перакліка́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Абменьвацца гучнымі воклічамі, крыкамі, словамі. Жанчыны і на лодках, і на беразе звонка пераклікаюцца на бойкім палескім дыялекце. В. Вольскі. / Пра птушак і жывёл. Злыя хутарскія сабакі пераклікаліся заядлым брэхам, жудасным і трывожным. Колас. Недзе ў гушчары нягучна пераклікаліся зязюлі. Ваданосаў.

2. Папераменна гучаць. Цішыня. Толькі сярпы пераклікаюцца: ж-жык! ж-жык! Мележ. Задорна пераклікаліся гудкі паравозаў на вакзале, на таварнай станцыі. Лынькоў. Над .. рэдкімі агнямі горада ізноў пераклікаюцца гудкі заводаў. Брыль.

3. перан. Мець падабенства, збліжацца сваімі прыкметамі з чым‑н. Аднак у мастацкім асэнсаванні тэмы працы Купала стаіць бліжэй да Някрасава і Багушэвіча, чым да Кальцова, і пераклікаецца з Горкім. Івашын. З трапяткое, засмучанасцю гэтых колішніх радкоў маладога Паўлюка Труса пераклікаецца сёння ўзмужнелая ліра М. Лужаніна. Лойка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паці́ху, прысл.

1. Нягучна, ціха. [Вучні] баязліва тапталіся, азіраліся, а некаторыя паціху пыталі ў бабкі: — А што, бабка, ён [настаўнік] сярдзіты? Колас. Мікола паціху загадаў: — Кладзіся! — і сам адпоўз за куст. Шчарбатаў. // Ледзь-ледзь, злёгку. Над галавой паціху шумелі сосны, мігацела зоркамі чорнае неба. Асіпенка. // Асцярожна, стараючыся не рабіць шуму. Паціху, каб не пабудзіць старых, .. [Паходня] пасунуўся быў у свой пакой, але на печы пачуўся шорах і потым голас гаспадыні. Хадкевіч. // Асцярожна, злёгку. Таццяне здалося, што камісар задрамаў, і яна нахілілася і паціху дакранулася рукою да яго пляча. Шамякін.

2. Павольна, не спяшаючыся. Спачатку ішлі паціху, затым камандзір загадаў падцягнуцца. Жычка. Іван паціху наламаў ядлоўцу і густа падаслаў пад бок. Новікаў. Дый чарвячка не грэх было ўжо замарыць. Паціху Касцёр расклалі пад старой Сасной. Корбан. // Мала-памалу, непрыкметна. Праз мост пантонны полк ішоў да рання, Не бачачы, што ён паціху тоне. Гаўрусёў. Лагер лесарубаў паціху засыпаў. Машара. // Спакойна, без хваляванняў. [Стараста:] На ліха я ў старасты пайшоў, паціху сядзеў бы, свой кавалак хлеба маючы. Самуйлёнак.

3. Употай, непрыкметна для каго‑н. Кузьма паціху ў вус пасмейваецца, сам сабе хітра падміргвае і ўголас гаворыць: — Нічога, прывыкнеш, Настачка! Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

садра́ць, здзяру, здзярэш, здзярэ; здзяром, здзераце; зак., што.

1. Адрываючы ад чаго‑н., аддзяліць, зняць (звычайна верхні слой чаго‑н.). Але ў галаве яго на скорую руку з’явілася новая думка: садраць з воўка скуру, покі ён не акачанеў — гэта будзе дзедаў трафей. Колас. Уладкаваўшыся, людзі распачалі работу. Рукамі садралі дзірван, адграблі пясок, і вось ужо сям-там забялелася крэйда. Штыхаў. // Разм. Скалупнуць прышч, больку. Садраць струп. // Разм. Пашкодзіць скуру, абдзерці. Садраць скуру на пальцы. // Счысціць, саскрэбці што‑н. з якой‑н. паверхні. На хаду, пакуль стружка не прыстыла да металу, Дывінец садраў яе жалезным кручком. Асіпенка.

2. Разм. Рэзкім рухам зняць што‑н. надзетае, прымацаванае і пад. Садраць боты з ног. Садраць шапку з галавы. Садраць аб’яву. Садраць абіўку з крэслаў. Садраць паганы. □ Нягучна буркаючы, ён садраў з Клімчанкі перапэцканы і пашкуматаны ў бойцы паўшубак. Быкаў. // Моцна дзьмучы, знесці з паверхні. Віхор страху садраў. / у безас. ужыв. Навальніцай дах садрала. / у перан. ужыв. Ранак быццам садраў покрыва з таго жыцця, да якога клікаў мяне Гаранька. Савіцкі.

3. Расціраючы на тарцы, здрабніць што‑н. Садраць бульбы на бліны. □ Адну бульбіну здзярэ [маці] на тарку, памыўшы толькі ад пяску, дабавіць да сухога стоўчанага лісця ад ліпы. Якая яшчэ зацірка выходзіла... Пташнікаў. // Здрабніць на тарцы ўсё дарэшты. Усю бульбу садралі.

4. Разм. У выніку доўгага карыстання зрабіць непрыгодным. Садраць венік нашчэнт.

5. Разм. Узяць непамерна вялікую плату за што‑н. Можна было падумаць, што пасля гэтага «заробку» бабка Анісся не здзярэ з нас па рублю за салёныя агуркі... Васілевіч. // Забраць шляхам вымагання. — Успомні, як ты [Варыла] пры панах распінаўся!.. Апошнюю кашулю хацеў садраць за розныя нядоімкі і штрафы. Бажко.

6. Разм. Спісаць жыўцом у каго‑н., выдаўшы за сваё. Садраць сачыненне. □ — Ну, я спішу ваш расклад, здзяру яго да літары... Дайце мне, калі ласка, паперы... Колас.

•••

Садраць магарыч — атрымаць хабар. Адсудзіць, нягоднік, дальбог жа адсудзіць і магарыч з пана Крукоўскага здзярэ. Бажко.

Садраць скуру (дзве, тры скуры) — тое, што і злупіць скуру (дзве, тры скуры) (гл. злупіць).

Садраць шкуру (дзве шкуры, сем шкур) з каго — тое, што і злупіць шкуру (дзве шкуры, сем шкур) (гл. злупіць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)