АЎДЫЯМЕ́ТРЫЯ (ад лац. audire чуць + ...метрыя),

акуметрыя, вызначэнне вастрыні слыху. Найб. просты метад аўдыяметрыі — даследаванне слыху шэптам, гутарковай мовай (вызначаецца адлегласць, на якой паддоследны здольны пачуць словы) і камертонам (вызначаецца час, на працягу якога хворы чуе паступова затухальнае гучанне камертона). Пры даследаванні аўдыяметрам па змене вышыні (ад 100 да 10 000 герц) і сілы гуку вызначаюць іх мінім. інтэнсіўнасць, пры якой гук ледзьве чутны (парог успрымання). Вынікі аўдыяметрыі запісваюцца ў выглядзе аўдыяграмы. Найб. дакладны спосаб — даследаванне з рэгістрацыяй слыхавых выкліканых патэнцыялаў (СВП) — біятокаў, што ўзбуджаюцца ў галаўным мозгу пры раздражненні вуха гукавымі сігналамі. СВП выяўляюцца пры камп’ютэрнай апрацоўцы даных, атрыманых шматразовым паўторам гукавых стымулаў.

В.​А.​Быстрэнін.

т. 2, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАНУЛАМЕ́ТРЫЯ (ад лац. granulum зярнятка + ...метрыя),

грануламетрычны аналіз, механічны аналіз, сукупнасць прыёмаў вызначэння наяўнасці розных па велічыні фракцый зерняў у асадкавых горных пародах, карысных выкапнях, глебах і штучных матэрыялах. Выкарыстоўваецца ў геалогіі для класіфікацыі, вызначэння калектарскіх уласцівасцей пластоў, умоў утварэння парод і інш., горнай справе — для ацэнкі якасці горнай масы, вынікаў узрыўных работ, пры абагачэнні карысных выкапняў, у грунтазнаўстве, інж. геалогіі і інш. Адрозніваюць метады дыферэнцыяльныя (метад планіметрыі і мікраскапічны аналіз з мадыфікацыямі — метад сканіравання, імпульсны, кандуктаметрычны) і інтэгральныя (сітавы і гідраўлічны аналізы). Вынікі грануламетрыі адлюстроўваюць у выглядзе лічбавых табліц або графічна. Найб. пашыраныя графікі гістаграмы, кумулятыўныя крывыя і крывыя размеркавання.

У.​Я.​Бардон.

т. 5, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭНСІТАМЕ́ТРЫЯ (ад лац. densitas шчыльнасць + ...метрыя),

раздзел фатаграфічнай сенсітаметрыі, у якім вывучаюцца і распрацоўваюцца метады вымярэння аптычнай шчыльнасці праяўленых фатагр. матэрыялаў. Асобны раздзел Д. складае вымярэнне колерных палёў у мнагаслойных каляровых фатагр. матэрыялах. Прылады Д.: дэнсітометр і мікрафатометр.

Метады Д. дазваляюць па аптычнай шчыльнасці колькасна ацаніць канчатковы фатагр. эфект (напр., канцэнтрацыю серабра ў пачарненні святлоадчувальнага слоя). Аптычная шчыльнасць павялічваецца з ростам дысперснасці зерняў серабра ў пачарненні; ступень аптычна карыснага выкарыстання серабра тым вышэй, чым большая дысперснасць галоіднага серабра ў зыходным фотаслоі і чым большая была экспазіцыя пры здымцы. Паглынанне святла суправаджаецца яго рассейваннем, таму вынік вымярэння залежыць ад геам. будовы (апертуры) і спектральнага складу пучка.

т. 6, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

анізаметры́я

(ад аніза- + -метрыя)

неаднолькавы зрок абодвух вачэй.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ДАЗІМЕ́ТРЫЯ (ад доза + ...метрыя),

раздзел прыкладной ядз. фізікі, які займаецца вымярэннем і вывучэннем іанізавальных выпрамяненняў і эфектаў узаемадзеяння іх з рэчывам. На аснове рэгістрацыі выпрамянення метадамі Д. атрымліваюць таксама інфармацыю аб крыніцах выпрамянення, іх ізатопным складзе і размеркаванні ў прасторы, апрамененым целе. Тэхн. сродкамі Д. з’яўляюцца дазіметрычныя прылады (дазіметры).

Пачала развівацца ў сувязі з неабходнасцю стварэння радыяцыйнай бяспекі чалавека, потым набыла важнае значэнне ў фіз., хім. і радыебіял. даследаваннях, радыяцыйнай тэхналогіі, ахове навакольнага асяроддзя. Раздзел Д., звязаны з вызначэннем эквівалентнай дозы выпрамянення, наз. эквідазіметрыяй; метады вымярэння актыўнасці радыеактыўных крыніц складаюць аснову радыеметрыі; даследаванні біял. ўздзеяння іанізавальных выпрамяненняў на клетачным і малекулярным узроўнях выклікалі ў 1960-я г. інтэнсіўнае развіццё мікрадазіметрыі, якая займаецца пытаннямі мікраскапічнага размеркавання энергіі пры ўзаемадзеянні выпрамянення з рэчывам. Гл. таксама Дозы выпрамянення.

А.​В.​Берастаў.

т. 6, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

аўдыяме́трыя

(ад лац. audio = слухаю + -метрыя)

вымярэнне вастрыні слыху.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

гіграме́трыя

(ад гігра- + -метрыя)

сукупнасць метадаў вымярэння вільготнасці паветра.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

пенетраме́трыя

(ад лац. penetro = пранікаю + -метрыя)

вымярэнне кансістэнцыі матэрыялаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

фонаметры́я

(ад фона- + -метрыя)

вымярэнне сілы гуку або шуму.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

хронаксіме́трыя

(ад хранаксія + -метрыя)

вызначэнне хранаксіі пры дапамозе хронаксіметра.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)