ТАЛЕРА́НТНАСЦЬ ІМУНАЛАГІ́ЧНАЯ,
аслабленне або страта здольнасці арганізма да імуннага адказу на канкрэтны антыген (у выніку яго папярэдняга ўвядзення). Выяўлена ў пазваночных жывёл і чалавека. Месца фарміравання Т.і. — цэнтр. (тымус, касцявы мозг) і перыферычныя (селязёнка, лімфатычныя вузлы) лімфоідныя органы. Адрозніваюць натуральную Т.і. (напр., да аўтаантыгенаў — асабістых антыгенаў арганізма) і штучную (напр., індуцыраваную мікробнымі антыгенамі). Бывае прыроджаная і набытая. Страта Т.і. да аўтаімунагенаў прыводзіць да развіцця аўтаімунных хвароб.
І.М.Семяненя.
т. 15, с. 402
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЭЛІ́Н [ад грэч. myelos (касцявы) мозг],
тлушчападобнае рэчыва, якое ўкрывае большасць аксонаў ц. н. с. і перыферычных нерваў. Уяўляе сабой ліпапратэінавы комплекс, які складаецца з фосфаліпідаў, глікаліпідаў, халестэрыну і бялку. У ц. н. с. М. утвараецца алігадэндрагліацытамі, у перыферычных нервах — шванаўскімі клеткамі. Гэтыя клеткі ўдзельнічаюць ва ўтварэнні міэлінавай абалонкі, укрываючы асобны участак нерв. валакна спіральнымі слаямі. Утварэнне М. пачынаецца з 4-месячнага ўнутрывантробнага развіцця і працягваецца да дарослага стану чалавека.
М.К.Недзьведзь.
т. 10, с. 494
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЭЛО́МНАЯ ХВАРО́БА [ад грэч. myelos (касцявы) мозг + ōma канчатак у назвах пухлін], міэламатоз, плазмацытома, Рустыцкага—Калера хвароба,
злаякасная пухлінная хвароба крывятворных органаў чалавека з дыфузным ці вузлаватым разрастаннем плазматычных клетак. Суправаджаецца болямі ў касцях, спантаннымі пераломамі, дэструкцыяй пазванкоў, ключыц, рэбраў і інш., павялічваюцца селязёнка і печань. Пры М.х. парушаецца бялковы і мінер. абмен, адбываюцца змены. ў крывятворнай, мочавыдзяляльнай сістэмах; у крыві павялічваецца колькасць кальцыю. Лячэнне: цыстастатычныя прэпараты, гармоны, прамянёвая тэрапія, пераліванне крыві.
М.І.Федзюковіч.
т. 10, с. 494
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
шпік 1, ‑у, м.
Спец. Касцявы мозг.
шпік 2, ‑а, м.
Разм. Тое, што і шпег. Да нас набліжаўся патруль: два паліцыянты і шпік у цывільным адзенні. Карпюк. Шпікі яшчэ досвіткам распачалі «паляванне». Яны арыштоўвалі кожнага падазронага. Таўлай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ЛЕЙКО́З (ад грэч. leucos белы), белакроўе, лейкемія,
пухліннае захворванне крывятворнай тканкі ў жывёл і чалавека, пры якім пашкоджваюцца касцявы мозг, лімфатычныя вузлы, селязёнка, кроў і інш. Апісаны Р.Вірхавым (1845). Адрозніваюць Л. вострыя і хранічныя. Вострыя падзяляюцца на міэла-, лімфа-, мона-, эрытрабластавыя і інш.; хранічныя — на міэлалейкоз, міэлафіброз, лімфалейкоз, эрытрамію, тромбацытамію і інш. Прыкметы Л.: малакроўе, слабасць, хуткая стамляльнасць, павелічэнне селязёнкі, печані, лімфатычных вузлоў, боль у касцях, бластоз крыві і парушэнне абмену рэчываў. Лячэнне — аўта- і алатрансплантацыя касцявога мозга.
Я.П.Іваноў.
т. 9, с. 190
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
міэло́з
[гр. myelos = (касцявы) мозг]
з’яўленне празмернай колькасці міелацытаў у перыферычнай крыві.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
медулатэрапі́я
(ад лац. medulla = касцявы мозг + тэрапія)
перасадка касцявога мозгу хворым з расстройствам крывятварэння.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
КОСЦЬ,
асноўная частка шкілета пазваночных жывёл і чалавека. Развіваецца з эмбрыянальнай злучальнай тканкі — мезенхімы. У састаў К. ўваходзяць касцявая тканка, надкосніца, касцявы мозг, крывяносныя і лімфатычныя сасуды, нервы, часам храстковая тканка. Па форме і будове К. бываюць доўгія (трубчастыя; напр., плечавыя, сцегнавыя), плоскія (шырокія; напр., К. чэрапа) і кароткія (напр., пазванкі). У доўгіх К. адрозніваюць сярэднюю ч. (цела К. — дыяфіз) і 2 канцы (эпіфізы). Паводле характару злучэння К. бываюць нерухомыя (зрашчэнні, або сінартрозы, напр., швы чарапных К.) і рухомыя (суставы, або дыяртрозы, напр., злучэнні К. канечнасцей). З суставамі і звязкамі, якія злучаюць К. паміж сабой, і мышцамі, якія прымацоўваюцца да К. сухажыллямі, К. ўтвараюць апорна-рухальны апарат. Касцявая тканка шкілета ў чалавека амаль поўнасцю перабудоўваецца праз 10 гадоў.
А.М.Петрыкаў.
т. 8, с. 433
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
szpik, ~u
м. касцявы мозг;
zziębnąć do ~u kości — прамерзнуць да самых касцей
Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)
АРГАНАТЭРАПІ́Я,
лячэнне прэпаратамі, атрыманымі з залоз унутранай сакрэцыі або інш. органаў і тканак жывёл. Часцей мае замяшчальны характар — уводзяцца рэчывы, якіх не хапае ў арганізме хворага і якія выпрацоўваюцца або назапашваюцца ў адпаведных органах. Да арганатэрапіі належыць і перасадка органаў (касцявы мозг, ныркі, печань, сэрца), калі яны не выконваюць сваіх функцый (гл. Трансплантацыя). Да арганапрэпаратаў адносяцца прэпараты гіпофіза (пітуітрын, пралактын, АКТГ), шчытападобнай залозы (тырэаідзін), парашчытападобных залозаў (паратгармон), падстраўнікавай залозы (інсулін, ліпакаін), кары паднырачнікаў (картызон), вілачкавай залозы (тымазін), жаночых (фалікулін, сінестрол, прагестэрон) і мужчынскіх (метыландрастэндыёл) палавых органаў. Прэпараты ўводзяцца ўнутрымышачна або ўнутрывенна. Выцяжка з селязёнкі (спленін) стымулюе імунітэт. Пры нізкай страўнікавай сакрэцыі ў хворых на гастрыт, пры язвавай хваробе як замяшчальны выкарыстоўваюць страўнікавы сок сабак, свіней (натуральны сок, сугаст). У гематалагічнай практыцы выкарыстоўваецца натуральная кроў, плазма крыві, суспензія эрытрацытаў, трамбацытаў. Яны выконваюць замяшчальную функцыю і стымулююць імунітэт.
Л.Р.Кажарская.
т. 1, с. 460
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)