Працэс утварэння мачы ў нырках і выдалення яе з арганізма.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
АДЭНО́МА ПРАСТА́ТЫ,
дабраякаснае пухлінападобнае разрастанне прастаты. Назіраецца ў мужчын часцей пасля 50 гадоў. У развіцці адрозніваюць стадыі: перадклінічная, дызурыі (парушэнне мочаспускання), няпоўнай хранічнай затрымкі мачы, парадаксальнай затрымкі мачы. Ускладненні пры адэноме прастаты: вострая затрымка мачы, цыстыт, піеланефрыт і інш. Лячэнне на першых дзвюх стадыях кансерватыўнае (гігіенічны рэжым, дыета, медыкаментознае лячэнне, мясцовыя фізіяпрацэдуры), пасля — аперацыйнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАНЕФРО́З (ад гідра... + нефр... + ...оз),
хвароба нырак чалавека, якая характарызуецца стойкім, прагрэсіўна нарастаючым расшырэннем лаханкі і чашачкі ныркі з застоем мачы і атрафіяй нырачнай тканкі. Бывае гідранефроз першасны (пры прыроджаных анамаліях ныркі, яе сасудаў, лаханкі, мачаточнікаў, мачавога пузыра і урэтры) і другасны (пры набытых фактарах цяжкага адтоку мачы — траўматычныя ці запаленчыя звужэнні мачаточніка, спайкі і фіброз у перыурэтральных тканках, структуры і інш. набытыя хваробы урэтры, камяні мачаточніка, неўрагенныя атаніі і інш.). Поўнае спыненне адтоку мачы выклікае гібель ныркі без гідранефратычнай трансфармацыі. Ускладненні: цяжкі адток мачы, мочакамянёвая хвароба, піеланефрыт. Гідранефроз развіваецца без сімптомаў, іншы раз бываюць прыступы нырачнай колікі, часцей тупыя болі ў вобласці нырак, зменена мача. Лячэнне хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОЧАВЫДЗЯЛЕ́ННЕ,
рэфлекторны акт выдалення мачы з арганізма чалавека і жывёл. Адбываецца перыядычна па меры напаўнення мачавога пузыра (мочаўтварэнне — бесперапынна). У здаровага чалавека сутачны дыурэз (колькасць мачы, якая выдаляецца за суткі) складае да 75% ад колькасці выпітай вадкасці. Выцяканню мачы з пузыра перашкаджаюць 2 кальцавыя слоі мышачных валокнаў: унутр. і вонкавы сфінктэры. Пры М. рэфлекторна расслабляецца вонкавы сфінктэр і скарачаюцца мышцы сценак пузыра. М. рэгулюецца нерв. цэнтрамі спіннога і галаўнога мозга. Парушэнні ўзнікаюць пры пашкоджанні мышцаў мачавога пузыра, некат. хваробах нерв. сістэмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЮКАЗУРЫ́Я (ад глюкоза... + грэч. uron мача),
павышаная наяўнасць глюкозы ў мачы. Бывае пры парушэнні зваротнага ўсысання глюкозы з першаснай мачы ў нырачных канальцах, залішнім ўжыванні вугляводаў, нырачным дыябеце, узмацненні гліколізу і гліканеагенезу пасля мех., хім. ці таксічнага раздражнення ц. н. с., траўмах, інфекц. хваробах, пухлінах мозга і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
мачаві́на, ‑ы, ж.
Арганічнае рэчыва, якое з’яўляецца канчатковым прадуктам бялковага абмену ў чалавека і ў многіх жывёл (упершыню знойдзена ў мачы).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мача́, ‑ы, ж.
Вадкасць, якая выдзяляецца ныркамі як прадукт абмену рэчываў і выходзіць з арганізма праз мочаспускальны канал.
•••
Нетрыманне мачыгл. нетрыманне.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лаха́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Рмн. ‑нак; ж.
У выразе: нырачная лаханка — частка ныркі, якая служыць для збірання мачы і пераходзіць непасрэдна ў мачаточнік.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
МАЧАВА́Я КІСЛАТА́ (2, 6, 8-трыоксіпурын),
канчатковы прадукт абмену пурынаў і бялкоў у арганізме чалавека і жывёл. Бясколерныя крышталі, раскладаюцца ніжэй т-ры плаўлення, дрэнна раствараюцца ў вадзе. М.к. адкрыў швед. хімік К.Шэеле (1776) у мачы. Утвараецца пераважна ў печані, невял. колькасць ёсць у тканках (мозг, кроў), мачы і поце. Пры некат. парушэннях абмену рэчываў адбываецца назапашванне М.к. і яе кіслых солей (уратаў), што выклікае нефрыты, артрыты, артрозы, таксікозы цяжарных і інш. хваробы. Зыходны прадукт для прамысл. сінтэзу кафеіну.