НЕЗАЛЕ́ЖНАЯ СЯЛЯ́НСКАЯ ПА́РТЫЯ (НСП; Niezależna Partia Chłopska, NPCh),

рэвалюцыйна-дэмакратычная сялянская партыя ў Польшчы ў 1924—27. Дзейнічала легальна. Склалася ў ліст. 1924 у выніку расколу партыі «Вызваленне», левае крыло якой на чале з дэпутатамі сейма С.​Ваявудскім, А.​Фідаркевічам, С.​Баліным, Ф.​Галавачом і інш. ўтварыла НСП. ЦК партыі ўзначальваў Фідаркевіч. Выступала за надзяленне сялян зямлёй без выкупу шляхам канфіскацыі яе ў памешчыкаў, нацыяналізацыю памешчыцкіх лясоў і водных багаццяў, бясплатнае навучанне дзяцей на роднай мове, паліт. свабоды, права на самавызначэнне нац. меншасцей і інш. У знешняй палітыцы выступала за добрасуседскія адносіны, у т. л. з СССР. Мэтай паліт. барацьбы лічыла стварэнне рабоча-сял. ўрада. 3 сак. 1925 арг-цыі НСП пачалі ўзнікаць у шэрагу паветаў Зах. Беларусі, а таксама — гурткі ў вёсцы. Праводзіла паліт. кампаніі разам з КПЗБ і БСРГ. Выдавала газеты «Walka wsi» («Барацьба вёскі»), «Walka ludu» («Барацьба народу»), «Walka pracy» («Барацьба працы»), «Niezależny chłop» («Незалежны селянін»), «Lemiesz» («Лямеш»), «Zagon» («Загон»), якія былі папулярнымі ў Зах. Беларусі. У 1925 НСП налічвала каля 1 тыс. членаў, у 1927 — больш за 20 тыс. У польскім сейме мела сваю фракцыю (7 чал.), якая супрацоўнічала з фракцыямі КПЗБ і БСРГ. У чэрв. 1925 гэтыя 3 фракцыі прапанавалі сейму праект зямельнай рэформы (не быў прыняты). Распушчана польскім урадам у сак. 1927. Дзеячы НСП ў 1928 стварылі Арганізацыю сялянскай лявіцы «Самапомач».

П.​І.​Зялінскі, І.​П.​Хаўратовіч.

т. 11, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ САЦЫЯ́Л-ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ (БСДП),

эсдэкі, палітычная партыя на Беларусі ў 1918—24. Яе папярэдніцай была Беларуская сацыялістычная грамада (БСГ), якая ўяўляла сабой блок народнікаў і марксістаў. У 1915 на тэр. Беларусі, акупіраванай герм. войскамі, марксісты (І. і А.​Луцкевічы, Цётка і інш.) выйшлі з БСГ і ўтварылі Беларускую сацыял-дэмакратычную работніцкую групу (БСДРГ). Пасля расколу БСГ (крас. 1918) бел. марксісты, якія дзейнічалі ва ўсх. Беларусі, аб’ядналіся з БСДРГ і ўтварылі з ёю БСДП. Актыўнымі дзеячамі партыі былі В.​Л.​Іваноўскі, І.​І.​Краскоўскі, Луцкевічы, Я.​Ю.​Лёсік, С.​А.​Рак-Міхайлоўскі, А.​А.​Смоліч, Б.​А.​Тарашкевіч, Асн. прынцыпы БСДП: свабода, роўнасць, братэрства, дэмакратыя, прававая дзяржава. Сац. база: кваліфікаваныя рабочыя, адукаваныя сяляне, рамеснікі, інтэлігенцыя. Праект праграмы БСДП складзены ў 1919 Смолічам. Партыя стаяла за нацыяналізацыю зямлі і перадачу яе сялянам, за развіццё кааперацыі ў вёсцы. Лічыла, што для сацыялізацыі прам-сці на Беларусі яшчэ не наспелі ўмовы, што неадкладная сацыялізацыя прывядзе да «бюракратычнага сацыялізму» і эканам. катастрофы. Прапаноўвала ўвесці ўсеаг., роўнае і прамое выбарчае права з тайным галасаваннем, забяспечыць свабоду слова, друку, партый, арг-цый, сумлення, недатыкальнасць асобы і жылля, аддзяленне царквы ад дзяржавы. Выступала за незалежнасць Беларусі як дэмакр. рэспублікі. У БССР дзейнасць партыі спынена арыштам яе актывістаў у сак. 1921. У Зах. Беларусі БСДП была ў апазіцыі да польск. ўрада. Прытрымлівалася легальных, парламенцкіх формаў барацьбы. У 1922 з БСДП вылучылася левае крыло — Беларуская партыя незалежных сацыялістаў на чале з Рак-Міхайлоўскім.

А.​М.​Сідарэвіч.

т. 2, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎРАЗІ́ЙСТВА,

ідэйна-палітычная і філас. плынь у рас. эміграцыі 1920—30-х г. Пачаткам руху стаў выхад зб. «Выйсце да Усходу» (Сафія, 1921) групы маладых рус. вучоных-эмігрантаў. Гіст.-філас. і геапаліт. дактрына Е., услед за ідэямі позніх славянафілаў, ва ўсім супрацьпастаўляла гіст. лёсы, задачы і інтарэсы Расіі і Захаду і трактавала Расію як «Еўразію». Асн. тэарэтыкі — М.С.Трубяцкой, Г.​В.​Флароўскі, Л.П.Карсавін, П.​М.​Савіцкі, Г.У.Вярнадскі. Мэта Е. — стварыць новую ідэалогію, здольную асэнсаваць тое, што адбылося з Расіяй пасля Кастр. рэвалюцыі 1917, і абгрунтаваць метады дзеяння «для адраджэння Айчыны» на аснове трывалага Саюза ўсходнеславянскіх народаў — рускіх, украінцаў, беларусаў. Тэрыторыю Расіі (СССР) еўразійцы разумелі як непаўторную гіст. і геагр. індывідуальнасць, адметны свет, які не належыць ні да Еўропы, ні да Азіі. Агульнаметадалагічным іх прынцыпам стаў поліцэнтрызм: Еўразія не супрацьпастаўляецца ўсяму «астатняму свету», яна — не якісьці міфічны цэнтр, што дамінуе ў свеце, а адзін з сусв. цэнтраў. Асн. ідэі Е.: самабытнасць культуры (на базе велікарускай), панаванне ідэалогіі (стрыжань — праваслаўе), агульнанац. інтарэс; канцэпцыя ўлады прадугледжвала кіруючую партыю (пераемніцу бальшавікоў) як дзярж.-ідэалаг. саюз, які не супадае з дзярж. апаратам. На 1-м этапе еўразійцы ажыццявілі шэраг плённых гіст.-культ. распрацовак, але потым Е. пачало набываць усё больш паліт. афарбоўку: левае яго крыло прызнавала заканамернасць рас. рэвалюцыі і апраўдвала бальшавізм, што выклікала пратэст другой часткі еўразійцаў. У выніку некалькіх расколаў у сярэдзіне 1930-х г. Е. як арганізаваны рух спыніла сваё існаванне. У апошнія гады інтарэс да яго ідэй аднавіўся.

Літ.:

Люкс Л. Евразийство: Пер. с нем. // Вопр. философии. 1993. № 6.

В.​А.​Ярмоленка.

т. 6, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНІ ФРОНТ 1941—44 у Вялікую Айчынную вайну.

Утвораны 22.6.1941 на базе Заходняй Асобай ваеннай акругі. 24.7.1941 пасля разгрому у навагрудскім «катле» (камандуючыя Дз.​Р.​Паўлаў, ген. А.​А.​Грыгор’еў, А.​А.​Караткоў, У.​Я.​Кліманоўскіх і інш. расстраляны, у 1956 рэабілітаваны) сфарміраваны нанава і падзелены на Зах. і Цэнтр. (да 25.8.1941) франты. Камандуючыя: ген. арміі Дз.​Р.​Паўлаў (22—30.7.1941), ген.-лейт. А.​І.​Яроменка (30.6—2.7, 19—29.7.1941), Маршал Сав. Саюза С.​К.​Цімашэнка (2—19.7, 30.7—12.9.1941), ген.-палк. І.​С.​Конеў (12.9—12.10.1941, 26.8.1942—27.2.1943), ген. арміі Г.​К.​Жукаў (13.10.1941—26.8.1942), ген.арміі В.​Д.​Сакалоўскі (28.2.1943—15.4.1944), ген.-палк. І.​Д.​Чарняхоўскі (15—24.4.1944); чл. ваен. савета: А.​Я.​Фаміных, П.​К.​Панамарэнка, М.​А.​Булганін, Л.​З.​Мехліс, В.​Е.​Макараў; нач. штаба: У.​Я.​Клімаўскіх, Г.​К.​Маландзін, Сакалоўскі, У.​С.​Галушкевіч, А.​П.​Пакроўскі. У розны час у склад З.ф. ўваходзілі арміі: 3, 4, 5, 10, 11, 13, 16, 19, 20, 21, 22, 28, 29, 30, 31, 32, 33, 39, 43, 49, 50, 61, 68, 1-я Ударная, 10-я і 11-я гвардз., 3-я і 4-я танк., 1-я і 4-я паветраныя. Войскі фронту ўдзельнічалі ў Брэсцкай крэпасці абароне 1941, Магілёва абароне 1941, Мінска абароне 1941, Віцебска абароне 1941, Гомеля абароне 1941, нанеслі Лепельскі контрудар 1941, правялі Рагачоўска-Жлобінскую аперацыю 1941. Разам з інш. франтамі прымалі ўдзел у Смаленскай бітве 1941, Маскоўскай бітве 1941—42, Курскай бітве 1943, Смаленскай аперацыі 1943. У канцы 1943 — пач. 1944 войскі З.ф. развівалі наступленне на Віцебскім і Аршанскім напрамках, выйшлі да ўсх. раёнаў Беларусі. 24.4.1944 З.ф. перайменаваны ў Беларускі фронт трэці, яго левае крыло — у Беларускі фронт другі (2-га фарміравання).

М.​І.​Камінскі.

т. 7, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

прыбо́р, ‑а, м.

1. Камплект, набор прадметаў для карыстання. Чарнільны прыбор. Чайны прыбор. □ Стол быў акуратна накрыты. На ім стаялі прыборы, чаркі, бутэлька наліўкі, вяндліна і ёмкая скаварада яечні з дзябёлымі, сакаўнымі скваркамі. Колас.

2. Спецыяльнае прыстасаванне, апарат, прызначаны для якой‑н. мэты (вымярэння чаго‑н., кіравання чым‑н. і пад.). Вымяральныя прыборы. □ Навіна [самалёта], галоўныя прыборы былі разбіты, левае крыло разарвана. Шамякін. Лабараторыі нарыхтоўчых пунктаў забяспечаны прыборамі для вызначэння якасці клубняў. «Звязда».

3. толькі мн. (прыбо́ры, ‑аў). Абл. Уборы, адзенне. Сотняй звітых вясёлак паркаль Усміхаўся з палатак на сонцы, І каралі цвілі на руках Прадаўцоў, у прыборах бясконцых. Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГРУНВА́ЛЬДСКАЯ БІ́ТВА 1410,

вырашальная бітва Вялікай вайны 1409—11 паміж Вялікім княствам Літоўскім і Польшчай з аднаго боку і Тэўтонскім ордэнам з другога. Адбылася 15.7.1410 каля населеных пунктаў Грунвальд і Таненберг (цяпер Альштынскае ваяв., Польшча). З’явілася гал. этапам вайны, план якой быў распрацаваны польск. каралём Ягайлам і вял. кн. ВКЛ Вітаўтам на Берасцейскай сустрэчы 1409. У ліп. 1410 войскі саюзнікаў (каля 30—40 тыс. чал.) злучыліся ў раёне Казініц і рушылі на сталіцу ордэна Марыенбург (Мальбарк). 15 ліп. яны былі вымушаны прыняць бой на адкрытай мясцовасці з крыжацкім войскам (каля 15—20 тыс. чал.). Войска крыжакоў (уваходзілі таксама рыцары з Германіі, Англіі, Францыі, Швейцарыі, Чэхіі і інш. краін) складалася з 51 харугвы, войска ВКЛ і Польшчы (уваходзілі таксама татары саюзнага Вітаўту хана Джэлал-ад-Дзіна і наёмнікі) — з 90 харугваў, 40 з іх належалі ВКЛ (Трокская, Гарадзенская, Ковенская, Лідская, Смаленская, Полацкая, Віцебская, Пінская, Новагародская, Берасцейская, Ваўкавыская, Драгічынская, Старадубская, Мсціслаўская і інш.). Крыжакі занялі больш выгадную для атакі пазіцыю на ўзвышшы. Перад баявымі парадкамі крыжакоў стаялі гарматы і арбалетчыкі. Войскі саюзнікаў размяшчаліся трыма лініямі на беразе р. Маршы. Бітва пачалася атакай 1-й лініі крыла Вітаўта і змешчаных на яе правым флангу татар. Атакуючых сустрэлі гарматным агнём, потым супраць іх рушыла левае крыло крыжацкага войска, сітуацыя схілілася на іх карысць. Верныя сваёй улюбёнай тактыцы, татары арганізавалі прытворныя ўцёкі. Услед за імі пабегла 1-я лінія войска ВКЛ, акрамя трох харугваў са Смаленскай зямлі (мсціслаўскай, смаленскай і няпэўнай прыналежнасці) на чале з мсціслаўскім кн. Лугвенам. Націск крыжакоў спынілі 2-я і 3-я лініі войск Вітаўта. Адначасова 1-я лінія палякаў атакавала правае крыло крыжакоў. Атака была няўдалая, крыжакі ледзь не захапілі вял. каралеўскі сцяг. Становішча выправілася з увядзеннем 2-й польск. лініі. Пасля 6 гадз напружанай бітвы сілы ордэна пачалі адкочвацца ад свайго лагера. Імкнучыся пераламіць ход бітвы, магістр ордэна Ульрых фон Юнгінген павёў у наступленне апошнія 16 харугваў рэзерву. Яны прарвалі фронт і выйшлі ў тыл польск. войска, але былі акружаны і знішчаны, загінуў і сам магістр ордэна. У рукі саюзнікаў трапілі ўмацаваны лагер крыжакоў і ўсе іх сцягі. Паражэнне Тэўтонскага ордэна ў Грунвальдскай бітве абумовіла вынік вайны ў цэлым. Паводле Тарунскага міру 1411 ва ўладанне ВКЛ і Польшчы адышлі Добжынская і Жамойцкая землі. Магутнасць ордэна была падарвана. У 1960 на месцы бітвы пастаўлены помнік.

Літ.:

Длугош Я. Грюнвальдская битва: [Пер. с лат.]. М.; Л., 1962;

Stryjkowski M. Kronika Polska, Litewska, Żmódzka i wszystkiej Rusi. Т. 1. Warszawa, 1846;

Ekdahl S. Die Schlacht bei Tannenberg 1410. Quellenkritische Untersuchungen. Bd. 1. Berlin, 1982;

Kuczyński S.M. Bitwa pod Grunwaldem. Katowice, 1987. Nadolski A. Grunwald;

Problemy wybrane. Olsztyn, 1990.

Ю.​М.​Бохан.

Грунвальдская бітва 1410. Літаграфія М.​Басалыгі. 1989.

т. 5, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́ТВА ЗА ДНЯПРО́ 1943,

наступальныя аперацыі сав. войск у жн.—снеж. 1943 з мэтай вызвалення Левабярэжнай Украіны, Данбаса і Кіева ў Вял. Айч. вайну. Мела на мэце таксама выхад да Крыма і Дняпра ў яго сярэднім цячэнні, фарсіраванне яго і захоп плацдармаў на правым беразе.

Удзельнічалі франты: Цэнтр. (каманд. ген. арміі К.​К.​Ракасоўскі), Варонежскі (ген. арміі М.​Ф.​Ватуцін), Сцяпны (ген. арміі І.​С.​Конеў), Паўд.-Зах. (ген. арміі Р.​Я.​Маліноўскі) і Паўд. (ген.-палк., з 21 вер. ген. арміі Ф.​І.​Талбухін); з 20 кастр. адпаведна Бел., 1, 2, 3 і 4-ы Укр. франты. Адначасова Зах. фронт (ген. арміі В.​Д.​Сакалоўскі) і левае крыло Калінінскага фронту (ген. арміі А.​І.​Яроменка) павінны былі наступаць на Смаленскім напрамку, каб не даць магчымасці ворагу перакідваць войскі з гэтага ўчастка.

Гітлераўцы стварылі магутны стратэгічны рубеж абароны «Усходні вал» на лініі ад вусця Нарвы да Азоўскага мора, асабліва моцная абарона была на правым беразе Дняпра, у яго сярэднім цячэнні. Тут сав. войскам процістаялі войскі з групы армій «Цэнтр» (ген.-фельдмаршал Г.​Клюге) і асн. сілы групы армій «Поўдзень» (ген.-фельдмаршал Э.​Манштэйн). Бітва развівалася ў 2 этапы. На 1-м (жн.—вер. 1943) Чырв. Армія разграміла ням.-фаш. войскі на Левабярэжнай Украіне і ў Данбасе, выйшла да Дняпра ў яго сярэднім цячэнні, захапіла шэраг плацдармаў на правым беразе ракі і сарвала планы ворага па арганізацыі абароны на гэтым рубяжы. На 2-м этапе (кастр.—снеж. 1943) сав. войскі разграмілі сілы гітлераўцаў у сярэднім і ніжнім цячэнні Дняпра, вызвалілі Кіеў, стварылі плацдармы стратэгічнага значэння і адбілі ўсе спробы ворага аднавіць абарону на Дняпры (гл. таксама Гомельска-Рэчыцкая аперацыя 1943).

У ходзе аперацыі вызвалена 38 буйных нас. пунктаў, у т. л. гарады Беларусі Гомель, Ветка, Брагін, Добруш, Лоеў, Нароўля, Рэчыца, Хойнікі і інш. Значную дапамогу наступаючым сав. войскам аказалі партыз. атрады і злучэнні Украіны, Гомельскай і Палескай абл. Беларусі (гл. Рэйкавая вайна). Фарсіраванне Дняпра адначасова сіламі 4 франтоў з’явілася выключнай падзеяй у Вял. Айч. вайне і ўзбагаціла Чырв. Армію вопытам пераадолення буйных водных перашкод з ходу. Сав. войскі страцілі ў гэтай бітве каля 1,7 млн. чал. забітымі, параненымі, прапаўшымі без вестак (з іх забітымі 417 323 чал.). 2438 удзельнікам бітвы прысвоена званне Героя Сав. Саюза, з іх каля 700 чал. вызначыліся на тэр. Беларусі. Бітва стварыла ўмовы для поўнага вызвалення Правабярэжнай Украіны і Беларусі.

А.​С.​Харэбін.

т. 3, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУНД (ад ідыш der Bund саюз),

нацыянальная сацыял-дэмакратычная арг-цыя яўрэйскіх рабочых у 1897—1939. Засн. ў Вільні як Усеагульны яўрэйскі рабочы саюз у Расіі і Польшчы, з 1901 — Усеагульны яўрэйскі саюз у Літве, Польшчы і Расіі. Будаваўся паводле нац. прынцыпу, адносіў сябе да самастойнай паліт. партыі яўр. пралетарыяту, прапагандаваў ідэю нац.-культ. аўтаноміі для яўрэяў. На I з’ездзе РСДРП (1898) увайшоў у партыю як аўтаномная арг-цыя. На II з’ездзе (1903) выйшаў з РСДРП і ўзмацніў барацьбу з яе мясц. арг-цыямі. Напярэдадні і ў час рэвалюцыі 1905—07 ішоў з меншавікамі, удзельнічаў у байкоце выбараў у 1-ю Дзярж. думу, заклікаў да ўзбр. паўстання супраць царызму. Пасля IV (Аб’яднаўчага) з’езда РСДРП (1906) зноў увайшоў у партыю, заклікаў свае арг-цыі весці ўнутрыпаліт. барацьбу за перабудову РСДРП на прынцыпах федэрацыі. На Беларусі ў 1910 налічвалася больш за 4 тыс. членаў Бунда, у 1914 было 40 арг-цый (10 у губ., 16 у пав. гарадах, 14 у мястэчках). На VI (Пражскай) Усерас. канферэнцыі (1912) Бунд выключаны з РСДРП. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 Бунд далучыўся да меншавікоў. Падтрымліваў унутр. і знешнюю палітыку Часовага ўрада, удзельнічаў у стварэнні мясц. саветаў, але выступаў за скліканне Устаноўчага сходу. Правыя чл. варожа паставіліся да Кастр. рэвалюцыі 1917, левыя былі схільныя падтрымаць яе, значная частка вагалася. У сувязі з роспускам бальшавікамі 18.1.1918 Устаноўчага сходу Бунд разам з інш. апазіц. сіламі ўдзельнічаў у паліт. забастоўцы ў Віцебску. Неадназначная была пазіцыя Бунда да абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Напачатку Бунд падтрымаў ідэю БНР (прадстаўнікі Бунда ўвайшлі ў Раду і Нар. сакратарыят БНР), потым кіраўніцтва Бунда разглядала БНР як фактар магчымага ўціску яўрэяў. На пасяджэнні Рады БНР 25.3.1918 прадстаўнікі Бунда выказаліся супраць 3-й Устаўнай граматы БНР, якая абвяшчала пра разрыў дзярж. сувязей Беларусі з Расіяй. У маі 1919 Бунд выступаў за ўваходжанне БНР у Рас. федэрацыю. На сваёй XI канфер. (сак. 1919) Бунд заявіў аб прызнанні сав. улады, але застаўся «партыяй апазіцыі» да бальшавікоў. Прадстаўнікі Бунда ўваходзілі ў вышэйшыя органы ўлады Сав. Беларусі — ЦВК, выканкомы Віцебскага і Мінскага саветаў. У крас. 1920 Бунд заявіў пра далучэнне да РКП(б). Правыя бундаўцы не прызналі гэтага рашэння і аб’ядналіся ў Віцебску ў с.-д. Бунд. На пач. 1920-х г. Бунд у Сав. краіне знік з паліт. арэны. У 1923 самаліквідаваліся буйнейшыя арг-цыі Бунда ў Віцебску і Гомелі, многія з іх членаў уступілі ў РКП(б). Распадам і самаліквідацыяй спынілі сваё існаванне астатнія арг-цыі. У 1930-я г. былі рэпрэсіраваны б. лідэры Бунда А.​Вайнштэйн, М.​Рафес, М.​Фрумкіна і інш.

У Заходняй Беларусі Бунд як самастойная партыя існаваў да вер. 1939. У 1922 левае крыло Бунда, што аб’ядноўвала каля 73 членаў і стаяла на радыкальных сацыяліст. пазіцыях, выдзелілася ў самастойную арг-цыю — Камуністычны Бунд (Камбунд), які ў 1923 увайшоў у Кампартыю Польшчы. Бунд зблізіўся з Польск. сацыяліст. партыяй (ППС), з 1930 уваходзіў у склад Сацыяліст. рабочага інтэрнацыянала. Бунд і яго друкаваны орган газ. «Фольксцайтунг» вялі ідэалаг. барацьбу супраць Кампартыі Польшчы, КПЗБ, КПЗУ. У 2-й пал. 1937 Бунд адмовіўся ўдзельнічаць у адзіным фронце барацьбы разам з КПП і КПЗБ. Адна з асн. прычын адмовы — паліт. рэпрэсіі ў СССР, якія Бунд асуджаў. Часта выступаў сумесна з «Паалей Цыёнам». Пад уплывам Бунда знаходзіўся шэраг каап., культ. і спарт. арг-цый, яўр. школьная арг-цыя, арг-цыя яўр. жанчын-работніц. Пад яго арганізац. і паліт. кіраўніцтвам знаходзілася маладзёжная арг-цыя Югенд-Бунд «Цукунфт». Бунд спыніў існаванне на тэр. Зах. Беларусі ў канцы 1939 пасля ўз’яднання з БССР, калі дзейнасць паліт. партый, акрамя камуністычнай, была забаронена.

Літ.:

Агурский С.Х. Еврейский рабочий в коммунистическом движении (1917—1921). Мн., 1926;

Бич М.О. Развитие социал-демократического движения в Белоруссии в 1883—1903 гг. Мн., 1973;

Программы политических партий России, конец XIX — начало XX вв. М., 1995. С. 23—40.

У.​А.​Палуян (Бунд у Заходняй Беларусі).

т. 3, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКО́ЎСКАЯ БІ́ТВА 1941—42,

адна з вырашальных вайск. аперацый у Вял. Айч. вайну. Складалася з 2 перыядаў: наступленне ням.-фаш. войск на Маскву і абарончыя баі Чырв. Арміі (30.9—4.12.1941), контрнаступленні (5.12.1941—20.4.1942) сав. войск і іх дзеянні па разгроме герм. групы армій «Цэнтр» (каманд. ген.-фельдмаршалы ф. фон Бок, з 19 снеж. Г. фон Клюге). З сав. боку ўдзельнічалі войскі франтоў: Зах. (каманд. ген.-палк. І.С.Конеў, з 10 кастр. ген. арміі Г.К.Жукаў), Рэзервовага (Маршал Сав. Саюза С.М.Будзённы), Бранскага (ген.-палк. А.А.Яроменка, з кастр. ген.-м. Г.Ф.Захараў, з 18 снеж. ген.-палк. Я.​Ц.​Чаравічэнка), Калінінскага (ген.-палк. І.​С.​Конеў) правага крыла Паўд.-Зах. (Маршал Сав. Саюза С.К.Цімашэнка, са снеж. ген.-лейт. Ф.​Я.​Кастэнка) і Паўн.-Зах. (ген.-лейт. П.​А.​Курачкін). Восенню 1941 для наступлення на Маскву (аперацыя «Тайфун») герм. камандаванне сканцэнтравала 77 дыв., у т. л. 14 танк. і 8 матарызаваных; ням. сілы па колькасці войск, тэхнікі і ўзбраення мелі значную перавагу над абаронцамі Масквы. 30 вер. ням. войскі атакавалі левае крыло Бранскага, 2 кастр. — Рэзервовага і Зах. франтоў, прарвалі абарону сав. войск на шэрагу ўчасткаў, захапілі гарады Калінін, Малаяраславец, Мажайск, Валакаламск. Паводле рашэння Дзярж. к-та абароны гал. мяжой супраціўлення вызначана Мажайская лінія, куды выстаўляліся рэзервы Стаўкі Вярх. галоўнакамандавання (ВГК) і злучэнні, перакінутыя з іншых франтоў. Другая лінія абароны праходзіла непасрэдна на подступах да Масквы. Горад разам з войскамі абаранялі нар. апалчэнцы (16 дывізій). У Маскве і прылеглых да яе раёнах быў уведзены стан аблогі. Для лепшага кіравання войскамі ВГК 10 кастр. аб’яднала войскі Зах. і Рэзервовага франтоў у Зах. фронт, а з войск правага крыла Зах. фронту 17 кастр. сфарміравала Калінінскі, 10 ліст. — Бранскі франты. Гераічнымі намаганнямі (гл. Панфілаўцы) Чырв. Армія пры падтрымцы апалчэнцаў і баявых дружын прыпыніла наступленне ням. войск. У ходзе 2-й фазы наступлення з 15—16 ліст. група армій «Цэнтр» цаной вял. страт пацясніла сав. абарону на некат. участках і наблізілася да Масквы на адлегласць 25—30 км. Рубеж абароны прайшоў на Пд ад Волжскага вадасховішча, Дзмітрава, Яхрамы, Краснай Паляны, на У ад Істры, на З ад Кубінкі і Нара-Фамінска, на З ад Серпухава, на У ад Алексіна і Тулы. 27 і 29 ліст. сав. войскі нанеслі моцныя контрудары па паўн. і паўд. групоўках праціўніка. 1 снеж. герм. войскі ў апошні раз намагаліся прарвацца да Масквы. 5—6 снеж. сав. войскі, якія не мелі колькаснай перавагі ў сілах і сродках, перайшлі ў контрнаступленне. Да пач. студз. 1942 войскі Калінінскага, Зах., правага крыла Паўд.-Зах. і Бранскага франтоў разграмілі ўдарныя групоўкі праціўніка і адкінулі іх ад Масквы на 100—250 км, вызвалілі больш за 11 тыс. нас. пунктаў. 7—10.1.1942 контрнаступленне пад Масквой перарасло ў агульнае наступленне сав. войск на асн. стратэг. напрамках, у ходзе якога ням.-фаш. войскі адкінуты на 150—400 км, вызвалены Маскоўская і Тульская вобл., многія раёны Калінінскай, Смаленскай, Разанскай і Арлоўскай абласцей. У М.б. сярод злучэнняў і часцей вызначыліся воіны 2-га гв. кав. корпуса пад камандаваннем ген.-м. Л.М.Даватара, 1-й гв. Маскоўскай мотастралк. дывізіі пад камандаваннем ген.-м. А.І.Лізюкова, 8-й гв. стралковай дывізіі пад камандаваннем І.В.Панфілава, а таксама воіны-беларусы С.П.Алейнікаў, І.П.Камера, І.І.Казлоўскі, Г.А.Палаўчэня, П.Ф.Сычэнка, А.​Дз.Церашкоў і інш. У час абароны Масквы Чырв. Арміі дапамагалі партызаны і падпольшчыкі, у т. л. Беларусі. Толькі падпольшчыкі Оршы за 3 месяцы ўчынілі 98 крушэнняў на чыгунцы, вывелі са строю 200 паравозаў. У М.б. праціўнік страціў больш за 0,5 млн. чал., 1,3 тыс. танкаў, 2,5 тыс. гармат і інш. тэхнікі. У бітве ўпершыню з пачатку Вял. Айч. вайны сав. войскі дасягнулі буйной перамогі над вермахтам. Герм. армія панесла першае адчувальнае паражэнне, што стала пачаткам павароту ў 2-й сусв. вайне, былі канчаткова пахаваны яе спадзяванні на «маланкавую вайну» (бліцкрыг). Перамога Чырв. Арміі садзейнічала ўзмацненню руху Супраціўлення на акупіраваных тэрыторыях і паскарэнню стварэння антыгітлераўскай кааліцыі. Каля 40 сав. часцей і злучэнняў атрымалі найменні гвардзейскіх, 110 воінаў — званне Героя Сав. Саюза, 36 тыс. узнагароджаны ордэнамі і медалямі. У 1944 устаноўлены медаль «За абарону Масквы» (ім узнагароджаны больш за 1 млн. чал.). 8.5.1965 Маскве прысвоена званне «Горад-герой».

Літ.:

Муриев Д.З. Провал операции «Тайфун». 2 изд. М., 1972;

Федоров А.Г. Летчики на защите Москвы. М., 1979;

Битва под Москвой: [Воен.-ист. очерк]. М., 1989;

Самсонов А.М. Москва, 1941 г.: от трагедии поражений к Великой победе. М., 1991.

т. 10, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАЛІНГРА́ДСКАЯ БІ́ТВА 1942—43,

адна з найбуйнейшых бітваў 2-й сусв. і Вял. Айч. войнаў. Складалася з абарончай (17.7—18.11.1942) і наступальнай (19.11.1942—2.2.1943) аперацый сав. войск. Паражэнні пад Харкавам і ў Данбасе прывялі да часовай страты сав. войскамі стратэг. ініцыятывы, стварылі пагрозу захопу ворагам Сталінграда і Паўн. Каўказа. Для наступлення на Сталінград ням. камандаванне вылучыла 6-ю палявую і 4-ю танк. арміі. З мэтай арганізацыі больш эфектыўнай стратэг. абароны Стаўка Вярх. Галоўнакамандавання 12 ліп. стварыла Сталінградскі фронт (камандуючы Маршал Сав. Саюза С.​К.​Цімашэнка, з 23 ліп. ген.-лейт. В.​М.​Гордаў, з 13 жн. ген.палк. А.​І.​Яроменка). Абарончая аперацыя пачалася сутыкненнем 17 ліп. ў раёне р. Чыр часцей 62-й сав. арміі (камандуючы ген.-м. У.​Я.​Калпакчы) і 6-й ням. арміі (камандуючы ген.-палк., са студз. 1943 ген.-фельдмаршал Ф.​Паўлюс). Маючы перавагу ў сілах і сродках, праціўнік 23 ліп. прарваў абарону сав. войск, акружыў 3 дывізіі і інш. часці і выйшаў да р. Дон. Каб спыніць наступленне ворага, Стаўка Вярх. Галоўнакамандавання прыняла шэраг захадаў (28.7.1942 І.​В.​Сталін падпісаў загад № 227, які ўвайшоў у гісторыю пад назвай «ні кроку назад»). 7 жн. Сталінградскі фронт. працягласць якога дасягала 800 км, падзелены на 2 часткі: Сталінградскі фронт, які з 28 вер. называўся Данскім фронтам, і Паўд.-Усх. фронт (з 28 вер. атрымаў ранейшую назву Сталінградскі фронт), асн. задачай якога стала абарона Сталінграда. Прадстаўнікамі Стаўкі на франтах Сталінградскага напрамку прызначаны (23 ліп. А.​М.​Васілеўскі, 26 жн. Г.​К.​Жукаў). Ням. камандаванне таксама ўзмацніла групоўку, што наступала на Сталінград: 31 ліп. з Каўказскага напрамку сюды павернута 4-я танк. армія. 19 жн. герм. войскі адначасовымі ўдарамі з 3 і Пд пачалі новае наступленне. У выніку сав. фронт быў прарваны, да 23 жн. ням. танк. злучэнні дасягнулі р. Волга і пачалі штурм горада. Сталінград абаранялі войскі 62-й (ген.-лейт. В.​І.​Чуйкоў), часткова 64-й (ген.-лейт. М.​С.​Шумілаў) армій. У вер. напружаныя баі ішлі на вуліцах горада, з 4 кастр. — у цэхах заводаў.

У кастр. — ліст. 1942 Стаўка Вярх. Галоўнакамандавання і Ген. штаб разам з камандаваннем франтоў распрацавалі план аперацыі па акружэнні і знішчэнні групоўкі ворага ў раёне Сталінграда (кодавая назва «Уран»). 19 ліст. пасля артыл. падрыхтоўкі войскі Паўд.-Зах. (ген.-лейт., з 7 снеж. ген.-палк. М.​Ф.​Ватуцін) і правага крыла Данскога (ген.-лейт., з 15 студз. 1943 ген.-палк. К.​К.​Ракасоўскі) франтоў прарвалі абарону праціўніка на ПнЗ ад Сталінграда. 20 ліст. з раёна на Пд ад горада насустрач войскам Паўд.-Зах. фронту нанеслі ўдар войскі Сталінградскага (ген.-палк. А.​І.​Яроменка) і 23 ліст. замкнулі кальцо акружэння (у «кацёл» трапілі 6-я і 4-я ням. арміі, значная колькасць спец. і дапаможных часцей і падраздзяленняў — усяго каля 330 тыс. чал.). 16 снеж. сав. войскі разгарнулі наступленне на Сярэднім Доне. Да канца месяца Паўд.-Зах. і левае крыло Варонежскага (ген.-лейт. П.​А.​Голікаў) франтоў разграмілі асн. сілы 8-й італьян. арміі, ням. аператыўнай групы «Холіт», рэшткі 3-й рум. арміі і стварылі ўмовы для поўнай ліквідацыі акружанай пад Сталінградам групоўкі ням. войск. Спроба забеспячэння акружаных войск з дапамогай авіяцыі была сарвана (знішчана больш за 700 самалётаў ворага). Калі праціўнік адхіліў прапановы аб капітуляцыі, войскі Данскога фронту 10.1.1943 перайшлі ў наступленне (кодавая назва «Кальцо»). У выніку злучэння войск 21-й і 62-й сав. армій каля Мамаева кургана 26 студз. варожая групоўка была рассечана на 2 часткі. 31 студз. спыніла супраціўленне паўд. група ням. войск (ген.-фельдмаршал Ф.​Паўлюс), 2 лют. капітулявала паўн. група (ген. Штрэкер). У выніку С.б. разгромлена больш за 100 дывізій праціўніка, яго войскі страцілі каля 1,5 млн. чал., 3,5 тыс. танкаў (з улікам войск і тэхнікі саюзнікаў фаш. Германіі). Страты сав. войск. па некат. звестках дасягнулі 1,1 млн. чал. Сярод удзельнікаў С.б. былі тысячы беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі, у т. л. нам. каманд. Сталінградскім фронтам К.​А.​Каваленка, камандуючыя: 17-й паветр. арміяй С.​А.​Красоўскі, 5-й танк. арміяй А.​І.​Лізюкоў (загінуў 25.7.1942), 62-й арміяй А.​І.​Лапацін, нач. штаба 21-й арміі В.​А.​Пянькоўскі, а таксама камандаванне Волжскай ваен. флатыліі (П.​А.​Трайнін, П.​Ц.​Бандарэнка, А.​І.​Цыбульскі). Многія беларусы здзейснілі подзвіг: камісар палка М.​П.​Сыдзько, камандзір гарматы кананерскай лодкі А.​А.​Кандраценка, лётчык І.​Я.​Сяржантаў, А.​Я.​Вашчанка, А.​К.​Стампкоўская і інш. У час. С.б. бел. партызаны і падпольшчыкі ўзмацнілі ўдары па варожых тылах: зрывалі перакідку да месца баёў рэзерваў, знішчалі эшалоны з жывой сілай і тэхнікай (у 2-й пал. 1942 бел. партызаны штомесяц узрывалі 150—160 эшалонаў). У сувязі з катастрафічным паражэннем пад Сталінградам у Германіі была аб’яўлена 3-дзённая жалоба. Перамога у С.б. стала пачаткам карэннага пералому ў ходзе Вял. Айч. вайны і ўсёй 2-й сусв. вайны: створаны ўмовы для разгортвання агульнага зімовага наступлення 1942—43 ад Ленінграда да Паўн. Каўказа і выгнання акупантаў з тэр. СССР. Праціўнік страціў стратэг. ініцыятыву і не вярнуў яе да канца вайны. Паражэнне пад Сталінградам абвастрыла ўнутрыпаліт. становішча Германіі і яе сатэлітаў, у той жа час садзейнічала кансалідацыі антыгітлераўскай кааліцыі. У снеж. 1942 Прэзідыум Вярх. Савета СССР зацвердзіў медаль «За абарону Сталінграда», які атрымалі больш за 700 тыс. удзельнікаў бітвы, 112 воінаў сталі Героямі Сав. Саюза. Подзвіг герояў-сталінградцаў увекавечаны ў помніку-ансамблі героям С.б. на Мамаевым кургане. У загадзе Вярх. Галоўнакамандуючага ад 1.5.1945 г. Сталінград у ліку першых названы горадам-героем (палажэнне аб званні горад-герой зацверджана 8.5.1965).

Літ.:

История второй мировой войны, 1939—1945. Т. 5—6. М., 1975—76;

Самсонов А.М. Вторая мировая война, 1939—1945: Очерк важнейших событий. 4 изд. М., 1990;

Василевский А.М. Победа в битве на Волге // Василевский А.М. Дело всей жизни. Мн., 1988;

Жуков Г.​К.​Стратегическое поражение противника в районе Сталинграда // Жуков Г.К. Воспоминания и размышления. 3 изд. М., 1978. Т. 2;

Яковлев Н.Н. 19 ноября 1942. 2 изд. М., 1979;

Видер И. Катастрофа на Волге: Пер. с нем. М., 1965;

Мировая война: Взгляд побежденных, 1939—1945 гг. М.; СПб., 2002;

Адам В. Катастрофа на Волге: Мемуары адъютанта Ф.​Паулюса: Пер. с нем Смоленск, 2001;

Литвин Г. Русская Хиросима: Сталинград. Август 1942 г. // Авиация и космонавтика 1998. № 8.

М.​Я.​Казырэвіч, У.​І.​Лемяшонак, Р.​Ч.​Лянькевіч.

Да арт. Сталінградская бітва 1942—43. На абарону Сталінграда. Мастак А.​Буднікаў.
Да арт. Сталінградская бітва 1942—43. Баі на вуліцах Сталінграда. Восень 1942.

т. 15, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)