ЛАПІ́ЦКІ (Мікалай) (26.1.1907, в. Грэлікі Вілейскага р-на Мінскай вобл. — 8.8.1976),
бел. рэлігійны дзеяч. Магістр багаслоўя (1935). Скончыў Віленскую правасл. духоўную семінарыю (1930), багаслоўскі ф-т Варшаўскага ун-та (1934). У 1935 абараніў магістэрскую працу «Праваслаўе ў Вялікім княстве Літоўскім з часоў панавання Уладзіслава Ягайлы» (выд. 1978). З 1934 святар у Ашмянах, з 1935 у в. Сцяфанпаль Міёрскага р-на. З 1942 у Мінску, працаваў у мітрапаліцкай управе, настаяцель Свята-Казанскай (Чыгуначнай) царквы. Удзельнік царк. сабору (30.8—2.9.1942), які абвясціў Беларускую аўтакефальную праваслаўную царкву. Супрацоўнічаў з ням.-фаш. захопнікамі, прыводзіў да прысягі батальёны Беларускай краёвай абароны, удзельнік Другога Усебеларускага Кангрэса 1944. З 1944 у эміграцыі ў Германіі. З 1950 у ЗША, служыў настаяцелем бел. храма св. Ефрасінні Полацкай у г. Саўт-Рывер. У 1951—76 старшыня Злучанага беларуска-амерыканскага дапамогавага камітэта. Ініцыятар стварэння і фактычны кіраўнік (1970—76) Беларускай праваслаўнай царквы Паўночнай Амерыкі ў юрысдыкцыі Канстанцінопальскага патрыярхата.
Тв.:
Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква (фрагмент) // Беларуская думка XX ст. Варшава, 1998.
Літ.:
Кіпель В. Беларусы ў ЗША. Мн., 1993;
Максімюк Я. Беларуская гімназія імя Янкі Купалы ў Заходняй Нямеччыне 1945—1950. Нью-Ёрк;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУ́ЛА (Кастусь) (сапр.Качан Аляксандр Ігнатавіч; н. 16.11.1925, в. Верацеі Докшыцкага р-на Віцебскай вобл.),
празаік, паэт, драматург. Піша на бел. і англ. мовах. Вучыўся ў Віленскай бел. гімназіі. У чэрв. 1944 паступіў у Мінскую школу камандзіраў Бел.краёвай абароны і з ёю пакінуў Мінск. Са жн. 1944 у франц. Супраціўленні, са снежня — у Брытанскай 8-й арміі ў Італіі (2-і польскі корпус). За ўдзел у баях супраць немцаў узнаг. залатой «Зоркай Італіі». З 1947 у Канадзе. У Таронта арганізаваў Згуртаванне беларусаў Канады (1948, першы яго старшыня), рэдагаваў газ. «Беларускі эмігрант» (1948—54). Рэдагуе час.бел. ветэранаў «Зважай». У трылогіі «Гараватка» («Дзярлівая птушка», 1965; «Закрываўленае сонца», 1974; «Беларусы, вас чакае зямля», 1981) праз гісторыю бел. вёскі з сімвалічнай назваю Гараватка імкнуўся паказаць гіст. лёс Беларусі — гераічнай і мужнай краіны, якая здолела вытрымаць выпрабаванні розных акупацый яе чужынцамі. Раманы «Змагарныя дарогі» (1962), «За волю» (1991) пераважна аўтабіяграфічныя, прысвечаныя лёсу бел. моладзі ў складаных даваен., ваен. і пасляваен. умовах на Беларусі і за мяжою, яе шляху да нац. самасвядомасці. У зб. «Усякая ўсячына» (Таронта, 1984) увайшла проза, паэзія, драматургія Акулы, яго аўтабіягр. абразкі.
Тв.:
Змагарныя дарогі. Мн., 1994.
Літ.:
Арлоў У. Беларус з берагоў Антарыё // Полымя. № 6. 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМУ́ЛКА ((Gomułka) Уладзіслаў) (6.2.1905, г. Кросна, Польшча — 1.9.1982),
польскі дзярж. і паліт. дзеяч. У 1922—32 удзельнік прафс. руху. З 1926 чл.камуніст. партыі Польшчы. У 1934—35 вучыўся ў Міжнар. Ленінскай школе ў Маскве, пасля на парт. рабоце ў Польшчы. У 1936 арыштаваны і зняволены ў турму. Пасля акупацыі Польшчы ням.-фаш. войскамі з 1939 у Львове. У 1942 вярнуўся ў Польшчу, прымаў удзел у стварэнні Польскай рабочай партыі (ПРП), быў сакратаром Варшаўскага к-та ПРП. У 1943—48 ген. сакратар ЦК ПРП, ініцыятар стварэння Краёвай рады нарадовай. З 1945 віцэ-прэм’ер, адначасова міністр вернутых зямель. У 1948 абвінавачаны ў «праванацыяналістычным ухіле», зняты з усіх пасад, у 1951 арыштаваны. У 1956 рэабілітаваны, абраны першым сакратаром ЦК ПАРП. Першапачаткова карыстаўся значнай падтрымкай у грамадстве; праводзіў палітыку памяркоўных паліт. і эканам. рэформаў, паступова іх абмяжоўваючы. Апошнія гады яго кіраўніцтва партыяй характарызаваліся абвастрэннем сац., эканам. і паліт. сітуацыі ў краіне (у сак. 1968 у Варшаве і Кракаве разагнаны студэнцкія дэманстрацыі, у жн. 1968 часці Войска Польскага ў складзе краін — удзельніц Варшаўскага дагавора ўступілі ў Чэхаславакію, у снеж. 1970 сілай падаўлены рабочыя выступленні на Балт. узбярэжжы і інш.). У снеж. 1970 падаў у адстаўку і адышоў ад паліт. дзейнасці. Аўтар «Дзённікаў» (т. 1—2, 1994).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
З’Е́ЗДЫ ВО́ІНАЎ-БЕЛАРУ́САЎ.
Адбыліся ў кастр.—снеж. 1917 у арміях, акругах, на франтах па ініцыятыве Вялікай беларускай рады (ВБР). Пачаткам З.в.-б. стаў з’езд Зах. фронту 31.10—6.11.1917 у Мінску, на якім прысутнічалі таксама прадстаўнікі 12-й арміі, Балт. флоту і Румынскага фронту. З’езд выказаўся за аўтаномію Беларусі ў складзе Рас. рэспублікі, падтрымаў арг-цыю бел.краёвай улады ў асобе ВБР. Адзначыў неадкладнасць стварэння бел.нац. войска для забеспячэння цэласнасці і непадзельнасці Беларусі, выпрацаваў канцэпцыю яго арганізацыі. Пастанавіў стварыць Цэнтральную беларускую вайсковую раду (ЦБВР), абраў Часовую ЦБВР і яе выканком на чале з С.А.Рак-Міхайлоўскім, які ўвайшоў у выканком ВБР. Прызнаў неабходным стварыць пры ЦБВР рэд., агітац., фін., гаспадарскую і культ.-асв. камісіі, бюро арг-цыі бел. войска. Выказаўся за бязвыкупную перадачу ўсіх зямель працоўнаму народу. Прызнаў неабходным арг-цыю ун-та, с.-г. і політэхн. ін-таў, інш.навуч. устаноў. Прыняў рэзалюцыю з патрабаваннем міру без анексій і кантрыбуцый, удзелу бел. дэлегацыі на мірнай канферэнцыі. Аналагічныя рашэнні прынялі з’езды Паўн. (ліст., Віцебск), Паўд.-Зах. (снеж., Кіеў), Румынскага (снеж., Адэса) франтоў. Рэзалюцыі франтавых З.в.-б. падтрымалі армейскія (8-й арміі, 3-га Сібірскага арм. корпуса) і акруговыя (Зах.ваен. акругі, Петраградскага гарнізона) з’езды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРША́ЎСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1943,
паўстанне вязняў Варшаўскага гета супраць ням.-фаш.акупац. улад у крас. — ліп. 1943 у 2-ю сусв. вайну. Пачалося 19 крас. па ініцыятыве падп. Яўрэйскага нац.к-та, Яўр. баявой арг-цыі і Яўр.вайск. саюза ў адказ на спробу фашыстаў вывезці насельніцтва гета ў лагеры знішчэння. На 1-м этапе (да 23 крас.) каля 3 тыс. паўстанцаў (узначальваў М.Анялевіч), узброеных самаробнай і перададзенай польск. падп. арг-цыямі зброяй, вялі ўпартыя вулічныя баі з намнога большымі сіламі ням. паліцыі і СС, якія адразу пасля ўварвання ў гета падпалілі яго. 24 крас. — 9 мая паўстанцы праводзілі асобныя баявыя аперацыі. Пасля 10 мая асобныя дробныя групы абараняліся ў руінах спаленых дамоў, у скляпах і каналах. Паўстанцаў падтрымлівалі і пастаўлялі ім зброю групы Арміі Краёвай, Гвардыі Людовай, Нар. міліцыі і Баявой сацыяліст. арг-цыі, дзякуючы якім на заключным этапе ўзбр. выступлення з гета выведзены некалькі ўцалелых груп. Паводле ням. даных, у баях загінулі каля 7 тыс. паўстанцаў, каля 6 тыс. згарэлі ў час пажараў і загінулі пад руінамі дамоў, больш за 50 тыс. вывезены і знішчаны ў канцлагеры Трэблінка. Пасля задушэння паўстання (сярэдзіна ліп.) раён гета знішчаны. На месцы гета помнік Героям гета (скульптар Н.Рапапорт, арх. Л.М.Сузін).
Літ.:
Mark B. Powstanie w getcie warszawskim. Warszawa, 1963;
Gutman I. Żydzi warszawscy, 1939—1943. Warszawa, 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ КРАЁВАЯ АБАРО́НА (БКА),
вайсковае фарміраванне на акупіраванай ням.-фаш. захопнікамі тэр.Беларусі ў Вял.Айч. вайну.
Стваралася ў пач. 1944 паводле дазволу А.Гітлера на правядзенне мабілізацыі на Беларусі, загадаў в.а. ген. камісара Беларусі К. фон Готберга ад 23.2.1944 і прэзідэнта Беларускай цэнтральнай рады Р.Астроўскага ад 6.3.1944 шляхам прымусовай мабілізацыі мужчынскага насельніцтва 1908—24 г. нараджэння. Узначальвала БКА гал. камандаванне на чале з маёрам Ф.Кушалем, якому падпарадкоўваліся акр. аддзелы БКА. Усяго было мабілізавана каля 25 тыс.чал., з якіх да крас. 1944 створана 36 пях. і 6 сапёрных батальёнаў. Афіцэры і падафіцэры БКА праходзілі падрыхтоўку на 3-тыднёвых курсах у Мінску, радавыя — на месцах службы. Для афіцэраў уведзены знакі адрознення чыноў і званні: лейтэнант, старшы лейтэнант, капітан, маёр, падпалкоўнік; для падафіцэраў — дружынавы і звязовы. Гал. мэты БКА — арганізацыя бел.нац. войска, барацьба супраць сав. партызанаў, Чырв. Арміі, польскай Арміі Краёвай. БКА не апраўдала надзей акупантаў. Многія са створаных батальёнаў выкарыстоўваліся для аховы складоў і інш.гасп. мэт. Значная частка мабілізаваных у БКА, у т. л. са зброяй у руках, пераходзілі да партызанаў. Пасля вызвалення Беларусі былі мабілізаваны ў Чырв. Армію, многія з іх пазней панеслі адм. ці крымінальнае пакаранне. Частка вайскоўцаў БКА, што апынуліся ў Германіі, увайшлі ў 1-ю бел грэнадзёрскую брыгаду СС «Беларусь» ці ў 30-ю грэнадзёрскую дывізію СС «Беларусь № 1», якая перайшла на бок амерыканцаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́РМІЯ ЛЮДО́ВА (АЛ; Armia Ludowa літар. народная армія),
узброеныя партыз. і падп. фарміраванні Польскай рабочай партыі (ППР) у 2-ю сусв. вайну. Створана дэкрэтам Краёвай Рады Нарадовай (КРН) ад 1.1.1944 замест Гвардыі Людовай. У гал. камандаванне АЛ уваходзілі галаўком ген. М.Жымерскі («Роля»), нач. штаба, чл.ЦК ППР Ф.Юзвяк, прадстаўнік КРН Я.Чахоўскі. Мела 6 тэр. акруг (аб’ядноўвалі 23 раёны). Армія складалася з 16 партыз. брыгад (у т. л. некалькі фарміраванняў з Беларусі і Украіны) і 20 асобных батальёнаў і атрадаў (летам 1944 налічвала каля 60 тыс.чал.). Гал. задачы — барацьба супраць ням. акупантаў і падрыхтоўка да захопу ўлады ў пасляваен. Польшчы. Праводзіла дыверсіі на прамысл. аб’ектах і чыгунцы, тэрарыст. акты супраць ням.акупац. адміністрацыі і жандармерыі. Вясной і летам 1944 атрады АЛ разам з сав. дыверсійна-разведвальнымі групамі вялі жорсткія баі з намнога большымі сіламі гітлераўцаў у Парчэўскіх і Яноўскіх лясах, Сольскай пушчы. На польска-бел. паграніччы супрацоўнічала з сав. партызанамі, якія дзейнічалі на Беларусі. Вясной 1944 для каардынацыі дзеянняў АЛ з войскамі Чырв. Арміі сав. камандаванне стварыла пры Ваен. савеце 1-га Бел. фронту Польскі партыз. штаб (адзін з кіраўнікоў С.В.Прытыцкі). Атрады АЛ дапамагалі наступаючым сав. войскам, вызвалілі некалькі польск. гарадоў. Камандаванне Чырв. Арміі перадавала АЛ кантроль над вызваленымі польск. тэрыторыямі. 21.7.1944 дэкрэтам КРН АЛ аб’яднана з Польскай арміяй у СССР у адзінае Войска Польскае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БУ́РА»
(«Burza»),
кодавая назва плана і баявой аперацыі польскай Арміі Краёвай (АК) у студз. 1944 — студз. 1945 у 2-ю сусв. вайну. План, распрацаваны гал. камандаваннем АК у ліст. 1943, прадугледжваў мабілізацыю атрадаў АК, ажыццяўленне дыверсій, праследаванне і напад на ням.-фаш. часці пры іх адступленні (сфарміраваны 14 партыз. пяхотных дывізій, 3 батальённыя групоўкі, 2 кав. брыгады, некалькі самаст. палкоў; усяго каля 150 тыс.чал. у Беластоцкай, Палескай, Люблінскай і інш. акругах). Гал. мэта — узяць пад кантроль найб. важныя ваен.-стратэг., прамысл., адм. і культ. цэнтры да ўступлення ў іх сав. войск. Камандзірам АК і прадстаўнікам польск. эмігранцкага ўрада прадпісвалася пераймаць ваен. і цывільную ўладу ў вызваленых раёнах. Аперацыя распачата ў Валынскай акрузе 27-й Валынскай пях. дывізіяй АК. Атрады Віленскай і Навагрудскай акруг АК (каля 5 тыс.чал.) у ліп. 1944 няўдала штурмавалі Вільню (акцыя «Вострая брама») і страцілі больш за 500 чал. 27.8.1944 камандаванне АК вырашыла пашырыць аперацыю «Бура» на Варшаву (гл.Варшаўскае паўстанне 1944). Падраздзяленні АК самастойна вызвалілі гарады Коцк, Хэлм, Мінск-Мазавецкі, Радзымін, разам з сав. войскамі — Ковель, Вільню, Львоў, Люблін, Пулавы, Замосце, Жэшаў, Седльцы. Восенню 1944 на тэрыторыі, акупіраванай ням.-фаш. войскамі, атрады АК былі расфарміраваны і рэалізацыя плана «Бура» спынена. У вызваленых раёнах часці АК, якія адмовіліся скласці зброю і ўступіць у 1-ю Польскую армію ў складзе сав. войск, былі раззброены і інтэрніраваны.
Літ.:
Сямашка Я.І. Армія Краёва на Беларусі. Мн., 1994. С. 110—119, 178—187;
Zabiełło S. Ksztabtowanie siękoncepcji «Burzy» // Wojskowy przegląd historyczny. 1968. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСПЯРО́ВІЧ (Мікалай Іванавіч) (22.5.1900, в. Ізабалёва Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. —26.12.1937),
бел. краязнавец, лексікограф, мастацтвазнавец і літаратуразнавец. Вучыўся ў Мінскім бел.пед. ін-це (1918—20), БДУ (1921—22). Скончыў Мінскі ін-тнар. асветы (1921). У 1917—21 настаўнічаў у Ігуменскім пав., у 1919—20 інструктар Часовага бел.нац.к-та і Цэнтр.бел. Школьнай рады, арганізатар і 1-ы старшыня ігуменскіх павятовых бел.нац.к-та і школьнай рады. Член арг-цый «Маладая Беларусь», Мінскага т-ва гісторыі і старажытнасцей, партыі бел. эсэраў (у 1918—24). З 1921 інструктар Наркамасветы БССР. З 1922 інспектар Слуцкага, з 1924 — Віцебскага аддзелаў нар. асветы. З 1926 навук. сакратар Цэнтр. бюро краязнаўства пры Інбелкульце, сакратар краязнаўчага час.«Наш край». У 1930 арыштаваны, асуджаны на 5 гадоў. З 1935 выкладаў у Новасібірску. У 1937 зноў арыштаваны, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1958 і 1960. Пісаў пра гісторыю краязнаўства на Беларусі, яго задачы і методыку, даследаваў гісторыю бел.выяўл. мастацтва, архітэктуру: артыкулы «Беларускае малярства ў Польшчы» (1925), «Асноўныя моманты гісторыі беларускага дойлідства» і «Мінск у графіцы А.М.Тычыны» (абодва 1927) і інш. Аўтар нарысаў па гісторыі тэатра, навукі: «Беларуская навука да Кастрычніка і пасля яго» (1927), «Беларуская культура: Да дзесяцігоддзя абвяшчэння БССР» (1928), «Уладзіслаў Галубок» (1929). Склаў бібліяграфію твораў К.Каганца, даследаваў асобныя праблемы развіцця бел. л-ры: артыкулы «Матывы барацьбы ў творчасці М.Багдановіча» (1927), «Беларуская літаратура ў Латвіі» (1928). Укладальнік першага бел. дапаможніка па тэорыі л-ры «Узоры для літаратурных гурткоў пры «Маладняку» і гурткоў селькораў» (1927). Выдаў «Беларуска-расійскі слоўнічак» (1925), «Віцебскі краёвы слоўнік» і «Слоўнічак уласных найменняў» (1927).
Тв.:
Беларуская архітэктура. Віцебск, 1925;
Матэрыялы для вывучэння віцебскай краёвай літаратуры і мастацтва. Мн., 1927;
Краязнаўства. Мн., 1929.
Літ.:
Германовіч І.К. Беларускія мовазнаўцы: Нарысы жыцця і навук. дзейнасці. Мн., 1985. С. 141—162.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕГІЁН [лац. legio (legionis) ад legere збіраць, набіраць],
1) у Стараж. Рыме найбуйнейшае агульнавайск. фарміраванне (напачатку назва ўсёй арміі). Меў сцяг з выявай арла. Падзяляўся на кагорты, маніпулы, турмы, цэнтурыі, складаўся з пешых салдат, коннікаў і абозу (3—10 тыс.чал.).
2) 3 16 і 18 ст. назва асобных вайск. фарміраванняў (пераважна з наёмнікаў і добраахвотнікаў) у шэрагу краін. Сярод іх былі легіёны польскія, Рускі Л. у Францыі ў канцы 1-й сусв. вайны (снеж. 1917—18; першапачаткова 51 афіцэр і 1629 салдат-добраахвотнікаў; прайшоў з баямі праз Латарынгію, Эльзас, Саар, дайшоў да г. Вормс, Германія; страціў 2 тыс.чал.), нямецкі Л. «Кондар» у час грамадз. вайны 1936—39 у Іспаніі (ваяваў на баку франкістаў у баях за Мадрыд, Більбао і інш., разбурыў г.Герніка), Чэхаславацкі Л. у СССР у 1939—41 (да 700 чал., камандзір Л.Свобада). На тэр. Беларусі ў 1-й пал. 20 ст. легіянерамі называлі польск. вайскоўцаў корпуса ген. Ю.Р.Доўбар-Мусніцкага і Арміі Краёвай, а таксама вайскоўцаў, створаных у складзе ням.-фаш. войск з палонных чырвонаармейцаў Татарскага (Волжска-Татарскага) Л. (у 1942—43 нёс ахоўную службу і дзейнічаў супраць сав. партызан у раёне Віцебска) і Туркестанскіх Л. (адзін з батальёнаў дыслацыраваўся ў Рэчыцы). З 1831 існуе франц. Замежны Л. (удзельнічаў ва ўсіх калан. войнах Францыі; паводле некаторых звестак на 1995—96, 12 б. легіянераў жывуць на Беларусі, у т. л. 8 з іх у Магілёве).
3) Назва грамадскіх арг-цый у некаторых краінах (напр., Амерыканскі легіён, каталіцкі духоўна-дабрачынны Л. Марыі, засн. ў 1921 у Дубліне).
Літ.:
Пети П. Русские в составе французской армии во время Великой войны 1914—1918 гг.: Пер. с фр. // Военно-ист. журн. 1998. №3;
Марьина В.В. Чехословацкий легион в СССР (1939—1941 гг.) // Вопр. истории. 1998. № 2;
Студнев Д. Иностранный легион // Армия. 1996. № 4.