САЛІГО́РСКІ РАЁН Размешчаны на Пд Мінскай вобл. Утвораны 6.1.1965. Пл. 2,5 тыс.км². Нас. 41,5 тыс.чал. (2001), гарадскога 25,5%. Сярэдняя шчыльн. 17 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Салігорск. Уключае г.п.Старобін і Чырвоная Слабада, 168 сельскіх населеных пунктаў, Старобінскі і Чырвонаслабодскі пасялковыя Саветы, 15 сельсаветаў: Акцябрскі, Гаўрыльчыцкі, Гоцкі, Даманавіцкі, Доўгаўскі, Зажэвіцкі, Капацэвіцкі, Пагосцкі, Першамайскі, Рожанскі, Хорастаўскі, Чапялёўскі, Чыжэвіцкі, Чырванадворскі, Яскавіцкі.
Тэр. раёна знаходзіцца пераважна ў межах Прыпяцкага Палесся, паўн.ч. — на Цэнтральнабярэзінскай раўніне. Паверхня ў асн. нізінная, 70% яе на выш. 135—150 м, 30% — на выш. 150—180 м, найвыш. пункт 182 м (на ПнУ ад в. Акцябр). Агульны нахіл з Пн на Пд. Карысныя выкапні: калійныя і каменныя солі, торф, буд. пяскі, пясчана-жвіровы матэрыял, гліны і суглінкі. Сярэдняя т-растудз. -6,1 °C, ліп. 18,1 °C. Ападкаў 600 мм за год. Вегетац. перыяд 194 сут. Найб.р. Случ з прытокам Морач, Лань. Салігорскае вадасховішча на р. Случ. Меліярац. каналы: Даманавіцкі, Крывічынскі, Сівельга, Сітня. Пераважаюць глебы с.-г. угоддзяў: тарфяна-балотныя (29,4%), дзярнова-падзолістыя (28,6%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (20,8%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (13,7%). Пад лесам 42,2% тэр. раёна. Лясы пераважна хваёвыя, чорнаальховыя, бярозавыя, дубовыя Каля 20% лясоў — штучныя насаджэнні, пераважна хваёвыя. Пад балотамі 2% тэрыторыі. Найб. балоты: Грычына-Старобінскае, Капацэвіцкае. У межах раёна заказнікі мясц. значэння: біял. — Ленінскі, Чырвонаслабодскі, гідралагічны — Святое возера, мікразаказнік па мядзведжай цыбулі (чарамшы) каля в. Савецкая Морач. Ахоўныя тарфянікі: Баравая, Белае балота, Воўчае, Вялікае, Вял. Мох, Вялічкавіцкае, Клініцкае, Лань, Чырвоны Шлях Помнікі прыроды мясц. значэння: паркі «Лістападавічы» і «Пагост», ельнік «Залужжа» ў Старобінскім лясніцтве, клён вастралісты ў в. Заўшыцы, дуброва ў Яскавіцкім, 2 дубровы і 2 участкі з насаджэннямі дубу чырвонага ў Лістападавіцкім лясніцтвах.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 120,4 тыс.га, з іх асушаных 63,3 тыс.га. На 1.1.2001 у раёне 29 калгасаў, 1 саўгас, 24 фермерскія гаспадаркі, птушкафабрыка «Салігорская», с.-г. прадпрыемства «Зажэвічы». Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свіна-, птушка- і рыбагадоўлі, буракаводстве. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу, цукровыя буракі, лён, агародніну, рапс. Прам-сць: дрэваапр. (спальныя матрацы, мэбля, спружынныя блокі, вырабы з драўніны), паліўная (торфабрыкет), харч. (цэльнамалочныя вырабы, кансервы пладова-агароднінныя. сокі), кааператыўная (хлебабулачныя і каўбасныя вырабы, безалкагольныя напіткі). Лясгас (піламатэрыялы, паркет), рыбгас «Чырвоная Слабада» (карп). Па тэр. раёна праходзіць чыгунка Салігорск—Слуцк—Асіповічы і аўтадарогі Слуцк—Мікашэвічы, Чырвоная Слабада—Глуск і інш. У раёне 23 сярэднія, 11 базавых, 2 пачатковыя школы, муз. школа, школа мастацтваў, санаторная школа-інтэрнат, дзіцяча-юнацкая спарт. школа, 2 дамы дзіцячай творчасці, рэгіянальны цэнтр прафес. навучання, 8 школ-садкоў, 20 дашкольных устаноў, 3 дамы культуры, 30 клубаў, 11 клубаў-бібліятэк, 6 клубаў сац.-культ. паслуг, 38 б-к, 6 бальніц, 6 амбулаторый, 29 фельч.-ак. пунктаў. Два краязнаўчыя музеі працоўнай і баявой славы ў в. Хорастава і Чапялі. Помнікі архітэктуры — Свята-Пакроўская царква (пач. 19 ст.) у в. Чыжэвічы. Выдаецца газ. «Шахцёр».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЫ́ЛЬСКАЯ ГРАДА́,
краявое ледавіковае ўтварэнне на ПдЗ Беларусі. Займае тэр. Нясвіжскага, Клецкага, Капыльскага і Слуцкага р-наў Мінскай, Баранавіцкага і Ляхавіцкага р-наў Брэсцкай абласцей. Належыць да паўд. адгалінавання Беларускай грады. На Пд абмежавана Баранавіцкай і Слуцкай раўнінамі, на З пераходзіць у Навагрудскае ўзв., на У працягваецца ў выглядзе ізаляваных канцавых утварэнняў. У субшыротным напрамку цягнецца амаль на 100 км, у субмерыдыянальным — на 45—50 км. Выш. да 243 м над узр. м. Адносная выш. да 84 м. Частка гал. водападзелу бас. Чорнага і Балтыйскага мораў. Рэльеф цэнтр. часткі згладжаны, на ўскраінах значна расчлянёны. У К.г. ўваходзяць больш дробныя канцова-марэнныя грады: Юшавіцкая, Скабінская, Браткаўская, Старасельская і шэраг участкаў з узгорыста-ўвалістым рэльефам у наваколлі в. Сноў Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. Да схілаў і міжградавых дэпрэсій прымеркаваны камы і камавыя масівы. Маюць месца папярочныя скразныя даліны, якія былі лагчынамі сцёку расталых ледавіковых вод і наследаваны сучаснымі рэкамі бас. Прыпяці (Нача, Лань, Морач, Лакнея) і бас. Нёмана (Ведзьма, Уша, Выня). К.г. прымеркавана да Бабаўнянскага выступу крышт. фундамента Бел. антэклізы, пароды якога ў некаторых месцах перакрыты толькі адкладамі плейстацэну. На перыферыі выступу ў асадкавай тоўшчы сустракаюцца адклады верхняга дэвону, мелу, палеагену і неагену. У будове плейстацэнавай тоўшчы прымалі ўдзел ледавіковыя ўтварэнні (марэнныя супескі, флювіягляцыяльныя пяскі, жвір і інш.) 4 зледзяненняў, а таксама перыгляцыяльныя і міжледавіковыя пароды (торф, гітыі, сапрапеліты, лёсы і інш.). Карысныя выкапні: буд. пяскі, жвір, торф, гліна. Глебы дзярнова-падзолістыя моцна ападзоленыя на павышаных участках, дзярнова-балотныя і тарфяна-балотныя ў далінах і лагчынах. Пад лесам каля 20% тэр., пад ворывам — да 60%.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЫ́ЛЬСКА-КЛЕ́ЦКІ СТРОЙ,
традыцыйны комплекс бел.нар. адзення Цэнтр. Беларусі. Бытаваў у 19 — пач. 20 ст. пераважна ў Капыльскім, Клецкім, Уздзенскім, Нясвіжскім р-нах. Вызначаўся багаццем кампазіцыйных вырашэнняў, класічнасцю арнаменту вышывак і натыкання. Аснову летняга жаночага гарнітура складалі кашуля, спадніца (андарак), фартух, гарсэт. Кашулю шылі з кужэльнага палатна, кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі з падточкай грубага палатна (радзей з гесткай), адкладным шырокім каўняром і глыбокім разрэзам пазухі. Чырвоны або чырвона-чорны геам. (радзей раслінны і з выявамі птушак, людзей) арнамент размяшчаўся на рукавах гарыз. і верт. палосамі ў шахматным парадку і на каўняры. Андарак шылі з 4 кроеных па аснове або 2 кроеных па ўтку полак паўсуконніка, вытканага ў 4 ніты ўзорам папярочных разнаколерных паскаў або клетак на белым, чорным, зялёным, блакітным, бурачковым фоне. Па ніжнім краі праходзіў шырокі маляўнічы шляк з пярэстымі паскамі або з геам. арнаментам. Крой і маст. афармленне спадніцы і андарака падобныя. Іх прасавалі ў буйныя і частыя складкі, што стварала танальныя пералівы і падкрэслівала прыгажосць каларыстычнай гамы. Фартух кроілі з 1—2 полак белага палатна, цёмна-сіняй, малінавай шарсцянкі ці паркалю, да пояса ззаду часта прышывалі дэкар. клінкі-лапаткі. Аздаблялі вышыўкай, узорыстым ткацтвам, вязаннем, фляндраваннем, складкамі. Гарсэт шылі з фабрычных тканін, кароткім з глыбокім выразам на грудзях. Спераду аздаблялі нашыўкамі рознакаляровых тасёмак, стужак, гузікаў. Галаўныя ўборы жанчын — шаўковыя ці атласныя каптуры са стракатымі нашыўкамі спераду тасьмы, галуна і інш.; наміткі, хусткі. Нагрудныя і шыйныя ўпрыгожанні — пацеркі, тасёмкі, абразкі. Мужчынскі гарнітур складалі кашуля, аздобленая вышыўкай чырвонага геам. арнаменту на адкладным каўняры, плечавых устаўках, падоле, шырокі ўзорысты пояс з кутасом, камізэлька, нагавіцы. Галаўныя ўборы — саламяныя капелюшы, картузы, кучомкі, аблавухі.
М.Ф.Раманюк.
Да арт.Капыльска-клецкі строй. Касцюм дзяўчынак. 1930-я г. Жанчына ў святочным адзенні. Сярэдзіна 20 ст. Усе — вёска Морач Клецкага р-на Мінскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕ́ЦКІ РАЁН.
На ПдЗ Мінскай вобл. Утвораны 15.1.1940, скасаваны 25.12.1962, адноўлены 30.7.1966. Плошча 1 тыс.км². Нас. 40,8 тыс.чал. (1998), гарадскога 26%. Сярэдняя шчыльнасць нас. 41 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Клецк. 95 сельскіх населеных пунктаў. 12 сельсаветаў: Галынкаўскі, Грыцэвіцкі, Даматканавіцкі, Заастравецкі, Зубкаўскі, Кухчыцкі, Морацкі, Нагорнаўскі, Сіняўскі, Тучанскі, Чырваназоркаўскі, Шчэпіцкі.
Паўн. ч. раёна занята Капыльскай градой, цэнтральная — Клецкай раўнінай, паўд.ч. заходзіць у межы Палескай нізіны. Паверхня ўзгорыста-раўнінная. Пераважаюць выш. 150—180 м, найвыш. пункт 232 м (на Пн ад в. Ліскава). Карысныя выкапні: торф, гліны, буд. пяскі, пясчана-жвіровы матэрыял, мел. Сярэдняя т-растудз. -6,1 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 626 мм за год. Вегетац. перыяд 192 сут. З Пн на Пдтэр. раёна перасякае р. Лань з прытокамі Нача, Цапра, Балванка. На ПдУр.Морач з вял.вадасх. Чырвонаслабодскім, на Пдвадасх. Лактышы. Пераважаюць дзярнова-падзолістыя (71,1%) глебы. Лясы займаюць 25% тэрыторыі, з іх 29,1% — штучныя насаджэнні. Найб. лясныя масівы на Пд: Колкаўскі, Хомінкаўскі, Варонінскі, пераважна хваёвыя, яловыя і бярозавыя лясы. Рэсп. значэння біял. заказнік Колкаўскі і помнікі прыроды Радзівілімонтаўскі парк, дуб (узрост 420 гадоў) у Навінкаўскім лясніцтве.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 48,6 тыс.га, з іх асушаных 18,1 тыс.га. На 1.1.1998 у раёне 15 калгасаў, 2 саўгасы, 20 фермерскіх гаспадарак. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, птушкагадоўля, буракаводства. Пасевы збожжавых і кармавых культур. Прадпрыемствы харч. (вытв-сць масла, пладова-агароднінных кансерваў, сокаў, дзіцячага харчавання), мэблевай, лёгкай, камбікормавай і лясной прам-сці; вытв-сцьбуд. матэрыялаў (цэгла). Па тэр. раёна праходзяць чыг. Асіповічы—Баранавічы, аўтадарогі Бабруйск—Слуцк—Брэст, Нясвіж—Лунінец. У раёне 23 сярэднія, базавая, дзіцяча-юнацкая спарт., муз., маст. школы, ПТВ, 21 дашкольная ўстанова, 27 клубаў, 42 б-кі, 5 бальніц, паліклініка, 4 амбулаторыі, 19 фельч.-ак. пунктаў. Клецкі гісторыка-этнагр. музей. Помнікі архітэктуры: царква і капліца (2-я пал. 19 ст.) у в. Бабічы; царква з брамай-званіцай (1-я пал. 19 ст.) і свіран (1811) у в. Галынка; ветраны млын (пач. 20 ст.), сядзіба (19—20 ст.) у в. Даматканавічы; царква (сярэдзіна 19 ст.) у в. Ёдчыцы; 2 царквы (2-я пал. 19 ст.) у в. Заастравечча; царква і званіца (19—20 ст.) у в. Межная Слабада; паштовая станцыя (1-я пал. 19 ст.) у в. Сіняўка; сядзіба (1909) у в. Стралкава; сядзіба (2-я пал. 19 ст.) і царква (19—20 ст.) у в. Туча; Радзівілімонтаўскі палацава-паркавы комплекс (1780—83) у в. Чырвоная Зорка; ветраны млын (19—20 ст.) у в. Шэйкі; сядзіба (1-я пал. 19 ст.) у в. Янавічы. Выдаецца газ. «Да новых перамог».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЫ́ЛЬСКІ РАЁН,
на ПдЗ Мінскай вобл. Утвораны 17.7.1924 (у сучасных межах з 1959). Пл. 1,6 тыс.км². Нас. 43 тыс.чал. (1997), гарадскога 24,9%. Сярэдняя шчыльнасць 27 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.Капыль, 212 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 13 сельсаветаў: Бабаўнянскі, Блеўчыцкі, Браткаўскі, Бучацінскі, Вялікараёўскі, Грозаўскі, Доктаравіцкі, Камсамольскі, Капыльскі, Пацейкаўскі, Семежаўскі, Слабада-Кучынскі, Цімкавіцкі.
Паверхня на Пн і Пд раўнінная, цэнтр.ч. з З на У перасякае Капыльская града. Пераважаюць вышыні 160—200 м. Найвыш. пункт 243 м (каля в. Нізкавічы). Карысныя выкапні: жвір, пяскі, торф. Сярэдняя т-растудз. -6,3 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 631 мм за год. Вегетац. перыяд 192 сут. На Пн раёна працякаюць р. Нёман з прытокамі Лоша (з Вынёй), Тур’я (з Гніліцай), Баранаўка, на Пд — р.Морач з прытокамі Мажа, Удава, Волка, на З — вытокі р. Балванка, на У — р. Лакнея. Вадасховішчы Чырвонаслабодскае і Цімкавіцкае; меліярац. каналы Амяльнянскі, Аткаловіцкі, Семежаўскі, Стары Роў і інш. Пераважаюць глебы дзярнова-падзолістыя (48,8%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (22%), тарфяна-балотныя (15,1%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (11,8%). Пад лесам 18,8% тэрыторыі. Пераважаюць хваёвыя, яловыя і бярозавыя лясы. Найб. лясістасць на Пд раёна. Балоты (пераважна нізінныя) займаюць 0,4% тэрыторыі, буйнейшыя з іх Тур’я, Боркаўцы і інш. Заказнікі мясц. значэння: гідралагічныя Волка і Марачанскі, заалагічны Ракітнік (бабры). Помнікі прыроды рэсп. значэння: каштан васьмітычынкавы і 6 клёнаў ілжэплатанавых у в. Бабоўня, дуб чарэшчаты ў в. Грозаў, 2 піхты каліфарнійскія ў в. Чыжэвічы.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў каля 115 тыс.га, з іх асушаных 37,8 тыс.га. На 1.1.1997 у раёне 24 калгасы, 5 саўгасаў, 21 фермерская гаспадарка, міжгас «Капыльскае» (свінагадоўля). Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі і буракаводстве. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы харч., дрэваапр. і будматэрыялаў прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыг. Баранавічы—Асіповічы, аўтадарогі Бабруйск—Слуцк—Брэст, Асіповічы—Баранавічы і інш. У раёне 22 сярэднія, 7 базавых, 7 пачатковых, муз., спарт. школы, школа-інтэрнат, дзіцячая школа мастацтваў, прафес.-тэхн. вучылішча, 34 дашкольныя ўстановы, 36 клубаў, 48 б-к, 7 бальніц, 27 фельч.-ак. пунктаў, 1 амбулаторыя. Музеі: краязнаўчы, Кузьмы Чорнага, «Спадчына» і інш. Архітэктурныя помнікі: Прачысценская царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Васільчыцы, сядзіба (2-я пал. 19 ст.) у в. Гразавок, сядзібны дом (2-я пал. 18 ст.) у в. Грозаў, царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Карачоўшчына, царква Ушэсця (2-я пал. 19 ст.) у в. Кіявічы, царква (сярэдзіна 19 ст.) у в. Комсічы, царква (пач. 20 ст.) у в. Лешня, касцёл (19 ст.) у в. Савічы, капліца і брама-званіца, пабудаваныя ў памяць аб вызваленні сялян ад прыгоннай залежнасці (2-я пал. 19 ст.) у в. Цімкавічы, Троіцкі касцёл (2-я пал. 18 ст.) у в. Цялядавічы, сыраварня (19 ст.) у в. Чырвоная Дуброва. Цэнтры ткацкага рамяства (з 19 ст.) у в. Семежава і Чырвоная Дуброва. Выдаецца газ. «Слава працы».