ЗАПА́ЛЬНЫЯ САСТА́ВЫ,

піратэхнічныя саставы, а таксама гаручыя рэчывы ці іх сумесі, якія выкарыстоўваюць для начынення боепрыпасаў або агнямётаў. Пры гарэнні З.с. выдзяляецца вял. колькасць цяпла, якое перадаецца матэрыялу, што падпальваюць. Эфектыўнасць дзеяння залежыць ад саставу З.с. і ад канструкцыі боепрыпасаў.

Паводле хім. саставу падзяляюць на З.с. з акісляльнікамі — аксідамі марганцу і жалеза (гл. Тэрміт), нітратамі ці перхларатамі металаў (напр., калію нітрат KNO3, перхларат KClO4 іх шчыльнасць больш за 3000 кг/м³, цеплата згарання 6—8 МДж/кг, т-ра гарэння да 3000 °C; З.с., у якіх адсутнічае акісляльнік, згараюць у прысутнасці кіслароду паветра — загушчаныя нафтапрадукты (напр., напалм), белы фосфар, сплаў «электрон» (сплаў 96% магнію з алюмініем і інш. элементамі). Іх шчыльн. 800—2000 кг/м³, цеплата згарання 42 Мдж/кг, т-ра гарэння 800—1000 °C.

Р.А.Чарнушэвіч.

т. 6, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́РЫЮ ЗЛУЧЭ́ННІ,

хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць барый, пераважна ў ступені акіслення +2. Найб. пашыраны аксід, гідраксід барыю, солі барыю (сульфат, хларыд, карбанат, нітрат і інш.). Бясколерныя крышт. рэчывы, ядавітыя, ГДК амаль усіх барыю злучэнняў 0,5 мг/м³. Сыравінай у вытв-сці барыю злучэнняў з’яўляецца барытавы канцэнтрат (80—95% сульфату барыю), які атрымліваюць флатацыяй барыту.

Барыю аксід BaO, tпл 2017 °C, пры награванні ўзганяецца, шчыльн. 5,7·103 кг/м³. З вадой утварае гідраксід барыю, з кіслотамі, дыяксідам вугляроду — солі. Выкарыстоўваюць у вытв-сці шкла, эмаляў, каталізатараў. Пры награванні ў кіслародзе (500 °C) пераходзіць у пераксід барыю BaO2 — кампанент піратэхн. сумесяў, адбельвальнікаў для тканін і паперы. Барыю гідраксід Ba(OH)2, tпл 408 °C, гіграскапічны, насычаны раствор у вадзе наз. барытавай вадой; моцная аснова. Выкарыстоўваецца як паглынальнік дыяксіду вугляроду, для ачысткі алеяў і тлушчаў, кампанент змазак, аналітычны рэагент на сульфат- і карбанат-іоны. Барыю сульфат BaSO4, tпл 1580 °C, шчыльн. 4,5·103 кг/м³, не раствараецца ў вадзе і разбаўленых кіслотах, паглынае рэнтгенаўскае выпрамяненне. Напаўняльнік гумы і паперы (у т. л. фотапаперы), кардону, кампанент белых мінер. фарбаў, кантрастнае рэчыва ў рэнтгенаскапічных даследаваннях страўнікава-кішачнага тракту (ГДК 6 мг/м³). Барыю карбанат BaCO3, tпл 1555 °C (у атмасферы CO2 пад ціскам 45 МПа), шчыльн. 4,25·103 кг/м³. Дрэнна раствараецца ў вадзе, рэагуе з разбаўленымі салянай і азотнай кіслотамі. Трапляецца ў прыродзе як мінерал вітэрыт. Выкарыстоўваюць у вытв-сці катодаў у электронна-вакуумных прыстасаваннях, аптычнага шкла, эмаляў, палівы, керамічных матэрыялаў, ферытаў, чырв. цэглы. Барыю хларыд BaCl2, tпл 961 °C, шчыльн. 3,83·103 кг/м³, раствараецца ў вадзе. Выкарыстоўваецца ў гарбарнай прам-сці для ўцяжарвання і асвятлення скуры, для барацьбы са шкоднікамі ў сельскай гаспадарцы, загартоўкі «хуткарэзнай» сталі. Барыю нітрат Ba(NO3)2. Існуе як мінерал нітрабарыт, выкарыстоўваецца ў эмалях і паліве, піратэхніцы. Барыю тытанат BaTiO3сегнетаэлектрык. Барыю храмат BaCrO4 і манганат BaMnO4 — адпаведна жоўты і зялёны пігменты.

Літ.:

Ахметов Т.Г. Химия и технология соединений бария. М., 1974.

Л.М.Скрыпнічэнка.

т. 2, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРОВАСПЫНЯ́ЛЬНЫЯ СРО́ДКІ,

антыгемарагічныя, гемастатычныя сродкі, лекавыя, фармакалагічныя рэчывы, якія ўжываюцца для спынення крывацёкаў. Бываюць мясц. (непасрэдны кантакт з кроватачывай тканкай) і агульнага, рэзарбцыйнага (увядзенне ў арганізм унутрывенна, падскурна і інш.) дзеяння. Да К.с. мясцовага ўздзеяння належаць трамбін, гемастатычная губка і рэчывы, якія каагулююць бялкі (танін, танальбін, тромбапласцін, оксіцэладэкс і інш.), солі цяжкіх металаў у невял. колькасцях (жалеза хларыд, медзі сульфат, прэпараты вісмуту, серабра нітрат, цынку хларыд), часта ўжываюць калію перманганат, галын, перакіс вадароду, фармальдэгід, ёд і інш. Да К.с. агульнага ўздзеяння належаць вітамін К (вікасол), 10 %-ны раствор хларыду кальцыю, лек. сродкі, якія звужаюць перыферыйныя сасуды (адрэналін, глюкакортыкастэроіды, эфедрын, метазон і інш.). Кроваспыняльны эфект дае пераліванне крыві (або плазмы), эрытрацытнай і трамбацытарнай масы крыві. Пры крывацёках, звязаных з парушэннем пранікальнасці капіляраў, ужываюць аскарбінавую к-ту, руцін, жэлацін, дыцынон і інш. Як гемастатыкі выкарыстоўваюць эпсілонамінакапронавую к-ту, авамін, кантрыкал і інш. Пры дрэннай згусальнасці крыві ўжываюць фібрынаген, антыгемафільныя глабуліны, крыяпрэцыпітат і інш. У якасці К.с. карыстаюцца прэпаратамі з розных раслін: арнікі, вадзянога перцу, каліны, кары дубу, крапівы, крываўніку, купальніку горнага, ліста шалфею. Да К.с. належаць таксама матачныя сродкі для спынення матачных крывацёкаў.

Я.П.Іваноў.

т. 8, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫБУХО́ВЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,

асобныя хім. злучэнні ці сумесі, здольныя пры знешнім уздзеянні (награванне, удар, трэнне і інш.) да хуткай самараспаўсюджвальнай хім. рэакцыі з утварэннем газу і выдзяленнем вял. колькасці цеплыні. Да выбуховых рэчываў адносяцца пераважна нітразлучэнні (трынітраталуол, гексаген, актаген, тэтрыл, нітрагліцэрына, нітраты цэлюлозы і інш.) і солі неарган. кіслот (нітрат амонію, перхларат амонію, азід свінцу). Выкарыстоўваюць сумесі выбуховых рэчываў аднаго з адным ці з гаручымі рэчывамі (гл. Аманіты, Дынаміты, Дынамоны, Порахі). Выбуховыя рэчывы небяспечныя ў абыходжанні. Пры іх захоўванні, транспарціроўцы і выкарыстанні неабходны спец. меры засцярогі.

Хім. рэакцыя, якая ўзнікае ў абмежаваным аб’ёме выбуховых рэчываў, распаўсюджваецца па яго масе ў рэжыме дэтанацыі ці гарэння. Па выбуховых уласцівасцях (умовах пераходу гарэння ў дэтанацыю) і абумоўленых імі галінах выкарыстання выбуховыя рэчывы падзяляюць на ініцыіруючыя (першасныя), брызантныя (другасныя) і порахі (кідальныя). Ініцыіруючыя выбуховыя рэчывы лёгка загараюцца, гарэнне хутка пераходзіць у дэтанацыю пры атм. ціску. Выкарыстоўваюць для ўзбуджэння выбуховага пераўтварэння інш. выбуховых рэчываў. Брызантныя выбуховыя рэчывы больш інертныя, іх гарэнне можа перайсці ў дэтанацыю толькі пры наяўнасці трывалай абалонкі ці вял. колькасці рэчыва. Выкарыстоўваюцца для прамысл. выбуховых работ, як начынка боепрыпасаў і інш. Порахі пры гарэнні не дэтануюць нават пры высокім (сотні МПа) ціску. Выкарыстоўваюць у ствольнай зброі, як цвёрдае ракетнае паліва.

т. 4, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЛІЮ ЗЛУЧЭ́ННІ,

хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць калій. Найб. пашыраныя К.з. — солі неарган. кіслот. Большасць з іх бясколерныя крышт. рэчывы, добра растваральныя ў вадзе. Амаль 90% прадуктаў перапрацоўкі прыродных К.з. (сільвін, сільвініт, каініт) выкарыстоўваюць як мінеральныя ўгнаенні.

Калію галагеніды: брамід KBr, ёдыд К.І. выкарыстоўваюць для вырабу святлоадчувальных фотаматэрыялаў і ў медыцыне; хларыд KCl — найб. пашыранае з калійных угнаенняў. Калію гексацыянафераты (II, III): гексацыянаферат (II) K4[Fe(CN)6]3H2O (жоўтая крывяная соль), гексацыянаферат (III) K3[Fe(CN)6] (чырв. крывяная соль) — крышталі адпаведнага назве колеру. Выкарыстоўваюць як рэагенты ў аналіт. хіміі: жоўтую крывяную соль — пры вырабе пігментаў, фарбаванні шоўку, у вытв-сці цыяністых злучэнняў, ферытаў, каляровай паперы, для утылізацыі радыеактыўнага цэзію. Таксічныя. Калію дыхрамат (хромпік) K2Cr2O7 — аранжава-чырв. крышталі. Моцны акісляльнік. Выкарыстоўваюць у запалкавай прам-сці, піратэхніцы. Таксічны: растворы разбураюць скурнае покрыва. Калію карбанат (паташ) K, CO3, выкарыстоўваюць у вытв-сці вадкага мыла, тугаплаўкага і хрусталёвага шкла. Калію нітрат KNO3 выкарыстоўваюць як угнаенне (гл. Калійная салетра), для вырабу чорнага пораху і піратэхн. саставаў, у вытв-сці запалак, шкла, для кансервавання мясных прадуктаў. Калію перманганат KMnO4 — цёмна-фіялетавыя крышталі, раскладаюцца з вылучэннем кіслароду пры т-ры вышэй за 240 °C. Выкарыстоўваюць як акісляльнік у арган. сінтэзе, антысептычны сродак у медыцыне. Калію сульфат K2SO4 утварае шматлікія падвойныя солі, у т. л. галын. Выкарыстоўваюць як бясхлорнае калійнае ўгнаенне і для атрымання інш. солей калію. Калію хларат (берталетава соль) KClO3, моцны акісляльнік. Выкарыстоўваюць у вытв-сці выбуховых рэчываў, запалак, для атрымання кіслароду ў лабараторных умовах. Каліюцыянід (цыяністы калій) KCN выкарыстоўваюць для цыянавання і ў гальванатэхніцы. Высокатаксічны: выклікае ўдушша ў выніку паралічу тканкавага дыхання.

А.П.Чарнякова.

т. 7, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́ТРЫЮ ЗЛУЧЭ́ННІ,

хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць натрый. Для натрыю найб. характэрны іонныя злучэнні з крышт. будовай. Найб. шырока выкарыстоўваюць натрыю гідраксід, солі неарган. і арган. к-т (гл. Мылы).

Солі неарган. кіслот (пры бясколерным аніёне) — бясколерныя крышт. рэчывы, добра раствараюцца ў вадзе, іх водныя растворы і расплавы з’яўляюцца электралітамі. Натрыю брамід NaBr выкарыстоўваюць як аптычны матэрыял, у вытв-сці святлоадчувальных фотаматэрыялаў, у медыцыне (седатыўны сродак). Натрыю гідракарбанат NaHCO3 — пітная, ці харч., сода. Натрыю карбанат Na2CO3 — кальцыніраваная сода. Натрыю нітрат (натрыевая салетра) NaNO3 у прыродзе мінерал чылійская салетра (нітранатрыт). Выкарыстоўваюць як азотнае ўгнаенне, кансервант харч. прадуктаў. Натрыю сульфат Na2SO4 трапляюцца ў выглядзе мінералаў: тэнардыту і мірабіліту. Выкарыстоўваюць у вытв-сці шкла, цэлюлозы, як сыравіну для атрымання інш. Н.з., сернай к-ты. Натрыю тыясульфат — соль тыясернай кіслаты. Вырабляюць у выглядзе пентагідрату Na2S2O3 5H2O. Выкарыстоўваюць для звязвання хлору пасля адбельвання тканін, як фіксаж у фатаграфіі, у медыцыне. Натрыю фасфаты — солі фосфарных кіслот. Выкарыстоўваюць як кампаненты мыйных сродкаў, змякчальнікі вады, у харч. прам-сці (напр., дыгідраортафасфат NaH2PO4 — разрыхляльнік цеста), у фатаграфіі (кампаненты праявіцелю) і інш. Натрыю фтарыд NaF у прыродзе мінерал віліяміт. Выкарыстоўваюць у вытв-сці алюмінію і плавіковай к-ты, як кампанент флюсаў, эмалей, зубной пасты, кансервант драўніны, інсектыцыд і інш. Натрыю хларыд (кухонная соль, каменная соль) NaCl, tпл 801 °C, шчыльн. 2161 кг/м³. Вельмі пашыраны ў прыродзе: мінерал галіт, у марской вадзе, рапе салёных азёр. Атрымліваюць з прыроднай сыравіны. Выкарыстоўваюць яе смакавую дабаўку да ежы, для атрымання соды, хлору, гідраксіду натрыю і інш.

А.П.Чарнякова.

т. 11, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗО́ТНЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,

мінеральныя і арган. рэчывы, якія выкарыстоўваюцца для забеспячэння раслін азотам. Падзяляюцца на арганічныя ўгнаенні (гной, торф, кампост), якія акрамя азоту маюць у сабе інш. элементы, мінеральныя ўгнаенні (выпускаюцца прам-сцю ў цвёрдым ці вадкім стане) і зялёныя ўгнаенні (гл. Сідэрацыя). У мінеральных азот можа быць у аміячнай (NH3), аміячна-нітратнай (NH3 і NO3), нітратнай (NO3) і аміднай (NH2) формах. Асн. віды мінер. азотных угнаенняў: аміячныя, аманійныя, нітратныя, аманійна-нітратныя, амідныя, аманійна-нітратна-амідныя.

Аміячныя і аманійныя ўгнаенні: вадкі аміяк, аміячная вада, сульфаты амонію, амонію-натрыю. Раствараюцца ў глебавай вадзе, значная частка іонаў амонію звязваецца ў маларухомую форму, якая пад уздзеяннем спецыфічных бактэрый глебы пераходзіць у больш рухомую нітратную форму і засвойваецца раслінамі. Выкарыстоўваюцца для ўсіх с.-г. культур на някіслых глебах і кіслых пры іх вапнаванні. Нітратныя ўгнаенні: натрыевая і кальцыевая салетры. Іоны натрыю і кальцыю паглынаюцца цвёрдай фазай глебы і раслінамі спажываюцца менш, чым нітратны азот, што прыводзіць да падшчалочвання глебы. Выкарыстоўваюцца на ўсіх глебах для ўнясення перад сяўбой і для ўсіх відаў раслін у перыяд вегетацыі. Аманійна-нітратныя ўгнаенні: аміячная салетра, сумесі сульфат-нітрат амонію, вапнава-аміячная салетра. Выкарыстоўваюцца ў розных кліматычных зонах для розных глебаў. Амідныя ўгнаенні бываюць хутка дзейныя (карбамід) і павольна дзейныя (урэаформ—карбаміда-фармальдэгідныя ўгнаенні). Аманійна-нітратна-амідныя ўгнаенні — канцэнтраваныя растворы карбаміду, нітрату амонію і іх растворы ў аміячнай вадзе (аміякаты). Эфектыўныя пры ўнясенні ў глебу для падкормкі раслін, аміякаты — для невегетуючых с.-г. культур. На Беларусі (Гродзенскі азотна-тукавы завод) вырабляюць аміячную салетру, карбамід, вадкія ўгнаенні і сульфат амонію.

Літ.:

Агрохимия. М., 1982;

Баранов П.А., Алейнов Д.П., Олевский В.М. Азотные растворы... // Химия в сельском хозяйстве. 1983. № 5.

т. 1, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЛЬЦЫЮ ЗЛУЧЭ́ННІ,

хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць кальцый. Найб. пашыраны кальцыю аксід, кальцыю гідраксід, кальцыю карбід, солі неарган. кіслот. Солі — бясколерныя крышт. рэчывы, многія добра раствараюцца ў вадзе, амаль усе ўтвараюць крышталегідраты.

Кальцыю гіпахларыт Ca(OCl)2 пры т-ры >50 °C раскладаецца з вылучэннем актыўнага хлору (гл. Хлорная вапна). Выкарыстоўваюць для адбельвання тканін і паперы, дэзінфекцыі пітных і сцёкавых вод, дэгазацыі атрутных рэчываў. Кальцыю карбанат CaCO3 у вадзе практычна нерастваральны. У прыродзе ўтварае мінералы кальцыт і араганіт. Мінералы выкарыстоўваюць для атрымання вапны, як буд. матэрыялы (вапняк, мармур), сінт. — як напаўняльнік паперы, гумы. Кальцыю нітрат Ca(NO3) і тэтрагідрат Ca(NO3)2-4H2O, ці кальцыевую салетру, выкарыстоўваюць як азотнае ўгнаенне. Кальцыю ортафасфаты — солі артафосфарнай к-ты H3PO4 ортафасфат, ці трыкальцыйфасфат Ca3(PO4)2; уваходзіць у склад мінералаў фасфарыту і апатыту; гідраортафасфат CaHPO4; дыгідраортафасфат Ca(H2PO4)2 Выкарыстоўваюць як фосфарныя ўгнаенні, мінер. падкормку для жывёлы і птушак, кампанент зубных пастаў і парашкоў, керамікі, шкла і інш. Кальцыю сульфат CaSO4. У прыродзе мінерал ангідрыт. Дыгідрат CaSO4-2H2O — гіпс, алебастр. Прыродны выкарыстоўваюць у вытв-сці вяжучых рэчываў, штучныя легіраваныя крышталі — як тэрмалюмінесцэнтны матэрыял. Кальцыю фтарыд CaF2 у вадзе практычна нерастваральны. У прыродзе мінерал флюарыт. Выкарыстоўваюць як кампанент металургічных флюсаў, спец. шкла, керамікі, аптычных і лазерных матэрыялаў. Таксічны, ГДК 2 мг/м³. Кальцыю хларыд CaCl2 вельмі гіграскапічны. Водныя растворы замярзаюць пры нізкіх т-рах, напр. 30%-ны пры -48 °C. Выкарыстоўваюць для высушвання газаў і вадкасцей, водны раствор як холадагент і антыфрыз, лек. сродак пры алергічных захворваннях і інш. Кальцыю цыянамід CaCN2 выкарыстоўваюць як азотнае ўгнаенне, дэфаліянт, гербіцыд, для атрымання цыянідаў, мачавіны і інш. Таксічны: у арганізме ператвараецца ў цыянамід NH2CN.

А.П.Чарнякова.

т. 7, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЮМІ́НІЮ ЗЛУЧЭ́ННІ,

хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць алюміній, пераважна ў ступені акіслення + 3. Бясколерныя, белыя ці шэрыя цвёрдыя рэчывы. Найб. пашыраны алюмінію злучэнні з кіслародам (крышт. алюмінію аксід і аморфны алюмагель, гідраксід алюмінію), солі алюмінію з моцнымі кіслотамі (нітрат, сульфат, галагеніды, фасфаты), комплексныя солі алюмінію (алюмініевы галын, алюмасілікаты), солі алюмініевых кіслот (алюмінаты), алюмінійарган. злучэнні (гл. ў арт. Металаарганічныя злучэнні), нітрыд і гідрыд алюмінію, алюмінію злучэнні з некаторымі больш электрададатнымі, чым алюміній, металамі, напр. арсенід алюмінію.

Алюмінію гідраксід (Al(OH)3] сустракаецца ў прыродзе ў выглядзе мінералаў — састаўная частка баксітаў, існуе ў трох крышт. і аморфнай мадыфікацыях; не раствараецца ў вадзе, спіртах; амфатэрны, з кіслотамі ўтварае солі, са шчолачамі алюмінаты. Атрымліваюць гідролізам алюмасілікатаў у шчолачным асяроддзі, аморфны — асаджэннем з раствораў соляў алюмінію аміякам. Выкарыстоўваюць для вытв-сці аксіду алюмінію і алюмагелю, як адсарбцыйны сродак у медыцыне. Алюмінію сульфат [Al2(SO4)3], т-ра раскладання больш за 770 °C, раствараецца ў вадзе. Атрымліваецца ўзаемадзеяннем кааліну ці баксіту з сернай кіслатой. Выкарыстоўваюць у вытв-сці алюмініевага галыну, для праклейвання паперы, асвятлення і пазбаўлення колеру вады, як пратраву пры фарбаванні тканін. Алюмінію фтарыд (AlF3), т-ра ўзгонкі 1279 °C, раствараецца ў вадзе, утварае крышталегідраты. Кампанент электраліту ў вытв-сці алюмінію, таксама флюсаў, эмаляў, керамікі. Алюмінію хларыд (AlCl3), дыміць на паветры, т-ра ўзгонкі 180 °C, tпл 192,5 °C, у вадзе гідралізуецца. Атрымліваецца хларыраваннем кааліну, баксіту ці гліназёму. Каталізатар крэкінгу нафты, у рэакцыях алкіліравання. Алюмінію нітрыд (AlN), т-ра раскладання ~2000 °C, дыэлектрык, устойлівы да дзеяння кіслот і шчолачаў пры t 20 °C. Атрымліваюць узаемадзеяннем азоту з алюмініем пры t 1000 °C ці аднаўленнем аксіду алюмінію. Выкарыстоўваецца як вогнетрывалы матэрыял для тыгляў, футровак электролізных ваннаў, для нанясення каразійна- і зносаўстойлівых пакрыццяў на сталь, графіт і інш. Алюмінію гідрыд (AlH3), т-ра раскладання 105 °C, існуе ў палімерным стане. Выкарыстоўваецца як кампанент цвёрдага ракетнага паліва, аднаўляльнік у арган. Сінтэзе. Алюмінію арсенід (AlAs), т-ра плаўлення 1740 °C, кампанент паўправадніковых цвёрдых раствораў для лазераў, фотадыёдаў, сонечных батарэй.

Л.М.Скрыпнічэнка.

т. 1, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)