Наза́ўша ’назаўсёды’ (зэльв., Жыв. сл.), назаўшэ ’тс’ (Сл. ПЗБ). Цалкам запазычана з польск. na zawsze ’тс’ або ўтворана на мясцовай глебе пры дапамозе прыназоўніка на ад польск. zawsze, гл. зиўшэ.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

жабра́цтва, ‑а, н.

1. Занятак жабрака; жабраванне. Жабрацтва і папрашайніцтва — спадчына цяжкага мінулага. «Звязда».

2. Жабрацкае становішча; вялікая беднасць. Незлічоныя падаткі ў даход царскай і мясцовай казны даводзяць .. [селяніна] да жабрацтва. Лушчыцкі.

3. зб. Жабракі. Густа жабрацтва па сёлах паслося, Плесня, сухоты цвілі ў сутарэннях. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прадстаўні́к, -а́, мн. -і́, -о́ў, м.

1. Асоба, якая прадстаўляе (у 2 знач.) чые-н. інтарэсы, адлюстроўвае чые-н. погляды.

П. адміністрацыі.

Дыпламатычны п.

2. Чалавек, які прадстаўляе ў сваёй асобе які-н. разрад, групу людзей ці якую-н. галіну дзейнасці, выразнік чыіх-н. інтарэсаў.

Прадстаўнікі старэйшага пакалення вучоных.

3. Тыповы ўзор таго або іншага разраду істот, прадметаў.

П. мясцовай флоры.

|| ж. прадстаўні́ца, -ы, мн. -ы, -ніц.

|| прым. прадстаўні́цкі, -ая, -ае (да 1 знач.; спец.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

БЮДЖЭ́ТНАЕ ПРА́ВА,

сукупнасць прававых нормаў, якія вызначаюць бюджэтнае ўпарадкаванне дзяржавы і рэгламентуюць пытанні стварэння і выкарыстання грашовых сродкаў; асноўны раздзел фінансавага права. На Беларусі гал. крыніцамі бюджэтнага права з’яўляюцца Канстытуцыя, законы «Аб мясцовым самакіраванні і мясцовай гаспадарцы ў Рэспубліцы Беларусь» ад 20.2.1991 (з пазнейшымі папраўкамі і дадаткамі), «Аб бюджэтнай сістэме Рэспублікі Беларусь» ад 4.6.1993, законы аб дзярж. бюджэтах і рашэнні мясц. Саветаў дэпутатаў на адпаведны год, якія прымаюцца штогод. Бюджэтнае права мае на мэце забяспечыць кожнаму органу дзярж. улады самастойную і ўстойлівую матэрыяльную базу для ажыццяўлення дзярж., паліт. і культ. будаўніцтва краіны, яе эканам.-гасп. дзейнасці, абароны правоў і свабод грамадзян.

т. 3, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫСЕ́ПТЫКА (ад анты... + грэч. sēptikos гніласны),

комплекс лячэбна-прафілактычных мерапрыемстваў, накіраваных на знішчэнне патагенных мікробаў у пашкоджаных тканках або арганізме ў цэлым, на папярэджанне або ліквідацыю інфекц. запаленчага працэсу. Пры мясцовай антысептыцы антысептычныя сродкі ўплываюць непасрэдна на інфекцыю ў ране, пры агульнай лек. рэчывы дзейнічаюць праз кроў.

У практыцы выкарыстоўваюць мех. (хірург. апрацоўка раны), фіз. (гіграскапічная павязка, ультрагук, ультрафіялетавыя прамяні), хім. (хлорзамяшчальныя злучэнні, к-ты, шчолачы, спірты і інш. рэчывы, якія знішчаюць ці стрымліваюць развіццё мікробаў, актывізуюць ахоўныя сілы арганізма і фагацытоз), біял. (антыбіётыкі, бактэрыяфагі) і спалучаныя метады антысептыкі. У хірург. практыку антысептыку ўпершыню ўвёў англ. хірург Дж.​Лістэр (1867).

т. 1, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗМАРЫ́Н (Rosmarinus),

род кветкавых раслін сям. губакветных. 1 від (паводле інш. звестак 3—5 блізкароднасных відаў). Пашыраны ў Міжземнамор’і, стварае характэрны элемент мясцовай расліннасці (маквіс). Са стараж. часу як эфіраалейную расліну культывуюць Р. лекавы (R.officinalis). На Беларусі вырошчваюць у аранжарэях і пакоях.

Вечназялёныя кусты выш. 0,5—2 м. Каранёвая сістэма дасягае глыб. 4 м. Старыя галіны дравяністыя, разгалінаваныя, маладыя парасткі густаапушаныя. Лісце лінейнае, падоўжанае (да 4 см), скурыстае, знізу белалямцавае. Кветкі блакітнаватыя, у гронкападобных пазушных суквеццях. Плод — арэшак. З лісця і парасткаў атрымліваюць эфірны алей, які выкарыстоўваецца ў медыцыне, парфумерыі, лікёра-гарэлачнай і кандытарскай прам-сці. Эфіраалейныя, лекавыя і дэкар. расліны.

В.​М.​Прохараў.

Размарын лекавы.

т. 13, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Нямкі́ня, немкіня, ’немка, нямая жанчына’ (Сл. ПЗБ). Старажытнае вытворнае на *‑упі параўн. укр. німкеня, балг. немкиня ’немка’; магло ўзнікнуць на мясцовай глебе ад немка ’немка, нямая жанчына’, нямко ’нямы чалавек’ (Сл. ПЗБ). Гл. немец, нямы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВЕЛЯМІ́ЦКАЯ ІЛЬІ́НСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік драўлянага дойлідства. Пабудавана ў 1881 у в. Велямічы (Столінскі р-н Брэсцкай вобл.) на месцы царквы 1724. У яе архітэктуры адлюстраваны традыцыі мясцовай школы дойлідства. Квадратны ў плане асн. аб’ём, бабінец і 5-гранная апсіда з 2 невял. рызніцамі абапал алтара ўтвараюць 3-зрубную глыбінна-прасторавую кампазіцыю. Асн. аб’ём пры дапамозе ветразяў пераходзіць у 2-ярусны верх (васьмярык на чацверыку), апсіда і бабінец увянчаны 8-граннымі вярхамі з гранёнымі барочнымі купалкамі складанай формы. У 1888 да асн. аб’ёму далучаны бакавыя прыбудовы з васьмерыковымі вярхамі, царква набыла 5-купальную крыжова-цэнтрычную кампазіцыю. Сцены вертыкальна ашаляваны, умацаваны лапаткамі, прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі (у апсідзе — у форме крыжа).

Веляміцкая Ільінская царква.

т. 4, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕ́ЛАЯ РУСЬ»,

штодзённая грамадска-паліт. і літ. газета. Выдавалася з 19.2(4.3) да 20.6(3.7).1906 у Вільні на рус. мове. Выступала за пануючае становішча ў Паўн.-Зах. краі «рускага насельніцтва», да якога адносіла таксама беларусаў і ўкраінцаў, адмаўляла іх нац. і культ. самастойнасць. Агітавала за выданне «тайных газет на мясцовай гаворцы» і ўвядзенне бел. мовы ў праграму пач. школы для «барацьбы з паланізацыяй краю». З мэтай выхавання вялікадзярж. «патрыятычных пачуццяў» спрабавала выкарыстоўваць спадчыну Ф.​Скарыны, В.​Цяпінскага і інш. дзеячаў бел. культуры, адмаўляючы пры гэтым іх бел. самабытнасць. З правых пазіцый ацэньвала дзейнасць урада і Дзярж. думы, выступала супраць рэв. і нац.-вызв. руху. Змяшчала агляды маст. жыцця Вільні і губерні.

У.​М.​Конан.

т. 3, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

фа́уна, ‑ы, ж.

Сукупнасць усіх відаў жывёл пэўнай мясцовасці ці пэўнага геалагічнага перыяду. Усурыйскія яноты з Белавежскай пушчы выстаўлены ў Гродзенскім заалагічным садзе ў якасці прадстаўнікоў не толькі далёкаўсходняй, але і мясцовай беларускай фауны. В. Вольскі. [Гарлахвацкі:] Зямныя нетры нямала хаваюць у сабе такіх астаткаў ранейшай флоры і фауны. Крапіва.

[Лац. Fauna.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)