Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«П’Я́НЫ» ЛЕС,
лес з сагнутымі і нахіленымі (у адзін ці розныя бакі) стваламі дрэў, што часцей абумоўлена дэфармацыямі грунту. Найб. вядомы ўчасткі «П.» л. ў раёнах апоўзняў (напр., правабярэжжа р. Волга ў яе сярэднім цячэнні, Чарнаморскае ўзбярэжжа Каўказа, паўд. бераг Крыма), абласцях развіцця тэрмакарсту (Цэнтр. Якуція), сходу снегавых лавін, у карставых раёнах са свежымі прасадкамі, праваламі, асяданнямі грунту. На Беларусі сустракаюцца асобныя ўчасткі, прымеркаваныя да зон інтэнсіўнага тэхнагеннага ўздзеяння (напр., паблізу Наваполацкага нафтапрамысл. комплексу).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАВА́РСКІ ЛЕС (Bayrischer Wald),
складкава-глыбавы крышт. хрыбет на ПдУ Германіі. Даўж. каля 90 км, выш. да 1121 м (г. Эйнёдрыгель). Паверхня згладжаная, з асобнымі завостранымі вяршынямі. Паўн.-ўсх. схілы адносна пакатыя, паўд.-заходнія стромка спадаюць да даліны р. Дунай. Да выш. 800 м укрыты ялова-букавымі, вышэй — ялова-піхтавымі лясамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КІ ЛЕС,
нізіннае балота на Пд Кобрынскага (24,4 тыс.га) і Драгічынската (15,7 тыс.га) р-наў Брэсцкай вобл., у вадазборы Дняпроўска-Бугскага канала і р. Мухавец. Пл. 40,1 тыс.га, у межах прамысл. пакладаў 24,8 тыс.га. Глыб. торфу да 5,6 м, вял. плошчу займаюць забалочаныя мінер. глебы і мелказалежныя тарфянікі. Месцамі ёсць сапрапель і мергель магутнасцю да 3 м. На неасушаных землях пераважае хмызняк і драбналессе з вярбы, вольхі, бярозы; травяное покрыва пераважна з асок. Балота падзелена пясчанымі градамі (агульная пл. 1,2 тыс.га) на некалькі масіваў. Асобныя грады пад лесам з вольхі і бярозы, хмызняком з ляшчыны і вярбы, месцамі ворыва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗІМО́ВЫ ЛЕС»
(«Waldwinter»),
кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партыз. брыгад 3-й і 4-й Беларускіх, «За Савецкую Беларусь», Сіроцінскай, «Няўлоўныя», атрадаў Бел. дыверсійнай брыгады імя Леніна, некалькіх спецгруп у трохвугольніку чыгунак Віцебск—Невель—Полацк 27.12.1942—25.1.1943 у Вял.Айч. вайну. Праводзілася сіламі 286-й ахоўнай і падраздзяленнямі 391-й вучэбна-палявой дывізій, зондэркаманд з гасп. камендатуры Віцебска. Была працягам карнай аперацыі «Клетка малпы». Пасля жорсткіх баёў уздоўж р. Обаль большасці партыз. фарміраванняў удалося прарвацца цераз чыг. Полацк—Невель і вывесці з сабой тысячы мясц. жыхароў.
У ходзе аперацыі гітлераўцы загубілі 1627 чал., 2041 чал. вывезлі ў Германію, поўнасцю спалілі вёскі Аржавухава, Белае, Чарбамыслы з большасцю жыхароў, захапілі 7468 галоў жывёлы, 446,8 т збожжа і інш.