грэ́чка, ‑і, ДМ ‑чцы, ж.

1. Палявая травяністая меданосная расліна сямейства грэчкавых, з зярнят якой робяць муку, крупы і інш. Па пояс тут вырасце грэчка І мёдам запахнуць палі. Панчанка.

2. Зерне гэтай расліны. Пасеяць грэчку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

КАМПЕ́ШАВАЕ ДРЭ́ВА, сандалавае дрэва,

сандал сіні (Haematoxylum campechianum),

кветкавая расліна сям. бабовых. Радзіма — трапічная Амерыка; вырошчваюць у тропіках многіх краін.

Невял. дрэва выш. каля 12 м з перыстым лісцем і дробнымі жоўтымі кветкамі. Плод — струк. Маладая драўніна ярка-чырв., пахне фіялкай, мае пігменты гематаксілін і гематэін. дубільныя рэчывы; цвёрдая. цяжкая і моцная, ідзе на выраб дарагой мэблі, паркету, сувеніраў. Тэхн., дэкар., меданосная і лек. расліна. Прадмет экспарту з Мексікі, Гандураса і Антыльскіх а-воў.

Г.​У.​Вынаеў.

т. 7, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАВА́НДА (Lavandula),

род кветкавых раслін сям. губакветных. Больш за 25 відаў. Пашырана пераважна ў Міжземнамор’і. Культывуюць у Паўд. Еўропе, Сярэдняй Азіі. У Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі інтрадукавана Л. каласовая (L. spica).

Л. каласовая — шматгадовы паўхмызняк выш. 20—100 см са шматлікімі разгалінаванымі прыўзнятымі сцёбламі. Лісце супраціўнае, прадаўгавата-лінейнае. Кветкі фіялетавыя ў коласападобных суквеццях, маюць у сабе 1,2—2,3% эфірнага алею. Плод — арэшак. Дэкар. і меданосная расліна. Асн. крыніца лавандавага алею.

У.​П.​Пярэднеў.

Лаванда сапраўдная.

т. 9, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРО́ШКА (Rubus chamaemorus),

кветкавая расліна сям. ружавых. Пашырана ў тундравай і таежнай зонах Паўн. паўшар’я. На Беларусі рэдкі арктабарэальны рэліктавы від, трапляецца за межамі суцэльнага пашырэння пераважна ў Віцебскай і на Пн Мінскай абласцей на вярховых балотах і ў забалочаных лясах. Занесена ў Чырв. кнігу.

Шматгадовая двухдомная травяністая расліна выш. 5—20 см з доўгім паўзучым карэнішчам. Лісце ныркападобнае, маршчыністае, 5-лопасцевае. Кветкі буйныя, белыя, адзіночныя, аднаполыя. Плод — аранжавая шматкасцянка, ядомы. Лек., харч. і меданосная расліна.

Марошка.

т. 10, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМАНІ́ШНІК (Succisa),

род кветкавых раслін сям. варсянкавых. 1 від — К. лугавы (S. pratensis). Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. На Беларусі трапляецца па ўсёй тэрыторыі на нізінных лугах, ускрайках балот, лясных палянах, нар. назвы каманіца, каноплі лясныя, папы.

Шматгадовая травяністая расліна выш. 40—100 см. Сцябло прамастойнае з доўгімі міжвузеллямі. Лісце цэласнае, ланцэтнае, на сцябле супраціўнае, пры корані ў разетцы. Кветкі сіне-фіялетавыя, блакітна-бэзавыя, радзей белыя, у галоўчатых суквеццях. Плод — 4-гранны касматы арэх. Лек., дубільная, фарбавальная і меданосная расліна.

Каманішнік лугавы.

т. 7, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНІК (Knautia),

род кветкавых раслін сям. варсянкавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ў Еўропе, асабліва ў Міжземнамор’і і Зах. Азіі. На Беларусі 1 від — П. палявы (K. arvensis). Трапляецца ў лясах, на лугах, палях, уздоўж дарог.

П. палявы — шматгадовая карэнішчавая расліна выш. да 1 м, густа ўкрытая шчаціністымі валаскамі. Сцёблы прамастойныя. Лісце лірападобнае або перыстараздзельнае, супраціўнае, прыкаранёвае і ніжняе сцябловае звужана ў доўгі чаранок, верхняе — сядзячае. Кветкі дробныя, ліловыя, блакітна-бэзавыя ў галоўчатых суквеццях. Плод — сямянка. Фарбавальная, меданосная расліна.

Паўночнік палявы.

т. 12, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАКУ́ДРАНІК (Ballota),

род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Больш за 30 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і і Азіі. На Беларусі ў садах і парках, каля жылля і дарог, на засмечаных мясцінах і берагавых схілах трапляецца белакудранік чорны (Ballota nigra).

Шматгадовая травяністая расліна выш. 20—125 см з кароткім карэнішчам. Сцябло простае або галінастае, шурпатаапушанае. Лісце круглавата-яйцападобнае, пілаватае, на чаранках. Кветкі дробныя, брудна-ружовыя, з непрыемным пахам, сядзяць на кароткіх кветаносах у шматлікіх пазушных паўпарасоніках (дыхазіях). Плод — чатырохарэшак. Лек. (выкарыстоўваецца ў нар. медыцыне) і меданосная расліна.

Белакудранік чорны.

т. 2, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГУРО́ЧНІК, бурачнік (Borago),

род адна- і шматгадовых травяністых раслін сям. бурачнікавых. 3 віды, пашыраныя пераважна ў Міжземнамор’і. Лёгка дзічэе, як пустазелле трапляецца ў Еўропе і Зах. Азіі. На Беларусі — агурочнік лекавы, або агурочная трава (D. officinalis), — адналетнік.

Выш. 30—100 см, сцябло прамастойнае. Лісце суцэльнае з агурочным пахам і смакам (адсюль назва). Цвіце ў чэрв. — ліпені. Кветкі блакітныя, ружовыя, белыя, у суквеццях-завітках. Плод — чатырохарэшак Лекавая (мачагонны, патагонны, змякчальны сродак), меданосная і дэкар. расліна, вырошчваюць як агародніну (маладое лісце прыдатнае на салату).

Агурочнік лекавы.

т. 1, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЯРА́Н (Majorana),

род кветкавых раслін сям. губакветных. Каля 6 відаў. Пашыраны пераважна ва Усх. Міжземнамор’і. Стараж. культура М. садовы (M. hortensis) вырошчваецца ў Амерыцы, Паўн. Афрыцы, Паўд. Азіі, Еўропе, у т. л. на Беларусі.

М. садовы ў культуры аднагадовая расліна выш. 20—50 см. Сцёблы прамыя, галінастыя. Лісце дробнае, шараватае, падоўжана-авальнае са шматлікімі залозкамі. Кветкі дробныя, белыя, ружовыя або чырванаватыя, у кароткіх коласападобных суквеццях. Плод — арэшак. Лісце і кветкі маюць 0,3—0,4% эфірнага алею, іх ужываюць як прыправу, у кансервавай і лікёра-гарэлачнай прам-сці. Лек., харч., меданосная расліна.

Маяран.

т. 10, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЛІ́СА (Melissa),

род кветкавых раслін сям. губакветных. 3—4 віды. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. На Беларусі інтрадукавана і культывуецца М. лекавая, або мята лімонная (M. officinalis).

Шматгадовыя травяністыя расліны выш. 45—125 см. Сцёблы прамастойныя, 4-гранныя, галінастыя. Лісце чаранковае, яйцападобнае. Кветкі дробныя, белыя, жаўтаватыя, ружовыя ў кальчаковых суквеццях у пазухах лісця. Плод — арэшак. Лісце і верхавінкі парасткаў М. лекавай маюць эфірны алей з пахам лімона. Выкарыстоўваецца ў вінаробнай, парфумернай і фармацэўтычнай прам-сці. Лек., харч. (прыпраўная), эфіраалейная і меданосная расліна.

Меліса лекавая.

т. 10, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)