Беата Анджэліка (Angèlico, Fra Angelico, Beato Angèlico; сапр.Гвіда ды П’етра; Guido di Pietro; каля 1400, г. Вік’ё, прав. Фларэнцыя, Італія — 18.2.1455),
італьянскі жывапісец эпохі Ранняга Адраджэння. Прадстаўнік фларэнцінскай школы. Як мастак склаўся пад уплывам познагатычнага жывапісу, у далейшым выкарыстаў рэалізм Мазачыо. Наіўнае і глыбока рэліг. мастацтва Анджэліка прасякнута светлым лірызмам і мяккай паэтычнасцю: «Каранацыя Марыі» (каля 1434—35); фрэскі б. манастыра Сан-Марка ў Фларэнцыі (1438—45), «Мадонна на троне паміж святымі Кацярынай і Даменікам» (1445), капэлы Мікалая V у Ватыкане (1445—48) і інш.
Фра Анджэліка. Мадонна на троне паміж святымі Кацярынай і Даменікам. 1445.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛІ́НІ (Bellini),
сям’я італьянскіх жывапісцаў — заснавальнікаў мастацтва Адраджэння ў Венецыі (гл.Венецыянская школа жывапісу). Нарадзіліся ў Венецыі.
Жывапіс галавы сям’і Якапа (каля 1400—7.1.1470 ці 25.11.1471) пры мяккай лірычнасці вобразаў захаваў сувязь з гатычнымі традыцыямі («Мадонна з дзіцем», 1448). У яго малюнках (замалёўкі ант. помнікаў, арх. фантазіі) адлюстраваліся цікавасць да перспектывы, уплыў А.Мантэньі і П.Учэла. З імем Джэнтыле (каля 1429—23.2.1507), сынам Якопа, звязана зараджэнне венецыянскай жанрава-гіст. карціны («Працэсія на плошчы Сан-Марка», 1496, «Цуд святога крыжа», 1500). У сваіх партрэтах ён дакладна ўзнаўляў абрыс мадэлі. Джавані (каля 1430—29.11.1516), другі сын Якопа, — буйнейшы майстар венецыянскага кватрачэнта. Яго творчасць стала асновай мастацтва Высокага Адраджэння ў Венецыі. Настаўнік Тыцыяна і, верагодна, Джарджоне. Творы Джавані адметныя мяккай гармоніяй гучных, насычаных колераў і празрыстасцю святлоценявых градацый, яснай, спакойнай урачыстасцю і паэтычнасцю вобразаў («Мёртвы Хрыстос», 1470, «Мадонна з дрэўцамі», 1487, «Мадонна на троне ў акружэнні святых», 1505, «Баляванне Багоў», 1514, «Маладая жанчына за туалетам», 1515, і інш.). У яго творчасці побач з класічнай кампазіцыяй рэнесансавай алтарнай карціны сфарміраваўся поўны цікавасці да чалавечай асобы гуманістычны партрэт (партрэт дожа Леанарда Ларэдана, каля 1507).
Літ.:
Гращенков В.Н. Портреты Джованни Беллини // От эпохи Возрождения к двадцатому веку. М., 1963.
Джавані Беліні. Партрэт дожа Леанарда Ларэдана. Каля 1507.Джэнтыле Беліні. Цуд святога крыжа. 1500.Джавані Беліні. Маладая жанчына за туалетам. 1515.
мастацкая галерэя ў г. Фларэнцыя (Італія); адзін з найбуйнейшых у свеце збораў жывапісу. Размешчана ў Палацца Піці. Аснову збору складае калекцыя роду Медычы, заснаваная ў 1620 (у 1820 адкрыта для публікі, з 1911 дзярж.). У зборы пераважаюць творы італьян. школ 15—17 ст. і фламандскай школы 17 ст., у т. л. шэдэўры Тыцыяна («Партрэт двараніна з шэрымі вачыма», «Марыя Магдаліна», «Партрэт П’етра Арэціна» і інш.), Рафаэля («Жанчына ў пакрывале», «Мадонна ў крэсле», «Мадонна дэль Грандука», партрэты Тамаза Інгірамі, Аньёла і Мадалены Доні і інш.; адна з лепшых у свеце калекцый яго работ), А. дэль Сарта («Звеставанне», «Узнясенне Дзевы Марыі» і інш.), Д.Веласкеса («Конны партрэт Філіпа II» і інш.), А. ван Дэйка («Партрэт кардынала Г.Бентывольё» і інш.), П.П.Рубенса («Чатыры філосафы» і інш.) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
суджэ́нне, ‑я, н.
1. Выказванне, меркаванне аб чым‑н., погляд на што‑н. Своеасаблівае суджэнне аб імпульсах мастацкай творчасці ёсць і ў развагах лірычнага героя эцюда «Мадонна».Лойка.
2. У логіцы — думка, у якой змяшчаецца сцвярджэнне або адмаўленне чаго‑н. адносна прадмета або з’явы.
•••
Катэгарычнае суджэнне — безумоўнае суджэнне, у адрозненне ад умоўнага або раздзяляльнага.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ЛЕАНА́РДА ДА ВІ́НЧЫ (Leonardo da Vinci; 15.4.1452, г. Вінчы, Італія — 2.5.1519),
італьянскі жывапісец, скульптар, архітэктар, тэарэтык мастацтва, вучоны, інжынер. Адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў Высокага Адраджэння.
Імкнуўся да спалучэння навук. і маст. мыслення, разглядаў жывапіс як універсальную мову, якая пры дапамозе прапорцый і перспектывы ўвасабляе ўсю разнастайнасць праяўлення разумнага пачатку ў прыродзе. У творчасці спалучаў натуралістычнасць выявы з ідэалістычнасцю задумы, увасобіў новы эстэт. ідэал, стварыў вобраз гарманічнага, духоўнага і фізічна дасканалага чалавека.
Вучыўся жывапісу ў майстэрні А.Верок’ё (1467—72). Яе метады працы, у якіх маст. практыка спалучалася з тэхн. эксперыментамі, збліжэнне з астраномам П.Тасканелі, паўплывалі на развіццё яго навук. інтарэсаў. У ранні фларэнційскі перыяд (1452—81) развіваў традыцыі кватрачэнта. Творам уласціва плаўная аб’ёмнасць форм, падкрэсленая мяккай святлаценню мяккім святлаценем («Мадонна Роскін», анёл у карціне Верок’ё «Хрышчэнне Хрыста», пасля 1470; «Дабравешчанне», каля 1474; т.зв. «Мадонна Бенуа», каля 1478). Карціна «Пакланенне вешчуноў» (1481—82, не скончана) вызначаецца пошукамі драм. экспрэсіі, заснаванай на міміцы і руху. У 1482—1500 працаваў у Мілане пры двары герцага Л.Сфорцы, празванага Мора, які даручыў Леанарда заснаваць Акадэмію мастацтва. Для выкладання ў ёй склаў трактаты пра жывапіс, святло, цень, рух, прапорцыі цела чалавека і інш. Быў ваен. інжынерам, гідратэхнікам, арганізатарам прыдворных феерый. Як архітэктар распрацаваў варыянты «ідэальнага» горада, канструкцыі цэнтральна-купальнага храма. У 1490—1500 працаваў над вял. (7,2 м) конным манументам Ф.Сфорцы (мадэль яго ў натуральны памер была зруйнавана французамі пры ўзяцці Мілана). У 1490—91 выканаў жывапісны твор «Мадонна з дзіцем» («Мадонна Літа»). У карціне «Мадонна ў скалах» (1483—94; 2-і варыянт каля 1497—1511) найб. дасканала распрацаваў уласцівую большасці яго твораў кампазіцыю, пабудаваную на дакладных разліках. Яна ўяўляла сабой замкнёную ідэальную прастору, т.зв. прасторавую піраміду (трохвугольнік), у якую ўпісваюцца фігуры; найтанчэйшая святлацень (сфумата) мае ролю духоўна-сувязнага пачатку. У трапезнай кляштара Санта-Марыя дэле Грацые стварыў размалёўку «Тайная вячэра» (1495—97), якая стала адной з вяршынь усяго еўрап. мастацтва. У гэтым творы Леанарда адкрыў для жывапісу новую галіну — псіхал. канфлікт. Высокі этычны змест перададзены праз строгія матэм. заканамернасці кампазіцыі, што падпарадкоўвае сабе рэальную арх. прастору, праз ясную расстаноўку персанажаў, сістэму іх жэстаў і мімікі. Пасля 1500 працаваў у Фларэнцыі, Мантуі, Венецыі, Мілане, Рыме; у 1516 па запрашэнні караля Францыска I прыехаў у Францыю. У Фларэнцыі працаваў над размалёўкай у Палацца Век’ё («Бітва пры Анг’яры», 1503—06, не скончана, вядома па копіях з кардону), якая стаіць ля вытокаў батальнага жанру. У партрэце Моны Лізы (т. зв. «Джаконда», каля 1503) увасобіў узнёслы ідэал жаноцкасці і прыгажосці. У позніх творах развіваў пошукі ў галіне святлопаветранай перспектывы і гарманічнай пірамідальнай кампазіцыі («Св. Ганна з Марыяй і немаўляткам Хрыстом», каля 1500—07). Эксперыменты з маст. матэрыяламі, разнастайнасць інтарэсаў абумовілі невял. колькасць завершаных яго маст. і навук. работ, іх дрэнную захаванасць. Як вучоны ўзбагаціў амаль усе галіны ведаў свайго часу. У галіне механікі вывучаў пытанні трэння, раўнавагі, супраціўлення матэрыялаў і інш. Распрацоўваў канструкцыі машын і механізмаў, шмат з якіх значна апярэдзілі свой час (праекты металургічных печаў і пракатных станаў, ткацкіх станкоў, друкарскіх, дрэваапрацоўчых, землекапальных і інш. машын, падводнай лодкі, танка, лятальных апаратаў і парашута), праекты фартыфікацыйных і гідратэхн. збудаванняў. Шмат эксперыментаваў у галіне оптыкі, выказваў правільныя здагадкі аб прыродзе бінакулярнага зроку. Блізка стаяў да стварэння геліяцэнтрычнай сістэмы светабудовы. Займаўся анатамічнымі даследаваннямі, імкнуўся ўвесці ў біялогію эксперым. метад. Упершыню стаў разглядаць батаніку як самаст.біял. дысцыпліну. Яго анат. малюнкі сталі асновай сучаснай навук. ілюстрацыі. Да нашага часу захавалася каля 7 тыс. аркушаў яго рукапісаў і запісных кніжак, частка з якіх увайшла ў «Трактат пра жывапіс», што склаў пасля смерці мастака яго вучань Ф.Мельцы. Іл.гл. таксама да арт.Адраджэнне.
Тв.:
Рус.пер. — Книга о живописи. М., 1934;
Избр. произв.Т. 1—2. М., 1935;
Избр. естественнонаучные произв. М., 1955;
Анатомия Записки и рисунки. М., 1965.
Літ.:
Дживелегов АК. Леонардо да Винчи. М., 1974;
Нардини Б. Жизнь Леонардо: Пер. с итал. М., 1978;
Гастев А. Леонардо да Винчи. М., 1982.
Л.Ф.Салавей.
Леанарда да Вінчы. Мадонна з дзіцем (Мадонна Літа). Каля 1490—91.Леанарда да Вінчы. Аўтапартрэт. Каля 1510—13.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́ЛЕК ((Bilek) Францішак) (6.11.1872, Хінаў, каля г. Табар, Чэхія — 13.10.1941),
чэшскі скульптар; прадстаўнік сімвалізму. Вучыўся ў АМ у Празе (1887—90) і ў акадэміі Каларосі ў Парыжы (1891—92). Сярод работ: рэльеф «Тлумачэнне слова «Мадонна» (1897), «Распяцце» (1899, сабор св. Віта, Прага), «Жах» (1907), помнік воінам, што загінулі ў Горжыцы (1922) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ДЖА [Correggio; сапр.Алегры (Allegri) Антоніо; каля 1489 ці 1494, Карэджа, каля г. Мадэна, Італія — каля 15.3.1534],
італьянскі жывапісец Высокага Адраджэння. Працаваў у Карэджы і Парме. Зазнаў уплывы А.Мантэньі, Леанарда да Вінчы, Рафаэля, Мікеланджэла. Работы ранняга перыяду блізкія да маньерызму («Юдзіф і служанка», «Раство», каля 1513—14). Пазней ствараў выдатныя па каларыце дынамічныя кампазіцыі са свабодным размяшчэннем фігур, поўных пачуццёвасці і грацыі. Творы К. адлюстроўваюць паступовы адыход ад гераізаваных рэнесансавых ідэалаў і пераход да новых маст. прынцыпаў. Паклаў пачатак тыпу плафоннай размалёўкі з фігурамі ў аблоках, пададзенымі ў эфектных ракурсах, што стварала ілюзію прарыву купала і папярэднічала манум. жывапісу барока 17—18 ст. Аўтар размалёвак манастыра Сан-Паала (паміж 1517—20), царквы Сан-Джавані Эванджэліста (1520—23) і сабора (1526—30) у Парме, алтарных карцін «Мадонна са святым Іеранімам» (т. зв. «Дзень», 1527—28), «Пакланенне пастухоў» («Ноч», каля 1530) і інш., твораў на міфалагічныя тэмы («Даная», каля 1526).
Карэджа. Мадонна са святым Іеранімам («Дзень»). Фрагмент. 1527—28.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРА́ЧЫ (Carracci),
сям’я італьян. мастакоў Балонскай школы жывапісу канца 16 — пач. 17 ст. Прадстаўнікі акадэмізму. Нарадзіліся ў Балонні. Ладавіка (хрышчаны 21.4.1555—13.11.1619). Вучыўся ў Балонні ў П.Фантаны (каля 1570—80), там і працаваў. Творчасці ўласцівы простая і строгая кампазіцыя, рэзкая святлоценявая мадэліроўка («Абарачэнне Паўла», 1587; «Мадонна Барджэліні», 1588; «Мадонна Скальцы»; «Бічаванне Хрыста»; «Мадонна са св. Францыскам і Іосіфам», 1591; «Пропаведзь Іаана Хрысціцеля», 1592; «Ператварэнне», каля 1595—97). Агасціна (15.8.1557—22.3.1602), стрыечны брат Ладавіка. Вучыўся ў Балонні ў Фантаны. Працаваў у Балонні, Рыме і Парме. Рабіў гравюры па карцінах Я.Тынтарэта, П.Веранезе, Карэджа. Сярод жывапісных твораў: «Прычашчэнне св. Іераніма», «Узнясенне Марыі» (абодва паміж 1591—93) і інш.Анібале (3.11.1560—15.8.1609), брат Агасціна, стрыечны брат і вучань Ладавіка. Да 1595 працаваў у Балонні, потым у Рыме. Рабіў алтарныя карціны, у балонскі перыяд у натуралістычнай манеры пісаў партрэты і жанравыя карціны, рамант. пейзажы. У рымскі перыяд творчасць больш строгая і ўрачыстая, што адпавядала канцэпцыі «прыгожага ідэала», якая ўвасобілася ў тэатралізаваным адлюстраванні героікі вял. падзей з жыцця людзей і багоў. Сярод твораў: «Крама мясніка», «Бабовая поліўка», «Аплакванне Хрыста» (сярэдзіна 1580-х г.), «Венера і Адоніс» (1588—89), аўтапартрэт (1590-я г.), «Узнясенне Марыі» (1592), «Міласэрнасць св. Роха» (1595), «Уцёкі ў Егіпет» (каля 1603—04), «Святыя жонкі ля труны ўваскрэслага Хрыста» (каля 1605), «Партрэт Джавані Габрыэлі з лютняй».
Сумесныя работы К.: фрэскі ў палацах Фава (1580—85) і Маньяні (1588—90) у Балонні і Фарнезе (1597—1604), у Рыме і інш. Каля 1585 у Балонні заснавалі «Акадэмію тых, хто стаў на правільны шлях».
Л.Карачы. Бічаванне Хрыста.Анібале Карачы. Венера і Адоніс. 1588—89.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́МЛІНГ ((Memling) Ганс) (каля 1430—40, г. Зелігенштат, Германія — 11.9.1494),
нідэрландскі жывапісец Ранняга Адраджэння. Вучыўся, магчыма, у Рагіра ван дэр Вейдэна, зазнаў уплыў яго і Я. ван Эйка. З 1465 працаваў у Бруге. У творчасці спалучаў познагатычныя і рэнесансавыя рысы. Аўтар рэліг. кампазіцый са складанай разгорнутай пабудовай, якім уласцівы характарнасць вобразаў і драматычнасць перадачы пачуццяў: трыпціхі «Страшны суд» (каля 1473), «Трыпціх Джона Дона» (1468), «Трыпціх Іаана» (1479), «Алтар Адрыяна Рэйнса» (1480), «Трыпціх Якаба Фларэнса» (каля 1489—90), «Алтар Укрыжавання» (1491), карціны «Пакуты Хрыстовы» (1470), «Пакуты св. Себасцьяна» (каля 1470), «Сем радасцей Марыі» (1480), «Дабравешчанне» (1482), «Мадонна з дзіцем» (1487). Гуманіст. скіраванасць творчасці М. выявілася ў выявах данатараў у рэліг. творах і партрэтах: пажылога чалавека (каля 1470), Т.Партынары, М.Партынары (абодва каля 1472), маладога чалавека (каля 1475), Б.Улендэрберг (каля 1478), «Трыпціх Вілема Морэльса» (1484), «Алтар Марціна ван Ньювенхове» (1487). Звяртаўся да адлюстравання аголенай натуры («Вірсавія», «Пыхлівасць», абедзве каля 1485), пейзажа (размалёўкі рэлікварыя св. Урсулы, 1480), анімалістычных матываў («Коні і малпа», 1480-я г.).
В.Я.Буйвал.
Г.Мемлінг. Мадонна з дзіцем. Левая створка «Алтара Марціна ван Ньювенхове». 1487.
нарвежскі мастак, адзін з заснавальнікаў экспрэсіянізму. Вучыўся ў Осла ў Каралеўскай школе малявання (1881—86) і ў майстэрні К.Крога (1882—83). Працаваў у Нарвегіі, Даніі, Францыі, Германіі. У ранні перыяд зазнаў уплыў В. ван Гога і П.Гагена. Светаўспрыманне М. сфарміравалася пад уплывам твораў пісьменнікаў-сімвалістаў Х.Егера і А.Стрындберга, што абумовіла ў яго карцінах матывы адзіноцтва, трывогі, смерці. Творам уласцівы эмацыянальная напружанасць і абвостраная выразнасць вобразаў, жорсткі, віхрападобны контурны малюнак, павышаная дынаміка кампазіцый, дысананс колераў: «Хворая дзяўчынка» (1885—86), «Сястра мастака» (1892), «Крык», «Пакой паміраючага» (1893), «Вампір» (каля 1893), «Самота» (1894), «Танец жыцця» (1899), «Танец на беразе» (1900—02), «Дзеці на вуліцы» (1910), «Начны вандроўнік» (1939) і інш. Большасць карцін 1890—1910-х г. уваходзяць у няскончаны цыкл «Фрыз жыцця». Графічныя творы вызначаюцца змрочным эратызмам, успрыняццем жанчыны як увасаблення негатыўнай, разбуральнай сілы: «Дзяўчына і смерць» (1894), «Мадонна» (1895—1902), серыя «Укус» (1913) і інш. Аўтар фрэсак для залаў ун-та ў Осла («Альма Матэр», «Гара людзей» і інш., 1909—15).