БАКТЭРЫЯ́ЛЬНЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,

прэпараты з каштоўнымі для с.-г. раслін глебавымі мікраарганізмамі. Да іх належаць нітрагін, азотабактэрын, фосфарабактэрын і прэпараты сілікатных бактэрый. Павышаюць фіксацыю атм. азоту раслінамі, актывізуюць біяхім. працэсы ў глебе, паляпшаюць каранёвае жыўленне раслін.

На Беларусі наладжана вытв-сць гама-рызатарфіну (разнавіднасць нітрагіну) — прэпарату клубеньчыкавых бактэрый, вырашчаных на спецыяльна прыгатаваным тарфяным субстраце. Для лепшай азотфіксацыі ў яго дадаюць мікраэлементы — бор, кобальт, малібдэн. Для кожнага віду бабовых (лубін, гарох, віка, канюшына, люцэрна і інш.) прэпарат рыхтуюць са спецыфічных відаў бактэрый, здольных у сімбіёзе толькі з гэтым відам раслін фіксаваць атм. азот. Асабліва эфектыўны прэпарат на глебах, дзе бабовыя высяваюцца ўпершыню (прыбаўкі ўраджаю больш за 100%).

т. 2, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Мя́дзеліна ’канюшына палявая, Trifolium campestre Schreb.’, ’дзікая лясная канюшына Medicago sativa’, ’поле, дзе расла люцэрна’ (віц., Кіс.; маладз., Яшк.). З дзяцеліна пад уплывам літ. medelis ’лясок’. Сувязь з літ. словам дапускае Непакупны (Baltistica, 8 (1), 101–102).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ДЗЯРНО́ВА-КАРБАНА́ТНЫЯ ГЛЕ́БЫ,

тып глеб, што фарміруюцца ў месцах выхаду на паверхню карбанатных парод (вапнякоў, даламітаў, мелу і інш.) пры нармальным увільгатненні пад травяністай расліннасцю. У залежнасці ад ступені выяўлення працэсаў вышчалочвання і ападзольвання Дз.-к.г. падзяляюць на 3 падтыпы: тыповыя Дз.-к.г., вышчалачаныя. ападзоленыя, якія ўключаюць вял. колькасць родаў, відаў і разнавіднасцей. Пашыраны невял. ўчасткамі ў еўрап. ч. Расіі, на Д. Усходзе. На Беларусі найб. трапляюцца ў Магілёўскай, Брэсцкай і Віцебскай абласцях. Высокаўрадлівыя, маюць 5—9% гумусу, інтэнсіўна асвойваюцца пад ворыва. Прыдатныя для вырошчвання патрабавальных да глебавых умоў с.-г. культур (цукр. буракі, пшаніца, ячмень, люцэрна і інш.). Урадлівасць Дз.-к.г. павышаюць мінер. (пераважна калійнымі, марганцавымі і борнымі) угнаеннямі.

М.​І.​Смяян.

т. 6, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Лячуха ’люцэрна пасяўная, Medicago sativa L.’ (гродз., Кіс.). Да лячы́ць (гл.). Лексема з суфіксам ‑уха з’яўляецца памылковым перакладам лац. medic‑ago, якое нібыта ад medica ’лячэбныя зёлкі’, у той час як лац. слова паходзіць ад Medus ’мідзійскі’ > mēdica (maedica) herba ’мідзійская канюшына’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мяду́нка ’люцэрна пасяўная, Medicago sativa L.’ (гродз., Кіс.), ’дзяцеліна, Trifolium medium L., Trifolium repens L.’ (паст., мядз., гродз., глыб., Сл. ПЗБ), ’братаўка дуброўная, Melampyrum nemorosum L.’ (вілен., Кіс.); мядункі, мядунка ’шчамяліца няясная, Pulmonaria abscura Dum.’ (жытк., Кіс.), ’медуніца лекавая, Pulmonaria officinalis L.’ (Касп.). Да мёд (гл.): расліны маюць мядовы пах.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

фрэатафі́ты

(ад гр. phrear, -atos = калодзеж + -фіты)

расліны, якія існуюць за кошт вільгаці грунтавых водаў дзякуючы глыбока пранікаючай у грунт карнявой каранёвай сістэме (напр. люцэрна, вярблюджая калючка).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БАБО́ВЫЯ, матыльковыя (Fabaceae, Leguminosae),

сямейства двухдольных раслін з парадку бабовакветных. Каля 650 родаў, больш за 18 тыс. відаў. Пашыраны па ўсёй сушы зямнога шара. На Беларусі 20 родаў (найб. вядомыя баркун, вязель, гарох, гарошак, жаўтазель, зяновец, канюшына, куравай, лубін, люцэрна, пералёт, рабінія, рутвіца, чына, эспарцэт) і больш за 80 дзікарослых відаў. Рэдкія віды бабовых занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Адна- і шматгадовыя травы, паўкусты і кусты, ліяны і дрэвы. Лісце пераважна чаргаванае, складанае, з прылісткамі. Кветкі найчасцей у гронка-, коласападобных і галоўчатых суквеццях, звычайна зігаморфныя. Плод — боб. На каранях бабовых утвараюцца клубеньчыкі, у якіх знаходзяцца бактэрыі, здольныя фіксаваць атм. азот. Тэхн., лек., харч., кармавыя, дэкар. і сідэратныя расліны; ёсць ядавітыя, якія маюць алкалоіды і выкарыстоўваюцца як лек. і інсектыцыдныя.

Літ.:

Флора СССР. Т. 11. М.; Л., 1945;

Тахтаджян А.Л. Система и филогения цветковых растений. М.; Л., 1966;

Яго ж. Система магнолиофитов. Л., 1987;

Флора Европейской части СССР. Т. 6. Л., 1987.

т. 2, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЁМІНГ (Wyoming),

штат на З ЗША. Пл. 253,3 тыс. км². Нас. 470 тыс. чал. (1993), гарадскога каля 80%. Адм. цэнтр — г. Шаен. Большую ч. тэр. займаюць Скалістыя горы. Найвыш. пункт — г. Ганет-Пік (4201 м). На У частка Вял. раўнін (​1/4 тэр. штата). Клімат кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. да -12 °C у гарах, у ліп. ад 10 да 24 °C. Ападкаў за год ад 100 мм у міжгорных катлавінах да 510 мм у гарах. Рэкі адносяцца ў асноўным да сістэмы Місуры — Місісіпі, Йелаўстанскі нац. парк з ракой і воз. Йелаўстан. Горназдабыўны штат: нафта, прыродны газ, сода, каменны вугаль, золата, серабро, жал. руда, медзь, уран. Лесанарыхтоўка (хвойныя пароды). Апрацоўчая прам-сць: нафтаперагонка, нафтахімія, вытв-сць угнаенняў, шкла. У сельскай гаспадарцы 78% даходаў дае жывёлагадоўля. 38% тэр. штата займае паша. Пераважае авечкагадоўля воўнавага кірунку і гадоўля буйн. раг. жывёлы мяснога кірунку; характэрны буйныя жывёлагадоўчыя гаспадаркі — ранча і фермы. Асн. с.-г. культуры: сеяныя травы (люцэрна), ячмень, пшаніца, кукуруза, цукр. буракі, бульба. ​2/3 апрацаваных зямель арашаецца. Штат перасякаюць чыгункі і аўтадарогі. Больш за 100 аэрапортаў і аэрадромаў. Турызм.

М.​С.​Вайтовіч.

т. 3, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Барку́н ’палявая трава’ (Сцяшк. МГ), ’баркун белы, Меlilotus albus L.’ (Кіс.), ’люцэрна серпападобная, Medicago falcata L.’ (Кіс.). Таксама беркун, беркін (гл.). Рус. буркун, укр. буркун, боркун, борконь, буркунчик, бурундук, бурунчук, борончук і г. д. (гл. Макавецкі, Sł. botan., 226–227, 229; Мяркулава, Очерки, 86–87). Паводле Мяркулавай, Очерки, 87, ва ўкр. мове запазычанне з цюрк. моў (спроба цюрк. этымалогіі Мяркулава, Очерки, там жа), а адтуль у рус. У бел. мову таксама, мабыць, узята непасрэдна з укр.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ві́ка, выка ’гарошак пасяўны, Vicia sativa L.’ (гом., гродз., маг., мін., БРС, Кіс., Сцяшк. МГ), ві́ґа ’тс’ (Сцяшк. МГ), віка ’люцэрна пасяўная, Medicago sativa L.’ (Бейл.). Укр. вика ’віка, гарошак’, рус. вика ’мышыны гарошак, Vida crassa L.’; ’гарошак пасяўны, Vicia sativa L.’; ’боб, Vicia faba L.’, наўг. вика ’сачавіца’, польск. wyka ’гарошак, Vicia L.’, в.-луж. woka ’тс’, чэш. vika, vikev ’тс’, славац. vika, серб.-харв. вика, літ. vìkis, vikė ’гарошак’, лат. vīki, ст.-прус. wictis, ст.-в.-ням. wicchia, н.-в.-ням. Wicke, лац. vicia, грэч. βικία, βικίον. Да і.-е. асновы *u̯ei‑ (Шанскі, 1, В, 96; Голуб, 330), да якой адносіцца і віць (гл.) (КЭСРЯ, 81). Большасць этымолагаў схіляецца да думкі пра запазычанне славянамі гэтай лексемы са ст.-в.-ням. wicchia < лац. vicia (Міклашыч, 397; Мацэнаўэр, 368; Брукнер, 638; Голуб-Копечны, 416; Фасмер, 1, 313; Праабражэнскі, 1, 83; Трубачоў, ВЯ, 5, 1961, 132; Махэк₂, 680). Адсутнічае ў славен. і балг. мовах.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)