А́РМСТРАНГ ((Armstrong) Ніл) (н. 5.8.1930, г. Уапаканета, штат Агайо, ЗША),
касманаўт ЗША. Першы чалавек, які ступіў на паверхню Месяца. Скончыў ваенна-марское вучылішча лётчыкаў (1949), ун-т Перд’ю ў г. Лафеет (1955). З 1962 у групе касманаўтаў НАСА. Як камандзір карабля здзейсніў касм. палёты: 16.3.1966 з Д.Скотам на караблі «Джэміні-8», 16—24.7.1969 з М.Колінзам і Э.Оддрынам на Месяц на караблі «Апалон-11». На паверхні Месяца (21.7.1969) правёў 21 гадз 36 мін 21 с, у космасе 8,6 сут. Імем Армстранга названы кратэр на Месяцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛІНЗ ((Collins) Майкл) (н. 31.10.1930, Рым),
касманаўт ЗША. Скончыў Ваен. акадэмію ЗША (1952). З 1963 у групе касманаўтаў НАСА. 18—21.7.1966 з Дж.Янгам здзейсніў палёт на касм. караблі «Джэміні-10» (як 2-і пілот), у час якога двойчы выходзіў у адкрыты космас (агульны час 1 гадз 27 мін); 16—24.7.1969 з Н.Армстрангам і Э.Олдрынам — палёт вакол Месяца на караблі «Апалон—11» (як пілот; забяспечваў высадку першай экспедыцыі на Месяц, старт з Месяца і стыкоўку). У космасе правёў 11,09 сут. Імем К. названы кратэр на Месяцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГО́ЙСКАЯ АСТРАБЛЕ́МА,
старажытны метэарытны кратэр паблізу г. Лагойск у вярхоўі р. Гайна. Пахаваны пад антрапагенавымі адкладамі. Адкрыты ў 1975 пры бурэнні свідравіны ў раёне в. Кузевічы як структура з анамальнай геал. будовай. Дыяметр Л.а. каля 15 км, глыбіня каля 500 м. Складзена з т. зв. брэкчыі — абломкаў, глыб, друзу парод рознага ўзросту; частка іх дэфармаваная, сплаўленая; уся маса кавалкаў сцэментаваная ў больш позні час. Метэарытнае паходжанне Л.а. абгрунтавалі бел. вучоныя А.С.Махнач, М.В.Вераценнікаў, Г.І.Ількевіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ПСКІ (Юрый Навумавіч) (22.11.1909, г. Дуброўна Віцебскай вобл. — 24.1.1978),
расійскі астраном. Д-рфіз.-матэм.н. (1963). Скончыў Маскоўскі ун-т. З 1945 у Астр. ін-це імя П.К.Штэрнберга. Навук. працы па фізіцы Сонца, Месяца і планет. Пад яго кіраўніцтвам створаны «Атлас адваротнага боку Месяца» (ч. 1—3, 1960—75). Працаваў над выкарыстаннем тэлевізійных сістэм у астраноміі. Яго імем названы кратэр на адваротным баку Месяца.
Тв.:
Каталог кратеров Марса и статистика кратеров Марса, Меркурия и Луны. М., 1977 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫ́САМ ((Grissom) Вірджыл) (3.4.1926, г. Мітчэл, штат Індыяна, ЗША — 27.1.1967),
касманаўт ЗША. Скончыў ун-т у г. Лафеет (штат Індыяна, 1950), Тэхнал.ін-тВПС (1955), школу лётчыкаў-выпрабавальнікаў (1956). З 1959 у групе касманаўтаў НАСА. 21.7.1961 здзейсніў субарбітальны палёт на касм. караблі «Меркурый», 23.3.1965 з Дж.Янгам — палёт на касм. караблі «Джэміні-3» (як камандзір), у час якога ўпершыню касм. карабель пераведзены з адной арбіты на другую. Загінуў з Э.Уайтам і Р.Чафі пры наземных выпрабаваннях першага касм. карабля «Апалон». У космасе правёў 5,14 гадз. 2 залатыя медалі НАСА «За выдатныя заслугі». Імем Грысама названы кратэр на Месяцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМАРО́Ў (Уладзімр Міхайлавіч) (16.3.1927, Масква — 24.4.1967),
савецкі касманаўт. Лётчык-касманаўт СССР (1964), палкоўнік. Двойчы Герой Сав. Саюза (1964, 1967 пасмяротна). Скончыў Маскоўскую спец. школу ВПС (1945), Батайскае ваен.авіяц. вучылішча (1949), Ваенна-паветр.інж. акадэмію імя Жукоўскага (1959). З 1960 у атрадзе касманаўтаў. 12—13.10.1964 з К.П.Феакціставым і Б.Б.Ягоравым упершыню ў свеце здзейсніў палёт у космас на шматмесным касм. караблі «Узыход» (як камандзір). Загінуў 24.4.1967 пры пасадцы ў час выпрабавання новага касм. карабля «Саюз-1» пасля сутачнага палёту вакол Зямлі. Правёў у космасе 2,13 сут. Імем К. названы кратэр на адваротным баку Месяца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ЛДРЫН ((Aldrin) Эдвін) (н. 20.1.1930, г. Глен-Рыдж, ЗША),
касманаўт ЗША; другі чалавек, які ступіў на паверхню Месяца. Палкоўнік ВПС (з 1972 у адстаўцы). Д-рн. па касманаўтыцы (1963). Скончыў Ваенную акадэмію ЗША (1951), Масачусецкі тэхнал.ін-т (1963). З 1963 у групе касманаўтаў НАСА. 11—15.11.1966 з Дж.Ловелам здзейсніў палёт на касм. караблі «Джэміні-12» (як другі пілот), у час якога выходзіў у адкрыты космас, 16—24.7.1969 з Н.Армстрангам і М.Колінзам — першы палёт на Месяц як пілот месяцавай кабіны касм. карабля «Апалон-11». У космасе правёў 12,08 сут, у т. л. на Месяцы 21,6 гадз. Медаль НАСА «За выдатныя заслугі». Імем О. названы кратэр на Месяцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́МБАЛЬТ ((Humboldt) Аляксандр фон) (14.9.1769, Берлін — 6.5.1859),
нямецкі натураліст, географ і падарожнік; адзін з заснавальнікаў краіна- і ландшафтазнаўства, геаграфіі раслін. Чл. Берлінскай АН (1800), ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1818). Вучыўся ва ун-тах Франкфурта-на-Одэры, Гётынгена, у Гамбургскай гандлёвай і Фрайбергскай горнай акадэміях (1787—92). У 1799—1804 з франц. батанікам Э.Банпланам даследаваў Цэнтр. і Паўд. Амерыку, у 1829 ажыццявіў паездку на Урал, Алтай і Каспійскае мора. У працы «Космас» зрабіў спробу падсумаваць усе веды пра Сусвет і прыроду Зямлі. Яго творы значна паўплывалі на развіццё прыродазнаўства. Імем Гумбальта названы хрыбты ў Цэнтр. Азіі і Паўн. Амерыцы, гара на в-ве Новая Каледонія, ледавік у Грэнландыі, акіянскае цячэнне каля берагоў Перу, шэраг раслін, мінерал (гумбальтыт), кратэр на Месяцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕ́НГЕР ((Sänger) Эйген) (22.9.1905, г. Прэсніц, Чэхія — 10.2.1964),
нямецкі вучоны ў галіне ракетна-касм. тэхнікі.
Чл.-заснавальнік Міжнар акадэміі астранаўтыкі, першы прэзідэнт Міжнар. астранаўтычнай федэрацыі (1950—53). Скончыў вышэйшую тэхн. школу ў Вене (1925). З 1936 кіраўнік Ракетнага НДІ у Траўэне. У 1942—45 у н.-д. цэнтры планетарызму ў Айнрынгу. З 1954 кіраўнік НДІ фізікі рэактыўных рухавікоў у Штутгарце (ФРГ). З 1963 праф.Тэхнал. ун-та ў Зах. Берліне. Навук. працы па тэхніцы ракетных палётаў, ракетных самалётаў, фатонных ракет, тэорыі касм. палёту. Аўтар праектаў арыгінальных лятальных апаратаў з вадкаснымі ракетнымі рухавікамі. Медаль Ю.Гагарына Міжнар.т-ва «Чалавек у космасе». Імем З. названы кратэр на Месяцы.
Тв.:
Рус.пер. — Техника ракетного полета. 2 изд. М., 1947;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ВЕЛ ((Lovell) Джэймс Артур) (н. 25.3. 1928, г. Кліўленд, штат Агайо, ЗША),
касманаўт ЗША. Капітан 1-га рангу ВМС ЗША у адстаўцы. Скончыў Вісконсінскі ун-т і Ваенна-марскую акадэмію ў Анапалісе (1952). З 1962 у групе касманаўтаў НАСА. 4—18.12.1965 з Ф.Борманам здзейсніў палёт на касм. караблі (КК) «Джэміні-7», 11—15.11.1966 з Э.Олдрынам — на КК «Джэміні-12» (як камандзір), 21—27.12.1968 з Борманам і У.Андэрсам — першы ў свеце палёт да Месяца на КК «Алалон-8» з выхадам на селенацэнтрычную арбіту (як пілот асн. блока), 11—17.4.1970 з Дж.Суіджэртам і Ф.Хейсам — палёт да Месяца на КК «Апалон-13» (як камандзір). Правёў у космасе 29,8 сут. Імем Л. названы кратэр на адваротным баку Месяца.