прыкуры́ць, куру, ‑курыш, ‑курыць; зак., што і без дап.

Запаліць папяросу ад чаго‑н. (запалкі, іншай папяросы і пад.). Дрыжачымі ад хвалявання рукамі.. [паручнік] запаліў запалку і прыкурыў даўно патухлую цыгару. Якімовіч. Усклаўшы карчы на агонь, Высейка прыкурыў ад галавешкі і доўга маўчаў. Бялевіч. — Прабачце, пане, дазвольце прыкурыць. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падкуры́ць, куру, ‑курыш, ‑курыць; зак., каго-што.

1. Абкурыць злёгку, нямнога. Падкурыць пчол. □ — Нібы чорт зеллем паганым падкурыў хату Супрона Дразда і Змітрука Карча, — казалі сяляне, чуючы кожны дзень, сварку ў іх хатах. Чарот.

2. Падвэндзіць. — Ядлоўцам я .. кумпячкі падкуру, каб не залежваліся. Бажко. Частку [рыбы] засмажылі, а частку падкурылі ды павесілі сушыцца. Маўр.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

даста́віць, ‑стаўлю, ‑ставіш, ‑ставіць; зак., каго-што і чаго.

Прынесці, прывезці, даслаць куды‑н. Даставіць тавары ў магазін. Даставіць пасажыраў на вакзал. □ І кабан і воўк — каштоўны здабытак. З воўка можна злупіць [ш]куру, а кабана разабраць і даставіць дадому. Колас. Стала боязна не цемнаты — Весткі трэба даставіць у часць, І прайсці праз варожы тыл. Прануза.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абкуры́ць, куру, ‑курыш, ‑курыць; зак., каго-што.

1. Абдаць каго‑, што‑н. дымам. Абкурыць пчол. □ [Бешчат:] — Але вы не стрымлівайце сябе, мяне ўжо так абкурылі, што нават кашуля смярдзіць ад дыму. Бажко.

2. Зрабіць што‑н. рудым, чорным ад дыму. Абкурыць пальцы.

3. Разм. Скурыць чый‑н. тытунь, папяросы.

4. Карыстаючыся, зрабіць больш зручным, прыемным для курэння. Абкурыць люльку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

КАСМАДРО́М (ад космас + грэч. dromos бег, месца для бегу),

ракетадром, комплекс збудаванняў, тэхн. сродкаў і зямельных участкаў для зборкі, падрыхтоўкі і запуску касмічных апаратаў.

У склад К. ўваходзяць: тэхнічны (ТК), стартавы (СК), камандна-вымяральны (КВК) комплексы, комплекс сродкаў пошуку і выратавання, жыллёвы комплекс, дапаможныя службы. ТК забяспечвае прыём з заводаў-вытворцаў ступеней ракет-носьбітаў і касмічных апаратаў, іх захоўванне, зборку, выпрабаванне вузлоў і агрэгатаў ракетна-касм. сістэм (РКС). СК служыць для ўстаноўкі РКС на пускавую пляцоўку, запраўкі кампанентамі паліва і акісляльніку, кантрольных выпрабаванняў і пуску. Перадстартавую падрыхтоўку, функцыянаванне РКС пры вывядзенні касм. апаратаў на арбіту, вызначэнне элементаў траекторыі палёту кантралюе КВК (складаецца з наземных станцый сачэння і марскіх суднаў уздоўж трасы палёту). Функцыі комплексу сродкаў пошуку і выратавання — дапамога пры аварыі на К. ці пры вывядзенні на арбіту касм. апаратаў, эвакуацыя касм аб’ектаў і іх экіпажаў пасля вяртання на Зямлю. Сучасныя К. займаюць вял. тэрыторыі з трансп. і інж. камунікацыямі, лініямі сувязі і электраперадач, вял. колькасцю абслуговага персаналу. Касм. апараты запускаюцца з К. Байканур (Казахстан), Плясецк (Расія), Усх. выпрабавальнага палігона на мысе Канаверал, Зах. выпрабавальнага палігона (ЗША), Січан (Кітай), Танегасіма (Японія), Куру (Францыя), Сан-Марка (Італія, адзіны ў свеце К. на вадзе) і інш.

Літ.:

Максимов А.И. Космическая одиссея. Новосибирск, 1991.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 8, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Наводны ’пра свойскую жывёліну ці птушку, якая нарадзілася, выведзена дзе-н. у другім месцы; такая жывёліна адбіваецца ад свайго двара, ад чарады’ (Янк. 2), ’чужы, прыблудны’ (стаўбц., Жыв. сл.; маладз., Янк. Мат.), ’прыведзены (з іншага месца)’ (ТС). Відаць, ад наводзіць ’асочваць, выяўляць месца знаходжання’ (ТС), параўн. наводзіць куру ’высочваць, дзе нясецца курыца’, што ў сваю чаргу звязана з наводзіць ’чараваць, уплываць пры дапамозе чараў’: «Коліся моя невестка наводзіла» (як згубіцца што) (ТС); пра апошняе больш падрабязна гл. Машынскі, Kultura, II, 1, 343 і інш. Усё да ве́сці, вяду́ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Но́ша1 ’вязка, клунак’ (Яруш., Сл. ПЗБ, ТС), памянш. но́шка, а таксама ны́шка, нэ́шка ’тс’ (Некр., Жд. 1, Клім.; бялын., Янк. Мат.; Сл. ПЗБ), ст.-бел. ноша, ношка ’мера сена, травы’ (Скурат, Меры, 123), параўн. рус. ноша, ношка ’тс’, чэш. nůše ’тс’, славац. noša ’тс’ і пад. Ад нясці, насіць (< *nos‑ja), параўн. Фасмер, 3, 87; Махэк₂, 403, першапачаткова ’тое, што можна панесці’.

Но́ша2 ’яечнікі ў курыцы’ (Ян.), но́ша: у старо́е гусі но́ша зʼяўляецца каля ног (Бір. дыс.), сюды ж, магчыма, но́ша ’пухліна, гузак, грыжа’ (ТС), параўн. рус. но́ша ’цяжарнасць’, польск. noszą ’тс’. Да насіць, нясці (гл.), у тым ліку ’нясці яйкі’, параўн.: Як удар куру па спіне, дак у ее тая но́ша пабʼецца і еечкі патруцца (Ян.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

адсячы́, ‑сяку, ‑сячэш, ‑сячэ, ‑сячом, ‑сечаце, ‑сякуць; пр. ‑сек, ‑секла, зак., што.

1. Аддзяліць, ударыўшы з размаху чым‑н. вострым. Вайна і яшчэ адну пакінула адмеціну: на левай руцэ.. [у Сцяпана] не хапала двух апошніх пальцаў — адсекла снарадам. Ракітны. [Агей:] — Куды ж без зямлі мне, няма мне тады ходу ў жыцці... лепш рукі мне адсекчы, чым без зямлі быць. Галавач. // перан. Рашуча пазбавіцца чаго‑н., парваць сувязь з чым‑н. [Каваль:] — Не куру. [Хлопец:] — Зусім? — Кінуў. — Ну, малайчына. А я сабе сказаў: да Першага мая, а там — адсяку. Савіцкі.

2. Зак. да адсякаць (у 2, 3 знач.).

3. Адказаць, сказаць у рэзкай, катэгарычнай форме. А машыніст на ўсе пагрозы нібы адсек: — Не павязу! Дудар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

куры́ць, куру, курыш, курыць; незак., што.

1. а таксама без дап. Удыхаць і выдыхаць дым якога‑н. рэчыва, пераважна тытуню. Ён ведае, што пісаравы папяросы даражэйшыя, хоць распазнаць гэта сваім уласным смакам не можа, бо старшыня не курэц, а курыць толькі пры выкананні старшынскіх абавязкаў для большай саліднасці і важнасці. Колас. / Пра папяросы, люльку і пад. Курыць цыгарку. Курыць люльку. // без дап. Быць курцом, ужываць тытунь для курэння. [Лаўрэн] дастаў сваю вялікую люльку, пачаў набіваць яе самасадам ды такім, што Паўленка, які не курыў, пачаў чхаць. Шамякін.

2. а таксама чым. Спальваць спецыяльныя рэчывы для атрымання пахучага дыму. Курыць ладанам.

•••

Курыць фіміям — лісліва ўсхваляць каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГВІЯ́НА ФРАНЦУ́ЗСКАЯ (Guyane Française),

краіна на ПнУ Паўд. Амерыкі, уладанне Францыі (заморскі дэпартамент). На З мяжуе з Сурынамам, на Пд і У — з Бразіліяй, на Пн абмываецца Атлантычным ак. Падзяляецца на 2 акругі. Пл. 91 тыс. км². Нас. 132 тыс. чал. (1993). Цэнтр — г. Каена. Афіц. мова — французская.

Прырода. Гвіяна Французская займае крайні ПнУ Гвіянскага пласкагор’я. Паверхня ў асн. раўнінная, з асобнымі купалападобнымі масівамі выш. да 830 м, на ПнУ — вузкая берагавая нізіна. Карысныя выкапні: баксіты, золата, кінавар, каалін. Клімат субэкватарыяльны, гарачы і вільготны. Сярэднямесячная т-ра паветра ў Каене 28—29 °C. Ападкаў больш за 3000 мм за год. Рачная сетка густая, рэкі парожыстыя, суднаходныя толькі ў вусцях. Найб. Марані і Аяпок. Густыя вільготныя трапічныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў займаюць каля 90% тэрыторыі. На Пн і ў цэнтр. раёнах — участкі высакатраўных саваннаў.

Насельніцтва. Жывуць негры, мулаты, крэолы (нашчадкі выхадцаў з Еўропы), ва ўнутр. раёнах — індзейцы. Вернікі пераважна католікі. Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва 1,5 чал. На 1 км², амаль усё яно засяроджана на ўзбярэжжы. Там жа знаходзяцца ўсе гарады.

Гісторыя. Карэнныя жыхары Гвінеі Французскай — індзейцы. У 1499 гэту тэр. адкрылі іспанцы. Першае франц. паселішча засн. на в-ве Каена ў 1604, у 1635 тут пабудавана крэпасць, якая стала адм. цэнтрам Гвіяны. У пач. 17 ст. захоплена французамі, у 1654 — галандцамі, у 1667 — англічанамі. У 1674 абвешчана ўладаннем Францыі. У 1809 захоплена англічанамі і партугальцамі, у 1817 канчаткова замацавана за Францыяй. З канца 17 ст. сюды прывозілі неграў-рабоў для працы на плантацыях (рабства адменена ў 1794, адноўлена ў пач. 19 ст., канчаткова ліквідавана ў 1848). У 1852—1938 месца ссылкі франц. зняволеных. У 1877 Гвіяна Французская атрымала прадстаўніцтва ў франц. парламенце. З 1946 заморскі дэпартамент Францыі. З 1983 ідзе пашырэнне аўтаноміі Гвіяны Французскай. Дзейнічаюць Гвіянская сац. партыя (засн. ў 1956; выступае за аўтаномію Гвіяны), Гвіянскі нар. рух, а таксама мясц. арг-цыі франц. партый (Аб’яднанне ў падтрымку Рэспублікі, Саюз за франц. дэмакратыю і інш.).

Гаспадарка. Гвіяна Французская — аграрная краіна. Апрацоўваецца менш за 0,1% тэр., пераважна на ўзбярэжжы. Гал. таварныя культуры — цукр. трыснёг, бананы, какава; спажывецкія — кукуруза, маніёк, рыс, агародніна. Гадуюць буйн. раг. жывёлу і свіней. Здабыча золата і баксітаў. Нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. Дрэваапр. і цукр. прадпрыемствы. Вытв-сць рому, эсенцыі ружавага дрэва. Лоўля рыбы і крэветак. Даўж. аўтадарог каля 700 км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 350 км. Гал. марскі порт Каена. На тэр. Гвіяны Французскай касмічны палігон Францыі ў г. Куру. Экспарт: крэветкі і інш. морапрадукты (41% па кошце), золата (10%), лесаматэрыялы, ром, баксіты, эсенцыя ружавага дрэва. Імпарт: прамысл. вырабы і харч. тавары, паліва. Асн. гандл. партнёры: Францыя, ЗША, Японія. Грашовая адзінка — франц. франк.

І.​Я.​Афнагель (прырода, гаспадарка), В.​У.​Адзярыха (гісторыя).

т. 5, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)