СВЯТАПО́ЛК ІЗЯСЛА́ВІЧ (у хрышчэнні Міхаіл; 8.11.1050—16.4.1113),
князь полацкі, тураўскі, вял. князь кіеўскі. Сын вял.кн.Ізяслава Яраславіча, унук Яраслава Мудрага. У 1069 бацька прызначыў яго на полацкае княжанне замест памерлага Мсціслава Ізяславіча. У 1071 яго выгнаў з Полацка Усяслаў Брачыславіч. У 1073 С.І. разам з бацькам уцёк за межы Русі, дзе быў да 1077. Пасля вяртання атрымаў ад бацькі ў трыманне Наўгародскую зямлю. У 1088 «иде Святополк из Новагорода к Турову жити» — верагодна, у С.І. адбыўся нейкі канфлікт з наўгародцамі. 24.4.1093 заняў велікакняжацкі пасад у Кіеве, якім валодаў да смерці. Рабіў шматразовыя паходы на полаўцаў. Адзін з ініцыятараў Любецкага з’езда 1097, згодна з пастановай якога «яко князь туровский» атрымаў вял. тэрыторыі «об оне стороне Припети» з Туравам, Пінскам, Бярэсцем і Пагарыннем, а таксама Кіеўскае княства і Наўгародскую зямлю (аднак наўгародцы не прызнавалі яго ўлады). У самым канцы 11 ст. ён авалодаў Уладзіміра-Валынскім княствам. Трымаў у Кіеве тураўскую дружыну. У 1104 пасылаў свайго ваяводу Пуцяту на менскага кн.Глеба Усяславіча. Захавалася паданне, што 2-я жонка С.І. грачанка Варвара заснавала ў Тураве жаночы манастыр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ярлы́к, ‑а, м.
1.Гіст. Грамата ханаў Залатой Арды, у якой выкладаліся распараджэнні хана адносна кіравання асобнымі падуладнымі ёй абласцямі. Ярлык на княжанне.
2.Уст. Пісьмовае распараджэнне на выдачу чаго‑н.
3. Лісток на чым‑н. з указаннем назвы, колькасці, месца вырабу, нумара і пад. Багажны ярлык. □ На многіх таварах не было ярлыкоў з цэнамі.«Звязда».
4.перан. Шаблонная характарыстыка каму‑, чаму‑н.; уласцівасць, якасць, якая прыпісваецца каму‑, чаму‑н. па традыцыі, звычны і пад. «У нас часам, як прыклеяць ярлык заводу ці чалавеку — канец. І як бы ні працаваў потым, нічога не паможа», — сумна падумаў Максім Сцяпанавіч.Карпаў.
•••
Вешаць ярлыкгл. вешаць.
[Ад цюрк. ярлэк — загад.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
НАЎГАРО́ДСКАЯ ЗЯМЛЯ́,
першапачаткова вобласць славеняў ільменскіх (вакол воз. Ільмень з цэнтрам у г.Ноўгарад) на ПнЗ сучаснай Расіі. Месцазнаходжанне Н.з. на стыку шляхоў «з варагаў у грэкі» з Волжскім спрыяла развіццю тут гандлю, рамёстваў і культуры. Паводле «Аповесці мінулых гадоў» у сярэдзіне 9 ст. (пасля т.зв. запрашэння на княжаннеРурыка) у Н.з. склаўся найважнейшы цэнтр стараж.-рус. дзяржаўнасці. З 10 ст. ў складзе Кіеўскай Русі. У 12—15 ст. назва Н.з. пашырылася на ўсю тэр.Наўгародскай феадальнай рэспублікі (самастойная з 1136), падзеленую на адм.-тэр. адзінкі — пяціны (Бежацкая, Водская, Дзераўская, Абанежская, Шалонская). Н.з. ў гэты перыяд займала тэр. ад Баранцава м. да вярхоўяў Волгі і ад Балтыйскага м. да Паўн. Урала. З 1478 у складзе Маскоўскага вялікага княства, з 16 ст. — Рас. дзяржавы. Да пач. 18 ст. Н.з. захоўвала свае асаблівасці ў кіраванні, у т. л. падзел на пяціны (з 16 ст. іх колькасць павялічылася), якімі кіравалі адпаведныя падраздзяленні («сталы») маскоўскіх прыказаў. У 1610—15 Швецыя заваявала зах. частку Н.з. каля Фінскага заліва Балтыйскага м. і на ПнЗ ад Ладажскага воз. (адваявана пры Пятру I). Н.з. канчаткова страціла свае асаблівасці пасля ўвядзення Пятром I адм.-тэр. падзелу Расіі на губерні (1708).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГВАЛО́Д БАРЫ́САВІЧ, Рагвалод Рагвалодавіч (у хрышчэнні Васіль),
князь полацкі і друцкі ў 2-й пал. 12 ст. Сын Рагвалода Усяславіча. У 1129 разам з інш. полацкімі князямі высланы кіеўскім кн.Мсціславам Уладзіміравічам у Візантыю, адкуль вярнуўся ў 1139. Каля 1144 стаў полацкім князем. У 1151 выгнаны вечам з Полацка і сасланы ў Мінск да яго ворага Расціслава Глебавіча. Па патрабаванні Юрыя Далгарукага вызвалены і з’ехаў у Чарнігаў да Святаслава Ольгавіча, які дапамог яму войскам у вяртанні зямель. У 1158 (у летапісе 1159) па запрашэнні жыхароў Друцка «з вялікай пашанай увайшоў у горад» (на радзіму вяртаўся са Слуцка), потым пры дапамозе сваіх прыхільнікаў зноў выбраны вечам на княжанне ў Полацку (сеў «на столе деда своего и отца своего с честью великою»), Зрабіў некалькі паходаў на Мінск і Гарадзец супраць Расціслава Глебавіча, у 1161 разбіты мінскім кн.Валадарам Глебавічам, пасля чаго вярнуўся ў Друцк, а «Полотьску не сме ити, занеже множьство погибе полочан». У 1171 паводле загаду Р.Б. высечаны надпіс на вял. камяні (т.зв. Рагвалодаў камень).
Літ.:
Алексеев Л.В. Полоцкая земля в IX—XIII вв.: (Очерки истории Северной Белоруссии). М., 1966;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́РЫК — СІНЯВУ́С — ТРУВО́Р,
паводле «Аповесці мінулых гадоў», тры варажскія конунгі (князі)-браты, закліканыя ў 862 «з-за мора» ільменскімі славенамі, крывічамі і фіна-угорскімі плямёнамі на княжанне. Яны пасяліліся ў Гарадзішчы. З узнікненнем Ноўгарада Рурык стаў яго князем (паводле Іпацьеўскага летапісу — першапачаткова княжыў у Ладазе), Сінявус — у Белавозеры, Трувор — у Ізборску. Летапісныя Сінявус і Трувор неўзабаве памерлі і «авалодаў усёю уладаю адзін Рурык, і стаў раздаваць мужам сваім гарады: таму Полацк, гэтаму Растоў, іншаму Белавозера... і над усімі тымі ўладарыў Рурык». Існаванне братоў Рурыка выклікае сумненні ў даследчыкаў. Няяснасць этымалогіі імён Сінявуса і Трувора выклікала нават меркаванне пра недакладнасць перакладу летапісцам стараж.-швед. слоў «sine hus» і «thru varing», якія нібыта адпавядаюць выразу «с роды своими и дружиной многой». Рурыка большасць даследчыкаў лічыць рэальнай гіст. асобай сканд. паходжання: ён стаў князем паўн. (славяна-фінскай) канфедэрацыі плямён паводле «ряду» (дагавору) і памёр у 879. Часам яго атаясамліваюць з Рорыкам Ютландскім. Паводле летапіснай традыцыі Рурык — заснавальнік дынастыі Рурыкавічаў, бацька кіеўскага князя Ігара.
Літ.:
Фроянов И.Я. Исторические реалии в летописном сказании о призвании варягов // Вопр. истории. 1991. №6;
Нильсен Й.П. Рюрик и его дом: Опыт идейно-историогр. подхода к норман. вопросу в рус. и сов. историографии. Архангельск, 1992;
Ловмяньский Х. Русь и норманы: Пер. с пол. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЫ́НЬ, Валынская зямля,
гістарычная вобласць у бас.паўд. прытокаў Прыпяці і вярхоўях Зах. Буга (цяпер тэр. Валынскай, Ровенскай, Жытомірскай, паўн.ч. Цярнопальскай і Хмяльніцкай абл. Украіны, усх.ч. Бельска-Падляскага, Хэлмскага і Замойскага ваяв. Польшчы).
У 6—10 ст. на Валыні жылі дулебы, бужане, валыняне. У канцы 10 ст. ўключана ў склад Кіеўскай Русі, у 988 кіеўскі вял.кн. Уладзімір Святаславіч пасадзіў на княжанне ў Валыні свайго сына Усевалада. У час яго княжання заснаваны г. Уладзімір, які ў 12 ст. стаў цэнтрам Уладзіміра-Валынскага княства. У 1199, з далучэннем да яго Галіцкага княства, утварылася Галіцка-Валынскае княства. З сярэдзіны 12 ст. пад уладай валынскіх князёў знаходзілася і Берасцейская зямля. У 1240 Валынь спустошана манголамі і трапіла ў залежнасць ад Залатой Арды. Пасля 1340-х г. у ВКЛ. У сярэдзіне 14 ст. за Валынь і Галіччыну змагаліся ВКЛ, Польшча і Венгрыя. У 1349 Польшча захапіла Галіцкія землі, у 1377 — Зах. Валынь з гарадамі Холм і Белз. У складзе ВКЛ статус Валыні вызначаўся ўстаўнымі граматамі (каля 1427, у 1501, 1509. 1547). Паводле Люблінскай уніі 1569 Валынь далучана да Польшчы, утворана Валынскае ваяводства. У выніку 2-га (1793) і 3-га (1795) падзелаў Рэчы Паспалітай Валынь далучана да Рас. імперыі. З 1918 усх. Валынь ў складзе Украіны. У выніку Рыжскага мірнага дагавора 1921зах. Валынь перададзена Польшчы. З 1939 у складзе Украіны (акрамя зах. ускраін).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЕ КНЯ́СТВА,
феадальнае княства, якое вылучылася з Полацкага княства пасля смерці Усяслава Брачыславіча (1101). Цэнтр — г. Віцебск. У 1130—40-я г. належала, верагодна, полацкаму кн.Васільку Святаславічу, потым полацкім князям Васількавічам, з 1165 — Давыду Расціславічу, у 1170-я г. — Усяславу Васількавічу. У пач. 1180-х г. належала Брачыславу Васількавічу і выйшла з-пад уплыву Смаленска. З 1186 Віцебскае княства зноў пад уплывам Смаленска, што выклікала незадаволенасць полацкіх і чарнігаўскіх князёў, якія ў 1195 выступілі супраць смаленскіх князёў, у выніку Віцебск трапіў пад уладу Полацка. У пач. 13 ст. Віцебскае княства зблізілася з Уладзіміра-Суздальскім княствам. У 1220—30-я г. яно падпарадкоўвалася полацкаму кн.Брачыславу. У 1229, верагодна, знаходзілася пад паліт. уплывам Смаленска, князь якога Мсціслаў падпісаў пагадненне з Рыгай ад імя полацкага і віцебскага князёў. У 1262 віцебскі кн.Канстанцін з наўгародцамі ўдзельнічаў у паходзе на Юр’еў. У 1263—65 княства залежала ад полацкіх князёў Гердзеня, потым Ізяслава, які быў васалам новагародскага кн.Войшалка. У 1280 Віцебскае княства ўпамінаецца як тэрыторыя, залежная ад смаленскага кн. Фёдара Расціславіча. У канцы 13 — пач. 14 ст. тут княжыў Міхаіл Канстанцінавіч, каля 1318 — Яраслаў. Пасля смерці Яраслава (1320) віцебскім князем стаў яго зяць Альгерд, пасля смерці апошняга з 1377 Віцебскае княства належала яго ўдаве Ульяне. Пасля смерці Ульяны (каля 1393) вял.кн.ВКЛВітаўт скасаваў Віцебскае княства і накіраваў у Віцебск намесніка. Малодшы сын Альгерда Свідрыгайла хацеў аднавіць княжанне і ўзняў мяцеж, які падтрымалі Орша і Друцк. Мяцеж быў задушаны, а Віцебскае княства ператворана ў намесніцтва. У пач. 16 ст. на тэр. Віцебскага княства ўтворана Віцебскае ваяводства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛЕТАПІ́СЕЦ ВЯЛІ́КІХ КНЯЗЁЎ ЛІТО́ЎСКІХ»,
найбольш даўні помнік бел.-літоўскага летапісання, адзін з першых твораў уласнабеларускай гіст-дакументальнай прозы. Напісаны на старабел. мове невядомым аўтарам у канцы 1420-х г. у Смаленску. Асн. змест — паліт. гісторыя ВКЛ ад смерці Гедзіміна (1341) да канца 14 ст.; гал. ідэя — усхваленне цэнтралізатарскай палітыкі літ. князёў, абгрунтаванне гіст. неабходнасці і заканамернасці паліт. аб’яднання літ., бел. і ўкр. зямель у адной дзяржаве — ВКЛ. 1-я частка хронікі, свецкая паводле зместу, напісана ў 1390-я г. з мэтай гіст. абгрунтавання права Вітаўта на вял.княжанне ў Вільні. 2-я частка больш фрагментарная, характарызуецца царк.-рэліг. афарбоўкай падзей і складаецца з кароткіх апавяданняў пра паліт. жыццё ВКЛ апошняй чвэрці 14 ст., найбольш пра дзейнасць Вітаўта. «Летапісец...» спалучае рысы дзелавога дакумента, твора апавядальнай прозы і грунтуецца на сапраўдных гіст. фактах; з’яўляецца першай спробай сціслага выкладання гісторыі ВКЛ. Поўная рэдакцыя «Летапісца...» ўключае таксама «Аповесць пра Падолле». Збярогся ў розных спісах (Віленскім, Слуцкім, Красінскага і інш.), летапісных зводах і гіст. кампіляцыях. Паслужыў асновай арыгінальнай часткі Беларуска-літоўскага летапісу 1446, часткова выкарыстаны польскім храністам Я.Длугашам у «Гісторыі Польшчы». У 16 ст. ўвайшоў у склад 2-га бел.-літ. летапіснага зводу (гл.«Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага») і Хронікі Быхаўца, праз якія перайшоў у «Хроніку польскую, літоўскую, жамойцкую і ўсяе Русі» М.Стрыйкоўскага. Быў вядомы і ў Расіі, дзе не раз перарабляўся. Перакладзены на польскую, ням., літ., лац., рус. мовы. Упершыню апублікаваны ў 1823 І.М.Даніловічам у час. «Dziennik Wileński» («Віленскі дзённік»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТАПО́ЛК ЯРАПО́ЛЧЫЧ (у хрышчэнні Пётр, мянушка Акаянны; каля 980—1019),
князь тураўскі і вял. князь кіеўскі. Прыёмны сын вял.кн.Уладзіміра Святаславіча. Нарадзіўся ад шлюбу вял.кн. Яраполка Святаславіча з «грэкіняй», якую пасля забойства мужа яшчэ цяжарнай узяў за жонку Уладзімір (СЛ. называюць таксама Святаполк Уладзіміравіч). У 988 С.Я. атрымаў ад айчыма тураўскае княжанне. У пач. 11 ст. рыхтаваў змову супраць Уладзіміра, аднак яна была раскрыта. С.Я. разам з жонкай, дачкой польскага князя (пазней караля) Баляслава I Храбрага і яе духоўнікам, калобжагскім біскупам Рэйнбернам, апынуўся ў кіеўскай турме. Пагроза вайны з Баляславам прымусіла Уладзіміра выпусціць зняволеных, але ён не адпусціў іх у Тураў. Спачатку С.Я. жыў у Кіеве, потым у Вышгарадзе. Пасля смерці Уладзіміра (1015) С.Я. заняў кіеўскі трон. Паводле «Аповесці мінулых гадоў» ён рукамі наёмных забойцаў пазбавіўся сваіх канкурэнтаў на ўладу, сыноў Уладзіміра — Барыса, Глеба і Святаслава, за што атрымаў мянушку Акаянны. У адказ наўгародскі кн. Яраслаў Мудры выступіў з войскам у паход на Кіеў. У бітве каля Любеча (1015 або 1016) С.Я. пацярпеў паражэнне і ўцёк да цесця ў Польшчу. Ісландская «Сага аб Эймундзе» адказнасць за забойствы ўскладае на Яраслава Мудрага. У 1018 войскі С.Я. і Баляслава Храбрага ў бітве каля Бярэсця разбілі дружыну Яраслава. С.Я. зноў заняў кіеўскі трон, але ненадоўга. Наўгародскае войска Яраслава падышло да Кіева і прымусіла С.Я. ўцячы. У 1019 выгнанец вадзіў на Кіеў войска печанегаў. Вырашальная бітва адбылася на р. Альта. С.Я. у другі раз адправіўся ў Польшчу, але па дарозе памёр.
Літ.:
Филист Г.М. История «преступлений» Святополка Окаянного. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЫГАВІЧЫ́,
адно з племянных аб’яднанняў усх. славян, вядомых па пісьмовых крыніцах і археал. помніках. Займалі тэр. на У да Дняпра, на Пн да лініі Барысаў—Лагойск—Заслаўе—вярхоўе Нёмана; на Пд мяжа пераходзіла за Прыпяць, на З — за Зах. Буг (паводле інш. даных да Выганашчанскага балота, на Пн ад Пінска). У 6—8 ст. папярэднікамі Д. на сярэдняй Прыпяці былі славянскія плямёны пражскай культуры. На Пн ад Прыпяці ў гэты час жылі балцкія плямёны (гл.Балты). На тэр. рассялення Д. захаваліся археал. помнікі: гарадзішчы, селішчы, курганныя могільнікі з пахавальным абрадам трупаспалення, з 10 ст. — могільнікі з пахавальным абрадам трупапалажэння на гарызонце або падкурганнай яме. Зрэдку ў курганах трапляюцца збудаванні ў выглядзе невысокага драўлянага зруба, накрытага дахам. Пахавальны інвентар: гліняныя гаршкі, спражкі, крэсівы, сякеры, наканечнікі коп’яў і інш.; у жаночых пахаваннях пераважаюць упрыгожанні: шкляныя каляровыя разнастайныя па памерах і форме пацеркі, бронзавыя скроневыя кольцы з заходзячымі канцамі, пярсцёнкі, бранзалеты і інш. Характэрныя племянныя адзнакі — вял. медныя або сярэбраныя пацеркі, аздобленыя зерню, і скроневыя кольцы-завушніцы з круглага дроту, на якіх замацаваны па 3 металічныя пацеркі невял. памераў.
Упершыню Д. названы ў «Аповесці мінулых часоў» у сувязі з падзеямі, якія папярэднічаюць 9 ст. У 10 ст. (948) іх упамінае візантыйскі гісторык Канстанцін Багранародны, у 12 ст. (1149) стараж-рус. летапісы. Д. належалі да найб. развітых у сац. адносінах плямён, знаходзіліся на заключнай стадыі распаду родаплемяннога ладу, мелі сваё паліт. аб’яднанне — «княжанне». Займаліся земляробствам, жывёлагадоўляй, агародніцтвам, былі развіты промыслы і гандаль. Найб. гарады: Тураў, Пінск, Давыд-Гарадок, Брэст, Мінск, Мазыр, Клецк, Слуцк, Капыль, Рагачоў, Камянец, Кобрын. У 10 ст. землі Д. увайшлі ў склад Кіеўскай Русі, з канца 10 ст. на іх землях узнікла Тураўскае княства, у канцы 12 ст. з яго вылучыліся ўдзельныя Пінскае княства, Клецкае, Дубровіцкае, верагодна, Нясвіжскае княства. Частка паўн.-ўсх. зямель Д. увайшла ў Полацкае княства, а паўд.-ўсх. — у Кіеўскае княства.