КРАСАВІ́ЦКІЯ ВЫСТУПЛЕ́ННІ ПРАЦО́ЎНЫХ 1991 у Беларусі.

Пачаліся 3 крас. ў Мінску, калі ў адказ на павышэнне цэн узнік стыхійны мітынг на электратэхн. з-дзе. Да яго далучыліся рабочыя з-даў аўтаматычных ліній і шасцерань. Мітынгуючыя перапынілі рух транспарту на вул. Даўгабродскай. 4 крас. спыніў работу Мінскі аўтазавод. Каля 40 тыс. рабочых правялі марш да Дома ўрада. дзе адбыўся мітынг пратэсту, на якім прыняты патрабаванні: павышэнне зарплаты адпаведна росту цэн, адстаўка прэзідэнта СССР М.​С.​Гарбачова, саюзнага і рэсп. ўрадаў. Створаны стачачны к-т (сустаршыні С.​Антончык, Г.​Быкаў, Г.​Мухін), які аб’яднаў рабочых 98 прадпрыемстваў Мінска. Стачачныя к-ты створаны таксама ў Оршы, Гомелі, Маладзечне, Барысаве, Лідзе, Салігорску і інш. З 10 крас. да бастуючых Мінска далучыліся працоўныя інш. гарадоў Беларусі. Савет Міністраў БССР даў згоду задаволіць эканам. патрабаванні, але Прэзідыум Вярх. Савета БССР адмовіўся разглядаць паліт. патрабаванні. Пасля чаго прадстаўнікі рэсп. стачачных к-таў абвясцілі пра аднаўленне забастоўкі з 23 красавіка. Напружанае становішча склалася ў Оршы, дзе бастуючыя блакіравалі чыг. рух. Пасля аршанскіх падзей забастоўка прыпынена.

А.​П.​Галькевіч.

т. 8, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЎСТРА-ФРАНЦУ́ЗСКАЯ ВАЙНА́ 1809,

вайна Аўстрыі за вызваленне ад франц. панавання. Рыхтуючыся да вайны, Аўстрыя ўступіла ў саюз з Англіяй (т.зв. 5-я антыфранц. Кааліцыя). 10 крас. яе армія нанесла ў Баварыі ўдар па групоўцы франц. войскаў. Напалеон перакінуў у раён баявых дзеянняў буйныя сілы, і ў баях 19—23 крас. аўстр. армія панесла значныя страты (каля 45 тыс. чал.). Гонячы праціўніка, французы 13 мая занялі Вену, аўстрыйцы нанеслі 21—22 мая каля Асперна і Эслінга паражэнне французам. У рашаючай бітве 5—6 ліп. пры Ваграме перамаглі франц. войскі. Аўстрыя прызнала сваё паражэнне і 14 кастр. 1809 падпісала Шонбрунскі мір, які замацоўваў яе залежнасць ад Францыі.

т. 2, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЁНСКІЯ ПАЎСТА́ННІ 1831 і 1834,

узброеныя выступленні рабочых і рамеснікаў, занятых у шаўкаткацкай вытв-сці г. Ліён (Францыя) у перыяд Ліпеньскай манархіі. Паўстанне 1831 пачалося 21 ліст. ў адказ на адмову ўладальнікаў мануфактур павысіць заработную плату і прыняць новыя расцэнкі. 23 ліст. паўстанцы авалодалі горадам, але 1—3 снеж. былі пераможаны ўрадавымі войскамі. Паўстанне 1834 мела пераважна рэсп. характар, было накіравана на заваяванне дэмакр. свабод і абарону правоў працоўных. Пачалося 9 крас. як пратэст супраць забароны рабочых асацыяцый і расправы ўлад над удзельнікамі стачкі (лют. 1834). Праходзіла пад кіраўніцтвам Аб’яднанага к-та рэсп.-дэмакр. арг-цый на чале з Ш.​Лагранжам. 15 крас. жорстка задушана войскамі.

т. 9, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НГЛА-ФРАНЦУ́ЗСКАЕ ПАГАДНЕ́ННЕ 1904.

Падпісана 8 крас. ў Лондане. Прадугледжвала ўзаемнымі ўступкамі вырашыць спрэчныя каланіяльныя «правы» Вялікабрытаніі ў Егіпце, Францыі — у Марока. Разам з франка-рус. саюзам 1891—93 і англа-рус. пагадненнем 1907 стала асновай Антанты.

т. 1, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЛЬНІКАЎ (Андрэй Аляксандравіч) (11.4.1968, г. Магілёў — 8.1.1988),

Герой Сав. Саюза (1988). Скончыў Магілёўскае ПТВ № 1 (1986). У Сав. Арміі з 1986, з крас. 1987 служыў у складзе сав. войск у Афганістане. Загінуў у баі пры абароне вышыні.

А.А.Мельнікаў.

т. 10, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́ЦКА-ПРУ́СКАЯ ВАЙНА́ 1848—50,

вайна Прусіі супраць Даніі за валоданне герцагствамі Шлезвіг і Гольштэйн, звязанымі з Даніяй асабістай уніяй. У насельніцтве герцагстваў пераважалі немцы, таму пад уплывам рэвалюцыі 1848—49 у Германіі ў герцагствах 21.3.1848 адбылося антыдацкае паўстанне, 23 сак. створаны часовы ўрад, які абвясціў іх незалежнасць і вайну Даніі. Шлезвіг-гальштэйнскія апалчэнцы на чале з ген. А.​Кронам занялі крэпасці Рэндсбург і Фленсбург, аднак 9 крас. разбіты дацкімі войскамі каля Бау і адкінуты за р. Айдэр. 6 крас. на дапамогу паўстанцам прыйшлі прускія і саксонска-гановерскія войскі (каля 35 тыс. чал.) на чале з прускім ген. Ф.​Урангелем, якія 23 крас. перамаглі 30-тысячную дацкую армію ген. Ф.​Бюлава каля г. Шлезвіг і ў пач. мая занялі крэпасць Фрэдэрысія на п-ве Ютландыя. Баі на сушы прыпынены 26 жн., калі Прусія ва ўмовах блакады яе гаваней дацкім ВМФ і дыпламат. націску з боку Вялікабрытаніі, Францыі, Швецыі, Расіі (апошняя ў ліп. дэманстратыўна прыслала эскадру ў дацкія воды) падпісала ў г. Мальмё (Швецыя) перамір’е, паводле якога герцагствы вернуты Даніі, а іх урад распушчаны. 3.4.1849 Прусія аднавіла ваен. дзеянні, у ходзе якіх яе войскі (каля 40 тыс. чал.) зноў занялі герцагствы і ў канцы крас. ўступілі ў Ютландыю. Дыпламат. дэмаршы Вялікабрытаніі і Францыі, паўторны выхад у мора рас. эскадры і паражэнне шлезвіг-гольштэйнскіх паўстанцаў 6 ліп. каля Фрэдэрысіі прымусілі Прусію заключыць 10.7.1849 другое перамір’е. 2.7.1850 у Берліне падпісаны мірны дагавор, паводле якога адноўлены даваен. межы Даніі і былы статус герцагстваў; іх апалчэнне на чале з ген. В.​Вілізенам спрабавала працягваць вайну, аднак 25.7.1850 разбіта датчанамі і расфарміравана.

т. 6, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНІ ФРОНТ 1919—24,

аператыўна-стратэгічнае аб’яднанне войск Чырв. Арміі. Створаны 12—19.2.1919 Гал. камандаваннем Узбр. сіл РСФСР для абароны паўн.-зах. і зах. граніц. Штаб сфарміраваны з ліквідаванага штаба Паўн. фронту і размяшчаўся ў пач. 1919 у Старой Русе, потым у Маладзечне, Дзвінску, Смаленску, Мінску. У розны час у З.ф. уваходзілі 3, 4, 7, 12, 15-я (да 7.6.1919 армія Сав. Латвіі), 16-я (да 13.3.1919 — Зах., да 9.6.1919 Бел.-Літоўская), Запасная, Эстляндская, 1-я конная арміі і Мазырская група войск; у аператыўным узаемадзеянні з войскамі З.ф. знаходзіліся Дняпроўская ваенная флатылія і Заходнядзвінская ваенная флатылія. Камандуючыя фронтам: Дз.​М.​Надзёжны (люты—ліп. 1919), У.​М.​Гіціс (ліп. 1919—крас. 1920), М.​М.​Тухачэўскі (крас. 1920—сак. 1921, студз. 1922—сак. 1924), І.​М.​Захараў (в.а. сак.вер. 1921), А.​І.​Ягораў (вер. 1921—студз. 1922), А.​І.​Корк (в.а. сак.крас. 1924), АІ.​Кук (в.а. крас. 1924). У 1919 войскі З.ф. разам з Балт. флотам пераважна трымалі абарону на лініі ад ПнЗ Расіі да Беларусі (тут стаяла Зах. армія) супраць т. зв. белых і інтэрвентаў (англійскіх, фінскіх, польскіх і інш.). З.ф. налічваў (люты 1919) 90 тыс. штыкоў і шабляў, 1941 кулямёт і 677 гармат (пра дзеянні З.ф. ў 1920 гл. ў арт. Грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя 1918—22, Савецка-польская вайна 1920). Пасля спынення 18.10.1920 баявых дзеянняў на фронце войскі З.ф. (часці 7-й і 16-й армій) дзейнічалі супраць Булак-Балаховіча паходу 1920, інш. антысавецкіх выступленняў. 8.4.1924 пераўтвораны ў Зах. ваен. акругу (гл. Беларуская ваенная акруга).

Л.​А.​Селіванаў.

т. 7, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛІЦЫ́ЙСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1846,

антыфеадальнае паўстанне польск. і ўкр. сялян у Галіцыі. Пачалося 18.2.1846, ахапіла Харкаўскую, Бохенскую, Ясельскую, Сандзецкую, Саноцкую і Самборскую акругі. Паўстанцы разграмілі каля 200 панскіх двароў, усюды спынілі выкананне феад. павіннасцей; былі арганізаваны ўзбр. сял. атрады (Якуба Шэлі, Карыгі і інш.). Ва Усх. Галіцыі найб. актыўныя выступленні сялян былі ў наваколлі Дабраміля. Хоць паўстанне ў крас. было жорстка задушана, аўстр. ўрад вымушаны быў пайсці на некат. ўступкі: паменшана паншчына, адменена падводная павіннасць, сялянам дазволена падаваць скаргі на памешчыкаў непасрэдна акруговым старастам, пашыраны правы сялян на зямлю. Галіцыйскае паўстанне было адной з перадумоў рэвалюцыі 1848—49 у Аўстрыі і адной з прычын адмены прыгонніцтва ў Галіцыі ў крас. 1848.

т. 4, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЯЦКО́ (Апанас Васілевіч) (н. 31.1.1911, в. Куляшоўка Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл.),

поўны кавалер ордэна Славы. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1943, сапёр. Удзельнік вызвалення Беларусі, Польшчы. Вызначыўся ў жн. 1944 — крас. 1945 у баях на тэр. Германіі.

т. 8, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫ́ХАЎСКАЕ ВЫСТУПЛЕ́ННЕ СЯЛЯ́Н 1740.

Адбылося ў Быхаўскім старостве з-за злоўжыванняў мясц. феад. адміністрацыі і ўзмацнення рэліг. супярэчнасцей. Выклікана намерам М.​Сапегі ператварыць у сваіх уладаннях на Быхаўшчыне правасл. цэрквы ва уніяцкія. Даведаўшыся пра гэта, сяляне і мяшчане мяст. Дашкавічы Аршанскага пав. ў крас. 1740 збілі уніяцкага святара і выгналі панскую адміністрацыю. Сяляне в. Сідаравічы аб’ядналіся з жыхарамі інш. вёсак і стварылі ўзбр. атрад у 200 чал. Узначалілі выступленне сяляне В.​Ярашэнка, Г.​Бушня, М.​Казёл і В.​Гетман. 27 крас. ў вёску рушылі быхаўскі намеснік Д.​Стахоўскі з 2 святарамі ў суправаджэнні атрада з быхаўскага гарнізона. Каля вёскі сяляне зрабілі засаду і забілі некалькі чалавек, у т. л. Стахоўскага. У маі выступленне задушана, 6 сялян забіта, шмат паранена.

т. 3, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)