УМЕ́РАНЫХ ШЫРО́Т ПАВЕ́ТРА, палярнае паветра,

паветраныя масы, якія фарміруюцца ў сярэдніх і субпалярных шыротах мацерыкоў і акіянаў. Бывае марскога і кантынент. паходжання. На Беларусі пераважае марское У.ш.п.

т. 16, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЦЯРЫ́К, кантынент,

буйны масіў зямной кары, б. ч. паверхні якога выступае над узроўнем Сусветнага акіяна ў выглядзе сушы, а перыферычная ч. апушчана пад узровень акіяна. У сучасную геалагічную эпоху існуе 6 мацерыкоў: Еўразія, Паўночная Амерыка, Паўднёвая Амерыка, Афрыка, Аўстралія, Антарктыда. Для іх характэрны кантынентальны тып будовы зямной кары магутнасцю 35—70 км з прысутнасцю гранітна-метамарфічнага слоя. Вылучаюць унутрыкантынент. і ўскраінна-кантынент. структуры. Да першых адносяцца раўнінныя вобласці, развітыя на стараж. і маладых платформах, і горныя ўтварэнні, якія ўзніклі на месцы геасінклінальных складкавых абласцей. Другі тып структур уключае выраўнаваныя падводныя прадаўжэнні кантынентаў (шэльф, схіл) пасіўных (атл.) ускраін і шэльф, схіл, глыбакаводныя катлавіны, жалабы, акіянічныя астраўныя дугі актыўных (ціхаакіянскіх) ускраін, якія чаргуюцца. Гл. таксама Зямля.

т. 10, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУРГА́ЙСКАЕ ПЛАТО́, Тургайская сталовая краіна,

прыўзнятая раўніна паміж Паўд. Уралам і Мугаджарамі на З, Казахскім драбнасопачнікам на У, у Казахстане. Даўж. каля 630 км, шыр. 300 км, выш. да 310 м. Уздоўж восевай часткі працягваецца Тургайская лагчына. Т.п. — платформавае ўтварэнне; адпавядае паўн. выступу Туранскай пліты і Тургайскаму прагіну. Складзена з марскіх і кантынент. адкладаў. Ёсць радовішчы магнетытавых руд, бурых жалезнякоў, баксітаў, вугалю. Паўн. ч. — з узгоркамі і ўваламі, парэзана слаба; паўд. — з ізаляванымі сталовымі ўзвышшамі, ёсць сетка лагчын і далін часовых рэк. У западзінах салёныя азёры. Клімат рэзка кантынент. і сухі. Паўн. ч. адносіцца да зоны сухіх стэпаў — раён непаліўнога збожжавага земляробства (пшаніца, проса, ячмень); паўд. — у зоне паўпустынь, якія выкарыстоўваюцца як паша.

т. 16, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫЛІ́ЙСКІ ЖО́ЛАБ,

глыбакаводны жолаб у паўд.-ўсх. частцы Ціхага ак., уздоўж мацерыковага схілу Паўд. Амерыкі. Даўж. 2690 км, шыр. ад 30 да 90 км, макс. глыб. 8180 м. Уяўляе сабой шыўную зону паміж кантынент. і акіянічным тыпамі зямной кары.

т. 17, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ю́СТЭДАЛСБРЭ (Jostedalsbreen),

ледавік (ледавіковая шапка) у Скандынаўскіх гарах, у Нарвегіі, на пласкагор’і паміж Согне-фіёрдам і Нур-фіёрдам. Пл. 473 км² (самае вял. скопішча лёду ў кантынент. Еўропе). Ляжыць на выш. 1500—2000 м, жывіць 26 далінных ледавікоў, якія спускаюцца да выш. 300 м.

т. 18, кн. 1, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХМЯЛЬНІ́К,

бальнеалагічны курорт на Украіне, на беразе р. Паўд. Буг, за 65 км ад г. Вінніца. Клімат умерана кантынент., асн. лек. фактары — вуглякіслыя гідракарбанатна-кальцыева-магніевыя з высокай колькасцю радону і гідракарбанатна-кальцыева-натрыевыя мінер. воды (на ванны). Лечаць хваробы сардэчна-сасудзістай, нерв. і апорна-рухальнай сістэм, гінекалагічныя і скурныя захворванні.

т. 17, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫМГА́Н,

горнакліматычны курорт ва Узбекістане ў даліне р. Чымганка (90 км ад Ташкента). Выш. над узр. м. 1400—1600 м. Клімат рэзка кантынент., лета цёплае (сярэдняя т-ра ліп. 20 °C). Асн. лек. фактар — горны клімат, спрыяльны для клімататэрапіі (для хворых на туберкулёз) і кліматапрафілактыкі. Праводзіцца таксама кумысалячэнне. Санаторый, дамы адпачынку, турбаза, гасцініца.

т. 17, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЛІМІТА́ЦЫЯ ГРАНІ́Ц,

вызначэнне становішча і напрамку дзярж. граніцы па дамоўленасці паміж сумежнымі дзяржавамі, зафіксаванае ў дагаворы і графічна выяўленае на картах, якія прыкладаюцца да яго. На падставе Д.г. праводзіцца дэмаркацыя граніц. Д. наз. таксама размежаванне марской тэр. сумежных дзяржаў (унутр. вод, тэр. мора, выключнай эканам. зоны, кантынент. шэльфа), якое ажыццяўляецца на падставе міждзярж. дагавора або судовага ці арбітражнага рашэння.

т. 6, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАІСКА́КІС (Karaiskakēs) Георгіяс (каля 1780, г. Аграфа, Грэцыя — 4.5.1827),

дзеяч грэчаскага нац.-вызв. руху, военачальнік. Удзельнік руху клефтаў. У пач. грэчаскай нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыі 1821—29 камандаваў атрадам, пасля партыз. атрадам у тыле тур. арміі. У 1826 галоўнакамандуючы войскамі кантынент. Грэцыі, якія ў снеж. 1826 вызвалілі значную ч. Цэнтр. Грэцыі. Забіты ў баі пры вызваленні Акропаля.

т. 8, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫКЛ у геалогіі,

1) цыклічнасць рэльефаўтварэння — заканамернае чаргаванне шэрагу рэльефаўтваральных працэсаў, абумоўленых перыядычнасцю геал. працэсаў (гал. чынам тэктанічных рухаў) і ваганняў клімату. У выніку адбываецца чаргаванне розных генерацый рэльефу — тэктанічнага, кантрастнага, дэнудацыйнага і выраўнаванага (пенепленізаванага). Адначасова ўтвараюцца серыі або фармацыі карэлятыўных гэтым генерацыям марскіх і кантынент. адкладаў.

2) Цыкл складкавасці — цыкл развіцця платформ. Гл. ў арт. Тэктанічны цыкл.

т. 17, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)