маладзі́ць, ‑ладжу, ‑лодзіш, ‑лодзіць; незак., каго-што.

Надаваць больш малады выгляд. Гадоў .. [рыбаку] было можа трыццаць з гакам, але твар быў да чарнаты загарэлы і гладка паголены, і гэта прыкметна маладзіла яго. Чыгрынаў. Цёплы духмяны вецер .. малодзіць шчокі і весела плюшчыць вочы. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прычаса́ны 1, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад прычасаць ​1.

2. у знач. прым. З расчасанымі, прыведзенымі ў парадак валасамі. [Пятро] быў паголены, прычасаны, і .. Люба ўжо без агіды пазірала на яго. Марціновіч. А цяпер [Рыгора] — не пазнаць: чысценькі, беленькі, у новым гарнітуры, у чорным капелюшы, у манішцы. Прычасаны, прыгладжаны, гасцінны, далікатны! Гартны.

прычаса́ны 2, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прычасаць ​1.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скаме́чаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад скамячыць.

2. у знач. прым. Змяты, ператвораны ў камяк, у жмут. Гэля.. ўстала з месца, паправіла на сабе скамечанае адзенне і падліла ў шклянкі піва. Гартны. Міма.. [Карпа] прайшоў малады партызан і непрыкметна сунуў яму ў руку скамечаную паперку. Шамякін.

3. перан.; у знач. прым. Разм. Стомлены, змардаваны (пра твар). Бледны, скамечаны твар, рэдка калі паголены.. — усё гэта гаварыла за тое, што Селядцоў расчараваўся ў жыцці. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фасо́ністы, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Прыгожага, моднага фасону. Між.. [мужчын] быў і Руды Андрэй, акуратна паголены... у фасоністай гарадской шапцы, — першы ў Куранях палітык і прамоўца. Мележ. У кабінеце дырэктара на сцяне віселі ўзоры прадукцыі — фасоністыя жаночыя сукенкі з рознакаляровага квяцістага шоўку. Ус. // Вычварнага фасону. [Волечка:] — Ён не любіць нічога фасоністага. Калі прасцей — падабаецца. Савіцкі.

2. Фарсісты, франтаваты (пра чалавека). Юля заўважыла, што між сяброў Станіка Ралан быў як бы першым нумарам. Культурны, фасоністы. Грамовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шчо́паць, ‑пця; мн. шчопці, ‑яў; м.

Разм.

1. Тры пальцы рукі (вялікі, указальны, сярэдні), складзеныя канцамі разам. [Іванка] запусціў руку ў падраную кішэню світы і шчопцем грэбаў там за падкладкай, спадзеючыся хоць што-кольвек знайсці на падман голаду. М. Стральцоў.

2. Колькасць якога‑н. сыпучага рэчыва, якую можна ўзяць складзенымі такім чынам пальцамі. А тыя, хто да ворага пайшоў За баланду, за шчопаць сахарын[у], Бясследна знікнуць — іх зямля адрыне! — Згніюць без могілак і без крыжоў! Гаўрусёў. Мікола дастаў з кішэні капшук з тытунём. Сыпнуў шчопаць у кавалак адарванай газеты, падаў Уллянінаму бацьку. Паўлаў. // Невялікая купка, пучок чаго‑н. (валасоў, поўсці, шчаціння). На лаўцы каля дзвярэй сядзела чатырох: старэйшы дзядзька ў саламяным капелюшы, ад каўняра да вачэй зарослы густой каштанавай атавай барады; другі мужчына, відаць, не шмат маладзейшы за яго, але свяжэйшы, паголены, са шчопцямі рыжых вусікаў пад носам. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыслу́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Напружыць слых, каб пачуць што‑н. Маша прыслухалася — тоненька сакоча шыба. Мележ. Люся прыслухалася. Так, нехта стукае ў дзверы!.. Брыль. // Звярнуць увагу на свае адчуванні, на свой фізічны стан. Прыслухаўся, як шчыміць ад адэкалону паголены твар, і стаў апранацца. Адамчык. — Перастала, бабка, перастала! — сказаў малады настаўнік, звярнуўшы ўвагу на сваю галаву і як бы прыслухаўшыся да яе. — Забыўся нават, што яна і балела. Колас. [Стафанковіч] .. прыслухоўваўся: баліць ці не? Прыслухаўшыся, то яно сапраўды баліць, і яшчэ як моцна. Чорны. // перан. Звярнуць увагу на свае пачуцці, перажыванні і пад. — Дык вось я вельмі раіў бы табе пабыць на фронце, ды зарабіць [георгіеўскі крыж].., а потым прыслухацца да свайго сэрца, што на ім накіпела. Лобан. У дзень зямнога нараджэння Да сэрца зноў прыслухаўся свайго, Каб дзеямі, жыццём сваім, сумленнем Хоць кроплю быць падобным да яго [Леніна]. Звонак.

2. Аднесціся да чаго‑н. уважліва, прыняць да ведама што‑н. А які муж, што шчыра любіць жонку, не прыслухаецца да яе парад, тым больш, калі яны абгрунтаваныя, разумныя! Хадкевіч. Яму шкада Васіля, але яго, старога, хто пашкадуе? Хто прыслухаецца да яго слова? Колас.

3. Разм. Прывыкшы да якіх‑н. гукаў, шуму, размоў і пад., перастаць звяртаць на іх увагу. Прыслухацца да вулічнага шуму. □ Плявузгота [Бабініча] ўжо не рабіла вялікага ўражання: да яе прыслухаліся і прыцярпеліся. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)