МЕЗО́ННАЯ ХІ́МІЯ,

раздзел хіміі, які вывучае атамныя сістэмы, дзе ядро атама заменена інш. дадатнай часціцай (напр., μ​+-мюонам, пазітронам) або электрон заменены інш. адмоўнай часціцай (напр., μ​ мюонам, π​- ці K​-мезонам). Узнікла ў 1960-я г. ў сувязі з даследаваннямі хім. рэакцый, якія адбываюцца пры ўзаемадзеянні мюонаў з рэчывам. З дапамогай М.х. атрымліваюць даныя аб размеркаванні электроннай шчыльнасці, крышталічнай і магн. структуры рэчыва, механізме і скорасці хім. рэакцый.

Асн. кірункі даследаванняў у М.х.: π​- і μ​ М.х., вывучэнне паводзін μ​+-мюона ў рэчыве і рэакцый мюонія. У π​- М.х. асн. з’яўляецца рэакцыя перазарадкі π​-мезона на пратонах π​ + p → n + π​0, імавернасць якой залежыць ад зараду ядра атама, з якім злучаны вадарод, тыпу сувязі паміж атамамі вадароду і інш., што дае магчымасць адрозніць хімічна звязаны вадарод ад свабоднага вадароду. У аснове μ​- М.х. ляжыць вымярэнне энергій і інтэнсіўнасцей асобных ліній у рэнтгенаўскіх спектрах мезаатамаў. Асаблівасці рэнтгенаўскага выпрамянення μ​-атамаў дазваляюць вызначыць элементны састаў узору, а таксама від хім. злучэння гэтых элементаў. μ​+-мюон і мюоній па сутнасці з’яўляюцца мечанымі атамамі, за рухам якіх можна сачыць ад моманту нараджэння да моманту распаду. Напр., лакальныя магн. палі ў крышталях узаемадзейнічаюць са спінам мюона і змяняюць карціну яго прэцэсіі, што дазваляе вывучаць характарыстыкі ўнутраных магн. палёў. На аснове вывучэння рэакцый мюонію робяць высновы аб рэакцыях атамарнага вадароду.

Літ.:

Кириллов-Угрюмов В.Г., Никитин Ю.П., Сергеев Ф.М. Атомы и мезоны. М., 1980;

Евсеев В.С., Мамедов Т.Н., Роганов В.С. Отрицательные мюоны в веществе. М., 1985.

т. 10, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРДО́ВІКСКАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД), ардовік,

другая сістэма палеазойскай эратэмы (групы эры), якая адпавядае другому перыяду палеазойскай эры геал. гісторыі Зямлі. Падсцілаецца кембрыйскай, перакрываецца сілурыйскай сістэмамі. Пачалася каля 500 млн. гадоў назад, доўжылася каля 65 млн. гадоў. Тэрмін ардовікская сістэма (перыяд) уведзены англ. Геолагам Ч.​Лапуарсам у 1879. Адклады ардовікскай сістэмы (перыяду) вядомы на ўсіх кантынентах, удзельнічаюць у будове платформавага чахла большасці платформаў Паўн. паўшар’я, выходзяць на паверхню на ўсіх мацерыках Паўн. паўшар’я (на ўскраінах стараж. платформы Гандвана), пашыраны ў складкавых сістэмах Апалачаў, Урала, Алтая, Саянаў і інш. У сярэдзіне ардовіку адбылося максімальнае пашырэнне мора на ўскраіны платформаў, дзе намнажаліся асадкі магутнасцю да 500 м (вапнякі, гліны, пяскі). Ва ўнутр. частках геасінклінальных паясоў, занятых глыбакаводнымі морамі, на тэр. Паўн. Амерыкі, на З Паўд. Амерыкі, у Еўразіі і на ПдУ Аўстраліі ўтварыліся адклады магутнасцю да 10 км (абломкавыя, вулканічныя, крамяністыя, карбанатныя). У канцы ардовіку пачалася каледонская складкавасць. Клімат на тэр. сучасных Паўн. Амерыкі, Грэнландыі, Паўн. Еўропы, б. ч. Азіі і Аўстраліі быў гарачы і сухі, астатняя ч. сучаснай сушы адпавядала прыпалярным абласцям, дзе знойдзены сляды ардовікскага мацерыковага зледзянення. Тэр. Беларусі ў ардовіку была сушай, якую абмывала мора на крайнім ПдЗ у Брэсцкай упадзіне (дзе намножылася да 40 м асадкаў) і на ПнЗ у межах Прыбалтыйскай монакліналі (магутнасць асадкаў да 150 м). Намнажаліся карбанатныя і гліністыя пароды — вапнякі з праслоямі мергелю, аалітамі і глаўканітам, гліны і гліністыя вапнякі. У арганічным свеце ардовікскай сістэмай (перыядам) прадстаўлены амаль усе тыпы і большасць класаў марскіх беспазваночных жывёл, сярод раслін пашыраны бактэрыі і водарасці. З’явіліся першыя прымітыўныя пазваночныя; беспазваночныя і расліны выйшлі на сушу. Найб. важныя для расчлянення адкладаў групы ардовікскай фауны: грапталіты, канадонты, трылабіты, брахіяподы і каланіяльныя каралы. Карысныя выкапні: нафта і газ (у Паўн. Амерыцы), гаручыя сланцы (Прыбалтыка), фасфарыты, руды жалеза, марганцу, медзі, свінцу, цынку, кобальту, ёсць золата, рэдказямельныя металы, хрызатыл-азбест, графіт. Стратыграфічны падзел ардовікскай сістэмы (перыяду) у кожным рэгіёне асобны. Найб. пашыраны — на 3 аддзелы і 6 ярусаў. Да ніжняга аддзела адносяць трэмадокскі і арэнігскі ярусы, да сярэдняга — ланвірнскі, ландэйльскі і карадокскі, верхні ўключае ашгільскі ярус. Гэты падзел пакладзены ў аснову рэгіянальнай стратыграфічнай схемы ардовікскіх адкладаў Беларусі (1981), у якой на падставе характэрных комплексаў брахіяподаў і імшанак вылучаны больш дробныя адзінкі — рэгіянальныя гарызонты.

Літ.:

Ропот В.Ф., Пушкин В.И. Ордовик Белоруссии. Мн., 1987;

Никитин И.Ф. Ордовик // Стратиграфия и палеонтология древнейшего фанерозоя. М., 1984.

А.​С.​Махнач, У.​І.​Пушкін.

т. 1, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯСФЕ́РА (ад бія... + сфера),

абалонка Зямлі, састаў, структура і энергетыка якой абумоўлены сукупнай дзейнасцю і ўплывамі жывых арганізмаў. Першыя ўяўленні пра біясферу сфармуляваў франц. вучоны Ж.​Б.​Ламарк (1802). Тэрмін «біясфера» ўвёў аўстр. геолаг Э.​Зюс (1875). Стварэнне цэласнага вучэння пра біясферу належыць рус. вучонаму У.​І.​Вярнадскаму (1926). Біясфера ўключае арганізмы (каля 3 млн. відаў), іх рэшткі, прыземную ч. атмасферы да вышыні азонавага экрана (20—30 км), усю гідрасферу і верхнюю частку літасферы; усе яны ўзаемазвязаны працэсамі міграцыі рэчыва і энергіі. Ніжняя мяжа біясферы на сушы на глыб. да 3—4 км ад паверхні зямной кары, у Сусветным ак. на 1—2 км ніжэй за дно. У біясферы (паводле Вярнадскага) адрозніваюць 7 розных, але ўзаемазвязаных тыпаў рэчываў: жывое рэчыва (расліннае, жывёльнае і мікраарганізмы), біягеннае рэчыва (прадукты жыццядзейнасці жывых арганізмаў — гаручыя выкапнёвыя, вапнякі і інш.), косныя рэчывы (горныя пароды магматычнага, неарган. паходжання, вада і інш.), біякосныя рэчывы (прадукты распаду і перапрацоўкі горных і асадкавых парод жывымі арганізмамі), радыеактыўнае рэчыва, рассеяныя атамы і рэчыва касм. паходжання (метэарыты, касм. пыл). Асн. функцыя біясферы — выкарыстанне сонечнай энергіі (фотасінтэз) і біялагічны кругаварот рэчываў і энергіі, які забяспечвае развіццё ўсіх жыццёвых працэсаў. Жывыя арганізмы (жывое рэчыва) і іх жыццёвае асяроддзе арганічна звязаны паміж сабой і ўтвараюць сістэмы глабальнага, рэгіянальнага і лакальнага ўзроўняў. У рэгіянальных і лакальных сістэмах вылучаюць структурныя адзінкі біясферы: біёмы, біягеацэнозы (экасістэмы), прыродныя зоны на раўнінах і вышынныя (вертыкальныя) прыродныя паясы ў гарах. Біясфера мазаічная паводле структуры і саставу адлюстроўвае геахім. і геафіз. неаднароднасць аблічча Зямлі (мацерыкі і акіяны, прыродныя зоны і паясы, раўніны і горы і інш.) і нераўнамернасць у размеркаванні жывога рэчыва. Больш за 90% усяго жывога рэчыва біясферы прыпадае на наземную расліннасць. Агульная маса жывога рэчыва ў Б. ацэньваецца ў 1,8—2,5∙10​12 т (у пераліку на сухое рэчыва) і складае нязначную ч. масы біясферы (3∙10​18 т). На стан біясферы моцна ўплывае гасп. дзейнасць чалавека. Антрапагеннае ўздзеянне стымулюе пераход біясферы ў якасна новы стан — наасферу. Ахова біясферы прадугледжвае сістэму мерапрыемстваў: вядзенне біясфернага маніторынгу, арганізацыю біясферных запаведнікаў і інш., накіраваных на захаванне арганізмаў і біягеацэнозаў. Праводзіцца комплексная міжнар. праграма «Чалавек і біясфера». Гл. таксама Ахова прыроды, Забруджванне навакольнага асяроддзя.

Літ.:

Вернадский В.И. Химическое строение биосферы Земли и ее окружения. 2 изд. М., 1987;

Никитин Д.П., Новиков Ю.В. Окружающая среда и человек 2 изд. М., 1986;

Сытник К.М., Брайон А.В., Гордецкий А.В. Биосфера, экология, охрана природы: Справ. пособие. Киев, 1987.

Г.​А.​Семянюк.

Агульная структура біясферы.

т. 3, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РОБАТАТЭ́ХНІКА,

галіна навукі і тэхнікі, якая займаецца вывучэннем, стварэннем і выкарыстаннем робатаў. Уключае: галіну механікі, звязаную з распрацоўкай мех. канечнасцей — маніпулятараў, у т. л. для выканання вытв. аперацый, а таксама з прыстасаваннем тэхналогіі вытв-сці да магчымасцей прамысловых робатаў (прамысл. Р., або робататэхналогія); раздзелы, звязаныя са стварэннем і выкарыстаннем штучных органаў пачуццяў (сенсорная тэхналогія), з навучаннем робата элементам разумовай дзейнасці (інтэлект штучны), з імітацыяй здольнасці чалавека або жывёлы перамяшчацца ў любым напрамку (мабільныя робаты-цялежкі на колах, шагаючыя апараты, пратэзы, тэхн. сістэмы біёнікі) і інш. Асн. сродак сучаснай Р. — робат-маніпулятар, мае ад 3 да 8 ступеняў рухомасці, у якасці праграмнага кіравання — звычайна многапрацэсарную ЭВМ.

Звесткі пра штучныя жывыя істоты ёсць у многіх стараж. міфах. Паводле аднаго з іх, афінскі механік і скульптар Дэдал стварыў некалькі мех. статуй багоў (у т. л. Афрадыты), якія маглі рабіць розныя рухі. Дакладна вядома пра статуі багоў, якія рухаліся з дапамогай механізмаў, створаных Геронам Александрыйскім (1 ст. н.э). Паўзаній (2 ст. н.э.) сведчыць пра мех. арла, які мог падымацца ў паветра. Адмысловыя мех. людзі і жывёлы зроблены майстрамі сярэдневякоўя і больш познімі, напр., мех. чалавек Альберта Вялікага (13 СТ.), які мог адказваць на пытанні, певень, які махаў крыламі (13 ст), качка, якая пырхала, брала, праглынала і ператраўляла ежу, франц. механіка Ж.​Вакансона (18 ст.), андроід «пісец» швейц. гадзіншчыка П.​Ж.​Дроза (18 ст.), мех. лялькі «каракуры» яп. лялечных тэатраў (17—19 ст). Першы робат сканструяваў амер. інж. Дж.​Венслі ў 1927 (экспанаваўся на Сусв. выстаўцы ў Нью-Йорку), яп вучоны Н.​Макота ў 1928 стварыў робат «Прыродазнавец» (лічыцца пачаткам яп. робатабудавання). У 1930-я г. ў сувязі з аўтаматызацыяй вытворчасці пашырылася выкарыстанне робатаў-аўтаматаў. У 1960-х г. у ЗША узніклі прамысл. робаты, якія пачалі ўключацца ў зборачныя гібкія вытворчыя модулі і сталі структурным элементам гібкай аўтаматызаванай вытворчасці. Сродкі Р. пачалі выкарыстоўвацца як асн. тэхнал. машына (для апрацоўкі дэталей) або для выканання дапаможных аперацый (загрузкі станкоў і інш.; гл. Рабатызаваны тэхналагічны комплекс). Асн. адрозненне сістэм Р ад аўтаматычных ліній і станкоў-аўтаматаў — магчымасць хуткага перапраграмавання і пераналадкі на выкананне інш. тэхнал. задачы. У сувязі з гэтым Р. знайшла выкарыстанне пры вытв-сці невял. партый вырабаў або дзе па тэхналогіі патрэбны складаныя маніпуляцыйныя аперацыі (напр., пры кропкавай і дугавой зварцы корпусных дэталей). У канцы 1960-х г. у Р. ўзнік новы навук. кірунак, звязаны са стварэннем інтэлектных робатаў. Важнай сферай выкарыстання Р. сталі маніпуляцыйныя аперацыі ў экстрэмальных асяроддзях (з ядавітымі або радыеактыўнымі рэчывамі, у вакууме, космасе і інш). У 1970—80-я г. робатабудаванне ператварылася ў развітую галіну прам-сці.

На Беларусі Р. развіваецца з 1975, калі пачалі выпускацца і выкарыстоўвацца прамысл. робаты. Вытворцамі прамысл. робатаў і робататэхн. комплексаў былі з-д сродкаў комплекснай аўтаматызацыі (Мінск), ВА «Тэхнапрылада» (г. Магілёў), Мінскі гадзіннікавы з-д і інш. На гэтых прадпрыемствах створаны робаты серый РМ, «Гранат», ТУР і інш. Спажыўцы сродкаў Р. — гадзіннікавы, тэлевізійныя, трактарны і інш. з-ды (гл. Прыладабудаванне). У 1983 у БПА створаны першы ў СССР факультэт робатаў і робататэхн. сістэм (з 1998 — інфарм. тэхналогій і робататэхнікі).

Літ.: Маслов В.А., Муладжанов Ш.С. Робототехника берет старт. М., 1986; Накано Э. Введение в робототехнику: Пер. с яп. М., 1988; Боголюбов А.Н., Никитин Д.А. Популярно о робототехнике. Киев, 1989; Фу К., Гонсалес Р, Ли К. Робототехника: Пер. с англ. М., 1989; Попов Е.П. Робототехника и гибкие производственные системы. М., 1987; Баранов В.В., Кулешов В.С., Третьяков Э.А. Современное состояние и тенденции развития промышленной робототехники. М., 1988.

Г.​І.​Хуцкі, У.​М.​Сацута.

Робататэхніка: 1 — шагаючы механізм з электрычным кіраваннем; 2 — спецыялізаваны робат для дугавой зваркі; 3 — падводная машына-робат з дыстанцыйным кіраваннем.

т. 13, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗЫ́Р,

горад абл. падпарадкавання, цэнтр Мазырскага р-на Гомельскай вобл. За 133 км ад Гомеля, 7 км ад чыг. станцыі на лініі Калінкавічы—Оўруч, на аўтадарозе Бабруйск—Оўруч. Найб. на Беларусі порт на Прыпяці. Аэрапорт. 109,2 тыс. ж. (1998).

Мяркуецца, што слав. паселішча, ад якога бярэ пачатак М., узнікла ў 8 ст. У летапісах М. упершыню згадваецца пад 1155. З сярэдзіны 14 ст. ў складзе ВКЛ. 28.1.1577 кароль Стафан Баторый выдаў М. прывілей на магдэбургскае права (пацверджаны ў 1630 і 1670). Горад атрымаў герб: чорны арол, на яго грудзях змешчаны малы шчыт з гербам «Тромбы», пазней на малым шчыце літара S — манаграма Стафана Баторыя. У М. адбыліся Мазырскае паўстанне 1615 і Мазырскае паўстанне 1649. З 1793 М. у Рас. імперыі, з 1795 цэнтр павета Мінскай губ., каля 2 тыс. ж. У 1796 атрымаў новы герб: у верхняй частцы ў залатым полі рас. двухгаловы арол з гербам Мінска на грудзях, у ніжняй — у блакітным полі чорны арол. У сярэдзіне 19 ст. ў М. каля 6,5 тыс. ж., у 1878—7834 чал., 3 царквы, касцёл, сінагога. У 1879 заснавана тэлеграфная станцыя, у 1885 — запалкавая ф-ка «Маланка». У 1897—8067 ж. У 1901—02 створаны Мазырскі сацыял-дэмакратычны камітэт Бунда, пасля — Мазырская арг-цыя РСДРП У час Кастр. Усерас. паліт. стачкі 1905 існавала т.зв Мазырская «рэспубліка». Напярэдадні 1-й сусв. вайны ў М. 11,4 тыс. ж., 1210 жылых будынкаў, 3 ф-кі, 16 майстэрняў, 5 навуч. устаноў, земская бальніца, метэастанцыя, друкарня, 2 кнігарні. З 1924 цэнтр Мазырскага раёна (у 1926—27 горад у Слабадскім р-не), у 1924—30 і 1935—38 цэнтр Мазырскай акругі, у 1938—54 — Палескай вобласці. З 27.9.1938 горад абл. падпарадкавання. У 1939—17,5 тыс. ж. У Вял. Айч. вайну з 22.8.1941 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія стварылі ў горадзе лагер смерці, загубілі 4,7 тыс. ж., больш за 1 тыс. чал. вывезлі на катаржныя работы ў Германію. Дзейнічала Мазырскае патрыятычнае падполле. Вызвалены 14.1.1944 воінамі 61-й арміі ў ходзе Мазырска-Калінкавіцкай аперацыі 1944. З 1954 у Гомельскай вобл. У 1970—48,8 тыс. жыхароў.

Цэнтр нафтаперапр. прам-сці (Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод). Прадпрыемствы маш.-буд. і металаапр. (Мазырскі завод сельскагаспадарчага машынабудавання, Мазырскі завод меліярацыйных машын, Мазырскі кабельны завод), дрэваапр. (Мазырскі дрэваапрацоўчы камбінат, Мазырская мэблевая фабрыка), лёгкай (ф-кі трыкатажная, швейная і маст. вырабаў), харч. (Мазырскі солевыварны камбінат, малочны з-д, хлебазавод, піўзавод і інш.) прам-сці. Мазырскі завод кармавых дражджэй. Дзейнічаюць Мазырскі педагагічны інстытут, Мазырскі політэхнічны тэхнікум, музычнае вучылішча, Мазырскі краязнаўчы музей, Мазырскі драматычны тэатр імя І.​Мележа. Брацкія могілкі сав. воінаў і партызан; брацкая магіла падпольшчыкаў, помнікі В.​З.​Харужай, сав. лётчыкам. Каля М. помнікі археалогіі — паселішчы эпохі неаліту, гарадзішча і селішча ранняга сярэдневякоўя.

У пач. 16 ст. горад складаўся з 3 частак: цэнтр. (умацаванай астрогам), пасада (не ўмацаваны) і гандл. плошчы-рынку. Каля 1543 на месцы замка 14 ст. пабудаваны драўляны Мазырскі замак, які злучаўся з гандл. плошчай мостам на палях. У цэнтр. ч. горада перад замкам была Мікалаеўская царква. У 16—19 ст. М. развіваўся вакол умацаванага цэнтра ўздоўж правага берага р. Прыпяць. Яго радыяльна-кальцавую планіроўку вызначалі 3 асн. восі: уздоўж Прыпяці (з ПдУ на ПнЗ); ад гандл. плошчы на ПдЗ, да дарогі на г. Петрыкаў; з паўд.-ўсх. ч. горада да дарогі на г. Оўруч. На гандл. плошчы былі: ратуша, 3 корпусы гандл. радоў, царква. У 1616 закладзены касцёл Ушэсця Маці Божай (адбудаваны пасля пажару 1757, не захаваўся). У 1648 засн. Мазырскі касцёл і кляштар бернардзінцаў, у 1-й пал. 18 ст. — базыльянскі манастыр і драўляная царква Параскевы Пятніцы. У 1744 ва ўрочышчы Кімбараўка засн. 2 кляштары ордэна цыстэрцыянцаў: мужчынскі (існаваў да 1864) і Мазырскі касцёл і кляштар цыстэрцыянак (гл. таксама Кімбараўскія цыстэрцыянскія кляштары). У 1752 пабудаваны касцёл і кляштар марыявітак (існаваў да 1856). У канцы 17 ст. ў М. дзейнічалі 5 драўляных цэркваў: Саборная архангела Міхаіла, св. Міколы, Раства Багародзіцы, Праабражэння гасподняга (Спаская) і св. Параскевы Пятніцы; у 1861 засталіся драўляныя цэрквы Мікольская, Параскевы Пятніцы і мураваны Міхайлаўскі сабор; пастаўлены касцёл і кляштар марыявітак (не захаваліся). Росту горада ў 1880-я г. садзейнічала буд-ва Палескіх чыгунак. Арх.-планіровачная структура сучаснага М. абумоўлена складаным рэльефам (р. Прыпяць з высокім і стромкім правым берагам і нізкім плоскім левым, шматлікія яры з розніцай вышынных адзнак 25—30 м). Генпланы М распрацаваны ў 1939, 1953, 1966 (з карэкціроўкай у 1975 і 1976), 1981. Асн. масіў жылой забудовы гістарычна склаўся на правым беразе Прыпяці, на левым — рачны вакзал, вытв. зона і жылы раён. Асн. кампазіцыйныя восі горада — вуліцы Ленінская (галоўная, забудавана 2—5-павярховымі дамамі), Савецкая (забудавана 3—5-павярховымі дамамі, захавалася забудова канца 19 — пач. 20 ст.), 17 Верасня, Чапаева, Пралетарская. На скрыжаванні вуліц Ленінскай і Савецкай размешчана пл. Леніна — адм.-грамадскі і культ. цэнтр (захаваўся помнік грамадз. архітэктуры — Мазырскі клуб-тэатр). Новы грамадскі цэнтр фарміруецца на верхнім плато каля Оўруцкай шашы, тут развіваецца і жылая зона. У раёне Бабры створаны навучальны цэнтр: навуч. карпусы і інтэрнаты палітэхнікума і медвучылішча, ПТВ будаўнікоў і геолагаў. Жылая забудова пераважна 9-павярховая з высокімі дамінантамі (адна з іх — будынак Мазырскага пед. ін-та) на вышэйшых адзнаках рэльефу. На левым беразе Прыпяці — унікальны лесапарк. Прадугледжваецца функцыян. заніраванне тэрыторыі, далейшае развіццё новага грамадскага цэнтра, удасканаленне трансп. сеткі, стварэнне аб’язной дарогі.

Літ.:

Никитин А.С., Залвцман Е.Е. Мозырь: Ист.-экон. очерк. Мн., 1973;

Бобр А.Г. Мой Мозырь: Ист. очерк. Ч. 1. Мн., 1996;

Памяць: Гіст.-дак. хроніка Мазыра і Мазырскага р-на. Мн., 1997.

В.​Л.​Насевіч, В.​С.​Пазднякоў (гісторыя), Л.​С.​Патапаў, Ю.​А.​Якімовіч (архітэктура).

Мазыр. Жылыя дамы па вуліцы Савецкай.

т. 9, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)