Ну, чакайце ж! Ваша свята я таксама сапсую! Гілевіч.

4. каго-што. Зрабіць дрэнны ўплыў. [Давідовічыха:] Ой, не, зусім не сапсавалі твае душы, дзевухна! Лупсякоў. Едучы дадому, Варановіч думаў, што рабіць з Шалютам, якога былая слава сапсавала дашчэнту. Дуброўскі.

5. каго-што. Пазбавіць прыгажосці. Сапсаваць прычоску.

•••

Сапсаваць кроў каму — прычыніць каму‑н. шмат клопату, нарабіць непрыемнасцей.

Сапсаваць (усю) абедню (музыку) каму — сарваць, парушыць каму‑н. якія‑н. планы, справы і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спалі́ць, спалю, спаліш, спаліць; зак.

1. каго-што. Знішчыць агнём што‑н. Пахла дымам — гаркаватым, быццам толькі што тут спалілі анучку. Савіцкі. З будынкаў, што немцы спалілі, Астаўся адзін катушок. Колас. // Зрасходаваць на асвятленне, ацяпленне, у якасці паліва. Але ў хаце было цёпла: спалохаўшыся марозу, бабуля спаліла ў грубцы вялізнае бярэма бярозавых дроў. Брыль. [Міхась] спаліў гаручага значна больш, чым патрэбна было для зробленай колькасці рэйсаў. Кавалёў. // перан. Пагоршыць стан здароўя, сапсаваць настрой, расстроіць (пра хваробу і пад.). Якраз цяпер крызісны стан, і калі не збіць тэмпературы, дык яна б магла .. [Максімку] спаліць. Сабаленка. Гэтая вестка ўжо спаліла яе [Хадосі] нутро. Гроднеў.

2. што. Знішчыць, высушыць спёкай (расліны). — Як там у вас сенажаць? — Травы спаліла засуха. Танк. Чорны град не пасыпле на поле, І не спаліць жыты сухавей. Прыходзька.

3. каго-што. Разм. Атрымаць апёкі ад агню або чаго‑н. гарачага, едкага; апячы. Спаліць руку кіслатой. // Апячы што‑н., загараючы. Паўлік тады моцна спаліў спіну. Скура лупілася цэлымі палосамі. Беразняк. // перан. Пра дзеянне холаду, марозу. Закружыўся паміж дрэў рой таго лісця, якое восень ужо спаліла сваім дыханнем. Шамякін.

4. што. Сапсаваць, моцна перагрэўшы, прывесці ў непрыгоднасць для карыстання. — Я давай праверу, — Кажа Петрусёк, — А то разам з кашай Спалім кацялок. Муравейка.

5. перан.; каго-што. Загубіць (пра моцнае пачуццё, каханне). Развітальная хвіля найгоршая, яна можа і сэрца спаліць. Дубоўка.

•••

Спаліць масты (за сабой) — зрабіць немагчымым вяртанне да мінулага, парваць з ім.

Спаліць свае караблі — рашуча парваць з мінулым.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)