пагадненне паміж вял. князем ВКЛ Казімірам і вял. князем маскоўскім Васілём II Цёмным. Паводле дагавора Казімір абяцаў не падтрымліваць прэтэндэнта на маск. прастол Дзмітрыя Шамяку, не ўмешвацца ў міжусобную вайну ў Маскоўскай дзяржаве, не прэтэндаваць на Ноўгарад і Пскоў, нават калі тыя будуць «се... давати» Казіміру, і не ўдзельнічаць у магчымых сутыкненнях Ноўгарада і Пскова з Лівонскім ордэнам. Васіль II адмовіўся ад некат. наўгародскіх валасцей і прызнаў за разанскім вял.кн. Іванам Фёдаравічам права пераходу на службу да Казіміра. Дагаворам удакладнены межы паміж Маск. княствам і ВКЛ і фактычна спынена тэр. экспансія ВКЛ на У. Вынікам дагавора быў працяглы (да канца 15 ст.) мір паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ЕЎСКАЕ КНЯ́СТВА,
раннедзяржаўнае ўтварэнне на тэр. сучасных Кіеўскай і Жытомірскай абл. Украіны і ПдУ Беларусі (нізоўі р. Прыпяць з гарадамі Брагін і Мазыр) у 11—15 ст. Вылучылася ў выніку драблення Кіеўскай Русі. Сталіца — г.Кіеў. Яго ўладальнік лічыўся (з канца 12 ст. фармальна) вярх. сюзерэнам усёй Русі, таму К.к. не мела трывалай княжацкай дынастыі і за валоданне ім сапернічалі прадстаўнікі розных адгалінаванняў Рурыкавічаў. У 1240 заваявана Залатой Ардой, ханы якой кіравалі княствам праз падуладных князёў, а з канца 13 ст. праз свайго баскака. У 1362 уключана ў склад ВКЛ. З гэтага часу яго князямі былі сваякі вял. князёў ВКЛ. У канцы 14 ст. пераўтворана ў намесніцтва, у 1440 адноўлена. Скасавана ў 1470, на яго тэр. створана Кіеўскае ваяводства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРЛЯ́НДЫЯ (ням. Kurland),
Курземе, гістарычная вобласць на З Латвіі. Са старажытнасці населена балцкімі плямёнамі, ад аднаго з іх (куршаў) наз. Курземе. Кантактавала з Полацкім княствам. З пач. 13 ст. ў саюзе з літ. князямі намагалася абараніцца ад экспансіі крыжакоў. Да 1267 заваявана і хрысціянізавана крыжацкім Лівонскім ордэнам, тут існавала Курляндскае епіскапства. З 1561 б.ч. К. ўваходзіла ў склад падвасальнага ВКЛ (з 1569 Рэчы Паспалітай) Курляндскага герцагства, у якім з 1617 дзейнічалі Курляндскія статуты. Адсюль паходзіў фаварыт рас. імператрыцы Ганны Іванаўны Э.І.Бірон (курляндскі герцаг у 1737—40 і 1763—69, гл.Біронаўшчына). Паводле 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) далучана да Расіі, уключана ў Курляндскую губ. (1796—1917). У 1-ю сусв. вайну акупіравана войскамі Германіі (з 1915). 3 ліст. 1918 у складзе Латвіі (да 1940 яе правінцыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСКО́ЎСКАЯ ФЕАДА́ЛЬНАЯ РЭСПУ́БЛІКА,
руская феад. дзяржава з цэнтрам у г.Пскоў у 2-й пал. 13 ст. — 1510. Пасля распаду ў 12 ст.Кіеўскай Русі Пскоўская зямля — частка Наўгародскай феадальнай рэспублікі. Пры князю, выхадцу з ВКЛ, Даўмонце [1266—99] яна фактычна аддзялілася ад Ноўгарада, што юрыдычна замацаваў Болатаўскі дагавор 1348. П.ф.р. мела дзярж. лад, падобны на наўгародскі (веча, пасаднікі, савет баяр, служылы князь). Аснова гаспадаркі — земляробства, жывёлагадоўля, рыбалоўства, развітыя рамёствы, гандаль. Імкнучыся пазбавіцца ад наўгародскай і інш. знешніх пагроз (частыя войны з ВКЛ і Лівонскім ордэнам), П.ф.р. ў 14—15 ст. зблізілася з Маскоўскім вял.княствам, у 1456, 1471 і 1478 падтрымала яго паходы супраць Ноўгарада. У 1510 ліквідавана, яе тэр. далучана да Рускай цэнтралізаванай дзяржавы. У П.ф.р. развіваліся Пскоўская школа дойлідства і Пскоўская школа жывапісу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІЯ́Н ПАТРЫКЕ́ЕЎКасы
(свецкае імя кн.Патрыкееў Васіль Іванавіч, каля 1470 — пасля 1531),
расійскі царк. і паліт. дзеяч, публіцыст. Прамы нашчадак Гедзіміна (па бацьку) і Васіля I Дзмітрыевіча (па маці). Удзельнік вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1492—94, перагавораў аб міры. У рус.-швед. вайну 1495—99 ваявода, узначальваў паход на Выбарг (1496). За ўдзел у дынастычнай барацьбе на баку Дзмітрыя (унука Івана III) сасланы вял.кн. Васілём III Іванавічам у Кірыла-Белазерскі манастыр і прымусова пастрыжаны ў манахі (1499). Пасля смерці Ніла Сорскага (1508) кіраўнік несцяжацеляў. Вернуты са ссылкі каля 1509. Саветнік Васіля III. На царк. саборы 1531 асуджаны і абвінавачаны ў ерасі. Сасланы ў Іосіфа-Валакаламскі манастыр, дзе і памёр. Аўтар 5 твораў («Збор нейкага старца», «Адказ кіраўскіх старцаў» і інш.), у якіх выступаў супраць манастырскага землеўладання, за дараванне віны ерэтыкам, што пакаяліся, і інш.
Літ.:
Казакова Н.А. Вассиан Патрикеев и его сочинения. М.; Л., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГАДНЕ́ННЕ 1408 Заключана 14 вер. паміж вял.кн.ВКЛ Вітаўтам і вял.кн. маскоўскім Васілём I, завяршыла вайну 1406—08. Ваенныя дзеянні былі выкліканы бояззю Масквы далейшага ўзмацнення ВКЛ пасля канчатковага падпарадкавання Вітаўтам у 1404 Смаленскага княства. У лют. 1406 Вітаўт напаў на Пскоў, што выклікала беспаспяховы паход Васіля I на Вязьму і Сярпейск. У адказ Вітаўт зрабіў рэйд углыб маскоўскай тэрыторыі, захапіў Варатынск і Казельск. У вер. 1406 бакі заключылі перамір’е да 15.5.1407. У 1407 Вітаўт спаліў Адоеў, ваяваў на тэр. Навасільскага княства і ў маскоўскіх землях. Васіль I спаліў г. Дзмітравец, пасля чаго заключана перамір’е да 29.6.1408. Увосень 1408 праціўнікі сышліся ў вусці р. Угра і пасля некалькіх дзён стаяння «взяша мир вечный». Была захавана старая мяжа паміж Маскоўскім вял.княствам і смаленскімі землямі ВКЛ (у т. л. па Угры), аднак у час вайны Вітаўт здолеў замацавацца на землях Верхняй Акі, падпарадкаваць сабе Мцэнск, Любуцк, Карачаў, Бялёў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫВІЛЕ́Й 1506,
агульнадзяржаўны заканадаўчы акт ВКЛ, выдадзены вял.кн.Жыгімонтам I Старым у Гродне 7.12.1506 пасля абрання яго на велікакняжацкі пасад. Складаецца з 7 артыкулаў. П. пацвердзіў «усе правы, вольнасці і граматы», выдадзеныя цэрквам, духоўным і свецкім феадалам, «гарадам, мяшчанам, жыхарам і наогул асобам усіх саслоўяў і стану». Такім чынам, былі замацаваны юрыд. нормы, запісаныя ў прывілеях асобным землям (княствам), валасцям і гарадам ВКЛ. П. 1506 пацвердзіў асн. палажэнні Прывілея 1492. Новым быў запіс аб праве падданых падаваць чалабітныя і скаргі на дзеянні адміністрацыі. Падкрэслівалася, што абранне вял. князя адбылося са згоды ўсіх падданых і жыхароў дзяржавы, хоць яно праводзілася на з’ездзе (сойме) баяр. П. адрасаваны ўсяму насельніцтву ВКЛ. Напісаны на лац. мове. Выданнем П. 1506 завяршыўся этап развіцця бел.дзярж. права ў выглядзе прывілеяў. Наступныя агульнадзярж. прывілеі 1529, 1547 і 1551 толькі паўтаралі і пацвярджалі палажэнні папярэдніх. На новым этапе развіцця бел. права адбывалася кадыфікацыя юрыд. норм у выглядзе Статутаў ВКЛ 1529, 1566 і 1588.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛГА́РЫЯ ВО́ЛЖСКА-КА́МСКАЯ, Булгарыя,
сярэдневяковая дзяржава ў Сярэднім Паволжы і Прыкам’і (на тэр. сучаснага Татарстана) у 10—14 ст. Пачала фарміравацца ў канцы 7 ст. Канчаткова як дзяржава вылучылася з Хазарскага каганата пасля яго разгрому ў 960-я г. войскамі кіеўскага князя Святаслава. Сталіца — г. Булгар, з 12 ст.г. Біляр. Насельніцтва — балгары волжска-камскія, фіна-угорскія народы і інш. На чале дзяржавы стаяў эльтэбер (адпавядаў беку ці эміру), пры яго двары чаканіліся манеты. З 10 ст. ў гасп. дзейнасці пераважала земляробства, дзярж. рэлігіяй стаў іслам. Значнае развіццё атрымаў гандаль з усх. краінамі, Руссю, Скандынавіяй і паўн. угра-фінскімі плямёнамі. У ваен. і гандл. адносінах сапернічала з Кіеўскай Руссю, пазней — з Уладзіміра-Суздальскім княствам. Да 1241 трапіла пад уладу мангола-татараў. У 2-й пал. 13 ст. падзялілася на Балгарскае і Жукоцінскае княствы, якія ў 1390-я г. разбіў Цімур. Нашчадкамі культуры Балгарыі Волжска-Камскай з’яўляюцца сучасныя татары, чувашы.
Літ.:
Фахрутдинов Р.Г. Очерки по истории Волжской Булгарии. М., 1984;
Волжская Булгария и Русь: (к 1000-летию русско-булгарского договора). Казань, 1986;
Волжская Булгария и монгольское нашествие. Казань, 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯ́ЗЕМСКІЯ,
княжацкі род у Стараж. Русі, ВКЛ, Маскоўскім вял. княстве, Рас. імперыі. Родапачынальнік Андрэй Уладзіміравіч Доўгая Рука (каля 1190—1224), вёў радавод ад Рурыка, ад удзельнага горада Вязьма стаў звацца князем Вяземскім. Вяземскае княства існавала ў Смаленскай зямлі, верагодна, з сярэдзіны 13 ст., у 1403 занята войскам ВКЛ. Князі Вяземскія Іван Святаславіч і Аляксандр Міхайлавіч трапілі ў палон, а Сямён і Уладзімір Мсціславічы разам са смаленскім кн. Юрыем Святаславічам з’ехалі ў Ноўгарад, потым у Маскву. У далейшым Вяземскія валодалі Вяземскім княствам як васалы вял. князёў ВКЛ. Род Вяземскіх моцна разгалінаваўся. У 1487—94 большасць Вяземскіх вымушаны прызнаць сваю васальную залежнасць ад вял.кн. маскоўскага Івана III, але некаторыя захавалі вернасць ВКЛ. У 1-й пал. 16 ст. ў ВКЛ застаўся адзін Вяземскі — кн. Іван Львовіч, уладальнік с. Пірошыцы і часткі Лукомскага замка. У далейшым прадстаўнікі роду Вяземскіх адыгрывалі значную ролю ў паліт. і культ. жыцці Маск. дзяржавы і Рас. імперыі. З іх найб. вядомы: Аляксандр Аляксеевіч Вяземскі (1727—93), давераная асоба Кацярыны II, з 1764 ген.пракурор Сената, кіраваў фінансамі, юстыцыяй, унутр. справамі; паэт Пётр Андрэевіч Вяземскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕ́ЦКАЕ КНЯ́СТВА Існавала ў 12—18 ст. з цэнтрам у г.Клецк. У 9—11 ст. воласць, якая ахоплівала дрыгавіцкае насельніцтва вярхоўяў р. Лань. Першы клецкі ўдзельны князь Вячаслаў Яраславіч упамінаецца ў 1127 як васал вял. кіеўскага князя. Пасля 1142—46 і ў 1149 К.к. належала Святаславу Ольгавічу, таксама васалу Кіева, у 14—15 ст. — князям і вял.кн.ВКЛ. З 1492 і да 1521—22 княства належала кн. Івану Васілевічу і Фёдару Іванавічу Яраславічам, потым перайшло да каралевы і вял. княгіні Боны Сфорца, якая ў 1552—55 правяла ў К.к. валочную памеру (адну з першых на Беларусі), ажыццявіла адм. рэформу (падзел на 6 дзесяткаў; заменены падзелам на 5 войтаўстваў). З 1558 княствам валодалі Радзівілы, якія ў 1586 устанавілі Клецкую ардынацыю ў складзе Клецкага і Давыд-Гарадоцкага княстваў. Тэрмін «К.к.» ўжываўся ў радзівілаўскіх дакументах 17 ст. Пры Радзівілах К.к. мела атрыбуты дзярж.адм. адзінкі ВКЛ (замкавы суд, асобны ваенны атрад клецкай шляхты). У 1791 з Клецкага, Нясвіжскага і Слуцкага княстваў Радзівілаў утвораны Случарэцкі пав. Навагрудскага ваяв.