стро́фіка, ‑і, ДМ ‑фіцы, ж.

1. Раздзел паэтыкі, які вывучае віды, будову строф. Перад намі — тыповы ўзор уласцівай для паэта [Максіма Багдановіча] строфікі і, здавалася б, проста непераўзыдзенай гармоніі і рытмікі яго верша. Майхровіч.

2. Дзяленне вершаванага твора на строфы. Строфіка вершаў Янкі Купалы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чалавекалю́бны, ‑ая, ‑ае.

Кніжн. Тое, што і чалавекалюбівы. Усімі сваімі патрыятычнымі, чалавекалюбнымі вершамі.. [М. Багдановіч] ужо паказаў нам прычыны нядолі роднага краю. Лойка. Хіба не трагічна, калі вялікія сыны народа, шчодра надзеленыя дапытлівым аналітычным розумам і чулай, чалавекалюбнай душою, вымушаны былі служыць чужой культуры. Майхровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

марнатра́вец, ‑траўца, м.

1. Той, хто неразумна, марна траціць грошы, маёмасць. У той час калі эксплуататары з’яўляюцца марнатраўцамі, .. «галодны і абдзёрты люд» ёсць сапраўдны творца жыцця на зямлі. Майхровіч.

2. Аб дрэнным, нягодным чалавеку. [Рыгор:] — Ёсць многа розных марнатраўцаў, якіх нам трэба карміць сваёю працаю. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

інтэле́кт, ‑у, М ‑кце, м.

Розум, здольнасць чалавека мысліць, разважаць. Тонкі інтэлект. □ [Чалавек], які ўдасканальвае свой інтэлект, імкнецца самага добрага, светлага.. — ён, сапраўды самы прыгожы. Дубоўка. // Узровень разумовага развіцця. Чалавек вялікага жыццёвага вопыту і багатага інтэлекту. Адам Юр’евіч вельмі сур’ёзна ставіўся да выхавання дзяцей. Майхровіч.

[Лац. intellectus.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эраты́чны, ‑ая, ‑ае.

Кніжн.

1. Які мае адносіны да эротыкі. Верш яго [Авідзія] гнуткі і прыгожы; у арганічным спалучэнні з эратычнай тэматыкай ён асабліва прыцягваў увагу чытачоў. Майхровіч.

2. Празмерна пачуццёвы; звязаны з эратызмам. Канстанцін Міхайлавіч папракаў.. [Нікановіча] за танныя эратычныя эфекты, за дробязнасць фабулы. Хведаровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

водападзе́л, ‑у, м.

Узвышша, якое падзяляе басейны некалькіх рэк. // перан. Аб мяжы паміж супрацьлеглымі, але цесна звязанымі паміж сабой з’явамі, падзеямі, суджэннямі. Так мог пісаць толькі сапраўдны рэвалюцыянер-дэмакрат, які рабіў выразны водападзел паміж афіцыяльнай Расіяй Мікалая Крывавага і Расіяй Пушкіна, Герцэна, Чарнышэўскага і Някрасава. Майхровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

элегі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да элегіі (у 1 знач.), з’яўляецца элегіяй. Элегічная паэзія. Элегічная лірыка.

2. Журботны, меланхалічны, летуценны. Цяжка, відаць, больш ярка адлюстраваць элегічныя думы, што навяваюць мілыя сэрцу ўспаміны аб далёкім і жаданым. Майхровіч. // Які выражае смутак, журбу, меланхалічную летуценнасць. Элегічная ўсмешка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стаі́чна, прысл.

Як стоік (у 2 знач.), як уласціва стоіку; стойка, мужна. І тым не менш, непакорлівы дух дзядзькі, яго паэтычная душа, закаханая ва ўсё прыгожае, стаічна вытрымлівалі нягоды і выпрабаванні лёсу. Майхровіч. З нейкім вінавата-прабачлівым выглядам ён стаічна чакаў, пакуль набярэцца ў яе дробязі на рэшту. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зве́рства, ‑а, н.

1. Крайняя жорсткасць, лютасць. Купала гнеўна выказвае сваю нянавісць да чорнай рэакцыі, якая з нечуваным цынізмам і зверствам душыла рэвалюцыйны народ. Майхровіч.

2. звычайна мн. (зве́рствы, ‑аў). Крайне жорсткія, бязлітасныя ўчынкі. Тады аб гітлераўскіх зверствах мала хто ведаў, але Кася адчула нешта нядобрае і кінулася ў лес. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

самамэ́та, ‑ы, ДМ ‑мэце, ж.

Тое, што для каго‑н. з’яўляецца запаветнай мэтай і вычэрпваецца ёю самой, а не служыць сродкам для дасягнення чаго‑н. іншага. Класічныя ўзоры вершаскладання не былі для Максіма Багдановіча самамэтаю. Майхровіч. Паэтызацыя працы ў Купалы не самамэта, а сродак раскрыцця сілы і здольнасцей працоўнага чалавека. Івашын.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)