Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)
ДЭКАРАТЫ́ЎНЫ ЖЫ́ВАПІС,
жывапіс, які ўваходзіць у склад арх. збудавання ці твора дэкар.-прыкладнога мастацтва, не мае самастойнага ідэйна-вобразнага значэння і прызначаны для аздаблення або акцэнтавання канструкцыі ці функцыі прадмета. Як і манументальны жывапіс выконваецца ў выглядзе мазаікі, пано, размалёўкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНУМЕНТА́ЛЬНАЕ МАСТА́ЦТВА,
род пластычных мастацтваў ахоплівае шырокае кола твораў, прызначаных для канкрэтнага арх. або ландшафтнага асяроддзя і адпаведных ім ідэйнымі якасцямі, зрокава-архітэктанічным і колеравым ладам. Да М.м. адносяцца: манументальны жывапіс, манументальная скульптура, манументальна-дэкаратыўная скульптура, вітраж, габелен, мазаіка, пано, размалёўка, сграфіта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕ́ЙНЫ ЖЫ́ВАПІС,
від жывапісу маст. алейнымі фарбамі, у якіх сувязным рэчывам для каляровых парашкоў (пігментаў) з’яўляюцца алей ільняны, арэхавы, сланечнікавы і інш. і розныя лакі. Алейны жывапіс выконваецца пераважна на палатне, дрэве, кардоне, метал. плітах, пакрытых спец. грунтамі (станковы алейны жывапіс) ці па вапнавым тынку (манументальны алейны жывапіс). Вядомы з 10 ст. Пашырыўся на пач. 15 ст. пасля ўдасканалення яго Я. ван Эйкам. На Беларусі вядомы з пач. 16 ст. У тэхніцы алейнага жывапісу працуе пераважная большасць мастакоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАГРУ́ДСКІ МІХА́ЙЛАЎСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры неаготыкі. Пабудаваны ў 1900—05 у в. Белагруда (Лідскі р-н Гродзенскай вобл.), на высокім беразе р. Дзітва. 3-нефавая 2-вежавая базіліка з трансептам і 5-граннай апсідай з бакавымі сакрысціямі. Сіметрыя гал. фасада вылучана высокім арачным парталам уваходу, галерэяй і акном-ружай над ім. З цэглы вымураваны лапаткі, аркатурныя фрызы, ліштвы, профілі і раскрапоўкі. Аркі і люнеты ў інтэр’еры ўпрыгожаны фрэскавай арнаментальнай размалёўкай. У завяршэнні нефа манументальны на высокім цокалі 2-ярусны шматкалонны алтар у стылі неакласіцызму, над уваходам хоры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЕРАШЧА́ТАВА Вольга Васілеўна (24.7.1926, г.п. Лоеў Гомельскай вобл. — 30.3.1992),
бел. мастацтвазнавец. Канд. мастацтвазнаўства (1968). Скончыла Маскоўскі паліграф.ін-т (1961). З 1966 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі (з 1978 заг. сектара і Музея стараж.бел. культуры). Даследавала бел. і стараж.-бел. выяўл. мастацтва. Складальнік, аўтар артыкулаў і ўступаў кн. «Музей старажытнабеларускай культуры: Каталог экспазіцыі» (1983), «Помнікі старажытнабеларускай культуры: Новыя адкрыцці» (1985) Адзін з аўтараў «Гісторыі мастацтва народаў СССР» (т. 8, 1977), «Гісторыі беларускага мастацтва» (т. 1—4, 1987—90).
Тв.:
Беларуская кніжная графіка 1917—1941. Мн., 1978;
Старажытнабеларускі манументальны жывапіс XI—XVIII стст. Мн., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГВАЛО́ДАЎ КА́МЕНЬ,
манументальны помнік эпіграфікі 12 ст., каля в. Дзятлава Аршанскага р-на, за 18 км ад Оршы. Адкрыты і даследаваны ў 1792. Валун выш. да 3 м з высечаным 6-канцовым крыжам (выш. 160 см) і надпісам на стараж.-рус. мове: «В лето 6679 месяца мая в 7 день доспен крест сей. Господи помози рабу своему Василию в крещении именем Рогволоду сыну Борисову». Выш.літар. 15 см. Крыж і надпіс высечаны ў 1171 паводле загаду друцкага кн. Рагвалода Барысавіча пасля галоднай зімы 1170—71 у спадзяванні на ўраджай. Пазней над Р.к. была пабудавана капліца. Падобны да Барысавых камянёў. Не збярогся.