Танцюры́стка ’танцорка’ (Мат. Гом.), танцюрі́ст ’танцор’ (кам., ЖНС). Параўн. укр. танцю́ристка, танцюри́ст ’хто добра танцуе’, што паводле ЕСУМ (5, 516), вытворныя ад танцю́ра ’тс’, адкуль і назва грыбоў танцю́рка ’мухамор’, што адлюстроўвае іх знешні выгляд (на доўгай тонкай ножцы), параўн. папярэднія словы, гл. Арэальныя ўтварэнні, звязаныя з украінскай мовай, паколькі для беларускай мовы ўтварэнні на ‑ура (‑юра) і -іст (‑ыст) для характарыстыкі асоб нехарактэрны, параўн. Сцяцко, Афікс. наз., 70; Саевіч, Derywacja, 401, 409.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ІВАНО́Ў (Міхаіл Аляксеевіч) (12.11.1904, С.-Пецярбург — 1955),
бел. кампазітар. Скончыў Мінскі муз. тэхнікум (1931). У 1931—38 заг. муз. часткі Бел. трама, адказны сакратар аргкамітэта Саюза кампазітараў БССР. У 1941—42 артыст аркестра Мінскага гар. т-ра. У 1944 рэпрэсіраваны, рэабілітаваны ў 1988. Працаваў пераважна ў жанры песні, раманса (пісаў на вершы Я.Купалы, М.Багдановіча). Аўтар аперэты «Зарэчны барок» на лібр. А.Жаўрука і А.Ушакова (з С.Палонскім, паст. 1940, Т-р муз. камедыі БССР), дзіцячай оперы «Мухамор» на лібрэта В.Таўлая паводле аднайм. казкі М.Танка (1943), музыкі да спектакляў «Новы горад» І.Гурскага (1932) у Бел. траме і «Шлях далёкі» М.Шастакова (1934) у Т-ры юнага гледача БССР.
Р.М.Аладава.
т. 7, с. 153
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)