ашчаці́ніцца, ‑нюся, ‑нішся, ‑ніцца; зак.
1. Наставіць хіб, шчацінне ад злосці, страху і пад. Сабака ашчацініўся, гатовы ўкусіць. // Стаць старчма, дыбам, нібы шчацінне (пра валасы, вусы і пад.). Непакорная чупрына над вузкім сухім ілбом... [Есіпа] яшчэ больш ашчацінілася, плечы ўзняліся аж да вушэй. Дуброўскі. // перан. Выставіць якія‑н. вострыя прадметы (штыкі, пікі, калы і пад.). Натоўп загудзеў, скрануўся з месца, і раптам уся трыбуна ашчацінілася па загаду канапатага вінтовачнымі стваламі. Няхай. Ад сонца перасохла зямля на полі, патрэскалася і ляжыць голымі камякамі, ашчацініўшыся рэдкімі вузкімі і вострымі калівамі нізкарослай ярыны. Галавач.
2. перан. Разм. Узлавацца, стаць раздражненым. — Куды, паршывец! — ашчацініліся мужыкі. Бажко.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
балява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; незак.
1. Спраўляць баль; удзельнічаць у балі. Пан, аддаўшы загад аканому, ехаў з паняю баляваць у бліжэйшы маёнтак. Чарот. // Разм. Сабраўшыся кампаніяй, выпіваць, весяліцца. Карчма стаяла пры вялікай дарозе. У базарныя дні тут да раніцы балявалі мужыкі з далёкіх вёсак. Асіпенка.
2. Разм. Весці разгульнае жыццё ў папойках. Гаспадары маёнтка тыднямі балявалі ў Варшаве і Брэсце, не думаючы ні пра бядоту тутэйшых сялян, ні пра сваіх парабкаў. «Полымя».
3. перан. Пагард. Чыніць нястрымны разгул, спраўляць перамогу над кім‑н. (пра сілы вайны, рэакцыі). / у перан. ужыв. І здаецца тады, што кружыць, гуляе, балюе на балоце нячыстая сіла. Новікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нелады́, ‑оў; адз. няма.
Разм.
1. Непаразуменні паміж кім‑н.; сваркі. — А ці чулі вы, панічыку, што Курульчука перамяшчаюць ад нас? — Перамяшчаюць? — спытаў Лабановіч. — Чаму ж яго перамяшчаюць? — Нелады ў іх з дарожным майстрам, — растлумачыла старожка. Колас. І пачаліся ў сям’і нелады. Жонкі братоў сварацца, адна адну заядаюць, — рады няма. Такая пайшла між імі калатня, што і мужыкі нічога зрабіць не могуць. Якімовіч.
2. Няўдачы. [Мая:] Доўга штось яго чакаем. Час дамоўлены мінае, Чуе сэрца нелады. [Тамара:] У таемным гэтым краі Недалёка да бяды. А. Александровіч. // Непаладкі. Не лёгка расправіцца з прарывамі, бо не ўсе цэхі механізаваны. У адным цэху нелады, а тармозіцца работа ў іншых цэхах... Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пасмалі́ць 1, ‑смалю, ‑смаліш, ‑смаліць; зак., каго-што.
1. Абпальваючы агнём, знішчыць поўсць, шчацінне і пад.; апаліць, асмаліць. Пасмаліць курыцу.
2. Асмаліць усё, многае або ўсіх, многіх.
3. і без дап. Смаліць, курыць некаторы час. [Сяргей:] А мужыкі збяруцца да каго-небудзь у хату вечарам, пашэпчуцца.. пасмаляць самасадам і зноў у свае норы. Машара.
4. Выклікаць адчуванне апёку, смылення; апячы. Пасмаліць пальцы.
пасмалі́ць 2, ‑смалю, ‑смоліш, ‑смоліць; зак., што.
Пакрыць смалой паверхню чаго‑н.; прасмаліць. Стары Банэдык згадзіўся даць ім [хлопчыкам] човен, нават заканапаціў яго і пасмаліў. Чарнышэвіч.
пасмалі́ць 3, ‑смалю, ‑смаліш, ‑смаліць; зак.
Разм. Хутка пайсці, пабегчы куды‑н. [Стралец:] — Ну, яны [козы] і пасмалілі, як шалёныя, у гушчар. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прысто́йнасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць прыстойнага. Прыстойнасць паводзін. Прыстойнасць гутаркі.
2. Ветлівасць, далікатнасць, выхаванасць у паводзінах, манерах і пад. І вось Алтар, прыпёрты да сцяны жонкаю, дачкою і сынам, выходзіць з усіх рамак, губляе ўсякую прыстойнасць, хапае стары галёш і шпурляе. Чарнышэвіч. — А вы б засталіся, — прапанаваў Ярмоленка, і Сяргей здагадаўся, што Антон сказаў гэта дзеля прыстойнасці, а на справе яму не дужа хочацца, каб Жылінскі заставаўся тут надоўга. Сіўцоў. — Пацалуй мяне. Адзін раз. Шкада табе? — Жанчына траціла ўсякую прыстойнасць. Шамякін. // Правілы паводзін, прынятыя ў якім‑н. грамадскім асяроддзі. — Яны, бачыце, лічылі, што свістаць могуць толькі мужыкі. Шляхецкая прыстойнасць не дазваляла гэтага. Чарнышэвіч. Лейтэнанта паліцыі, які затрымаў іх спачатку як звычайных парушальнікаў прыстойнасці і грамадскага парадку, распісалі ва ўсіх газетах. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скі́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
1. Зваліцца, упасці з чаго‑н. Кніга скінулася з паліцы. □ І скінуўся [з дуба] на зямлю бедны Кірыла з прабітаю навылет галавою. Колас. Кірык .. спудзіў каня, з якога скінулася і вывіхнула руку паненка. Ляўданскі. // Кінуцца ўніз адкуль‑н. Скінуцца з моста.
2. Сабраць грошы на якую‑н. агульную справу; скласціся. Мужыкі прыціхлі. Закрычалі: — Чалавек ідзе ў такія далі! На дарогу скінемся, браткі!.. — Капшукі з кішэняў даставалі, Мятыя рублёўкі расхіналі, На мяжу ля грушы-дзічкі клалі Ды кідалі грыўні, пятакі. Бялевіч. Рыгор Андрэевіч не паскупіўся — даў чырвонец на выпіўку. На закусь скінуліся па рублю. Мыслівец.
3. Разм. Нарадзіцца дачасна (пра дзіця). Як жа хацела Нюрка, каб тое дзіця скінулася ці нежывое нарадзілася. Арабей.
4. Разм. Згуляць (пра карты). [Кацура:] — Вечары цяпер доўгія. Збяромся, гаворым, у карты скінемся, у шашкі пагуляем. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стаўбуно́к, ‑нка, м.
Абл.
1. Памянш.-ласк. да стаўбун (у 1–3 і 5 знач.); маленькі стаўбун.
2. Вадзяная лілія. [Зіна] гаварыла, што там растуць фіялетава-ружовыя стаўбункі, а на ўзгорках — чырвоныя гваздзічкі. Гаўрылкін.
3. Пра што‑н. падобнае на слупок. Ля ларка Лёшка раскашэліўся яшчэ раз: купіў два стаўбункі марожанага. Асіпенка. І плацце сонечнага колеру, і прычоска, чугачку паднятая стаўбунком .. — усё так міла і так хораша .. [Тоні]. Скрыган. Над .. паверхняй [ракі] часам у знікалі цёмныя рухомыя стаўбункі — камары таўклі мак. Кірэенка. // Пра высокую шапку. Стройная, не прыгнутая гадамі, пастава, з густам падабраная і падагнаная вопратка — шэры аўчынкавы каўнер і гэткая ж шапка-стаўбунок узімку,.. падкрэсліваюць унутраную сабранасць, тую, што з глыбінь душы, інтэлігентнасць [пісьменніка]. Юрэвіч. Беглі на дарогу наперарэз карэце мужыкі... У лапцях, доўгіх, ледзь не па самае калена, белых зрэбных кашулях, шапках-стаўбунках: у руках — тапары. Сачанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
напіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм.
1. Незак. да наперці (у 1, 3 і 4 знач.).
2. Рашуча наступаць, цясніць. Танкі напіралі з усіх бакоў. □ Падняўся гвалт і страляніна... Відаць было, што чырвоныя напірапіць... Чарот. // Сабраўшыся ў вялікай колькасці, насоўвацца на што‑н. Вада ўсё прыбывае, напірае, дабіраецца да людзей. Маўр.
3. Рабіць упор, звяртаць асаблівую ўвагу на каго‑, што‑н.; энергічна займацца чым‑н. Мужыкі ў гаспадарцы больш напіралі на валоў, чым на коней, а шляхта раней перайшла на коней. Пестрак. На хлеб павёў атаку я, Пятроў на бульбу напірае. Крапіва.
4. Настойліва дабівацца чаго‑н., настойваць на чым‑н. — Адстань хоць ты, Квадрыга! Азімае трэба ўбіраць. Раён на закуп напірае. Мыслівец. Дзед пратэстуе, напірае на тое, што трэба забраць дзяцей і вярнуцца сюды. Колас. // Настойліва падкрэсліваць што‑н. Напіраць на сваю занятасць. Напіраць на свае заслугі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ме́раць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; заг. мерайце і мерце; незак., каго-што.
1. Вызначаць велічыню, колькасць чаго‑н. пры дапамозе якой‑н. меры. Мераць даўжыню метрам. Мераць тэмпературу. □ Мужыкі хадзілі з хмурымі тварамі і мералі шырокімі крокамі поле. Колас. Кожны год на імяніны панны Ядвігі мералі яе рост. На памятку прыбівалі медзяныя дошчачкі. Бядуля. // перан. Супастаўляючы, ацэньваць. Па другіх турыстах нас не мерце: Я ў маленстве сам недаядаў. Панчанка.
2. перан. Хадзіць, рухацца па якой‑н. прасторы ўзад і ўперад або ў адным напрамку. [Ігнась:] — Аднаму нудна, дык я і пайшоў мераць гарадскі брук. Мурашка.
3. Надзяваць што‑н. для прымеркі. Партызаны скідаюць свае шынялі, мераюць кажухі. Дайліда.
•••
Мераць на свой аршын — меркаваць пра каго‑, што‑н. аднабакова, са свайго асабістага пункту погляду.
Мераць на стары аршын — прытрымлівацца старых поглядаў на што‑н.
Мераць па сабе — тое, што і мераць на свой аршын.
Мераць усё (усіх) сваёй меркай — тое, што і мераць на свой аршын.
Мераць усіх адной меркай — падыходзіць да ўсіх аднолькава.
Мераць усіх (усё) на адзін аршын — падыходзіць да ўсіх і да ўсяго аднолькава.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
патае́мны, ‑ая, ‑ае.
Скрыты ад іншых, схаваны. Атрад пераходзіў на новае месца, а ў старым лагеры пакідаў або вопытных праваднікоў, або ў патаемным месцы запіску, у якой паведамлялася, дзе цяпер атрад. Няхай. У лесе Коля ўзлезе на любое дрэва, ён умее падрабіць голас кожнай птушкі, умее знайсці самае патаемнае гняздзечка. Васілевіч. // Тайны, сакрэтны. У малой зале замкавы суд збіраўся толькі на асабліва патаемныя працэсы. Караткевіч. Піліпка гаварыў ціха, стрымліваючы хваляванне. Яму даручаюць нейкую патаемную справу. П. Ткачоў. Ужо ідзе патаемная размова паміж дзецьмі — каб употай ад маці гадаваць .. [кацянят]. Карпюк. // Які тоіцца глыбока ў душы, запаветны, дарагі. Аднак калі дружба наша стала такой, што можна было даверыць адзін аднаму самыя патаемныя думкі, я адкрыў сваю мару. Шамякін. Ігнась зноў, як і летась, выказаў мацеры сваю патаемную думку: ён пойдзе ў школу. Мурашка. // Загадкавы, таямнічы. Нешта трывожнае і патаемнае рабілася ў вёсцы. Мужыкі збіраліся ў кучкі, спрачаліся між сабой і талкавалі. Як толькі з’яўляўся старшыня ў гэтую кучку, яны змаўкалі або пачыналі гаварыць аб чым-небудзь другім. Колас. Усё навокал было зімовае, золкае, але па-свойму прыгожае і крыху патаемнае. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)