КАМЕНЯЎБО́РАЧНЫЯ МАШЫ́НЫ,

машыны для выдалення камянёў пры ачыстцы с.-г. угоддзяў, буд-ве дарог, гідратэхн. збудаванняў і інш. Бываюць прычапныя і паўпрычапныя. навясныя і паўнавясныя, цыклічнага і бесперапыннага дзеяння.

Буйныя і сярэдняга памеру камяні выдаляюць карчавальнікамі, карчавальнікамі-збіральнікамі, машынамі са сківічным захопам, бульдозерамі, валуны — ланцуговымі або тросавымі прыстасаваннямі. Камяні сярэдніх памераў і часткова дробныя ўбіраюць паўпрычапной аднавосевай машынай з грабеньчатым рабочым органам (агрэгатуецца з трактарам «Беларусь»), Збіранне камянёў робяць прачэсваннем верхняга слоя глебы. Паднятыя грэбенем камяні скідваюцца ў бункер, а потым у прычэп ці на пляцоўку складзіравання. Дробныя камяні (дыям. да 30 см) выбіраюць машынамі з грабеньчатымі, ротарнымі, барабаннымі, элеватарнымі, грохатнымі, дыскавымі і камбінаванымі рабочымі органамі. Ёсць таксама К.м. для адначасовай уборкі і драблення камянёў. Камяні ў трансп. сродкі грузяць каўшовымі, грэйфернымі і інш. пагрузчыкамі, з поля вывозяць рознымі прычэпамі-самазваламі, лыжамі-самазваламі і інш.

І.​І.​Леановіч.

(Каменяўборачныя машыны: а — навясная з пярэднім сківічным захопам (1 — трактар, 2 — зубы, 3 — верхнія захопы, 4 — гідрацыліндры, 5 — заднія зубы); 6 — прычапная (1 — гідрасістэма павароту бункера, 2, 3 — хадавыя колы, 4 — грэбень; I — збіранне камянёў, II — пагрузка іх у бункер, III — выгрузка).

т. 7, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСІ́ЛКА,

машына для скошвання сеяных і прыродных траў і інш. раслін. Бываюць: трактарныя (навясныя. паўнавясныя, прычапныя), самаходныя, конныя і ручныя малагабарытныя матарызаваныя; 1-, 2-, 3- і 5-брусавыя (захоп аднаго бруса 2,1 м); з сегментна-пальцавым і ратацыйна-дыскавым рэжучым апаратам. Прыводзяцца ў дзеянне ад вала адбору магутнасці трактара або ад хадавых колаў.

Уласна К. скошваюць траву і ўкладваюць яе ў пракос або збіраюць у валкі. Шырыня захопу да 10 м, прадукцыйнасць да 9,7 га/гадз. К.-здрабняльнікі скошваюць траву, нізкасцябловую кукурузу і інш. сіласныя культуры, адначасова здрабняюць іх і падаюць атрыманую масу ў бункер ці прычэп для транспартавання. Могуць выкарыстоўвацца для скошвання бацвіння бульбы і коранеклубняплодаў. Агрэгатуюцца з трактарамі «Беларусь» і інш. Прадукцыйнасць да 45 т/гадз. К.-плюшчылкі (самаходныя або прычапныя) адначасова скошваюць, расплюшчваюць сцёблы сеяных бабовых траў і ўкладваюць іх у валок ці рассцілаюць на ржышчы. Расплюшчванне сцёблаў паскарае іх сушку і садзейнічае захаванню лістоў — найб. пажыўнай ч. раслін. Плюшчыльны апарат — вальцы з гладкай, фігурнай або рабрыстай паверхняй. Шырыня захопу да 5 м, прадукцыйнасць да 5 га/гадз.

Касілкі: 1 — трохбрусавая прычапная; 2 — касілка-здрабняльнік ротарная прычапная; 3 — касілка-плюшчылка самаходная.

т. 8, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛЬТЫВА́ТАР,

прылада для рыхлення глебы, знішчэння пустазелля, акучвання і падкормкі раслін (гл. Культывацыя). Падзяляюцца на папарныя (для суцэльнай апрацоўкі глебы) і прапашныя (для міжрадковай апрацоўкі прапашных культур); прычапныя, навясныя і паўнавясныя.

Папарныя К. бываюць лапавыя (палявыя, садовыя, ягаднікавыя, лясныя, рыхліцелі і проціэразійныя са стральчатымі лапамі), штангавыя (з франтальна размешчанай штангай, якая пры вярчэнні вырывае пустазелле) і пласкарэзы (для апрацоўкі глебы, схільнай да ветравой эрозіі). Прапашныя К., у т. л. К.-раслінасілкавальнікі, К.-акучнікі выкарыстоўваюць для рыхлення глебы і знішчэння пустазелля ў міжрадкоўях, падкормкі раслін і іх акучвання, наразання барознаў для паліву. У залежнасці ад велічыні прасвету пад рамай (для праходу над раслінамі) бываюць для апрацоўкі пасеваў нізкасцябловых (буракоў і інш. караняплодаў) і высокасцябловых (кукурузы, бульбы, капусты і інш.) культур. Універсальныя К. прыстасаваны для суцэльнай апрацоўкі глебы і догляду за пасевамі. К. забяспечваюцца зменнымі рабочымі органамі.

На Беларусі найб. выкарыстоўваюць К. з палольнымі лапамі (аднабаковыя, стральчатыя пласкарэзныя і універсальныя), з разрыхляльнымі лапамі (долата- і коп’епадобныя), акучвальныя карпусы.

Культыватары: 1 — для суцэльнай апрацоўкі глебы; 2 — культыватар-раслінасілкавальнік-акучнік; 3 — лясны; 4 — фрэзерны.
Рабочыя органы культыватара: 1 — аднабаковая пласкарэзная лапа; 2 — коп’епадобная лапа; 3 — пласкарэзная стральчатая лапа; 4 — універсальная лапа; 5 — акучвальны корпус; 6 — ігольчасты дыск; 7 — разрыхляльная зваротная лапа з спружыновым стаяком; 8 — нож для падкормкі.

т. 9, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЭНА́ЖНЫЯ МАШЫ́НЫ,

машыны для будавання і рамонту дрэнажу на асушальных і арашальных землях, тарфяных радовішчах. Выкарыстоўваюцца для пракладкі матэрыяльнага (дрэнаўкладчыкі), кротавага (кротадрэнажныя машыны, кратавальнікі) і шчыліннага (шчылінна-дрэнажныя машыны) дрэнажу. Бываюць траншэйныя, вузкатраншэйныя і бестраншэйныя; самаходныя, навясныя, прычапныя і паўпрычапныя; з актыўнымі (ланцуговыя многакаўшовыя, скрабалкавыя і ба́равыя, ротарныя многакаўшовыя і скрабалкавыя, фрэзерныя і шнэкавыя) і пасіўнымі (плужныя, нажавыя, кротавыя дрэнеры) рабочымі органамі.

Д.м. неперарыўнага дзеяння з актыўнымі рабочымі органамі выкарыстоўваюць для капання траншэй і ўкладкі дрэнажных труб, з пасіўным рабочым органам і аднакаўшовыя экскаватары — пры рабоце ў грунтах з валунамі. Плужным траншэекапальнікам наразаюць траншэі, потым іх дапрацоўваюць многакаўшовым экскаватарам і ўкладваюць трубы. Бестраншэйшыя Д.м. полым нажом (для прапускання дрэнажных труб) або V-падобным рэзальным інструментам ствараюць шчыліну, у якую прапускаюць дрэнажную трубу. Кротадрэнажныя машыны аснашчаны нажом з прымацаваным да яго дрэнерам. Ёсць машыны з актыўным дрэнерам, прыстасаваннем для ўтварэння дрэны выразаннем адпаведнага аб’ёму грунту. Шчылінна-дрэнажныя машыны з актыўным рабочым органам (дыскавай або вінтавой фрэзай, баравым ланцугом) і каткамі, якія закрываюць шчыліну, выкарыстоўваюць для работы на пністых тарфяніках. Машыны для фармавання труб са стужкі з адначасовай іх укладкай маюць трубафармавальны апарат, які фармуе трубы з вініпласту, поліпрапілену, поліэтылену і інш. матэрыялаў. Дрэнапрамыўныя машыны ачышчаюць дрэнажныя сістэмы (заглееныя трубы) патокам вады пад ціскам (да 100 ат). На Беларусі Д.м. выпускае Мазырскі завод меліярацыйных машын.

Літ.:

Гл. пры арт. Меліярацыйныя машыны.

А.​Я.​Вакар.

Дрэнажныя машыны: 1 — траншэйны дрэнаўкладчык ЭТЦ-406; 2 — бестраншэйны дрэнаўкладчык МД-12 (для зоны асушэння); 3 — дрэнапрамыўшчык ПДП-125.

т. 6, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́ЯЛКА,

машына для высявання насення с.-г. і лясных культур, а таксама для ўнясення мінер. угнаенняў. Бываюць трактарныя (навясныя, паўнавясныя, прычапныя), конныя і ручныя.

Паводле спосабу сеяння адрозніваюць С.: радковыя — для высявання насення звычайным радковым, вузкарадковым, шырокарадковым і стужачным спосабамі; гнездавыя — для сяўбы групамі (гнёздамі); пункцірныя (дакладнага высявання) — для высявання насення на аднолькавай адлегласці ў радку; пункцірна-гнездавыя — для размяшчэння насення гнёздамі на аднолькавай адлегласці; раскідныя — размяркоўваюць насенне траў і ўгнаенне па плошчы поля. Паводле прызначэння бываюць С.: для сяўбы збожжавых культур (у т. л. камбінаваныя зернетукавыя для адначасовага высявання асн. культуры, мінер. угнаенняў і падсявання насення траў); сяўбы прапашных культур (кукурузныя, цукровабураковыя, бавоўнавыя); ільняныя і агароднінныя; спец. прызначэння (лясныя, парніковыя, плодагадавальнікавыя і інш.). У раёнах з ветравой эрозіяй пашыраны камбінаваныя сеялкі-культыватары для сяўбы на глебах, апрацаваных безадвальнымі прыладамі. Пры сяўбе яны рыхляць глебу, падразаюць пустазелле, высяваюць мінер. ўгнаенні і прыкачваюць засеяныя радкі.

На Беларусі фірма «Лідаграпраммаш» выпускае разнастайныя С. для сяўбы збожжавых, зернебабовых і травяных культур, Брэсцкі электрамех. з-д — сеялкі СПУ-6 «Бярэсце» для сяўбы збожжавых культур і травасумесей.

В.​М.​Кандрацьеў.

Сеялка: 1 — радковая англійскага вынаходніка Дж.​Тула (пач. 18 ст.); 2 — пнеўматычная універсальная СПУ-6 «Бярэсце» (Брэсцкі электрамеханічны завод).
Сеялка: а — прычапная радковая зернятукавая (1 — гідрацыліндр для пад’ёму сашнікоў; 2 — бункер для насення і ўгнаенняў; 3 — высейвальнае прыстасаванне; 4 — падножная дошка; 5 — закладвальныя рабочыя органы; 6 — сашнікі; 7 — насеннеправоды); б — пнеўматычная універсальная (1 — вентылятар; 2 — інжэктарны шлюз; 3 — шахтавая труба; 4 — размеркавальнікі; 5 — насеннеправоды; 6 — бункер; 7 — дазіравальнае прыстасаванне; 8 і 9 — высявальныя лемяшы); в — сашнікі (1 і 2 — радковы і вузкарадковы двухдыскавыя; 3 — аднадыскавы; 4 — анкерны; 5 — кілепадобны).

т. 14, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАНА́,

земляробчая прылада для рыхлення (баранавання) глебы. Выкарыстоўваецца з часоў пашырэння ляднага земляробства. На Беларусі вядомы тыпы бараны: вершаліна (найб. архаічны тып), смык, плеценая (вязаная) і брусковая (рамная). Найб. пашыранай была плеценая барана. Мела дугападобную форму, крацісты каркас утваралі 4—6 радоў прутоў, на скрыжаванні якіх замацоўвалі дубовыя (ад 16 да 35) зубы. Аснову брусковай бараны складала драўляная рашотка з драўлянымі, а з канца 19 ст. жал. зубамі. З пач. 20 ст. пашыраны жалезныя бароны, традыцыйныя захоўваліся эпізадычна.

Сучасныя бароны бываюць зубавыя і дыскавыя, агульнага і спец. выкарыстання, прычапныя, навясныя і паўнавясныя. Агрэгатуюцца з трактарамі на счэпках, могуць працаваць разам з плугамі, сеялкамі, культыватарамі. Бароны агульнага прызначэння складаюцца з асобных звёнаў, якія злучаюцца ў агрэгаты з рознай шырынёй захопу.

Зубавыя бароны выкарыстоўваюць для выраўноўвання і рыхлення паверхні раллі, баранавання пасеваў. Падзяляюцца на цяжкія, сярэднія і лёгкія, ці пасяўныя. Пашыраны зубавыя бароны тыпу «зігзаг», шлейф-бароны, сеткавыя, спружынныя, драцяныя, нажавыя, лугавыя шарнірныя, пашавыя і інш. Дыскавыя бароны выкарыстоўваюць пераважна для рыхлення здзірванелых пластоў і разбурэння камякоў глебы (пры апрацоўцы зябліва, лугоў і пашы, лушчэнні ржышча). Рабочыя органы гэтых баронаў — сферычныя гладкія ці выразныя дыскі. Бываюць і з ігольчастымі дыскамі (для паверхневага рыхлення глебы пад іржышчам і выраўноўвання паверхні мікрарэльефу). Спец. балотныя і садовыя дыскавыя бароны выкарыстоўваюць для рыхлення глебы і знішчэння пустазелля ў міжрадкоўях садоў і ягаднікаў. Нажавая вярчальная барана аб’ядноўвае прынцыпы работы зубавай і дыскавай баронаў. Шырыня захопу зубавых баронаў ад 1 да 21 м, глыбіня апрацоўкі 2—10 см; дыскавых адпаведна ад 2 да 14 м, 10—20 см.

Літ.:

Карпенко А.Н., Халанский В.М. Сельскохозяйственные машины. 6 изд. М., 1989.

В.​С.​Цітоў (этнаграфія), У.​М.​Сацута.

Барана плеценая.
Да арт. Барана: 1 — навясная зубавая тыпу «зігзаг» (секцыя); 2 — дыскавая; 3 — спружыновая; 4 — шлейф-барана; 5 — пашавая шарнірная; 6 — ігольчастая.

т. 2, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЖДЖАВА́ЛЬНЬІЯ МАШЫ́НЫ І ЎСТАНО́ЎКІ.

Прызначаны для палівання дажджаваннем с.-г. культур. Рабочыя органы — кароткаструменныя (5—8 м) насадкі (ствараюць веерападобны паток вады), сярэднеструменныя (10—35 м) і далёкаструменныя (40—80 м і болей) дажджавальныя апараты (ДА; забяспечваюць дажджаванне па крузе або сектары; бываюць каромыславыя, рэактыўныя, турбінныя, імпульснага і бесперапыннага дзеяння і інш.).

Дажджавальныя машыны маюць аўтаномны рухавік або прывод, трансмісію і хадавую частку. Бываюць шматапорныя (7 і болей апор з рознымі хадавымі часткамі) тыпу «Фрэгат», «Днепр» і шыроказахопныя (шыр. захопу 300—800 м) тыпу «Валжанка» (сярэднеструменныя); двухкансольныя тыпу ДДА-100 МА (фермы, зманціраваныя на трактары; маюць помпавую ўстаноўку з прыводам ад вала трактара; кароткаструменныя); навясныя на трактар тыпу ДДН-100 (маюць помпу-рэдуктар, зманціраваны на раме; далёкаструменныя). Адрозніваюць дажджавальныя машыны, якія робяць паліў адначасова з рухам і пазіцыйна (пры нерухомай машыне). Дажджавальныя ўстаноўкі бываюць разборныя пераносныя (манціруюцца з асобных звёнаў, перад зменай пазіцыі яны разбіраюцца і пераносяцца на новае месца) і неразборныя (перамяшчаюцца цалкам на прычэпе трактара). Аснашчаюцца сярэдне- або далёкаструменнымі ДА, працуюць пазіцыйна. Найб. пашыраны камплекты ірыгацыйнага абсталявання «Вясёлка», дажджавальныя шлейфы ДШ-25/300 і інш. Стацыянарныя дажджавальныя сістэмы — укладзеныя пад ворны слой напорныя трубаправоды з гідрантамі, што выходзяць на паверхню. Да іх падключаюцца далёка- або сярэднеструменныя ДА. Вада ў трубаправодную сетку падаецца помпавай станцыяй. Паўстацыянарныя дажджавальныя сістэмы найб. пашыраныя, у іх магістральны і размеркавальны трубаправоды стацыянарныя, а дажджавальныя машыны перамяшчаюцца па арашальнай плошчы.

Літ.:

Сапунков А.П. Применение дождевальной техники М., 1991.

А.​Я.​Вакар.

Дажджавальныя машыны і ўстаноўкі: 1 — сярэднеструменная машына «Фрэгат»; 2 — далёкаструменная машына ДДН-100; каротка струменная ўстаноўка — дажджавальны шлейф ДШ-25/300.
Да арт. Дажджавальныя машыны і ўстаноўкі. Дажджавальныя апараты: а — кароткаструменная дэфлектарная насадка (1 — варонка, 2 — дэфлектар); б, в — сярэднеструменныя, г — далёкаструменны апараты (1 — дапаможныя соплы, 2 — ствол, 3 — асноўнае сапло, 4 — турбінка).

т. 6, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРО́ГА,

спецыяльна падрыхтаваная паласа на зямной паверхні, надземнае або падземнае збудаванне для перамяшчэння трансп. і інш. тэхн. сродкаў, людзей, грузаў. Адрозніваюць Д.: бязрэйкавыя (аўтамабільныя дарогі, трактарныя, веласіпедныя, для гужавога транспарту, прагону жывёлы, падвесныя канатныя дарогі і інш.); рэйкавыя наземныя (чыгунка), падземныя (метрапалітэн), навясныя або падвесныя манарэйкавыя дарогі, наземныя канатныя (для перамяшчэння ваганетак з грузам па вузкакалейных пуцях з дапамогай канатнай цягі). На Д. будуюць масты, тунэлі, пуцеправоды, ставяць агароджы, знакі дарожныя і інш. сродкі тэлекамунікацый.

Сетка Д. (звычайна без пакрыццяў) пачала складвацца ў Еўразіі ў 5-м тыс. да н.э. Хеты і асірыйцы будавалі Д. значнай працягласці, часта з каменнымі пакрыццямі. У Стараж. Рыме ў канцы 4 ст. да н.э. пабудавана першая брукаваная Апіева дарога. З 2 ст. да н.э. наладжаны караванны Вялікі шаўковы шлях з Кітая ў краіны Сярэдняй і Пярэдняй Азіі. На тэр. Беларусі сетка грунтавых Д. пачала складвацца ў 7—9 ст. З 9 ст. наладжаны водны шлях з «варагаў у грэкі» з выкарыстаннем паміж рэкамі прасцейшых сухапутных Д. З 11—12 ст. паступова будуецца і набывае значэнне Д. Масква—Смаленск—Мінск—Брэст (наз. «Вялікая Смаленская», або «Пасольская»). Пашырыліся паштовыя дарогі са станцыямі, корчмамі. мытнямі, ямской службай. У 19 ст. праз Беларусь пракладзены 2 важнейшыя шашэйныя Д. Расійскай імперыі — Масква—Варшава і Санкт-Пецярбург—Кіеў. У пач. 19 ст. вынайдзена дарожнае адзенне з суцэльнага слоя ўтрамбаванага друзу, што выклікала інтэнсіўнае буд-ва ва ўсіх краінах Д. з цвёрдым (пераважна друзавым) пакрыццём. Са з’яўленнем аўтамабіляў пачалося буд-ва Д. з асфальтавым пакрыццём. Развіццё дарожнага буд-ва стымулявала стварэнне спец. дарожных машын, вытв-сць дарожна-будаўнічых матэрыялаў, распрацоўку тэхналогій дарожна-будаўнічых работ.

І.​І.​Леановіч.

Да арт. Дарога. Дарожны вузел (развязка) э мостам цераз раку.

т. 6, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРО́ЖНЫЯ МАШЫ́НЫ,

комплекс машын і агрэгатаў для выканання дарожна-будаўнічых работ, рамонту і ўтрымання аўтамаб. дарог, пакрыццяў вуліц і плошчаў. Шырока выкарыстоўваюцца таксама ў гідратэхн., прамысл., с.-г., гар., аэрадромным буд-ве і на інш. інж.-буд. работах. Бываюць самаходныя, навясныя і прычапныя (да трактароў, цягачоў, аўтамабіляў).

Д.м. для падрыхтоўчых работ — карчавальнікі, кустарэзы, каменеўборачныя машыны, рыхліцелі, дрэвавалы, дзернарэзы; імі ачышчаюць дарожныя палосы ад хмызняку, валуноў, расліннага слоя, рыхляць грунт. Д.м. для земляных работ — бульдозеры, грэйдэры, грэйдэры-элеватары, канвееры, каналакапальнікі, скрэперы, экскаватары, самазвалы, грунтакідальнікі і інш. (гл. таксама Землярыйныя машыны). Выконваюць работы па адсыпцы насыпаў, распрацоўцы выемак, пракладцы водаадводных ханаў, узвядзенні штучных збудаванняў, транспартаванні грунту. Д.м. для ўшчыльнення грунту і пакрыццяў — каткі дарожныя, трамбавальныя машыны, вібрапліты і інш. (гл. ў арт. Вібрацыйная тэхніка. Д.м. для ўкладкі дарожнага адзення і пакрыцця — бетанавозы, бітумавозы, гудранатары, асфальтабетонаўкладчыкі, бетонаўкладчыкі, фрэзы дарожныя, планіроўшчыкі, грунтазмяшальныя машыны і ўстаноўкі і інш. Д.м. для дарожна-эксплуатацыйных работ — снегаўборачныя машыны, палівальна-мыечныя, аўтараманцёры, разметачныя, песка- і солераскідвальнікі, падмятальна-ўборачныя і інш. (гл. ў арт. Камунальныя машыны). Ёсць машыны для падрыхтоўкі, вырабу, транспартавання дарожна-буд. матэрыялаў (драбілкі, дазатары, грохаты, каменярэзныя машыны, бетоназмяшальнікі, пагрузчыкі, пад’ёмныя краны і інш.).

У Беларусі работы па стварэнні Д.м. вядуць: НВА «Белдарбудтэхніка», канцэрн «Амкадор», Магілёўскі аўтамаб. з-д, Мазырскі з-д меліярац. машын, БПА, Магілёўскі машынабуд. ін-т і інш.

Літ.:

Машины для строительства дорог. 2 изд. М., 1971;

Дорожные машины. 2 изд. Л., 1976.

І.​Л.​Леановіч.

Дарожныя машыны: 1 — аўтабетоназмяшальнік для прыгатавання і дастаўкі бетоннай сумесі; 2 — гусенічны прафілёўшчык для будаўніцтва дарог мясцовага значэння; 3 — гусенічны асфальтаўкладчык; 4 — гусенічная аўтаматызаваная грунтазмяшальная машына; 5 — машына для стварэння ўмацавальных палос; 6 — самаходны нарэзчык швоў; 7 — заліўшчык швоў пры будаўніцтве цэментабетонных пакрыццяў; 8 — маркіровачная машына для нанясення раздзяляльных ліній.

т. 6, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗБОЖЖАЎБО́РАЧНЫ КАМБА́ЙН,

машына для ўборкі збожжавых культур прамым камбайнаваннем або раздзельным (двухфазным) спосабам. Абсталяваны адпаведнымі прыстасаваннямі, можа ўбіраць насеннікі траў і цукр. буракоў, кукурузу, сланечнік, зернебабовыя, крупяныя і інш. культуры. Пры прамым камбайнаванні З.к. ажыццяўляе ўборку за адзін праход: адначасова скошвае і абмалочвае збажыну, вылучае, ачышчае і збірае зерне ў бункер, скідвае салому ў капноўшчык або на поле (у валок ці рассыпае здробненую). Пры раздзельным спосабе ўборкі збажына ў стадыі васковай спеласці скошваецца жняяркай З.к. і ўкладваецца ў валкі, а калі зерне даспее і валкі падсохнуць, камбайн з дадаткова зманціраваным падборшчыкам (або з платформай-падборшчыкам) падбірае валкі і абмалочвае іх.

З.к. бываюць: самаходныя, прычапныя і навясныя; колавыя, паўгусенічныя і гусенічныя; 1-, 2- і 3-барабанныя. Найб. пашыраны самаходныя З.к., якія складаюцца з жняяркі (хедара), малатарні, капноўшчыка або здрабняльніка саломы з дэфлектарам, бункера для зерня, рухавіка, хадавой часткі, органаў кіравання (у найноўшых — з камп’ютэрам). У краінах СНД выкарыстоўваюць пераважна самаходныя З.к. расійскай вытв-сці: аднабарабанныя СК-5М «Ніва» (прапускная здольнасць 5,5 кг/с) і «Дон-1500» (8 кг/с); двухбарабанныя «Енісей—1200» (6 кг/с); ротарныя СК-10 «Ротар» (10—12 кг/с) і інш. Двухбарабанныя З.к. эфектыўныя на ўборцы вільготнай збажыны і збожжавых культур, якія цяжка абмалочваюцца. Першы З.к. сканструяваў рус. вынаходнік А.​Р.​Уласенка ў 1868, серыйны выпуск З.к. ў СССР пачаўся ў 1929 на з-дзе «Камунар» у г. Запарожжа (Украіна).

На Беларусі выкарыстоўваюць у асноўным З.к. «Ніва», «Дон-1500», а таксама камбайны вытв-сці ФРГ (Е-525, Е-527, МЕГА-218) і Фінляндыі.

В.​П.​Чабатароў.

Схема збожжаўборачнага камбайна: 1 — рэжучы апарат; 2 — матавіла; 3, 4 — шнэкавы і нахілены транспарцёры; 5,9 — прыёмны і адбойны бітэры; 6 — малацільны барабан; 7 — выгрузны шнэк; 8 — бункер; 10, 11 — зерневы і коласавы элеватары; 12 — рухавік; 13 — саломатрэс; 14 — саломанабівальнік; 15 — капноўшчык; 16 — рашотка; 17 — вентылятар ачысткі; 18 — грохат.
Збожжаўборачны камбайн «Дон-1500».

т. 7, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)