манасты́р, -а́, мн. -ы́, -о́ў, м.

1. Рэлігійная абшчына манахаў або манашак, якая ўтварае царкоўна-гаспадарчую арганізацыю.

Мужчынскі м.

Жаночы м.

2. Тэрыторыя, царква і жылыя памяшканні такой абшчыны.

◊

Падвесці пад манастыр каго (разм.) — паставіць каго-н. у вельмі непрыемнае, цяжкае становішча.

|| прым. манасты́рскі, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

АРХІМАНДРЫ́Т (ад грэч. archimandritēs),

вышэйшы духоўны сан у манахаў правасл. царквы. У архімандрыты пасвячаюць настаяцеляў вял. мужчынскіх манастыроў, рэктараў духоўных семінарый, кіраўнікоў духоўных місій.

т. 1, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́МА (тыбецкае, літар. вышэйшы),

будыйскі манах у краінах, дзе пашыраны ламаізм. Тэрмін з’явіўся ў 8 ст. ў Тыбеце, напачатку толькі як тытул манахаў, што мелі вышэйшую вучоную ступень.

т. 9, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

скуф’я́

(с.-гр. skuphia)

спічастая шапка з чорнага або фіялетавага аксаміту ў праваслаўнага духавенства, манахаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

скіт, ‑а, М скіце, м.

1. У праваслаўных манастырах — жыллё для манахаў-пустэльнікаў, размешчанае аддалена ад манастырскага будынка.

2. Стараверскі манастыр або пасёлак манастырскага тыпу ў глухой пустэльнай мясцовасці. Далёка асталіся Кержанскія лясы з рэшткамі колішніх стараверскіх скітаў. Пальчэўскі.

[Грэч. skētis.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

«КІ́ЕВА-ПЯЧЭ́РСКІ ПАЦЯРЫ́К»,

помнік арыгінальнай стараж.-рус. л-ры; зборнік дыдактычных апавяданняў пра жыццё манахаў і гісторыю Кіева-Пячэрскага манастыра. Першапачатковая рэдакцыя складзена ў 1220—30-я г. Захавалася некалькі спісаў пач. 15—17 ст., упершыню надрук. ў Кіеве (1661).

Аснову складаюць пасланні ўладзімірскага і суздальскага епіскапа Сімона і кіева-пячэрскага манаха Палікарпа, у канцы далучаны 9 і 11 навел пра манахаў-падзвіжнікаў. Відавочна, у сярэдзіне 13 ст. ў «К.-П.п.» уключаны «Жыціе Феадосія Пячэрскага», «Пахвала» Сімона, «Слова» пра будаўніцтва пячэрскай царквы, выпіскі з «Аповесці мінулых гадоў» пра ўзнікненне манастыра. Дапоўнены новымі творамі ў старэйшай з вядомых Арсеньеўскай рэдакцыі 1406, таксама Феадосіеўскай сярэдзіны 15 ст., Касіянаўскай 1462, выкарыстаны Пячэрскі летапіс пач. 12 ст. і інш. У пацерыку ўслаўляюцца стараж.-рус. будаўнікі, мастакі і царк. дзеячы манастыра, сцвярджаецца яго вял. значэнне як агульнага культ.-рэліг. цэнтра Кіеўскай Русі. Асн. крыніца твораў — мясц. легенды і паданні. Некат. сюжэты, вобразы, матывы ўзыходзяць да візант. пацерыкоў і Бібліі, аднак вызначаюцца маст. арыгінальнасцю У творах арганічна спалучаюцца ўрачысты стыль жыцій са строгім выкладам летапісных апавяданняў, казачная фантастыка з гістарычна сапраўдным; жыва і рэалістычна апісаны побыт і норавы манахаў, прыведзены каштоўныя гіст. факты і звесткі.

Публ.:

Памятники литературы Древней Руси, XII в. М., 1980.

Літ.:

История русской литературы. Т. 1. М., 1980.

т. 8, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯ́КАН (ад грэч. diakonos служка),

ніжэйшы духоўны чын у правасл. царкве. Дапамагае епіскапам і святарам у час богаслужэння і адпраўлення царк. таінстваў, але сам іх не спраўляе. Адрозніваюць старэйшых Д. — протадыяканаў, Д.-манахаў — іерадыяканаў, архідыяканаў (знаходзяцца пры епіскапах і архірэях).

т. 6, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЕРАМАНА́Х (грэч. hieromonachos),

манах-святар. Свяшчэннаслужыцель сярэдняй (2-й) ступені хрысц. царк. іерархіі, які прыняў манаства. Першапачаткова былі пазбаўлены сану свяшчэнства. З 5 ст. было дапушчана пасвячэнне ў свяшчэннікі манахаў. У Рус. правасл. царкве ўзнікненне іераманаства адносіцца да часоў Феадосія Пячэрскага (11 ст.).

т. 7, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Тату́р ’шырокі шыты золатам пояс’ (Ласт.). Параўн. рус. дыял. татау́р ’шырокі пояс’, ст.-рус. татауръ ’баярскі пояс, пояс святароў, манахаў; скураны пояс’, якое з манг. tata‑ɣur ’папруга, лейцы’ (Фасмер, 4, 27; Анікін, 540).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БЯРО́ЗАЎСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР КАРТЭЗІЯ́НЦАЎ.

Пабудаваны ў 1648—89 у г. Бяроза Брэсцкай вобл. У час Паўночнай вайны 1700—21 і баёў з Барскімі канфедэратамі (1772) часткова разбураны. У 1831 закрыты за ўдзел манахаў у паўстанні 1830—31. У 1866 часткова разабраны. Захаваліся рэшткі паўд. і зах. частак кляштара. У барочны комплекс уваходзілі мураваныя будынак касцёла, каплічка, жылыя карпусы з маленькімі ўнутр. дворыкамі, трапезная, б-ка, шпіталь, аптэка, гасп. пабудовы, якія былі абнесены крапасной сцяной з вежамі. Гал. уваходам у кляштар служыла магутная брама з байніцамі. Двухпавярховыя карпусы келляў манахаў-самотнікаў былі злучаны з касцёлам калідорамі-галерэямі. Дэкар. аздабленне — пілястры, раскрапоўкі, глыбокія нішы, фігурныя франтоны. Касцёл — 3-нефавая базіліка з трыма гранёнымі апсідамі і гранёным тамбурам пры ўваходзе. Сілуэт ансамбля фарміравала абарончая 8-гранная шмат’ярусная вежа-званіца з магутнымі сценамі, вузкімі вокнамі-байніцамі.

Бярозаўскі касцёл і кляштар картэзіянцаў. З малюнка Н.​Орды. 1870-я г.

т. 3, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)