ПРЫСТА́ЎКА, прэфікс (лац. praefixum прымацаваны спераду),
адзін з відаў афікса, службовая марфема, якая размяшчаецца перад коранем. Служыць для ўтварэння новых лексем («біць — адбіць, забіць, перабіць», «лес — узлесак, «Палессе», «народны — міжнародны, прынародна») або надання слову пэўнага грамат. значэння: відавога («казаць — сказаць»), ступені параўнання («лепшы — найлепшы») і інш. Дзеяслоўныя П. маюць яшчэ назву прэвербаў (ад лац. prae уперадзе і verbum слова). П. могуць спалучацца ў адным слове («папавыносіць», «напавынаходзіць»). У старых утварэннях і запазычаных словах П. могуць вылучацца толькі гістарычна [воблака—(в)об-влако].
Літ.:
Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.
А.Я.Міхневіч.
т. 13, с. 83
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭДЫКАТЫ́ЎНАСЦЬ (ад лац. praedicatio выказванне),
граматычная катэгорыя, якая выражае адносіны выказвання да пазамоўнай рэчаіснасці. Выяўляецца праз інтанацыю паведамлення, катэгорыі асобы, часу і ладу дзеяслова-выказніка. Параўн.: «смех», «дзеці», «смех дзяцей», «смяшлівыя дзеці» і «Дзеці смяюцца»; «снег», «снежыць», «снежны» і «Снег пайшоў», «Снег!». П. надае спалучэнню слоў і нават асобнаму слову значэнне закончанай думкі, сэнс самаст. адзінкі маўленчых зносін, выступае сродкам рэалізацыі камунікатыўнай функцыі мовы. Належыць да універсалій лінгвістычных.
Літ.:
Виноградов В.В. Некоторые задачи изучения синтаксиса простого предложения // Вопр. языкознания. 1954. № 1;
Общее языкознание: Внутренняя структура языка. М., 1972.
А.Я.Міхневіч.
т. 13, с. 91
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Адмага́цца ’не згаджацца’ (КЭС, лаг.), адмыгацца ’адмаўляцца’, ’як мага адказвацца’ (Бяльк.) да магчы (гл.). Незвычайная семантыка сведчыць у карысць калькі. Але існуе магчымасць тлумачэння: адмагацца : дамагацца, як адмаўляцца : дамаўляцца (Міхневіч, БЛ, 1973, 3, 60). Тады тут адбыўся працэс аналагічнага словаўтварэння.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
АЗНАЧЭ́ННЕ ў граматыцы,
даданы член сказа, які паясняе словы з прадметнымі значэннямі, называючы прыкмету прадмета (яго якасць, форму, памер, матэрыял, адносіны да інш. прадметаў і г.д.). У бел. мове азначэнні падзяляюцца на дапасаваныя (сінтаксічная сувязь — дапасаванне, сродкі выражэння — прыметнік, дзеепрыметнік, займеннік, лічэбнік: «зялёная ялінка», «бацькава парада», «неадасланае пісьмо», «нашы сябры», «трэці год») і недапасаваныя (сінтаксічная сувязь — прымыканне, сродкі выражэння — назоўнік ва ўскосных склонах часам з прыназоўнікам, займеннік, інфінітыў, прыслоўе, а таксама словазлучэнні розных тыпаў: «дом восем», «дарога бацькоў», «дзяўчынка з бантам», «яе клопат», «імкненне вучыцца», «паварот налева», «стары высокага росту»). Асобная форма азначэнняў — прыдатак.
А.Я.Міхневіч.
т. 1, с. 170
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРБЕ́РСКІЯ МО́ВЫ,
група сваяцкіх моў карэннага белага насельніцтва Паўн. і Зах. Афрыкі. Належаць да семіта-хаміцкіх моў і ўтвараюць моўныя астраўкі ў араб. асяроддзі. Падзяляюцца на 2 дыялектныя групы: кабільская, берабер, шлех, туарэг, зенага і інш. (пераважна на тэр. Марока, Маўрытаніі і Сахары); сукупнасць моў пад агульнай назвай зенет (Алжыр, Туніс, Трыпалітанія). Берберскім мовам уласцівы афіксацыя і ўнутраная флексія кораня, які можа складацца з дзвюх ці трох зычных. Большая частка моў беспісьмовая. Да гэтай групы адносяцца і мёртвыя мовы: лівійская, нумідыйская і гетульская.
Літ.:
Завадовский Ю.Н. Берберский язык. М., 1967.
А.Я.Міхневіч.
т. 3, с. 109
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЎНЫ ЗНАК,
двухбаковая адзінка моўнай сістэмы, якая мае план зместу і план выражэння. Да М.з. адносяцца: марфема, слова, словазлучэнне, сказ і інш. М.з. проціпастаўляюцца адзінкі моўнай сістэмы, якія не маюць значэння (плана зместу) — фанемы і інтанемы (т.зв. фігуры). Сістэмнасць М.з. выяўляецца ў існаванні паміж імі адносін тоеснасці/проціпастаўленасці (парадыгматыка) і іх здольнасці аб’ядноўвацца і ўтвараць адзінку больш высокага ўзроўню (сінтагматыка). Як і інш. знакі, якімі карыстаецца чалавек для ўспрыняцця, перадачы, захавання і перапрацоўкі інфармацыі, М.з. класіфікуюцца на падставе іх структурных, функцыянальных, семантычных і інш. уласцівасцей.
Літ.:
Гл. пры арт. Знакавая тэорыя мовы, Семіётыка.
А.Я.Міхневіч.
т. 10, с. 529
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАМІНАТЫ́ЎНЫ ЛАД, акузатыўны лад, намінатыўная тыпалогія, намінатыўнасць,
тып моў, структурныя кампаненты якіх арыентаваны на семантыка-сінтаксічнае проціпастаўленне суб’екта і аб’екта. Найб. істотныя асаблівасці Н.л.: падзел дзеясловаў на пераходныя і непераходныя, наяўнасць актыўнага і пасіўнага станаў у пабудовах з пераходным дзеясловам, існаванне прамога і ўскосных дапаўненняў і развітай сістэмы склонаў. Н.л. уласцівы большасці моў свету: індаеўрап., урала-алтайскім, афразійскім, дравідскім, кітайска-тыбецкім і інш. мовам. Разам з эргатыўным ладам, агентыўным і інш. з’яўляецца аб’ектам вывучэння ў кантэнсіўнай тыпалогіі моў (гл. ў арт. Тыпалогія моўная).
Літ.:
Климов Г.А. Принципы контенсивной типологии. М., 1983.
А.Я.Міхневіч.
т. 11, с. 138
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́НКРАЦ (Генрых Якаўлевіч) (15.5.1907, г. Запарожжа, Украіна — 2.10.1981),
бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1969), праф. (1970). Скончыў пед. ін-т у г. Энгельс (Расія, 1937). Працаваў у Маскоўскім ін-це замежных моў (1938—42). З 1946 выкладчык Алма-Ацінскага, з 1969 заг. кафедры Мінскага ін-таў замежных моў. Даследаваў фанетыку, фаналогію, марфалогію, сінтаксіс, гісторыю ням. мовы. Перакладаў з рус. мовы на нямецкую.
Тв.:
Семантика и лексико-грамматическая структура переспроса в немецком языке. Алма-Ата, 1957;
Нижненемецкий диалект в СССР (фонетика, словообразование, формообразование). Л., 1968;
Архитектоника слова. Мн., 1977.
А.Я.Міхневіч.
т. 12, с. 48
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́НКРАЦ (Юрый Генрыхавіч) (н. 31.5.1949, Масква),
бел. мовазнавец. Сын Г.Я.Панкраца. Д-р філал. н. (1993), праф. (1993). Скончыў Мінскі ін-т замежных моў (1972). У 1974—78, 1983—85 у Мінскім пед. ін-це. З 1986 у Мінскім лінгвістычным ун-це. З 2000 жыве ў Канадзе. Даследуе марфалогію, словаўтварэнне, семантыку англ. мовы, распрацоўвае праблемы агульнага мовазнаўства, кагнітыўнай лінгвістыкі, методыкі выкладання моў.
Тв.:
Морфонология в описании языков. М., 1983 (разам з А.С.Кубраковай);
Пропозициональные структуры и их роль в формировании языковых единии разных уровней. Мн.;
М., 1992;
Краткий словарь терминов когнитивной лингвистики. М., 1996 (у сааўт.).
А.Я.Міхневіч.
т. 12, с. 48
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Аддратва́ць ’крэпка пабіць (кнутом)’ (Шат.). Магчыма, ад дратва ’прасмалены канат’, але гэта вельмі прафесійная назва. Калі лічыць, што ад‑дратаваць паходзіць ад першаснага драць, марфалогію дзеяслова цяжка вытлумачыць, не прыняўшы версіі аб кантамінацыйным паходжанні слова на аснове тратаваць (< польск. tratować) і драць (Міхневіч, БЛ, 1973, 3, 60).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)